Дыскусія пра гэта прайшла 3 лютага ў Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. У якасці экспертаў выступілі Андрэй Кіштымаў (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), Кузьма Козак (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), Сяргей Новікаў (Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), Сяргей Паноў (Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы). Мадэравалі гісторыкі Аляксей Братачкін і Ірына Кашталян. Сярод прысутных былі прадстаўнікі ключавых беларускіх арганізацый, якія маюць дачыненне да акадэмічных даследаванняў па тэме, да навучання будучых гісторыкаў, а таксама навукоўцы і настаўнікі-практыкі. Крыніца: гістарычная майстэрня.
Пасля паглыблення падчас экскурсіі ў асаблівасці прэзентацыі тэмы вайны ў падручніках суседніх краін на выставе "Розныя войны", прысутныя паспрабавалі паразважаць пра тое, як прадстаўляецца ў беларускіх школьных падручніках гісторыя Другой сусветнай вайны: ці прытрымліваюцца ў іх савецкай мадэлі памяці пра вайну альбо прапануюць новае бачанне, ці эфектыўна перакладаюцца дасягнутыя сучаснай гістарыяграфіяй акадэмічныя веды ў навучальныя?
Па меркаванні экспертаў, канструяванне памяці і гістарычных наратываў, датычных гісторыі Другой сусветнай вайны, пачалося адразу ж пасля яе завяршэння і было звязана з савецкай палітыкай, ідэалогіяй і асобнымі прадстаўнікамі ўлады. Адным з іх быў Лаўрэнцій Цанава, які пазначыў шэраг тэз (пра пераможны характар вайны, пра бінарны падзел на ворагаў і "сваіх" і г.д.), што дажылі да нашага часу (пра гэта гаварылася ў выступе Кузьмы Козака). У рамках гэтага наратыву склаліся дыскурсіўныя звычкі і пэўныя формулы, такія як, напрыклад, "карэнны пералом у вайне", якія замінаюць працы гісторыкаў з гістарычнымі крыніцамі, у якіх гэтыя формулы не заўсёды знаходзяць сваё пацверджанне (выступ Сяргея Новікава).
У дыскусіі было некалькі вострых момантаў, звязаныя са спрэчкамі пра тое, ці павінны мы ўзнаўляць у школьных курсах гісторыі савецкую "гераічную", "нацыятворчую" мадэль памяці пра Другую сусветную вайну, а таксама з вызначэннем месца шэрагу гістарычных падзей і феноменаў, уключаючы Халакост, у курсах гісторыі.
Савецкі наратыў не занадта моцна змяніўся за гады, якія прайшлі пасля атрымання незалежнасці Беларусі, але, як лічыць адзін з аўтараў школьных падручнікаў, Сяргей Паноў, сёння, каб забяспечыць пераемнасць тым перыядам гісторыі і сучаснасцю, паміж той памяццю і цяперашнім пакаленнем, гэты наратыў мы павінны ўзнаўляць. Гэта ідэя выклікала крытычныя заўвагі: навошта нам сёння савецкі наратыў, трэба глядзець інакш на гісторыю вайны, ужо з нацыянальных пазіцый, хаця гісторыя вайны таксама не можа разглядацца толькі з іх.
Па меркаванні Сяргея Панова мы павінны факусавацца, ствараючы школьныя падручнікі, не столькі на "кагнітыўным кампаненце" (не даступным школьнікам "у сілу псіхалагічных асаблівасцяў"), колькі на "эмацыйным кампаненце". Пытанне пра тое, наколькі навучэнцы сёння "гатовыя" да аналізу і крытычнаму падыходу на ўроках гісторыі, выклікала спрэчкі.
Як адзначыў Сяргей Паноў, сёння працэс стварэння падручнікаў дэмакратычны і празрысты. Ён, пры падрыхтоўцы падручнікаў, у сваёй працы карыстаецца, праўда, толькі тымі манаграфіямі і калектыўнымі працамі гісторыкаў, якія выдаюцца ў рамках афіцыйных дзяржаўных інстытуцый, такіх, як Інстытут гісторыі НАН РБ. Сяргей Паноў таксама лічыць, што выкладанне павінна факусавацца на гераічных прыкладах самаахвяравання, подзвігу для эмацыйнага і маральнага ўплыву на навучэнцаў. Такое выкладанне павінна прасоўваць "традыцыйныя каштоўнасці", такія, як каштоўнасць сям'і, напрыклад, абапіраючыся на прыклады і біяграфічныя гісторыі той эпохі. Гэта тэза выклікала дыскусію: наколькі мы павінны сёння рыхтаваць "да подзвігу", ці працуе гэты прыём з сучаснымі навучэнцамі?
Нягледзячы на ўдзел Аляксандра Лукашэнка ў 2008 годзе ў мемарыялізацыі памяці загінуўшых у Беларусі яўрэяў і яго заяву на мітынгу побач з мінскай "Ямай" пра тое, што "Халакост - гэта нацыянальная трагедыя", тэматыка Халакосту пакуль што не знаходзіць належнага месца ў школьных курсах гісторыі. Сам тэрмін знік са школьных падручнікаў, у сярэдзіне 2000-х гг., і сёння, як пра гэта ў сваім выступе распавяла школьная настаўніца гісторыі Неаліна Цыганак, якая займаецца лакальнай гісторыяй Халакосту ў Асіповіцкім раёне, гэтым падзеям прысвечана некалькі фармальных радкоў. У адным з каментараў прысутных таксама згадвалася адкрыццё ў 2015 году першай чаргі мемарыяла ў Малым Трасцянцы, надпісы якога таксама не ўтрымоўваюць згадак пра тое, што ў гэтым лагеры гінулі галоўным чынам габрэі, уключаючы тых, хто быў дэпартаваны ў Беларусь з Заходняй Еўропы.
У выступе Андрэя Кіштымава акцэнт быў зроблены на канцэптуальных пытаннях. Па меркаванні гісторыка, "мы дагэтуль шукаем сваё месца ў гэтай вайне", не маючы ніякай канцэпцыі школьнай гістарычнай адукацыі, якая хаця б адказвала на пытанне, каго мы атрымліваем на выхадзе са школы, калі мы кажам пра гістарычную дысцыпліну. Увядзенне ЦТ таксама не працуе на тое, каб вучні ведалі гісторыю і ўмелі яе аналізаваць. Калі паглядзець на пытанні гэтых тэстаў, ці можна там выявіць шмат згадак ці фактаў, датычных Другой сусветнай вайны? І, як стала зразумела з іншых выступаў, сёння ў Беларусі беларускімі гісторыкамі ж практычна не выдаюцца гістарыяграфічныя працы, якія б прапанавалі новыя метадалагічныя падыходы да гісторыі вайны і новы значны факталагічны матэрыял.
Як заўважыла гісторык Ірына Раманава, перагляд гісторыі Другой сусветнай вайны ў яе наяўным школьным і іншым выглядзе, прывёў бы да поўнага перагляду канцэпцый даваеннай і паваеннай гісторыі: рэпрэсій, сталінізму і іншых падзей. Фактычна, займацца сёння трэба ўсімі гэтымі пытаннямі ў комплексе. Шматлікія аспекты вайны ў школьных курсах сёння, уключаючы гендарны аспект (па меркаванні гісторыка Аляксея Братачкіна), праблематыка Халакосту, адсутнасць праблематызацыі падыходу ў апісанні падзей, звязаных з падпісаннем пакта Рыбентропа-Молатава, групы ахвяр і пасляваеннае жыццё, не апісаны ў школьных падручніках. У прыватнасці, сітуацыя пасля вайны апісваецца толькі ў тэрмінах "аднаўлення эканомікі і народнай гаспадаркі", што прыхоўвае шматлікія рысы паваеннай сітуацыі.
Пасля вострай дыскусіі ўдзельнікі сышліся на тым, што гісторыкам яшчэ трэба сфармаваць актуальную акадэмічную канцэпцыю для выкладання гісторыі Другой сусветнай вайны. І ад яе ўжо павінна адштурхвацца навучальная праграма, а пасля толькі стварацца падручнікі. Такім чынам, навукоўцам і дыдактыкам трэба адказна і сістэматычна разабрацца ў тым, што і як павінна выкладацца, перш чым патрабаваць штосьці ў форме ведаў падчас іспытаў у школьнікаў.
Улічваючы складанасці і з вывучэннем іншых тэм па гісторыі, прысутныя задалі аб'ёмнае пытанне - пра выкладанне гісторыі як прадмета наогул. Якім жа павінен быць сучасны школьны курс гісторыі? Калі нарэшце дыдактыка ў прадстаўленні навучальных матэрыялаў будзе арыентавана на выкарыстанне метадаў і падыходаў, якія бліжэй моладзі і указваць на мультыперспектыўнасць гістарычных працэсаў? Для адказу адпаведныя гульцы адукацыйнага і акадэмічнага поля павінны пачаць комплексную працу, паспрабаваць наладзіць рэгулярны публічны дыялог.
Мерапрыемства было сумесна арганізавана ECLAB, Гістарычная майстэрня ім. Л.Левіна, Беларускі архіў вуснай гісторыі.
Жадаючыя могуць пазнаёміцца з відэазапісам мерапрыемства: https://www.youtube.com/watch?v=tT0n77nJba8
Аўтар: Аляксей Братачкін, гісторык, ECLAB, Ірына Кашталян, Гістарычная майстэрня, БАВГ