Нацыянальная школа будучыні: свабода, тэхналогіі, беларуская і ангельская мовы

Першае Таварыства беларускай школы было створанае ў 1921 годзе. І вось ужо амаль стагоддзе праблема пабудовы нацыянальнай беларускамоўнай сістэмы адукацыі застаецца актуальнай і нявырашанай. Пра мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай школы budzma.by паразмаўляла з паслядоўнікамі легендарнага аб’яднання, а менавіта з намесніцай старшыні сучаснага РГА “Таварыства беларускай школы” Тамарай Мацкевіч.

 


Тамара Мацкевіч на адкрыцці першай неканферэнцыі EdCamp Belarus

 

Мінулае і сучаснасць: падзенне з 76% да 13%

— Мяне ўразілі дзве лічбы, і я б хацела, каб вы іх пракаментавалі. Першая: у 1993 г. прыём у першыя беларускія класы склаў 76 % ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці — нават больш за 92%. Чаму тады адбыўся такі ўражальны рост?

— Калі гавораць пра “ліхія 90-я” — гэта штамп з расійскай рэчаіснасці. 90-я гады ў Беларусі, наадварот, былі часам уздыму, надзеі, калі беларусы маглі глынуць вольнага паветра і не баяцца быць сабой. Усе былі ўпэўненыя, што ў новай краіне беларуская мова будзе дзяржаўнай, каб дзеці не мелі комплексу нацыянальнай непаўнацэннасці, які стваралі і працягваюць ствараць несамастойныя беларускія ўлады. Чаму я гэта магу сцвярджаць? Таму што тады маё дзіця ўвесну паступіла ў школу, дзе ўсе восем першых класаў былі заяўленыя як беларускія, і ніхто не супраціўляўся. Гэта было напярэдадні рэферэндуму 1995 года. Ён адбыўся ўлетку, а ўвосень бацькоў у школе раптам прымусова заставілі пісаць заяву на навучанне на рускай мове. Для тых, хто адмовіўся пісаць, зрабілі два беларускія класы, але і тыя потым знішчылі.

У той час я працавала ў Акадэміі навук у Інстытуце электронікі, і сярод маіх калег было шмат рускіх і ўкраінцаў, але ў іх таксама не было супраціву, яны вучылі мову, чыталі газету “Свабода”, пісалі па-беларуску справаздачы.

Таму гэтыя высокія лічбы былі натуральнымі. Беларусь не была падзеленая на дзве часткі, як Украіна, у нас не было сітуацыі як у Латвіі, дзе каля паловы грамадзян былі прыезджымі з іншых краін. У нашай краіне больш за 80% складалі беларусы.


Удзельнікі першай беларускай неканферэнцыі EdCamp Belarus, арганізаванай ТБШ ў партнэрстве з Global Shapers Minsk Hub. Мінск, 2017 г.

— Другая лічба — адваротная. Калі ў 2010 навучальным годзе на беларускай мове вучылася больш за 178 тыс., ці 19% дзяцей, то ў 2016 годзе — усяго 128,6 тыс., ці 13%. Чаму сёння адбываецца такое хуткае падзенне?

— Бо цяпер людзі не могуць уплываць на працэсы прыняцця рашэнняў, як гэта было ў пачатку 90-х, калі запрацавала дэмакратыя. Гэтыя лічбы паказваюць, што ідзе планамерны працэс знішчэння мовы.

 

Будучыня: без адзнак і канкурэнцыі

— Калі б ТБШ прапанавалі распрацаваць канцэпцыю сучаснай беларускай школы, якой бы яна была?

— Такая канцэпцыя ёсць, і не толькі ў нас. Яна нават была апрабаваная на практыцы — у ліцэі імя Якуба Коласа, які быў закрыты ў 2003 годзе.

Зразумела, што час ідзе, адбываюцца змены ў адукацыі, але асноўныя прынцыпы застаюцца. Раскрыю іх праз некаторыя катэгорыі.


Беларуская вечарына на міжнароднай школе медыяадукацыі ў г. Кальмар (Швецыя).

Мэта

— Сёння ў нашым заканадаўстве нідзе не прапісаная мэта навучання — вобраз вучня, які павінны выйсці са школы, з якімі ведамі, кампетэнцыямі і каштоўнасцямі. Наша школа невядома каго рыхтуе. Савецкая школа была створаная зразумела для чаго — для абслугоўвання ваенна-прамысловага комплексу Расійскай імперыі ў форме СССР. А сучасная школа для чаго? Мы рыхтуем грамадзяніна Беларусі, ці жыхара Саюзнай дзяржавы, ці патэнцыйнага эмігранта? Ад настаўнікаў дзеці сёння нярэдка чуюць словы накшталт “вучыцеся добра, перамагайце ў алімпіядах і едзьце адсюль, бо тут няма шансаў на нармальнае жыццё”. Па гэтай логіцы чым лепш наша школа працуе, тым больш выдатных вучняў у нас забіраюць багатыя краіны. Мы ўкладаем столькі сродкаў і рэсурсаў у чалавека цягам 17-20 гадоў, а на выхадзе яго бясплатна атрымліваюць іншыя краіны. Што робяць улады на гэты выклік? Апускаюць узровень адукацыі. Тое, што цяпер ліквідавалі гімназіі, — гэта якраз спроба стрымаць уцёкі моладзі, каб яна была неканкурэнтаздольная ў свеце і заставалася на радзіме. Але ж ці гэта годная мэта?

У канцэпцыі ТБШ мэта — выхаваць грамадзяніна Беларусі. Калі мы хочам, каб дзеці не з’язджалі за мяжу і не разносілі там піцу, маючы залатыя медалі, уся адукацыя павінная быць беларусацэнтрычнай. Патрыятызм — гэта не па пляцы хадзіць, а стварэнне такой атмасферы, каб дзіця адчувала ў школе, што яно тут галоўнае, што краіна — для яго, а не наадварот.

Калі будзе рэалізоўвацца такая мэта, адпаведна, будзе і іншы змест. Напрыклад, у грамадазнаўстве мы не будзем даваць веды пра “жыццё на Марсе” альбо спартыўныя славутасці Мінска, а будзем выкладаць, як адкрыць фірму, як заплаціць падаткі ў Беларусі, каб чалавек быў падрыхтаваны жыць менавіта тут.

Натуральна, і пытанне мовы будзе вырашацца па-іншаму.


Ментары дыстанцыйнага курса ТБШ

Методыкі

— Сёння методыкі навучання не так жорстка рэгламентуюцца, і з іх дапамогай можна фармаваць у вучнях навыкі XXI стагоддзя — уменне аналізаваць, камунікаваць, крытычна мысліць, працаваць у камандзе. Калі мы хочам, каб агульная атмасфера ў грамадстве была не канкурэнтная, а накіраваная на супрацоўніцтва, нам не патрэбна так шмат алімпіяд і конкурсаў, якія сутыкаюць ілбамі і настаўнікаў, і вучняў, а трэба больш ужываць праектнае навучанне, напрыклад. Але, зноў жа, мэта выхоўваць такія кампетэнцыі сёння на дзяржаўным узроўні не ставіцца. Гэта самастойна робяць некаторыя настаўнікі праз сучасныя методыкі.

Адзнакі

— Тут нам трэба глядзець на досвед еўрапейскіх краін, якія маюць добрыя вынікі ў адукацыі: Польшчу, Эстонію, Данію, Вялікабрытанію. Там практыкуюць сістэму актыўнай ацэнкі. Яна адрозніваецца ад традыцыйнай тым, што настаўнік дае вучню індывідуальны актыўны каментар на ягоную навучальную дзейнасць: указвае на моцныя бакі і праблемы, раіць, што зрабіць, і такім чынам дапамагае дзіцяці атрымаць як мага вышэйшую адзнаку. І дае яму права выбару — прыслухацца да гэтага каментара ці не. Такая сістэма ацэньвання фармуе ў вучняў разуменне, што адказнасць за навучанне ляжыць на іх, а не на настаўніках, што вучацца яны для ведаў, а не для адзнакі. Нашы настаўнікі ўжо 9 гадоў працуюць з гэтай методыкай. Дзяржава не перашкаджае, бо бачыць яе добрыя вынікі, асабліва ў павышэнні матывацыі да навучання. ТБШ штогод навучае працаваць па гэтай методыцы каля 100 педагогаў. У гэтым плане ў нас ёсць развіццё, хаця нарматыўная база і перашкаджае. Увогуле, сёння нашае заканадаўства настолькі састарэлае, што не дае развівацца нават мадэлі савецкай школы, якая дагэтуль захавалася ў Беларусі, не кажучы ўжо пра стварэнне перашкод сучасным тэндэнцыям.

Прадметы

— Мы лічым, што чым старэйшае дзіця, тым больш прадметаў на выбар яно мусіць мець. На пачатковай ступені школа павінная выхаваць у вучнях адказнасць за вучобу і далей даць ім выбар, якія прадметы на якім узроўні вывучаць. Гэта так званая прафілізацыя. Калісьці ў нас яе адмянілі, сёння зноў вяртаюць, але выбар вельмі абмежаваны. У іншых краінах прапаноўваецца некалькі дзясяткаў профіляў. І нам трэба вывучаць гэты досвед і даследаваць, што будзе лепш працаваць у нашай краіне.


Дэлегацыя ТБШ – удзельнікі міжнароднай школы медыяадукацыі

Настаўнікі

— Роля настаўнікаў у сучаснай беларускай школе — дапамагчы вучню ўсвядоміць, што ён тут галоўны. Настаўнік сёння — гэта не перадатчык ведаў, а праваднік і арганізатар працэсу навучання і самаадукацыі. Любая рэформа пачынаецца з адукацыі педагогаў. І нам трэба масава іх пераадукоўваць, як гэта робіць цяпер, напрыклад, Украіна. Там цягам года больш за 20 тысяч педагогаў будучых першакласнікаў рыхтавалі працаваць па новай праграме. Яны прайшлі дыстанцыйны курс, трэнінгі, павышэнне кваліфікацыі, каб пазбавіцца савецкіх штампаў і будаваць сучасную адукацыю. Раней такі эксперымент адбыўся ў Польшчы і даў вельмі добрыя вынікі. Калі там настаўнікам далі свабоду, новыя тэхналогіі і бясплатныя курсы ангельскай мовы, каб яны чыталі пра тыя тэхналогіі і ездзілі па свеце, гэта прывяло да таго, што Польшча абагнала шмат развітых краінаў па ўзроўні адукацыі.

Архітэктура

— Школьная прастора павінная быць прыязнай для дзяцей і больш нагадваць каворкінг. У нас такія школы ўжо пачалі з’яўляцца. Напрыклад, з дапамогай Літвы пабудаваная сучасная школа ў вёсцы Рымдзюны. Больш-менш сучасныя ўстановы з’явіліся ў Жлобіне, Мінску.

Я асабіста лічу, што калі ў нашых школах замест гардэроба ў кожнага вучня з’явіцца ўласная шафка на калідоры, каб ён ведаў: вось тут мае кеды, значыць, я тут жыву, гэта мая прастора, — тады нешта грунтоўна памяняецца ў свядомасці школьнікаў і дарослых.

 

Ганна Кручкова

Фота – з архіва Т.Мацкевіч