Што мы памятаем са школьнай праграмы па беларускай літаратуры? Вайну, вёску, «гаротнае жыццё сялян»? Настаўніца Ганна Севярынец упэўненая: белліт - цікавы, жывы, проста не заўсёды яго цікава падаюць. У лекцыі «Невядомая беларуская літаратура: пра што вам не казалі ў школе» яна распавяла пра свае 10 любімых сюжэтаў, якія даказваюць: белліт - гэта вельмі займальна. Любоў Касьпяровіч / TUT.BY
Ганна Севярынец - даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца, настаўніца гімназіі ў Смалявічах.
Ганна Севярынец упэўненая: беларускую літаратуру варта выкладаць не проста як набор тэкстаў - яна сама кніга, падзея, комплекс займальных, рамантычных і рэалістычных, драматычных і трагічных сюжэтаў. Частка з іх прэтэндуе на тое, каб стаць агульнанацыянальнымі мемамі, адзінкамі культурнага кода.
У гэтай кнізе пад назвай «Белліт» яна б вылучыла тры важныя рысы.
Максім Багдановіч
У 1917 годзе паэт Максім Багдановіч, хворы на сухоты, прыехаў на лячэнне ў Ялту.
У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Мартына Кухты.
— Максім Багдановіч свядома абраў гэты шлях — служыць беларускай літаратуры. Чалавек, які рос і вучыўся ў Расеі, мог друкавацца на рускай мове ў Яраслаўлі (і друкаваўся з поспехам). Ён мог адбыцца як пісьменнік і як крытык па-ўкраінску, бо пісаў і на гэтай мове, прытым што ва Украіне ў яго былі і сябры, і чытачы. Але абраў Беларусь — тую зямлю, на якой нават не атрымалася памерці. Колькі метафар на будучыню, колькі сумных і светлых паралеляў схавана ў гэтым сюжэце…
Сюжэт другой: Томаш Зан, якога саслалі ў Арэнбург, дзе ён знайшоў золата, нафту, мінералы
Валенцій Ваньковіч «Партрэт Томаша Зана» (1837). З калекцыі Белгазпрамбанка
Бацька Томаша Зана, Караль Зан, удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, з-за чаго ў іх сям'і былі праблемы.
— З часам становішча сям'і палепшала. Тамаш паступіў у Менскую гімназію. Там ён пазнаёміўся з братамі Верашчакамі, у якіх была сястра Марыля. Менавіта яна стане гераіняй адной з самых рамантычных гісторый XIX стагоддзя: у яе закахаўся Адам Міцкевіч, але яна ўзяла шлюб з іншым.
З самім Міцкевічам Зан пазнаёміўся падчас вучобы ў Віленскім універсітэце.
— Разам з таварышамі яны арганізоўваюць таварыства філаматаў і філарэтаў, якое распачынае навуковую традыцыю вывучэння беларускай мовы. Менавіта ў гэтай супольнасці беларуская мова ледзь не ўпершыню становіцца мовай таямніцы, сакрэту, сяброўскай змовы. Філаматы і філарэты трапляюць пад пільную ўвагу ўрада. Здаецца, зусім бяскрыўдную, культурніцкую суполку чакае жорсткі разгром. Іх пасадзілі ў віленскія кляштары: турэмных памяшканняў не хапала. Уся Вільня насіла ім перадачы. Перадалі нават гітару. Пад яе яны спявалі беларускія песні.
Як кіраўнік таемных таварыстваў, Зан узяў усю віну на сябе. Яго ўчынак потым згадаў у паэме «Дзяды» Адам Міцкевіч.
— Пасля прысуду Зан едзе ў высылку ў Арэнбург. Там яго паставілі займацца геалагічнай выведкай. У тых стэпах ён знайшоў і золата, і нафту, і мінералы. Менавіта Тамаш Зан заснаваў Арэнбургскі мінералагічны музей, які працуе і па сёння.
Сюжэт трэці: Мікалай Някрасаў і хвалебная ода Мураўёву-вешальніку, якую той не ацаніў
Героі трэцяга сюжэту - рускі паэт Мікалай Някрасаў і сумна вядомы Мураўёў-вешальнік, які адзначыўся асаблівай жорсткасцю ў падаўленні паўстання Кастуся Каліноўскага.
— Калі паўстанне было задушана, у рускім грамадстве паднялася хваля спачування паўстанцам. Але на адным з прадстаўнічых абедаў Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, вялікі заступнік пакрыўджаных і прыгнечаных, прачытаў хвалебную оду Мураўёву-вешальніку за тое, што ён бескампрамісна задушыў польскае паўстанне. Някрасава можна было зразумець: у часопіса «Современник», які ён рэдагаваў, былі вялікія праблемы, і палітычна своечасовая ода магла дапамагчы ў іх вырашэнні.
Але гэта быў брыдкі ўчынак, які не спадабаўся нават Мураўёву. Някрасаў прачытаў гэты верш і зразумеў, што адбылося нешта не тое. Ён спытаў у Мураўёва: «Дазволіце друкаваць?» Мураўёў адказаў, што гэта не яго справа. «І ўсё ж?» — перапытаўся Някрасаў, але Мураўёў зноў нешта буркнуў і сышоў.
Калі пра гэта даведалася пецярбургская дэмакратычная супольнасць, пачалася цэлая кампанія супраць Някрасава. Студэнты зрывалі яго партрэты, рвалі ў ласкуты і дасылалі іх Някрасаву на хатні адрас. Так паэт пабачыў, які пратэст выказвае яму грамадства, якое разумее, што кожны народ мае права на сваё ўласнае жыццё.
Сюжэт чацвёрты: адзін чалавек у рэдакцыі і шмат псеўданімаў
Фота з сайта nlb.by
Яшчэ адзін сюжэт - Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч, або цётка Уладзя (так гэтую прыгожую жанчыну, францужанку па маці, называлі ў нас). Менавіта жонка Янкі Купалы сказала фразу, якая, па словах Ганны Севярынец, стала нашым нацыянальным мемам: «Усю сучасную беларускую літаратуру можна пасадзіць на адну канапу».
— Іх — адраджэнцаў-нашаніўцаў, якія ўзяліся за тытанічную, няўдзячную, матэрыяльна гіблую справу адраджэння беларускай літаратуры — сапраўды было няшмат. Цікава ў сувязі з гэтай канапай успомніць яшчэ адну акалічнасць.
У Петраградзе ў 1918 годзе выдавалася газета «Дзянніца» — першая савецкая газета па-беларуску. Яе рэдактар Зміцер Жылуновіч меў рэкордную колькасць псеўданімаў, бо ў «Дзянніцы», апроч яго, працаваць не было каму. Ён сам напаўняў усе чатыры старонкі «Дзянніцы» і падпісваў артыкулы рознымі псеўданімамі, каб склалася ўяўленне, што беларуская публіцыстыка — з’ява шматперсанальная.
Сюжэт пяты: свой «Царскасельскі ліцэй» у Мінску
Мабыць, усе беларускія школьнікі ведаюць пра існаванне Царскасельскаага ліцэя, дзе вучыўся Пушкін. Але аналагічны ліцэй, на думку Ганны Севярынец, існаваў і ў Мінску. Ён знаходзіўся на адрэзку праспекта Незалежнасці ад цырка да Кастрычніцкай плошчы.
— У гэтым прыгожым белым будынку з залатымі літарамі МБПТ на фасадзе, у мінскім Белпедтэхнікуме імя Ігнатоўскага, які адкрыўся амаль адразу пасля заканчэння польскай акупацыі (1920. — Прым. TUT.BY), вучылася беларуская моладзь, якой было наканавана несці беларушчыну ў масы, аднаўляць у Беларусі беларускую адукацыю, якая, зразумела, была забаронена за царскай Расіяй.
Адначасова ў гэтых блаславёных сценах вучыліся маладыя беларускія пісьменнікі Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Антон Адамовіч, Наталля Вішнеўская, Зіна Бандарына, Сяргей Серада-Дарожны, Сяргей Фамін, крыху пазней — Валер Маракоў, Лукаш Калюга. Кагосьці вы сёння ведаеце, некага — не, але паэтаў маладых тут было — літаральна кожны другі. Калі ты вучыўся ў Белпедтэхнікуме і не пісаў вершаў, то быў нейкім не такім.
Уявіце сабе, якое там жыццё квітнела. Кожны вечар — чытанне вершаў, вусных газетаў. Галоўнымі завадатарамі ў гэтым працэсе былі Паўлюк Трус, Пятро Глебка і Максім Лужанін. Яны арганізоўвалі вусную газету, пісалі эпіграмы, у тым ліку вельмі жорсткія (я б іх нават не асмелілася цытаваць у школьнай аўдыторыі). Гэта была неверагодная атмасфера, пасіянарны выбух талентаў. Акрамя таго, што тут вучыліся незвычайныя вучні, тут выкладалі незвычайныя настаўнікі: Якуб Колас, Язэп Лёсік, Юльян Дрэйзін, які пасля стане адным з першых беларускіх музыказнаўцаў.
Сёння, на жаль, ніякага архіву, ніякіх больш-менш поўных дакументаў Белпедтэхнікума не існуе. Няма пакуль нават артыкулу ў Вікіпедыі.
Сюжэт шосты: 400 спектакляў у год, выступы ў адрыне з ягнятамі і парасятамі
Уладзіслаў Галубок. Скрыншот з відэа БГАКФФД
Легендарны беларускі акцёр і рэжысёр Уладзіслаў Галубок вядомы як заснавальнік беларускага перасоўнага тэатра. Спачатку ў складзе трупы быў сам Галубок і яго сям'я, затым далучыліся суседзі, пазней - людзі, якія хацелі паўдзельнічаць у паданнях.
— Вандравалі па вёсках, гарадах, мястэчках і паказвалі спектаклі, якія ствараў сам Уладзіслаў Галубок. Ён жа — таленавіты мастак-самавучка — маляваў дэкарацыі. Выступаў канферансам: часцяком, як у шэкспіраўскім тэатры, выходзіў пасярод паляны, калі не знаходзілася хаты, дзе ўсе маглі змясціцца, і казаў гледачам: «Вось тут, ля гэтай бярозы, мы ўяўляем сабе сядзібу, тут дзверы, акно і лавы».
Галубкоўцы ігралі ў неверагодных абставінах. Аднойчы ім далі пад спектакль вялікае гумно. Але не ўлезлі ўсе, бо пазбягаліся гледачы нават з суседніх вёсак. Моладзь разабрала дах, залезла туды і так назірала. Іншы раз ім далі для выступу нейкі свіран, дзе трымалі ягнят і парсючкоў. Акцёры, якія выходзілі з-за куліс на сцэну, стаялі са свіннямі ў загончыку — а потым праз гэтых парсючкоў, якія незадаволена рохкалі, ішлі ў свае мізансцэны.
Паўсюль, дзе толькі галубкоўцы ні выступалі б, яны абавязкова пакідалі дзе-небудзь памятны запіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі».
За год галубкоўцы давалі да 400 спектакляў. Гэта некалькі на дзень! Пры гэтым ім даводзілася ісці ад вёскі да вёскі пешшу — рэдка калі давалі падводы.
Неяк акцёры ехалі ў чарговую вёску ўсё ж на падводах. Хлопцы параспраналіся, горача. Едуць, гамоняць, спяваюць — акцёры, вясёлы народ. Насустрач рушыць табар цыган. Калі яны параўняліся, першы з цыган спыніўся — і звярнуўся да галубкоўцаў па-свойму, па-цыганску, бо вырашыў, што гэта свае, такі ж табар.
А зімой, здаралася, калі ехалі да новай вёскі ўночы, бегла за імі воўчая зграя. Дзяўчат закідалі на сані, а хлопцы давалі зграі бой.
Так трупа вандравала больш за два гады, пакуль ім не далі сталае месца ў Гомелі і яны не стварылі БДТ-3. Усё гэта цягнуў на сабе Галубок.
Уладзіслава Галубка расстралялі ў 1938 годзе, была рэпрэсаваная амаль уся трупа. Не дапамагло і тое, што Галубок быў народным артыстам БССР - першым, каму далі такое званне.
— Расказваюць, калі яго ў 1937-м арыштавалі (гэта яшчэ адзін наш мем), ён увайшоў у агульную камеру, агледзеўся і сказаў: «З'ява другая. Тыя ж і народны артыст».
Сюжэт сёмы: абмен палітычнымі палоннымі, расстрэл
Браніслаў Тарашкевіч з сям'ёй
Мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч пасля падзелу Беларусі застаўся ў той частцы Беларусі, якая адышла да Польшчы. Ён быў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады - самай буйной партыі тагачаснай Польшчы, якая аб'ядноўвала беларусаў.
— У 1928 годзе, пасля доўгага і пакутнага суда, Тарашкевіч разам з іншымі грамадоўцамі быў прыгавораны да турэмнага выраку. У гэты ж самы час Францішак Аляхновіч — драматург, сябра Тарашкевіча — вярнуўся з Вільні ў Менск, бо яму падалося, што менавіта тут будуецца вольная, незалежная Беларусь. Амаль адразу ён быў арыштаваны і кінуты за краты. У 1933-м у выніку доўгіх перамоваў Польша і СССР дамовіліся абмяняцца палітычнымі вязнямі: СССР паабяцаў перадаць Польшы Аляхновіча, Польша — пераправіць у СССР Тарашкевіча.
Яны сустрэліся на памежным пераходзе: Тарашкевіч, польскі вязень — у добрым паліто, паголены, чысты, Аляхновіч — у ватоўцы і драных ботах, як быў, з Салаўкоў. У сваёй кнізе «У кіпцюрах ГПУ» Аляхновіч напісаў, што яны з Тарашкевічам абмяняліся кароткімі фразамі. Легенда гэтыя кароткія фразы расшыфроўвае. Кажуць, Аляхновіч з болем кінуў сябру: «Бронюсь, куды ты ідзеш?» Браніслава Тарашкевіча закатавалі нкусаўцы ў 1938 годзе.
Сюжэт восьмы: непабег ад маёра НКВД
Уладзімір Дубоўка з жонкай. Фота: velvet.by
Па словах Ганны Севярынец, жыццё Уладзіміра Дубоўкі - адзін з самых магутных раманаў, створаных беларускай літаратурай. Звычайны хлопец трапіў у Маскву і стаў любімым вучнем рускага паэта Брусава, два гады працаваў у паўпрадстве БССР пры ўрадзе РСФСР і з'яўляўся рэдактарам беларускамоўнай версіі савецкіх законаў.
— 1930 год, Бутырская турма. Беларусы чакаюць этапа ў Сібір — згодна з рашэннем суда, 108 удзельнікаў няіснай, прыдуманай у ГПУ арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» асуджаны да высылкі. Сярод незлічонай колькасці вязняў, набітых бітма ў агульную камеру, і наш Дубоўка. Раптам адкрываюцца дзверы — і ў камеру закідваюць яшчэ аднаго вязня. Дубоўка не верыць сваім вачам — гэта ж сардэчны ягоны сябра, найбліжэйшы паплечнік па «Узвышшы», празаік, крытык, выкладчык Адам Бабарэка. Абдымкі, воклічы, зноў абдымкі.
— Што робіш тут, Уладзік?
— Перакладаю. Байран, «Шыльёнскі вязень».
— Слухай, тое ж небяспечна, калі пераклад твой будзе існаваць у адным экзэмпляры. Я здыму копію.
Уявіце сабе гэта: Бутырка, перасыльная камера, цемра, смурод і ля падваконніка — спакутаваны, стомлены, галодны Адам Бабарэка, які, стоячы — бо святла надта мала — перапісвае «Шыльёнскага вязня» у беларускім перакладзе.
Арыгінал Дубоўкі загінуў. Копія Бабарэкі ацалела.
Яшчэ адна гісторыя здарылася ўжо пасля вайны ў Грузіі, дзе Дубоўку арыштавалі ў чацвёрты раз.
— У саўгас, дзе ён працаваў, прыехаў маёр НКУС. Так і так — ордэр. Старшыня саўгаса кажа: не, такога дарагога чалавека мы проста так не адпусцім. Трэба правесці як след, як прынята ў нашым народзе.
Збеглася ўся вёска Наразені, накрылі сталы. Маёра таксама пасадзілі. Тосты, слёзы — провады. Нарэшце маёр упаў стомленай галавой на стол.
— Уладзімір Мікалаевіч, бяжы, — кажа старшыня.
— Куды я пабягу, — адказвае Дубоўка. — На першай станцыі спыняць. Не буду бегаць я.
Узяў пад пахі непрытомнага маёра — а Дубоўка быў асілкам у два метры ростам, вялікі, моцны — і пацягнуў у Зугдзідзі. Здаў маёра саслужыўцам — і здаўся сам.
Сюжэт дзявяты: паэзія, якая нараджалася ў лагерах
Як кажа Севярынец, гэты сюжэт - таксама вялікая метафара, якая распавядае пра тое, колькі было намі страчана.
— Гэта расповед пра Уладзіміра Хадыку, аднаго з найталенавіцейшых нашых лірыкаў. У лагеры — шмат якія беларускія сюжэты пачынаюцца ў лагеры — Хадыка пісаў вершы і хаваў іх у кажух: скручваў у трубачкі і замацоўваў пад падкладкай. Спадзяваўся, што выйдзе — і выратуе сябе як паэта. Ён адбываў сваё пакаранне на каменяломнях. Аднойчы з гары пакаціўся вялікі валун і рухнуў наўпрост на чалавека. Нават пахаваць было немагчыма. Так загінуў паэт і ягоныя вершы.
Сюжэт дзясяты: першы перакладчык «Яўгенія Анегіна», забыты на дзесяцігоддзі
Алесь Дудар. Фота: з архіву Лявона Юрэвіча
— І яшчэ адзін сюжэт, які я назвала б умоўна паэмай пра несправядлівасць. Вельмі беларуская паэма. У яе шмат герояў, але я ўспомню Алеся Дудара, аднаго з самых заўважных творцаў «маладнякоўскага» прызыву, бліскуча адоранага паэта, спрэчнага, але таленавітага крытыка, выбітнага перакладчыка.
У 1936 годзе ён — першым у беларускай літаратуры — пераклаў «Яўгенія Анегіна». Трэба разумець: каб перакласці такі твор, трэба мець адпаведны гэтаму твору ўзровень адукацыі, валодання мовай, паэтычнага таленту. Янка Купала, які размяркоўваў пераклады твораў Пушкіна сярод паэтаў, калі рыхтаваўся збор твораў у перакладзе да сотых угодкаў гібелі расейскага класіка, даручыў гэтую складаную працу менавіта Дудару. Хаця той у 1936-м быў амаль персонай нон-грата: двойчы арыштаваны, толькі-толькі вярнуўся з высылкі…
Усе восем главаў «Анегіна» былі пераведзеныя ў тэрмін і перададзеныя ў выдавецтва ў кастрычніку 1936-га. Але 1 лістапада Дудар быў арыштаваны. Яго страшна катавалі ў турме і расстралялі ў ліку 112 беларускіх інтэлігентаў 29 кастрычніка 1937 году.
Пераклад «Анегіна» з выдавецтва знік, усе згадкі пра яго - выкраслены з даведнікаў і падручнікаў, а першым і галоўным перакладчыкам вялікага рускага рамана стаў лічыцца паэт-ардэнаносец Аркадзь Куляшоў. Рукапіс перакладу Ганна Севярынец знайшла ў мінулым годзе.
Севярынец упэўненая: менавіта з такіх сюжэтаў павінна пачынацца тая беларуская літаратура, пра якую вучням не распавядаюць у школе, «тая літаратура, якую так шчасліва і проста нам усім будзе любіць».