Настаўніцкая газета, 6 лютага 2018 г.
Гэта чарговы артыкул з серыі, прысвечанай актыўнай ацэнцы (АА) і дыстанцыйнаму курсу па яе авалоданні. Фармат матэрыялу мы захоўваем: пытанні настаўнікаў, якія вучацца, і адказы педагогаў, якія вучаць. Такім чынам мы даём магчымасць чытачам газеты паглыбіцца ў філасофію АА і практыку яе рэалізацыі на ўроках.
Крытэрыі ацэнкі (“НаШтоБуЗУ” — на што буду звяртаць увагу) — адзін з найважнейшых сродкаў тэхналогіі АА. Яго прымяненне спрыяе павышэнню пазнавальнай матывацыі, актыўнасці і адказнасці вучняў; арганізацыі супрацоўніцтва паміж імі, паміж імі і настаўнікам; празрыстасці і аб’ектыўнасці кантролю і ацэнкі; развіццю камунікатыўных здольнасцей навучэнцаў; фарміраванню ў вучняў уменняў самааналізу дзейнасці і яе вынікаў; далучэнню да кантролю і ацэнкі бацькоў вучняў і г.д. У пэўнай ступені гэта сродак рэалізацыі на вучэбных занятках кампетэнтнаснага падыходу. Пра што пыталіся на платформе дыстанцыйнага навучання настаўнікі і што ім адказвалі іх ментары?
Калі крытэрыі ацэнкі вызначаны ў мэце ўрока, ці абавязкова складаць “НаШтоБуЗУ”?
Адказы былі рознымі, што сведчыць пра наяўнасць розных стыляў прымянення АА, у прыватнасці, “НаШтоБуЗУ”. Давайце пазнаёмімся з двума меркаваннямі ментараў.
Меркаванне першае
Мэта і крытэрыі — два асобныя інструменты. Мэта на мове вучняў павінна быць лаканічнай і зразумелай для вучняў, кампетэнтнасна-арыентаванай. Мэта настаўніка вызначае веды і ўменні, якія вучань набудзе на ўроку. “НаШтоБуЗУ” дазваляе і настаўніку, і вучню зразумець, наколькі наблізіліся вучні да пастаўленай мэты. І калі настаўніку бывае ўсё зразумела з узроўнем ведаў, то вучню — не, паколькі мэта на мове вучня гучыць часам недыягнастычна. У гэтай сувязі мы прапануем вучням крытэрыі, уключаючы самыя асноўныя моманты ведаў і ўменняў, каб вучань мог бачыць і разумець, што трэба рабіць, для чаго і на якім узроўні. Выпрацоўка мэты ўрока магчыма толькі пасля такога яго этапу, як актуалізацыя ведаў па тэме, калі вучні прыводзяць у сістэму базавыя веды. Пры грунтоўнай базе можна замахнуцца на большае. Так мы вызначым аб’ём новага матэрыялу на ўрок, кіруючыся прынцыпам “цяжка, але можна”. Тут “НаШтоБуЗУ” канкрэтна даводзіць колькасна-якасныя паказчыкі дасягнутасці мэты на рэпрадуктыўным, прадуктыўным і творчым узроўнях.
Меркаванне другое
Ёсць мэта вучня на ўрок. Ёсць дакладна сфармуляваны вынік урока. Напрыклад: “Навучуся даваць апісанне прадметам з дапамогай дзеепрыметнікавых словазлучэнняў”. На што трэба звярнуць увагу, каб на творчым узроўні авалодаць гэтым уменнем? Далей настаўнік распрацоўвае маршрут па дасягненні пастаўленай мэты з указаннем так званых рэперных кропак:
- магу падабраць дзеепрыметнікі да назоўнікаў;
- магу задаваць пытанні ад дзеепрыметнікаў і адказваць на іх;
- магу правільна выдзеліць коскамі дзеепрыметнікавае словазлучэнне, калі гэта патрэбна.
Гэта і ёсць дыягнастычная мэта вучня на ўрок, якая адначасова выконвае ролю “НаШтоБуЗУ”: “Калі я авалодаю ўсімі гэтымі ўменнямі, то можна быць упэўненым, што мэты дасягнуў. Калі ёсць памылкі і праблемы з першым пунктам, то маю па гэтай тэме толькі сярэднія веды, але добра разумею, чаму канкрэтна трэба навучыцца, каб павысіць узровень ведаў”.
Я не думаю, што першае меркаванне пярэчыць другому. Сутнасць “НаШтоБуЗУ” як інструменту АА захоўваецца і ў першым, і ў другім выпадках. Пагаджуся і з меркаваннем, што пры дыягнастычнай пастаноўцы мэты, калі ў яе аспектах вызначаны колькасныя і якасныя паказчыкі, у “НаШтоБуЗУ” на ўрок няма неабходнасці. Магчыма і наадварот: “НаШтоБуЗУ” выконвае ролю навучальнай мэты. У гэтым выпадку няма сэнсу яе фармуляваць.
Якія функцыі выконвае “НаШтоБуЗУ” ў адукацыйным працэсе?
Гэта найважнейшы сродак навучання, які прымяняецца для ўдакладнення мэты, акцэнтавання ўвагі вучняў на асноўным у вучэбным матэрыяле і спосабах дзейнасці, кіравання пазнавальнай дзейнасцю вучняў, канкрэтызацыі чаканага выніку ад выканання вучнямі заданняў, кантролю і ацэнкі работ вучняў настаўнікам, арганізацыі самаацэнкі і ўзаемаацэнкі выкананых заданняў, маніторынгу працэсу навучання і карэкцыі прабелаў, уплыву на паспяховасць вучняў з боку бацькоў і інш. Цяжка знайсці ў арсенале паспяховага педагога сродак, прымяненне якога мела б такі значны ўплыў на матывацыю, адказнасць і паспяховасць вучня. Гэта паказвае вопыт тых настаўнікаў, якія прымяняюць “НаШтоБуЗУ” ў штодзённай практыцы.
Ці можна прапаноўваць вучням дыферэнцыраванае “НаШтоБуЗУ”?
“НаШтоБуЗУ” павінна быць адно для класа, бо грунтуецца на вучэбнай праграме, але рознаўзроўневае, каб кожны вучань мог выбраць узровень, які ён хоча і можа дасягнуць. Можна гэтыя ўзроўні суадносіць з адзнакай.
Які варыянт прад’яўлення “НаШтоБуЗУ” (карткі, слайд, запіс на дошцы ці ў сшытку) можна лічыць аптымальным?
Спосаб прадстаўлення “НаШтоБуЗУ” залежыць ад настаўніка (яго магчымасцей), класа, тэмы. Кожны настаўнік выбірае свае аптымальныя спосабы. Канечне, лепш, калі крытэрыі распрацоўваюцца разам з вучнямі, а таксама вельмі важна, каб яны былі перад вачыма вучняў на працягу ўсяго ўрока і можна было звяртацца да іх на любым этапе і пры падвядзенні вынікаў.
Можна распрацаваць “НаШтоБуЗУ” для пэўнага віду заданняў (сачыненне, пераказ, праект, даследаванне, дослед)? Ці не будзе ў такім выпадку “НаШтоБуЗУ” дубліраваць памяткі для аналагічнага віду работ?
Для кожнага віду навучальных і кантрольных работ ёсць пералік патрабаванняў. Яны носяць агульны характар і дапускаюць шырокую варыятыўнасць. “НаШтоБуЗУ” настаўнік фармулюе толькі на аснове канкрэтных ведаў і ўменняў, прызначаных для атрымання на ўроку. Напрыклад, мы вучым пісаць сачыненне-апісанне, калі вывучаем тэму “Прыметнік”. Значыць, будзем звяртаць увагу на ўменне вучняў карыстацца пры апісанні якаснымі, адноснымі, прыналежнымі прыметнікамі. Прычым колькасць выкарыстаных прыметнікаў для выканання якаснай работы можна прагаварыць з вучнямі. Тады вучні разумеюць, якія ўменні ім трэба прадэманстраваць.Такім чынам, памятка нагадвае, што трэба рабіць, а “НаШтоБуЗУ”ўключае крытэрыі, які паказваюць, што мэта выканана. Заўважу, што добры метадычны ход — уключаць у “НаШтоБуЗУ” тыя крытэрыі, якія тычацца тыповых памылак вучняў.
Як лепш афармляць “НаШтоБуЗУ”? Пішуць так: “Вы даведаецеся…”, “Вы зможаце…”, “Вы навучыцеся…” або так: “Я змагу…”, “Я буду ўмець…” і да т.п.?.
У прыведзеных вамі формах вызначаюцца мэты на ўрок для вучняў. Для “НаШтоБуЗУ” лепш карыстацца матываванай формай “Я буду звяртаць увагу на…”. Хто я: настаўнік, вучань сам у сваіх работах, вучань у аднакласніка, бацька ці маці ў сваіх дзяцей?.
Колькі пунктаў павінна мець “НаШтоБуЗУ” ў аптымальным варыянце?
Не больш за 5 пунктаў, каб яны адпавядалі ўзроўням згодна з 10-бальнай сістэмай. Як паказвае практыка, вучням цяжка трымаць у полі зроку большую колькасць крытэрыяў. Пры гэтым трэба ўлічваць узрост навучэнцаў.
Ці абавязкова “НаШтоБуЗУ” фармуляваць у пачатку ўрока?
Не абавязкова. Увесь урок трымаем сувязь з мэтай урока, пасля кожнага выкананага задання рэкамендуецца звяртацца да мэты ўрока і высвятляць ступень набліжанасці да яе. Этапы набліжэння да мэты могуць стаць пунктамі “НаШтоБуЗУ”. Можна перад кантрольна-ацэначным этапам урока ў працэсе правядзення дзейнаснай рэфлексіі вызначыць “НаШтоБуЗУ” да выніковага задання, прагаварыўшы яшчэ раз з вучнямі ўмовы паспяховага дасягнення мэты і паказчыкі яе дасягнутасці. “НаШтоБуЗУ” да задання, якое даём на ўроку або на дом, выдаецца вучням (ці выпрацоўваецца з імі) разам з атрыманнем вучнямі гэтага задання.
Як правільна паводзіць сябе настаўніку, калі , абмяркоўваючы з вучнямі “НаШтоБуЗУ”, не дамовіліся ўлічваць арфаграфічныя памылкі, а вучні дапусцілі іх вельмі шмат?
Другі варыянт гэтага ж пытання: “Як улічваць арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі пры выкананні задання? Іх таксама трэба прапісваць у крытэрыях “НаШтоБуЗУ”?”
Прад’яўленне крытэрыяў вучням — гэта своеасаблівы дагавор з імі аб тым, што, выканаўшы ўсё гэта, яны будуць паспяховымі. Таму, прапануючы вучням крытэрыі, вы павінны ўлічваць усе магчымыя бакі ацэнкі іх дзеянняў і вынікаў. Калі вамі не было ўключана ў крытэрыі правільнае напісанне слоў, то гэта ваша праблема, а не вучняў. Выправіць памылкі вы павінны як настаўнік, але зніжаць за гэта адзнаку не маеце права. Будзеце парушаць дагавор — вучні перастануць вам верыць. А гэта ў АА вельмі важна! Выйсці з такога становішча дапаможа наступная рэмарка: “Дзеці, быць пісьменным патрэбна чалавеку любой прафесіі і роду заняткаў. Сёння ў праверачнай рабоце я не палічыла за недахоп памылкі ў напісанні слоў. Але надалей прапаную на адзін бал зніжаць адзнаку за непісьменныя работы, паколькі нават самыя разумныя ідэі выклікаюць недавер, калі запісаны непісьменна.
Перш чым скласці “НаШтоБуЗУ” да ўрока, я ўважліва перачытваю раздзел праграмы, у якім прапісаны веды і ўменні вучняў па вывучанай тэме. Скажыце, ці правільна я раблю?
Усё правільна робіце. У праграме веды і ўменні не распісаны па ўзроўнях ведаў, а вы звязалі крытэрыі ацэнкі (“НаШтоБуЗУ”) з дзесяцібалкай! У вас класна атрымалася! Ведаю, што дапамагае ў складанні “НаШтоБуЗУ” не толькі праграма, але і дзеясловы, якія прапанаваў у сваёй таксаноміі мэт Б.Блум.
Ці можна пры складанні “НаШтоБуЗУ” выкарыстоўваць сімвалы, умоўныя абазначэнні?
Можна, калі сэнс сімвалаў будзе зразумелы дзецям. Гэта дадасць крытэрыям нагляднасці, магчыма, сэканоміць час урока.
Ці можа быць “НаШтоБуЗУ” ўніверсальным?
Крытэрыі можна складаць да пэўнага ўрока, а можна і да некалькіх, на працягу якіх вывучаецца асобная тэма. Да такіх скразных крытэрыяў рэкамендавана звяртацца на кожным уроку, асобна спыняючыся на тых, што будуць індыкатарамі дасягнутасці мэты на сёння.
Ці магчыма выкарыстоўваць “НаШтоБуЗУ” на факультатыўных занятках?
І на факультатывах, і на выхаваўчых мерапрыемствах, і пры праектных заданнях, і падчас экскурсій — дзе заўгодна, у любой рабоце, якую праводзіце вы, якую выконваюць вучні. Крытэрыі поспеху — універсальны прыём.
Як раскрыць творчы патэнцыял вучняў у крытэрыях “НаШтоБуЗУ”?
“НаШтоБуЗУ” — гэта ўмоўнае тлумачэнне настаўнікам вучню свайго разумення таго, якой павінна быць якасная работа. Пяць пунктаў “НаШтоБуЗУ” не могуць стрымаць творчых імкненняў вучняў, а вось трымаць у аргументаваным разважанні дазваляюць. Бывае так, што настаўнік агульнымі фразамі тлумачыць добравядомыя патрабаванні да творчай работы. Вучань, калі працуе над эсэ, сачыненнем, упэўнены, што робіць усё правільна, аднак адзнака нізкая. І вось толькі тады пачынаецца сапраўдная карэкцыйная работа з разборам, што не так. “НаШтоБуЗУ” дазваляе да напісання работы ўлічыць небяспечныя моманты: цытаванне, дакладныя факты, уступ, пейзажныя замалёўкі, вывад і г.д.
* * *
Уменне ставіць пытанні да тэкстаў, да падзей і сітуацый — важная і актуальная кампетэнцыя. Гэта основа крытычнага мыслення, праяўленне ўмення бачыць праблемы, а значыць, выбудоўваць стратэгіі іх вырашэння. Поспех у вучэнні заўсёды большы ў таго, хто ўмее ставіць пытанні. Таму важна падтрымліваць настаўнікаў, якія вучаць дзяцей іх фармуляваць. Але для гэтага сам педагог павінен валодаць гэтай кампетэнцыяй. Што паказвае наш дыстанцыйны курс? Нашы студэнты валодаюць гэтым уменнем у рознай ступені. Некаторыя не знайшлі, што спытаць у свайго ментара (здзіўляцца не трэба, бо яны самі калісьці вучыліся ў школе, у якой ставілі адзнакі толькі за адказы, а не за пытанні). Таму, акрамя асноўнай мэты навучання — валоданне педагогамі сродкамі АА, — мы ствараем умовы для таго, каб настаўнікі вучыліся фармуляваць пытанні. Навучыцца іх ставіць можна, толькі практыкуючыся. У нас працуе формула: “тое, як мы вучым, ёсць тое, чаму мы вучым”.
І напрыканцы важна парэкамендаваць пакуль што не вельмі дасведчаным настаўнікам, якія ўпершыню сутыкнуліся з акронімам “НаШтоБуЗУ”, і параіць тым настаўнікам, каго зацікавіў гэты сродак навучання: звяртайцеся да кніг, матэрыялаў, якія прысвечаны тэхналогіі актыўнай ацэнкі, паглыбляйцеся ў яе філасофію і практычныя аспекты навучання. Для гэтага дастаткова ў радку браўзера набраць “актыўная ацэнка”. Вы ўбачыце шмат матэрыялаў: спасылкі на кнігі, артыкулы, майстар-класы, распрацоўкі ўрокаў нашых паспяховых настаўнікаў.
Галіна СУХАВА,
настаўніца гімназіі № 5 Віцебска, настаўнік-метадыст,
лаўрэат конкурсу “Настаўнік года — 2009”.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА