— І ван Эдуардавіч, вы настаўнічаеце з 2007 года. Наколькі змянілася ваша педагагічнае светаадчуванне за гэтыя 11 гадоў?
— У сваёй рабоце я заўсёды арыентаваўся на настаўнікаў, якія перадалі мне сваю любоў да гісторыі і грамадазнаўства. Гэта Уладзімір Сямёнавіч Каплан, дзякуючы якому я захапіўся гісторыяй і пачаў удзельнічаць у алімпіядах. Калі вучыўся ў ліцэі, пазнаёміўся з Аленай Іванаўнай Шалашкевіч, якая з’яўляецца і адным з аўтараў падручнікаў па грамадазнаўстве для старшай школы. Яна стала для мяне арыенцірам у няпростым, але вельмі цікавым жыццёвым прадмеце. Паўнавартасная педагагічная дзейнасць немагчыма без любові да вучняў. Гэта галоўны складнік поспеху настаўніцтва. Многія мне гавораць, што я занадта добры ў адносінах да дзяцей, але я не лічу гэта заганай. Імкнуся вучыць вучыцца, даць вучням тыя навыкі і кампетэнцыі, якія дазволяць стаць паспяховымі ў жыцці. Найперш гаворка ідзе пра ўменні быць камунікатыўнымі, шукаць інфармацыю, выказваць і абараняць свой пункт гледжання. На гэтых прынцыпах і будую свае ўрокі.
— Вы прыхільнік новых методык і тэхналогій у навучанні — актыўнай ацэнкі і медыяадукацыі. Чым яны вас прыцягваюць?
— Калі я быў вучнем, то настаўнікі таксама выкарыстоўвалі прыёмы, якія цяпер ляглі ў аснову новых методык, напрыклад, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. А калі сам стаў настаўнікам, засвоіў тэхналогію актыўнай ацэнкі (прайшоў адпаведныя курсы), а затым быў на курсах і стажыроўках па медыяадукацыі, якая развівае і паглыбляе тэхналогію крытычнага мыслення. Не магу сказаць, што на сваіх уроках усё выкарыстоўваю на сто працэнтаў. Хутчэй гэта асобныя прыёмы. Найперш працую з рознымі крыніцамі інфармацыі, каб дзеці маглі бачыць відэафрагменты, вывучаць дакументы розных эпох. Такая разнастайнасць дапамагае вучыцца супастаўляць, параўноўваць, разважаць.
Пры вывучэнні тэмы з 6—7 класа імкнуся арганізоўваць урокі так, каб у дзяцей быў час на распрацоўку міні-праектаў. Зразумела, што ў гэтых класах яны будуць прымітыўныя. Напрыклад, сабраць пэўную інфармацыю на культурную тэматыку. Але ўжо ў старшых класах арганізуем круглыя сталы, дзе дыскутуем. Папулярнымі на грамадазнаўстве з’яўляюцца эканамічныя гульні, калі, напрыклад, ставіцца задача прыдумаць бізнес-план уласнага прадпрыемства, абараніць яго і расказаць пра перавагі і перспектывы.
— Але каб быць здольным да дыскусіі і крэатыву, трэба мець базу, якую большасць настаўнікаў дае на класічных уроках…
— Вывучэнне гісторыі — гэта на 50 працэнтаў запамінанне і на 50 — уменне думаць і разважаць, таму ў маёй рабоце разам з гарачымі дыскусіямі спалучаюцца, напрыклад, паняційныя, гістарычныя дыктоўкі, калі правяраюцца паняцці, даты і падзеі. База — валоданне факталагічным матэрыялам, які трэба вучыць. Без базы немагчыма вучыцца разважаць.
— Іван Эдуардавіч, а як так атрымалася, што ваша асабістае захапленне кіно прыйшло на ўрок, а затым перарасло ў гімназічны кінаклуб?
— Я вельмі люблю кіно. Яно — універсальная мова нашага часу, ёмістая і ў той жа час глыбокая. Кіно хутка даказала сваю здольнасць не толькі забаўляць чалавека, але і вучыць яго, пашыраць межы пазнання, мяняць перакананні і нават усё жыццё. Кожны з нас хоць раз у жыцці прымерваў на сябе паводзіны кінагероя. Думаю, многія трымаюць у памяці тое, як Патрык Макмэрфі (Джэк Нікалсан) заражаў духам свабоды і жыццялюбства пацыентаў псіхушкі або як Клінт Іствуд, прыжмурыўшыся, закурваў і, расцягваючы словы, кідаў понча.
Чалавек пачатку XXI стагоддзя належыць да экраннага тыпу культуры, асноўным матэрыяльным носьбітам тэкстаў якой з’яўляецца не пісьменнасць, а экраннасць. Сучасная экранная творчасць прадстаўлена мноствам феноменаў, і перш за ўсё гэта кінематограф, відэа, тэлебачанне і камп’ютарныя тэхналогіі. Сённяшні сярэднестатыстычны малады чалавек кнігу замяняе інтэрнэтам і тэлебачаннем, а яго амаль прыроджанае кліпавае мысленне прывядзе хутчэй не ў карцінную галерэю, а ў кінатэатр, тым больш што гэты від вольнага часу стаў зноў вельмі распаўсюджаным.
Відэафрагменты даўно выкарыстоўваю на ўроках. Напрыклад, пасля вывучэння Японіі ХІХ стагоддзя можна паглядзець урывак з фільма “Самурай”. Відэавобраз, вядома, працуе лепш за падручнік. Пры вывучэнні гісторыі Беларусі можна звярнуцца да цікавых гістарычных мульцікаў. У 10—11 класах можна паказаць урыўкі з дакументальных фільмаў, хронік.
Чаму я вырашыў стварыць кінаклуб? Было некалькі перадумоў. Першая — я сам люблю кіно і перагледзеў ужо даволі шмат фільмаў. Другая — мне хацелася падзяліцца вопытам з іншымі. Дакладней, мне было шкада сучасных дзяцей. Я дзівіўся таму, што яны глядзяць, і не разумеў іх каштоўнасцей. Мне хацелася паказаць ім добрыя фільмы, але не было магчымасці. Таму часта раіў ім паглядзець дадаткова да ўрока той ці іншы фільм. Трэцяя — я сам у свой час быў удзельнікам кінаклуба, пабываў на некалькіх кінапаказах, якія праводзіла Надзея Іванаўна Савіна ў першым ліцэі Магілёва, за што ёй вялікі дзякуй. А вырашальным фактарам стала летняя медыяшкола ва Украіне ў жніўні 2014 года. Сярод мноства мерапрыемстваў і трэнінгаў мне асабліва запомнілася выступленне Вольгі Скрыпнік з Ялты. Менавіта яе ідэі і матэрыялы сталі для мяне своеасаблівым штуршком. Яна расказала пра свой вопыт стварэння кінаклуба “з нуля”, адказала на ўсе пытанні, падзялілася поспехамі і няўдачамі. У выніку ў гімназіі маю ініцыятыву падтрымалі дзеці і адміністрацыя, без іх наўрад ці што-небудзь атрымалася.
— Але ж ідэя кінаклуба не новая. Яны актыўна працавалі ў савецкіх школах.
— Так, ідэя школьнага кінаклуба мае багатую гісторыю і пачынаецца ў 60-я гады XX стагоддзя, калі ў школах БССР актыўна функцыянавалі школьныя кінаклубы. Яны маглі называцца па-рознаму, але сутнасць іх была адна. Навучэнцы самі рыхтавалі афішы, прадавалі білеты і працавалі кінааператарамі. Пры тэарэтычнай падрыхтоўцы да стварэння кінаклуба я многае запазычыў з работ А.А.Баранава. Яшчэ ў 1968 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму “Школьныя кінаклубы і іх роля ў кінематаграфічным выхаванні старшакласнікаў”. Але гэты вопыт быў забыты. У адрозненне ад суседніх з намі краін у цэлым медыяадукацыя (і кінаклуб як яе складнік) у нашай краіне знаходзіцца на пачатковым этапе свайго развіцця. Актуальнасць прапанаванага праекта заключаецца ў тым, што стварэнне школьнага кінаклуба дазваляе выбудаваць цэласную сістэму арганізацыі адукацыйнага асяроддзя, у якім знойдуць гарманічнае спалучэнне педагагічна значны змест, эфектыўнасць мультымедыйнай формы, магчымасці арганізаваць дыялог пакаленняў і творчую самарэалізацыю навучэнцаў.
— Якім фільмам вы адкрывалі свой кінаклуб?
— Гэта быў дакументальны фільм Міхаіла Рома “Звычайны фашызм”. Фільм цяжкі, на яго прыйшло шмат дзяцей, прычым тых, хто нават не вучыўся ў гімназіі. Пасля прагляду мы заўсёды абмяркоўваем убачанае, прычым па методыцы актыўнай ацэнкі, дзе ёсць такое паняцце, як “ключавое пытанне”. Ключавое пытанне заўсёды размяшчаецца на афішы (мы гаворым да пачатку фільма і пасля). Тады разгарэлася бурная дыскусія. Мне важна, каб дзеці сыходзілі з думкамі ў галовах. Калі нехта не пажадаў выказацца падчас абмеркавання, прапаную напісаць эсэ, якое пасля ўлічваецца пры ацэньванні на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
— На які ўзрост разлічаны вашы кінапаказы?
— Звычайна прыходзяць дзеці з тых класаў, дзе я выкладаю. Гэта 8—11 класы. Але мы адкрыты для ўсіх. Прыходзяць нават дарослыя (знаёмыя, калегі ці проста цікаўныя). Я ніколі дакладна не ведаю, хто прыйдзе, таму стараюся арыентавацца на масавага гледача. Як правіла, у зале збіраецца 10—15 чалавек. Іншым разам прыходзяць і выпускнікі гімназіі.
— Падбіраючы чарговы фільм, арыентуецеся на вучэбны матэрыял ці на маральныя, сацыяльныя пытанні?
— Калі кінаклуб планаваўся, меркавалася, што фільмы будуць прывязаны да праграмы па гісторыі і грамадазнаўстве. Але ў выніку мы стварылі кінаклуб сацыяльнага і сацыяльна-прававога кіно, таму на афішы з’яўляюцца сацыяльна значныя фільмы, прагляд якіх важны як для ведання гісторыі, так і для арыентацыі ў грамадазнаўстве. Так склалася, што ў кастрычніку і маі мы глядзім кіно, дзе адлюстраваны праблемы фашызму, прычым у шырокім сэнсе гэтага слова. Мы глядзім кіно пра расавую дыскрымінацыю, пра скінхэдаў, пра тое, як распаўсюджваліся ідэі фашызму, пра Вялікую Айчынную вайну. Тут для мяне існуе цэнз: фільмы з адкрытымі сцэнамі жорсткасці я не паказваю (мяжа тонкая, але стараюся не збочваць з выбранага шляху, у маім блогу размешчаны спіс фільмаў, якія не рэкамендаваны да паказу). У нашай фільматэцы ёсць фільмы, прысвечаныя геніяльным людзям, пра ўзаемаадносіны паміж сучаснымі дзецьмі, пра праблемы эўтаназіі. Бывалі выпадкі, калі падчас фільма і пасля яго ў зале стаяла мёртвая цішыня.
— І які фільм выклікаў такую рэакцыю?
— “Бэн Ікс”. Гэта бельгійскі фільм 2007 года пра хлопца з сіндромам Аспергера, з-за здзекаў з боку аднагодкаў пагружанага ў фэнтэзійных свет MMORPG ArchLord (гульня). Назва фільма з’яўляецца leet-версіяй фразы на галандскай мове (ik) ben niks, што значыць “(я) нішто”. Фільм заснаваны на рамане “Нічога — гэта ўсё, што ён казаў” Ніка Бальтазара, які натхніўся рэальнай гісторыяй пра хлопчыка-аўтыста, які здзейсніў самагубства з-за здзекаў. Дзеці не чакалі такой канцоўкі фільма. Яна іх прывяла ў шокавы стан. Бурную дыскусію выклікаюць фільмы пра эўтаназію і смяротнае пакаранне. Цікавіць вучняў тэма ўзаемадносін паміж імі і настаўнікамі. Аднымі з самых папулярных сталі прагляды фільмаў “Харысты”, “Супольнасць мёртвых паэтаў”. “Харысты” — французскі фільм рэжысёра Крыстафа Барацье, які выйшаў на экраны ў 2004 годзе. Фільм расказвае пра будні інтэрната для цяжкіх падлеткаў, у які трапляе новы выкладчык. А “Супольнасць мёртвых паэтаў” — мастацкі фільм, зняты рэжысёрам Пітэрам Уірам у 1989 годзе. Фільм апавядае пра гісторыю настаўніка англійскай мовы і літаратуры, які натхняе вучняў мяняць сваё жыццё праз абуджэнне ў іх цікавасці да паэзіі і літаратуры. Пасля прагляду гэтых фільмаў падчас абмеркавання мы спрабавалі змадэляваць ідэальныя вобразы настаўніка і вучня. Дарэчы, калі ўмееш глядзець кіно, то і на жыццё гля-дзіш зусім па-іншаму. Вядома, калі навучыўся расшыфроўваць мову вобразаў і сімвалаў, якімі па-майстэрску ўмеюць жангліраваць майстры кіно, то звычайнае жыццё становіцца прасцейшым і ў той жа самы час глыбейшым і больш насычаным. Аднак галоўнае ў тым, што вы па-іншаму пачынаеце глядзець і на сябе, і на навакольных, а межы вашага сусвету пашыраюцца.
— А ці глядзіце вы кіно, якое сёння вельмі папулярнае сярод падлеткаў: сагі пра вампіраў, пра супергерояў накшталт “Вартавыя галактыкі”?
— Найперш я арыентуюся на кіно, якое пакіне след у душы дзіцяці. На фільмы, якія некалі аказалі пэўны ўплыў на мяне. І тут не ідзе гаворка пра папулярныя кінафільмы. Некалі ўсе паглядзелі “Матрыцу”, а вось “Эквілібрыум” — не, хоць ён выйшаў у пракат у адзін год з “Матрыцай”. А гэта вельмі цікавае кіно, якое расказвае пра тое, як можа выглядаць свет ідэальнай будучыні. І абмеркаванне фільма — гэта не проста інтэлектуальная задачка, а жаданне падзяліцца патаемным перажываннем і спроба зазірнуць разам з рэжысёрам туды, адкуль прыходзяць мары і ідэі, туды, дзе жывуць архетыпы і адкуль прыходзіць натхненне, туды, адкуль прыходзіць кіно.
— Іван Эдуардавіч, а самім паспрабаваць свае сілы ў кіно не было жадання?
— Былі спробы ў маіх вучняў. Яны ўжо выпускнікі, але, будучы гімназістамі, працавалі над праектам, прысвечаным бабруйчанам — героям Вялікай Айчыннай вайны. Былі спробы зняць дакументальныя сюжэты пра сваіх прадзедаў. Адна дзяўчына зняла мультфільм з LEGO-персанажамі, прысвечаны кароткай гісторыі Беларусі. Калі гаварыць асабіста пра мяне, то я не здымаў кіно, але акцёрам пабыў. Будучы студэнтам гістфака і ўдзельнікам гістарычнага клуба, здымаўся ў “Настассі Слуцкай”, затым — у фільме Магілёўскай тэлэрадыёкампаніі, прысвечаным вайне 1812 года. Разам са сваім гістарычным клубам “Газдава” з’яўляюся ўдзельнікам розных гістарычных мерапрыемстваў у горадзе.
Некалькі парад для тых, хто вырашыць стварыць кінаклуб у сваёй навучальнай установе:
1. Найперш падумайце пра тэматыку кінаклуба (паказваць проста фільмы няма ніякага сэнсу, як і проста навінкі Галівуда).
2. Вызначыцеся са сваёй аўдыторыяй (яна для вас стане зразумелай пасля вызначэння тэматыкі, але немагчыма глядзець фільм адначасова з дзецьмі 1 і 11 класа).
3. Вызначыцеся з тэхнічным бокам (можна, канечне, паказваць на планшэце або ноўтбуку, але тады фільм убачыць 1 або 2 чалавекі, таму лепш паказваць на праектары або вялікім тэлевізары).
4. Абавязкова фармулюйце ключавыя пытанні для прагляду фільма. Галоўнае — не ператварыць кінаклуб у кінатэатр, вы павінны разумець і рыхтаваць матэрыял перад паказам і пасля паказу. Часта бывае, што гэтая частка ў пасяджэнні кінаклуба займае больш часу, чым сам прагляд фільма. І вы павінны быць здольнымі працаваць з аўдыторыяй, правакаваць яе, быць своеасаблівым ментарам у дыскусіі.
5. І самае галоўнае — не баяцца і быць гатовым да ўсяго новага. Нават калі вы на 100% загадзя ўсё сплануеце, ніколі так не атрымаецца. Асабліва цяжка прадбачыць дыскусіі да і пасля фільмаў. Часам яны зусім не атрымліваюцца, а часам дзяцей цяжка спыніць