5-6 сакавіка ў ДУА «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» прайшоў фестываль педагагічных ідэй «Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы, перспектывы». На ім выступілі беларускія настаўнікі-інаватары, эксперты з Украіны, якія распрацоўваюць адукацыйныя праграмы па медыяграматнасці, развіццю крытычнага мыслення і клапоцяцца, каб неабходныя веды мог атрымаць кожны вучань, кожны чалавек.
Першымі спікерамі медыяадукацыйнага фестывалю сталі Мікалай Запрудскі, прафесар кафедры педагогікі і менеджмента адукацыі, кандыдат педагагічных навук, і Галіна Дзегцярова, медыяпедагог, загадчык кафедры методыкі навучання мовы і літаратуры «Харкаўская акадэмія бесперапыннай адукацыі». Мікалай Іванавіч і Галіна Анатольеўна – медыяэксперты з беларускага і ўкраінскага боку адпаведна, якія далі грунтоўны агляд моцных і слабых бакоў, магчымасцяў і пагроз для развіцця медыяадукацыі ў сваіх краінах.
Беларусь: людзі, якія рухаюць сферу наперад, семінары для настаўнікаў і першыя падручнікі
Мікалай Запрудскі пачаў свой выступ з гісторыі. Адна настаўніца казала: «Як можна назваць вучня, які задае пытанне настаўніку?». «Цікаўны. Чамучка. Смелы. Актыўны. Дапытлівы» – прагучалі адказы. Але не зусім так. Перш за ўсе гэты вучань крытычна мысліць. Ен сумняецца, задае пытанні. А самае галоўнае ў медыяадукацыйнай практыцы – ставіць пытанні. Калі вы бачыце нейкую інфармацыю, з інтэрнэта ці з іншых крыніц – не бойцеся задаваць пытанні.
Моцны бок беларускіх медыяадукацыйных практык – гэта людзі. Людзі, якія працуюць у дзяржаўных установах (БДУ, БДПУ ім. М.Танка) і недзяржаўных арганізацыях. Сярод іх – Таварыства беларускай школы, якое з 2013 года пачало прасоўваць ідэю медыйнай дасведчанасці вучняў спачатку сярод невялікага кола зацікаўленых педагогаў, а потым паступова пашырала сваю дзейнасць.
Есць інфармацыя, і з ёй трэба ўмець працаваць. Такі школьны прадмет, як інфарматыка, гэтай функцыі не выконвае – бо разглядае праблему толькі з тэхнічнага боку, але не задзейнічае крытычнае мысленне. Асобнага прадмета медыяграматнасці ў нашай школе (як і ў большасці краінаў), няма, там варта інтэграваць такія практыкі ў праграмы звычайных урокаў. І гэта ўжо разумеюць нашыя настаўнікі-метадысты. Іншы моцны бок – журналісты, якія надаюць увагу праблеме. Асобна я хацеў б выдзеліць Надзею Нікалаеву, якая прадуктыўна і актыўна піша пра медыяадукацыю ў газете «Звязда».
Падтрымка Міністэрства Адукацыі. У тлумачальных запісках да навучальных праграм пасля 2015 года змешчаны пералікі сучасных кампетэнцый спецыялістаў, якія будуць запатрабаваны ў будучым. Сення праводзяцца медыяадукацыйныя семінары, курсы па медыяграматнасці, семінары па сістэме «перакуленага навучання» для настаўнікаў.
Кніга, якая дапаможа даведацца пра медыяадукацыю больш – «Медыяадукацыя ў школе: змест і метады фарміравання медыяграматнасці вучняў». Спампаваць яе можна ў вольным доступе на партале nastaunik.eu. Есць яшчэ кніга «Медыяадукацыя ў сучаснай школе», якую мы напісалі разам з чэшскімі калегамі.
Публікацыі і артыкулы на гэтую тэму можна знайсці ў «Настаўніцкай газеце», газеце «Звязда», на партале nastaunik.eu ў рубрыцы «Медыякомпас», на інфармацыйна-аналітычным рэсурсе Mediakritika.by і ў анлайн-зборніку практыкаванняў для развіцця медыяграматнасці «Медыянавігатар». Перыядычна арганізоўваюцца дыстанцыйныя курсы медыядукатараў – анонсы можна даведацца ў тэматычных суполках на Facebook, або на незалежным партале для беларускіх настаўнікаў nastaunik.eu.
Слабыя бакі таксама ёсць, і ёсць над чым працаваць. Напрыклад, над тым, што настаўнікі не заўседы карэктна разумеюць паняцце медыяадукацыі, абмяжоўваючыся, напрыклад, толькі дэманстрацыяй відэаролікаў на занятках. А вось пагроза: настаўнік-прадметнік настолькі захапіўся медыяадукацыйнымі практыкаваннямі, што не хапіла часу на тлумачэнне асноўнага матэрыялу, і ў выніку вучні не могуць здаць ЦТ. Таму настаўніку трэба арганічна ўплятаць медыяадукацыйную практыку ва ўрокі, не губляючы сэнс прадмета. Гэта не так лёгка рабіць, бо час абмежаваны 45 хвілінамі, за якія трэба паспець і тую ж фізіку растлумачыць, і надаць увагу медыяадукацыйнаму аспекту.
Магчымаці ў медыяадукацыі вялікія. Гэта і навучанне ва ўніверсітэтах і ўстановах паслядыпломнай адукацыі – дакладна, гэтым патрэбна займацца – і ў фэйкавасці навінаў у сродках масавай інфармацыі. Гэта той матэрыял, з якім мы можам працаваць. "Калі б усе казалі праўдзівыя навіны – дык і медыяадукацыя не была б патрэбная. Але пакуль што гэта не так; вось такая парадаксальная рэч", – падрэзюмаваў свой выступ Мікалай Запрудскі.
Украіна: медыяграматнасць на дзяржаўным узроўні, эксперымент на 200 школаў і адукацыйныя праграмы для 1-2 класаў
Медыяпедагог Галіна Дзегцярова падзялілася вопытам медыяадукацыі ва Украіне. Важнае адрозненне, казала яна, у тым, што ў украінскіх калегаў практыка працы з медыя прачынаецца не ў сярэдней школе, а ў дашкольным узросце.
Ва Украіне пачалі казаць пра медыяадукацыю ў маі 2010 года. З гэтага і пачаўся ўкраінскі эксперымент пра ўкараненне медыяадукацыі з мэтай навучыць дзяцей і падлеткаў крытычнаму мысленню і развіць эфектыўную сістэму медыяадукацыі. Мэтавая аўдыторыя – дзеці і моладзь, але на практыцы мы навучалі людзей рознага ўзросту.
У 2011 годзе ў гэтым эксперыменце прыняло ўдзел амаль што 200 школ. Гэта досыць шмат, бо на той момант школьныя педагогі ў прынцыпе былі не гатовыя да яго. То бок трэба было спачатку навучыць настаўнікаў, каб яны потым маглі працаваць з вучнямі. Праца пачалася таксама з дзесяцікласнікамі – старшакласкнікамі, якія хутка мусілі выпускацца з школ, пачынаць дарослае жыцце і быць у змозе абараніць сабе і свае сем’і ад дэструктыўнага ўплыву медыя, рэалізаваць сябе і развіць свае творчыя здольнасці.
Па выніках гэтага эксперыменту, у 2016 годзе была распрацавана рамачная праграма, дзе былі падведзены вынікі даследавання і прапісана, як уплывае медыяадукацыя на вучняў, з якога ўзросту трэба пачынаць вучыцца працаваць з навінамі ў СМІ, што павінна ўмець дзіця ў кожным з узростаў. У жніўні 2017 года афіцыйна быў падпісаны загад Міністэрства асветы і навукі Украіны, і пачалася новая ўкраінская праграма з поўнай назвай «Стандартызацыя скразной сацыяльна-псіхалагічнай мадэлі масавага ўкаранення медыяадукацыі ў айчынную педагагічную практыку».
Як і ў Беларусі, ініцыятыва медыяадукацыі ў школах пачалася не з боку Міністэрства адукацыі, а з боку грамадскіх арганізацый і асобных людзей. Наша медыяадукацыя пачалася з Акадэміі ўкраінскай прэсы, грамадскай арганізацыі “ДэтэктарМедыя” і ініцыятывы “СтопФэйк”. Такія арганізацыі маюць патэнцыял шукаць спонсараў, якія вылучаюць сродкі на адукацыю педагогаў.
Мы аналізавалі вопыт іншых краінаў і спрабавалі распрацаваць сваю мадэль медыяграматнасці. Наша першая летняя медыяшкола была зладжана ў 2011 годзе для выкладчыкаў установаў паслядыпломнай адукацыі, каб яны ўжо самі маглі навучаць педагогаў. Як вынік, у інтэрнэце з’явілася вялікая колькасць цікавых, кампетэнтных матэрыялаў ад украінскіх медыяадукатараў. У 2012 годзе выйшаў першы падручнік «Медыяадукацыя і медыяграматнасць» для вну. Ёсць асобны падручнік, распрацаваны настаўнікамі, якія працавалі з тым эксперыментальным курсам дзесяцікласнікаў.
Мэтавыя аўдыторыі для нас – бібліятэкары і настаўнікі. Мы праводзім для іх летнія і зімнія школы працы з інфармацыяй і тэхналогіямі крытычнага стаўлення да яе. З 2011-12 гады мы зладзілі больш за 90 такіх адукацыйных мерапрыемстваў, і 84% выкладчыкаў медыяграматнасці прайшлі навучанне на іх. Медыяадукацыйныя практыкі ў школах прапісаныя ва Украіне на ўзроўні дзяржаўных дакументаў. Яны прапісываюць уменні і ключавыя кампетэнцыі дзяцей і падлеткаў – напрыклад, навык рацыянальнага пошуку і працы з інфармацыяй з розных крыніц, навыкі крытычнага мыслення, праца з ІКТ і г.д. Прыняты дзяржаўны стандарт пачатковай адукацыі, які зацвярджае неабходнасць умення для вучняў аналізаваць, інтэрпрэтаваць, крытычна ацэньваць медыятэксты, працаваць з імі, ствараць простыя медыяпрадукты.
Ужо распісаныя адмысловыя праграмы на першы і другі клас. Так, першакласнік павінен успрымаць простыя медыяпрадукты, прымаць удзел у абмеркаваннях зместу і формаў медыятэкстаў, выказваць свае думкі і адчуванні. Другі клас – успрымаць медыятэкст, абмяркоўваць, распавядаць, пра што ён. Разумець, для каго і для чаго напісаны гэты медыятэкст, тлумачыць вербальныя і невербальныя элементы медыяпрадукту. Разважаць з пункту гледжання «А што б я з’мяніў? А як б я прэзентаваў?», ствараць простыя медыяпрадукты – фота, калажы, коміксы.
У 2012 годзе створаны партал Медіаосвіта – я думаю, што тыя, хто займаецца ў Беларусі медыяадукацыяй, часта да нас заходзяць, таму што матэрыялаў там шмат. Выпускнікі летніх школаў распрацавалі свае курсы, праграмы – і мінімум 2 гадзіны, максімум 28 гадзінаў на тыдзень прысвечана медыяадукацыі ў адукацыйных установах Украіны.
Падручнікі, дзе пакрокава распісаны працэсы інтэграцыі медыяадукацыі пры навучанні першакласнікаў і вучняў іншага ўзросту, матэрыялы апошняй вялікай міжнароднай медыяадукацыйнай канферэнцыі можна спампаваць, вывучыць і выкарыстоўваць у працы на сайце Акадэмііі украінскай прэсы. Ёсць яшчэ Медіадрайвер – гэта сайт, які разлічаны на падлеткаў.
Канешне, пры ўсім гэтым вонкавым поспеху ёсць і слабыя бакі. Гэта недастатковая колькасць падручнікаў, метадычнай літаратуры, таму што ўсё роўна не хапае спецыялістаў, якія пішуць, развіваюць методыку медыяадукацыі. Таму мы кажам пра тое, што хацелася б больш і больш падтрымкі Міністэрства, больш фінансавання на распрацоўку падручнікаў.
У нас усяго некалькі вну, дзе змаглі “выбіць” курс медыяадукацыі для магістраў, але гэта было вельмі няпроста. Амаль што няма тэлевізійных адукацыйных праграм для школьнікаў, але вось з пачатку медыяадукацыйнага эксперымента пачаліся пазітыўныя змяненні. Нарэшце перанеслі час прафарыентацыйных і ўвогуле якасна і цікава зробленых праграм для падлеткаў: калі раней паказвалі іх у той час, калі дзеці былі ў школе, то цяпер яны ў ратацыі а палове шостай увечары. Яшчэ адзін слабы бок – адсутнасць легальнай медыятэкі.
Редакцыя партала nastaunik.eu дзякуе Мікалаю Запрудскаму і Галіне Дзегцяровай за грунтоўныя і карысныя выступы. Пазнаёміцца і спампаваць усе прэзентацыі Мікалая Запрудскага і Галіны Дзегцяговай можна тут.