Першыя крокі міжваеннага мастацтва карыкатуры ў Заходняй Беларусі — слаба вывучаны кавалак нашай гісторыі. Калі навукоўцы і закраналі гэтую тэму, дык толькі з палітычнага боку — у рамках гісторыі «змагання беларусаў супраць польскага прыгнёту».
Разам з тым, заходнебеларуская міжваенная карыкатура — гэта ўнікальная з’ява, зрэшты, як і ўсё культурнае жыццё рэгіёну ў 1920–1930-я гады: безліч друкаваных выданняў, творчасць Драздовіча і Сергіевіча, канцэнтрацыя нацыянальнага жыцця сярод віленскіх муроў ды іншае.
Дык што ж з карыкатурай? Гумарыстычныя графічныя малюнкі беларус з Наваградка альбо Гродна ў той час мог знайсці на старонках адпаведных часопісаў, назвы якіх, на жаль, таксама прызабытыя: «Авадзень», «Асва» ды легендарная «Маланка». Усе выданні былі беларускамоўнымі ды арыентаваліся на левую палітычную плынь: пасольскі клуб «Змаганне», «Грамаду», пасля — КПЗБ.
Побытавы антысемітызм ды кпіны са Станкевіча
У кожнага, пры гэтым, былі свае асаблівасці. Напрыклад, «Авадзень», які выдаваўся ў 1924–1929, а пазней яшчэ ў 1933-м, быў поўны побытавага гумару, сярод якога часцяком трапляліся палітычныя ноткі: крытыка падатковай палітыкі Польшчы альбо расійскіх манархістаў. Гэта своеасаблівая азбука тагачаснага побыту: тут і вясковыя абразкі, і віленскія экстэр’еры, і нават нязвыклыя для левага друку антысеміцкія акцэнты (героем карыкатураў часцяком выступае жыд, які адказвае пытаннем на пытанне).
Часопіс ''Авадзень''
Часопіс «Асва», які можна лічыць рэінкарнацыяй «Авадня» ў 1934 годзе, сёння б назвалі бруднай прапагандысцкай творчасцю. На старонках выдання ўжо яскрава бачны палітычны стрыжань, прычым высмейваюцца не столькі польскія ўлады, колькі прабеларускія правыя ды цэнтрысты. Улюбёная мішэнь для «Асвы» — ксёндз Адам Станкевіч, які выяўляўся тоўстым ксяндзом, які прыслугоўвае панам пры дай-нагодзе.
Зрэшты, мастацкі ўзровень саміх карыкатураў, што ў «Авадні», што ў «Асве», быў далёкім ад ідэалу. У першым выпадку мы бачым адно груба намаляваныя сілуэты, якія часам нагадваюць ужо сучасныя шаржы Адама Глобуса. У другім — прымітыўную копію з савецкай карыкатуры, дзе ўсё максімальна проста: ёсць тоўстыя людзі ў пінжаках з дамаляванымі свастыкамі («буржуі») і падцягнутыя рабочыя са сталёвымі сківіцамі ды малаткамі ў руках («пралетарыят»).
Ветэран дывізіі Жалігоўскага і «вулічны баец»
Адзіным сапраўды знакавым сатырычным часопісам таго часу можна лічыць «Маланку», якая праіснавала ўсяго два з невялікім гады: з 1926-га па 1928-ы. Рэдкалегія часопіса — цвет заходнебеларускай інтэлігенцыі той эпохі — рэдактар Іван Маразовіч («Янка Маланка»), палітык Ігнат Дварчанін, мастак Язэп Драздовіч ды іншыя. Васьмістаронкавую «Маланку», якая выходзіла што два тыдні, чакалі, радкі з яе фельетонаў на Наваградчыне, Слонімшчыне ды Віленшчыне ведалі на памяць, як вершы Багушэвіча ці ўрыўкі з Коласавай «Новай зямлі».
У рэдакцыю часопіса, якая месцілася на Гетманскай, 4 у Вільні, у верасні 1926-га прыйшоў высокі бландын са шчырымі вачыма ды зычным прыемным голасам, яшчэ мала каму вядомы мастак-графік Язэп Горыд, які, у хуткім часе, створыць непаўторны візуальны вобраз і легенду выдання. Тут варта спыніцца і зазірнуць у біяграфію гэтага чалавека. Горыд нарадзіўся ў 1896-м годзе ў Адэсе ў каталіцкай сям’і, вучыўся ў Марыупалі, пазней трапіў у расійскае войска, адтуль — у дывізію генерала Жалігоўскага, таго самага, які ўзяў Вільню, стварыўшы там на кароткі час «Сярэднюю Літву», дзяржаву — рэха Вялікага Княства.
Горыд паспеў паваяваць у Бесарабіі ды Галічыне, атрымаў тры раненні. Пасля таго, як у 1921-м асеў у Вільні і далучыўся да беларускага руху, яго напорысты і рэзкі характар не надта змяніўся. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, падчас дэманстрацый працоўных ён нярэдка кідаўся ў бойкі з паліцыяй ды тагачаснымі праўладнымі «цітушкамі», баронячы сцяг: відаць, гады ў войску і павага да сімвалаў не прайшлі дарма.
Ворагі — трапна, лёгка і без бруду
Адкуль у Горыда ўзяліся мастацкія навыкі? Магчыма, маляваць ён пачаў яшчэ ў акопах «Вялікай вайны», што не было рэдкасцю для тагачасных творцаў. Магчыма, вырашальнымі сталі некалькі курсаў графікі, праслуханых на правах вольнага слухача ў Віленскім універсітэце, куды Горыд паступіў у 1923-м годзе. Магчыма, сваю ролю адыграла знаёмства з экзальтаваным віленскім геніем Язэпам Драздовічам, які аб’ядноўваў вакол сябе мастакоў рознага гатунку. Магчыма — усё адразу.
Як бы там ні было, але менавіта Горыдавы карыкатуры сталі сімвалам не толькі «Маланкі», але і ўсёй сатырычнай графікі ў Заходняй Беларусі 1920-х гадоў. Калі прыгледзецца да яго карыкатураў, яскрава бачны новы ўзровень, якога дасягнуў жанр пад пяром Горыда. Вобразы Пілсудскага, Мусаліні, шавіністаў-«эндэкаў» альбо праўладных журналістаў прапісаныя трапна і лёгка, без бруду і прапагандысцкіх штампаў, якія чытаюцца ў «Асве» або «Авадні».
Пілсудскі, працэс 56-ці ды бел-чырвона-белы сцяг
Напрыклад, карыкатура на Ёзэфа Пілсудскага ў вобразе «святога Мікалая», які вешае на навагоднюю елку падарункі — «голад», «падаткі», «канфіскацыі» і г.д. — смешная і па-мастацку годная адначасна. Мы бачым, што маршалак Пілсудскі — адзіны гаспадар у краіне, яму прыслугоўвае гном, які цягне міфічны рог дабрабыту, на тле — ноч, а па небу пралятае ці тое камета, ці тое падаючая зорка. Карацей, палітыка на мяжы з казкай.
Іншая карыкатура, прысвечаная праўладнаму польскаму журналісту, які пакутуе ад беспрацоўя пасля разгрому палітычных структураў беларускага руху, цалкам перадае атмасферу рэдакцыі тых часоў. На сцяне — партрэт езуіта з малітоўна складзенымі рукамі, на заднім плане ўсмешлівая сакратарка піша нешта на друкарцы, на першым — сам адыёзны журналіст у канфедэратцы з сумам падпірае рукой галаву.
Малюнак «Перад працэсам Грамады» прысвечаны знакамітаму «Працэсу 56-ці», на якім судзілі беларускіх палітыкаў. Горыд асабіста прысутнічаў у судовай залі, таму перадаў на паперы не столькі рэдакцыйную замову, колькі свае ўражанні: тлум народу з урыўкамі эмоцыяў на тварах, спакойныя паліцыянты з закрытымі казыркамі вачыма, нарэшце, беларускія палітыкі з простымі, але выразнымі элементамі партрэтнага падабенства.
Апроч іншага, Горыд — яшчэ і рамантык. Па-іншаму нельга ўспрымаць яго пафасную інтэрпрэтацыю Пагоні — хлопец на белым кані з бел-чырвона-белым сцягам у руцэ ды мячом, які кідае маланкі ў ноч, што апанавала Беларусь. Альбо выяву чыстага і светлага «беларускага дому», зноў жа, пад бел-чырвона-белым сцягам, да якога з усіх бакоў бягуць апранутыя ў белае сяляне. Варта заўважыць, што ў іншых «левых» беларускіх выданнях нацыянальная сімволіка альбо не фігуруе, альбо выступае ў якасці атрыбута «беларускіх буржуазных нацыяналістаў», якія кленчаць перад «панамі».
«Наш выдатны мастак»
Жыццё рэдакцыі тагачаснага заходнебеларускага выдання — не з простых. Нястача грошай, канфіскацыя нумароў, вобшукі паліцыі… Газеты то растуць як грыбы пасля дажджу, то зачыняюцца, то зноў аднаўляюць дзейнасць, але пад іншай назвай. Магчыма, Горыд стаміўся ад такога тэмпу, магчыма, адчуў, што яму гэта ўжо не цікава, але як бы там ні было, жнівеньскі нумар «Маланкі» 1928 года стаў для яго апошнім. Ён пераехаў у Парыж.
Часопіс ''Маланка'' — іншыя аўтары
У чаканні прэміі імя Горыда
Безумоўна, Язэп Горыд — значна больш аб’ёмны творца, якога нельга заціснуць выключна ў рамкі газетнага карыкатурыста. Разам з тым, менавіта ён стаў адным з першых пачынальнікаў жанру ў выданнях Заходняй Беларусі, пераступіў праз прымітыў ды звыклае для тагачаснай прэсы мяшанне з брудам палітычных апанентаў, надаўшы сваёй сатыры непаўторныя мастацкія рысы.
Шкада, што сёння жанр палітычнай карыкатуры ў Беларусі, відаць, ужо перажыў час свайго росквіту. Малюнкі Алеся Сурава ў гродзенскай «Пагоні» 1990-х ды калажы на апошняй старонцы газеты «Имя» 2000-х паспелі стаць гісторыяй. Пры гэтым, газетная графіка ў свеце і не думала паміраць: прыклад скандальнага французскага «Шарлі Эбдо» — яскравае таму сведчанне. Магчыма, беларускую палітычную карыкатуру яшчэ чакае свой рэнесанс, а найлепшыя творцы яшчэ будуць уганараваныя прэміяй імя Язэпа Горыда.