Ёсць прамая сувязь паміж узроўнем ведаў і ўзроўнем нуды на ўроку. Школе трэба абавязкова змяняцца! Візуалізацыя, гейміфікацыя і нейратэхналогіі — тыя трэнды ў адукацыі, якія проста нельга ігнараваць. У гэтым упэўненыя будучыя педагогі, якія пакуль яшчэ самі не пакінулі школьныя сцены. Днямі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшла найцікавейшая фарсайт-дыскусія. Артыкул - Надзея Нікалаева, газета "Звязда".
Педагагічная футуралогія
— Роўна год таму ў нашым універсітэце былі падведзеныя вынікі рэспубліканскага конкурсу для навучэнцаў педагагічных класаў «Будучыя педагогі — пра школу будучыні». Яго ўдзельнікі прадстаўлялі розныя яе мадэлі. Многія канкурсанты казалі пра тое, што ключавой фігурай у тэхнічна абсталяванай школе будучага застанецца педагог, які «ачалавечвае» адукацыйны працэс, з'яўляецца для сваіх вучняў прыкладам, у тым ліку і ў стаўленні да прафесіі. Тады ў нас, арганізатараў, узнікла ідэя: распачаць доўгатэрміновую сур'ёзную работу з навучэнцамі педагагічных класаў у галіне педагагічнай футуралогіі, — расказала прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна ТОРХАВА. — У працяг тэмы мы прапанавалі старшакласнікам пашукаць адказ на пытанне: «Як жа падрыхтаваць педагога, які зможа эфектыўна працаваць у школе будучыні?»
Апрабаваць новую для нашай краіны фарсайт-тэхналогію было прапанавана камандам школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Трэба заўважыць, што з 14 школ-лабараторый адгукнуліся на прапанову не ўсе, а толькі 9: усё ж такі для таго, каб сфармуляваць і агучыць свае ідэі, патрабуюцца інтэлектуальная смеласць, здольнасць да праектна-інавацыйнага мыслення і гатоўнасць працаваць у камандзе.
Задача спікераў была не з лёгкіх. На працягу пяці хвілін яны павінны былі ёміста і лаканічна прадставіць свае фарсайт-ідэі. У выніку старшакласнікі абгрунтоўвалі магчымыя, верагодныя і пажаданыя падзеі і змены ў галіне тэхналогій прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў з розных суб'ектных пазіцый: навучэнца педагагічнага класа, студэнта педагагічнай спецыяльнасці і маладога спецыяліста, які працуе ў сферы адукацыі.
Вынікам сумеснай работы стала рэзалюцыя, у якой адлюстраваны самыя актуальныя трэнды і тэндэнцыі ў педагагічнай адукацыі.
Генератар ідэй і наватар
«Мы жывём у сучасным свеце, дзе патрабаванні да педагога вельмі высокія. Педагог — не толькі носьбіт сучасных ведаў, але і стваральнік наватарскіх ідэй і працэсаў, гатовы змяняць і рэфармаваць педагагічныя тэхналогіі, — у гэтым упэўнена каманда навучэнцаў слонімскай сярэдняй школы № 8, якую прадстаўляла на форуме дзесяцікласніца Марыя АНІКЯЕНКА. — Педагог мультыпрофільнага плана павінен валодаць некалькімі спецыяльнасцямі і спалучаць прафесійную падыхтоўку і камунікатыўную кампетэнтнасць, навыкі прадрымальніцкай і кіраўніцкай дзейнасці. Мадэль універсальнага педагога бачыцца нам наступным чынам: гэта лідар, высокакваліфікаваны спецыяліст, які добра разбіраецца ў псіхалогіі, інтэлігент, умелы камунікатар і адміністратар, менеджар, а яшчэ ён акцёр, сцэнарыст, рэжысер і пісьменнік у адной асобе».
— Наша фантазія можа даставіць нас куды заўгодна, таму тэхналогіі візуалізацыі ў навучанні вельмі актуальныя, — разважае Аляксандр ЛЕНКАВЕЦ, вучань 10 класа Сноўскай сярэдняй школы. — Не менш важная ў падрыхтоўцы будучага педагога і псіхалогія: яна дапамагае яму стаць больш устойлівым да розных правакацыйных сітуацый. «Самая галоўная формула поспеху — веданне, як кантактаваць з людзьмі», — сцвярджаў Тэадор Рузвельт. Параўноўваючы вобраз сучаснага педагога і маё ўласнае ўяўленне аб тым, якім ён павінен быць, я лічу, што найбольш запатрабаваныя будуць эўрыстычныя ўменні, даследчыя навыкі і такія якасці, як уменне суперажываць, рэфлексаваць, слухаць і чуць іншага, творчая актыўнасць, адкрытасць, настойлівасць, гнуткасць, мабільнасць, уменне працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі... Будучаму педагогу трэба вучыцца ствараць праблемныя сітуацыі, арганізоўваць вучэбна-даследчую дзейнасць, цікавіцца педагагічным досведам іншых. Паспяховасць і канкурэнтаздольнасць спецыяліста залежаць і ад умення ўспрымаць новае і вучыць новаму, весці ўласны блог і віртуальны кабінет, працаваць з праблемнымі дзецьмі і бацькамі вучняў. Такім чынам, найбольш эфектыўнымі тэхналогіямі падрыхтоўкі настаўніка ў будучыні з'яўляюцца інтэрнэт-тэхналогіі, тэхналогіі віртуалізацыі і практыкаарыентаванае асяроддзе. Трэба спрабаваць шукаць, бо ніхто не ведае, які шлях акажацца найбольш выніковым.
Старшакласнікі Грэскай сярэдняй школы прапануюць з першага курса для кожнага студэнта педагагічнай спецыяльнасці распрацаваць індывідуальную траекторыю асобаснага развіцця пад кіраўніцтвам цьютара. Асноўнымі трэндамі ў падрыхтоўцы педагогаў будучыні з'яўляюцца, на іх думку, індывідуалізацыя і варыятыўнасць навучання з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
«Мы прыхільнікі педагагічнай інтэрнатуры, — кажа адзінаццацікласніца Валерыя РАХІНСКАЯ. — У гэты перыяд у педагога-інтэрна будзе магчымасць апрабаваць на практыцы тэму дыпломнай работы і адкарэктаваць свае тэарэтычныя веды. Малады спецыяліст у абавязковым парадку вядзе свой блог для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць развіццю рыторыкі, паколькі мы жывём у лічбавым і кліпавым свеце, таму, на жаль, развучыліся прыгожа размаўляць. Мы ўпэўненыя, што адукацыі патрэбныя людзі, якія не толькі ідуць у нагу з часам, але і апярэджваюць яго».
Уваход у прафесію
«Для нас мала, каб кожны вучань педагагічнага класа прафесію настаўнік «любіў і паважаў». Мы хацелі б, каб усе захапіліся педагагічным пошукам. Галоўны педагагічны ўчынак — гэта пераход ад тэорыі да практыкі», — лічыць каманда з віцебскай гімназіі № 5, якая менавіта так і назвала сваю ідэю — «Педагагічны ўчынак». І першы крок — гэта ўваход у прафесію яшчэ на стадыі навучання ў профільным класе.
— Навучэнцы педкласа не праводзяць самастойна ўрокі, а выступаюць у ролі кансультантаў ці рэпетытараў для малодшых школьнікаў, — тлумачыць Дар'я БЯЛЯЕВА, вучаніца 10 класа. — Такім чынам будучыя педагогі напрацоўваюць практычныя навыкі тлумачэння незразумелых для малодшых тэм, карыстаючыся пры гэтым сваім вучнёўскім вопытам. А складанасці, з якімі яны сутыкнуцца, падштурхнуць іх да пошуку вырашэння педагагічных сітуацый праз вывучэнне асноў педагогікі, методыкі і досведу сваіх педагогаў. У кожнага студэнта педагагічнай ВНУ з першага курса і да заканчэння ўніверсітэта павінен быць свой цьютар (класны кіраўнік) і свой падшэфны клас у канкрэтнай школе.
Трэба выкарыстоўваць індуктыўныя методыкі і тэхналогію безадзнакавага навучання. Сэнс індуктыўных методык заключаецца ў тым, што мы рухаемся не ад тэорыі да практыкі, а наадварот. Студэнту, які прыйшоў на практыку, даюць заданне, ён не зусім разумее, што трэба рабіць, але спрабуе, памыляецца, пачынае выпраўляць свае памылкі і паступова прыходзіць да правільнага разумення. Замест таго, каб ставіць адзнакі, параўноўваючы кожнага з эталонам, лепш абапірацца на крытэрыі — мінімальны вынік, які чакаюць ад студэнта. Такая ацэнка будзе залежаць ад складанасці ўменняў, якімі валодае студэнт, уключаючы яго ўменне сінтэзаваць новыя веды. Гэта дапаможа будучым педагогам стаць настаўнікамі для саміх сабе — яны змогуць сачыць за тым, чаго дасягнулі, і чаму ім яшчэ трэба будзе навучыцца, а не арыентавацца на сістэму ацэнак , якая не мае ніякага дачынення да іх асабістага педагагічнага вопыту.
У традыцыйнай мадэлі педагог атрымліваў у ВНУ пераважна тэарэтычную адукацыю, а мы прапануем гэту сістэму перакуліць: максімум практыкі ў педкласе і бесперапыннай практыкі падчас навучання ў ВНУ за кошт змяншэння тэорыі да неабходнага мінімуму. Астатняе студэнт вывучыць у працэсе бесперапыннай самаадукацыі, калі будзе сутыкацца з канкрэтнымі праблемамі на практыцы.
Па заканчэнні ВНУ выпускнік павінен будзе здаць такі экзамен, у ходзе якога ён прадэманструе свае педагагічныя кампетэнцыі, а не ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. Напрыклад, падрыхтуе і абароніць перад камісіяй план урока па тэме з экзаменацыйнага білета і вырашыць канкрэтную педагагічную сітуацыю. Толькі так можна будзе ацаніць гатоўнасць выпускніка стаць настаўнікам, а не аб'ём яго памяці, дзякуючы якому ён змог завучыць тэорыю па педагогіцы і методыцы.
Аўтары ідэі «Педагагічны ўчынак» лічаць, што навучанне настаўніка павінна стаць намнога больш практычным і тэхналагічным. Малады педагог, які скончыў ВНУ, павінен эфектыўна прымяняць у сваёй рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і ўстройствы, а гэтаму яго трэба навучыць. Ён павінен умець вырашаць канфліктныя сітуацыі, валодаць прыёмамі актыўнага слухання, эфектыўнай камунікацыі, ведаць усе апошнія інавацыі ў адукацыі. Але каб гэта ажыццявіць, неабходна не толькі змяніць падрыхтоўку будучых настаўнікаў, але і сістэму арганізацыі працы і аплаты дзейнасці настаўніка, паколькі на сённяшні дзень непамерная колькасць абавязкаў проста не дазваляе настаўніку быць у трэндзе і знайсці сілы і час для складання кожнаму свайму выхаванцу адукацыйнага маршруту.
Лякарства ад школьнай руціны
— Многія веды, якія мы атрымліваем у школе, аказваюцца бескарыснымі і дрэнна запамінаюцца. Школьнікам нецікава вучыцца. Мы лічым, што трэба выкарыстоўваць у працэсе навучання элементы гульні. Будучыня — за гейміфікацыяй, — падзяліліся бачаннем сітуацыі спікеры ад сталічнай школы № 126 вучні 10 класа Леанід ЛАРЫН і Аляксандр ДАНІЛАЎ. — У школе за памылкі заўсёды караюць. Асноўнае ж адрозненне гейміфікацыі ад стандартнага навучання — гэта стаўленне да памылак. Усе ведаюць выраз «вучыцца на сваіх памылках»... Для камп'ютарных гульняў гэта галоўны прынцып. Нічога страшнага ў няўдачах няма. Ты памыляешся, выпраўляеш сваю памылку і рухаешся далей. Пры гейміфікацыі дадатковыя гульнявыя правілы ўкараняюцца ў школьную рэчаіснасць. Кожны семестр вучань пачынае з нуля балаў, а потым пачынае іх паступова набіраць, здзяйсняючы пэўныя хады і дасягаючы патрэбных вынікаў. Ён атрымлівае бонусы ў гульні, а на фінішы яго чакае галоўны прыз...
Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу і не адпускаць доўгі час. Вось бы з такой жа апантанасцю школьнікі хацелі вучыцца... Да таго ж можна гуляць-вучыцца не аднаму, а ў камандзе, а гэта ўжо зусім не сумна... «Калі паставіць перад вучнем цікавую мэту, паверце, ён захоча вучыцца!» — запэўніваюць юнакі.
Фарсайт-ідэя навучэнцаў з мінскай сярэдняй школы № 6 была прысвечана выкарыстанню ў адукацыі тэхналогій дадатковай рэчаіснасці.
— Сёння ўжо нікога не здзівіш уменнем паказаць прэзентацыю ці прымяненнем інтэрактыўнай дошкі. Не за гарамі той дзень, калі новы трэнд — укараненне сеткавага сёрфінга ў навучанне — трывала зойме свае пазіцыі, — разважае адзінаццацікласніца Аляксандра КАЛТОВІЧ. — Навучэнцы змогуць з лёгкасцю звярнуцца да патрэбнага вучэбнага матэрыялу, дакладна ранжыраваць крыніцы інфармацыі, павысіцца гнуткасць і мабільнасць ведаў. У будучыні будзе запатрабаваны педагог-куратар анлайн-прасторы, які валодае камп'ютарным мадэляваннем і здольны навучыць асновам сеткавай бяспекі.
Пагружэнне ў віртуальную рэчаіснасць стане неад'емнай часткай многіх урокаў. Вызначыць узровень успрымання і падрыхтоўкі вучня можна будзе дзякуючы сканаванню сятчаткі вока. Людзі будуць успрымаць інфармацыю ў дзясяткі разоў хутчэй і эфектыўней дзякуючы 3D-візуалізацыі: школьнікі змогуць аказацца дзе заўгодна — у трапічным лесе ці ў Букінгемскім палацы. З'явіцца і новая спецыяльнасць — вэб-псіхолаг. Але тэхніка ў школе будучыні ўсё ж такі ніколі не заменіць кантакт з настаўнікам, нават самы дасканалы робат так і застанецца ўсяго толькі назапашвальнікам інфармацыі.
У прынцыпе ўсе ўдзельнікі сышліся ў думцы, што настаўнік — у мінулым, сучаснасці або будучыні — гэта любоў, разуменне і цярпенне. Настаўнік — перш за ўсё чалавек (няхай нават і з іншай галактыкі)! Вынікам сумеснай работы стала рэзалюцыя, у якой адлюстраваны самыя актуальныя трэнды і тэндэнцыі ў педагагічнай адукацыі і вызначаны пяць тэхналогій, якія, на думку ўдзельнікаў, будуць эфектыўныя ў падрыхтоўцы педагога новага пакалення.
Надзея НІКАЛАЕВА