Ганна Соусь,
З беларускім гісторыкам, кіраўніком праграмы публічнай гісторыі Еўрапейскага каледжу «Liberal Arts» Аляксеем Братачкіным разбіраемся, як мяняліся падручнікі гісторыі Беларусі за апошнія 30 гадоў, што азначае «эра Марзалюка» ў гістарыяграфіі, чаму вяртаецца савецкі тэрмін «усенародная барацьба» ў гісторыі Другой сусветнай вайны і дзеля чаго сярод рэкамэндаваных герояў у падручніках зявіліся праваслаўныя святары.
Аляксей Братачкін нарадзіўся ў 1974 годзе. Працуе з тэмамі гістарычнай памяці і публічнай гісторыі. Суаўтар кніг «Пасьля савецкага марксізму: гісторыя, філязофія, сацыялёгія і псыхааналіз у нацыянальных кантэкстах (Беларусь, Украіна)» (Вільня, 2013) і «Шляхі эўрапеізацыі Беларусі: паміж палітыкай і канструяваньнем ідэнтычнасьці (1991–2010)» (Менск, 2011).
1. Як мяняліся падручнікі гісторыі Беларусі — ад Абэцэдарскага да бел-чырвонага-белага са сьцягам на вокладцы
Самы знакаміты савецкі падручнік гісторыі Беларусі — аўтарства Лаўрэнція Абэцэдарскага, які пачаў кар’еру гісторыка яшчэ за сталінскім часам. У гэтым падручніку гісторыя Беларусі разглядалася як частка агульнай савецкай гісторыі, вывучалі яе факультатыўна.
Падыходы да таго, як вучыць гісторыю, сталі мяняцца адразу пасьля распаду СССР. У 1993 годзе ў першым жа нумары «Беларускага гістарычнага часопісу» выходзіць публікацыя Міхася Біча пра «нацыянальную канцэпцыю гісторыі і гістарычнай адукацыі». Фактычна ў 1993 годзе з афармленьнем, як яе сталі называць, «нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі» і пачалася грунтоўная інстытуцыяналізацыя гісторыі Беларусі як важнага школьнага прадмету, а не як няважнага факультатыўнага, як гэта было ў СССР.
У 1994–1995 гадах выйшлі «Нарысы гісторыі Беларусі» ў 2 частках. Гэта была першая спроба стварыць пасьля распаду СССР нацыянальны наратыў, уключаючы тое, што раней называлі «белымі плямамі гісторыі», пра што не казалі ў СССР, і прапанаваць грамадзтву больш-менш завершаную вэрсію гісторыі Беларусі. Гэта была спроба злучыць мэтадалягічны нацыяналізм (разгляд гісторыі з гледзішча нацыі) з трансфармаваным савецкім марксізмам. Там было шмат элемэнтаў савецка-марксісцкай мэтадалёгіі, напрыклад клясавыя пытаньні, але разам з тым там ішлося пра рэпрэсіі, нацыянальны рух і гэта далей.
Далей зьявіліся знакамітыя «бел-чырвона-белыя» школьныя падручнікі. Па іх я пасьля ўнівэрсытэту і выкладаў гісторыю ў школе ва Ўруччы.
2. З чаго пачыналася незалежная гістарыяграфія 1990-х
У 1993 годзе ў выкладаньні гісторыі быў зроблены акцэнт на «нацыянальнай дзяржаўнасьці і яе станаўленьні». Задача — паказаць, што мы мелі ўласную гісторыю, праз апісаньні інстытутаў улады, нацыянальны рух, гісторыі і біяграфіі тых людзей, якіх раней ігнаравалі. З гэтага пачалася незалежная гістарыяграфія 1990-х, гісторыкі атрымалі на час аўтаномію ад дзяржавы. Шэраг дасьледнікаў, напрыклад Тацяна Астроўская, якая цяпер працуе ў Нямеччыне, лічаць, што нацыянальная гістарыяграфія 1990-х зрабіла вельмі шмат, каб звычайныя школьнікі нават цяпер ведалі, што такое ВКЛ, Полацкае княства, зьвярталі ўвагу на дзеячоў, раней ігнараваных, як браты Луцкевічы і гэтак далей.
У гэтай нацыянальнай гістарыяграфіі было вельмі шмат антыкаляніяльнага настрою. Гэта натуральна, бо мы толькі што былі часткай вельмі спэцыфічнай імпэрыі ХХ стагодзьдзя — СССР. Антыкаляніялізм павінен быў пераўтварыцца ў посткаляніялізм, стаць больш рэфлексіўным, але тут здарыўся 1994 год.
3. Калі гістарычнымі аргумэнтамі вялася палітычная барацьба
Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі адбылося тое, што нямецкі дасьледчык Райнэр Лінднэр назваў гістарызацыяй палітыкі ці палітызацыяй гісторыі. Адначасна ён прапанаваў тэзіс — раскол культуры гістарычнай памяці ў Беларусі, бо лічыў, што 1994–1995 гады — гэта пэрыяд, калі гістарычныя аргумэнты сталі максымальна шырока ўжывацца ў палітычнай барацьбе, у прыватнасьці паміж Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі праціўнікамі. У выніку перамогі Лукашэнкі адбыўся раскол гістарычнай памяці і зьявіліся два канкурэнтныя наратывы (пра што казаў ня толькі Лінднэр, але і Генадзь Сагановіч, і іншыя гісторыкі).
Адзін наратыў зарыентаваны на савецкую кансэрватыўную традыцыю, у ім акцэнт зроблены на ХХ стагодзьдзі, беларускай савецкай дзяржаўнасьці і Вялікай Айчыннай вайне. Гэта цэнтральнае месца памяці ў рамках такога наратыву.
Другі наратыў, больш працяглы, ахоплівае Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую. У ім задаецца пытаньне пра суб’ектнасьць беларусаў, гаворыцца пра каляніяльныя практыкі.
4. Ці мяняўся за 24 гады кіраваньня Лукашэнкі погляд на гісторыю
Трансфармацыя дагэтуль працягваецца, яна зьвязаная з палітыкай, з тым, што можна назваць посткрымскай сытуацыяй. Раскол гістарычнай памяці — два канкурэнтныя наратывы з рознымі героямі і рознымі сьвятамі (25 сакавіка і 3 ліпеня) стаў непакоіць і грамадзкасьць, і ўладу, але розным чынам. Узьнікае пытаньне кансэнсусу ў грамадзтве наконт гістарычных падзей.
Аляксандар Лукашэнка і яго ідэолягі з другой паловы 2000-х распачалі апрапрыяцыю апазыцыйнай рыторыкі. Гэта стала адбывацца і з гістарычным наратывам. Раптам у 2008 годзе ў «СБ. Беларусь сегодня» праходзіць «круглы стол», зьвязаны з гісторыяй БНР, далей гэтая тэндэнцыя пачынае нарастаць і дасягае піку пасьля крымскіх падзей. У гэтым рэчышчы ў ВНУ ў 2019 годзе замест курса «Гісторыі Беларусі» будзе ўводзіцца курс «Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці».
5. Што такое курс «Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці»
У 1993 годзе зьявілася «нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя», у якой сярод іншага распавядалася гісторыя дзяржаўных інстытутаў. Нейкія інстытуты разглядаліся як «чужыя», каляніяльныя, нейкія як «свае». А зараз хочуць вырашыць унутраныя і зьнешнія палітычныя задачы. Унутры краіны — ліквідаваць раскол гістарычнай культуры і стварыць не супярэчлівы наратыў — ад Полацкага княства да сёньняшняй Беларусі. Яны жадаюць пазбавіцца цалкам ад рыторыкі 1990-х, зь яе акцэнтамі на нацыянальным адраджэньні, «нацыі», каляніяльных матывах і г. д. Для зьнешняя гледача — падкрэсьліць «аўтаномію» ад Расеі, «мы разам, але толькі побач».
Галоўны фокус зробяць на інстытутах улады і іх «эфэктыўнасьці», незалежна ад іх «паходжаньня». У гэтым сэнсе сталінскі рэжым, напрыклад, ня будуць разглядаць з пункту гледжаньня, ці зьнішчаў ён нацыяналізм і нацыянальную культуру, а будуць разглядаць як рэжым, які быў «здольны правесьці мадэрнізацыю». Галоўная каштоўнасьць — сама ўлада, ня людзі.
6. Хто сёньня зьяўляецца «галоўным гісторыкам»
Ёсьць такі кансэрватыўны інстытут як школьная гістарычная адукацыя, ёсьць гістарычная адукацыя ў ВНУ. Ёсьць асобныя акадэмічныя інстытуты, якія займаюцца гісторыяй, і ёсьць гісторыкі з амбіцыямі. І некаторыя з гэтых гісторыкаў уключаныя ва ўладныя структуры. І найперш гэта Ігар Марзалюк(дэпутат Палаты Прадстаўнікоў — РС), які, як мне падаецца, сёньня зьяўляецца «галоўным» гісторыкам, у тым сэнсе, што ў яго найбольшыя рэсурсы для лабіраваньня пэўных ідэй. Ён дастаткова актыўны.
Была «эра Гігіна», калі гэты гісторык праз свой удзел у тэлевізійным ток-шоў арганізоўваў легітымацыю прарасейскага погляду на гісторыю. Сёньня — «эра Марзалюка». Гэта дыстанцыяваньне ад дакрымскай сытуацыі, больш акуратнае і хітрае выбудоўваньне гістарычнай палітыкі. Гэта імкненьне «аўтанамізаваць» гістарычны наратыў і ад расейскага ўплыву і ад іншых «варожых» уплываў, але рабіць гэта будуць рэспэктабэльна, нібыта без палітычнай патрэбы, «акадэмічна».
7. Якога ўзросту аўтары школьных падручнікаў па гісторыі
Сёлета яшчэ застаюцца старыя падручнікі для старэйшай школы, 10-11 клясы, напісаныя ў 2012 годзе. Адзін з аўтараў гэтых падручнікаў — рэтраградны гісторык Яўген Новік, які адзін зь першых у 1998 годзе разам з калегамі выдаў двухтомнік гісторыі Беларусі, і надаў легітымнасьці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Новік — фактычна адзіны аўтар падручніку, дзе апісваецца гісторыя Беларусі ад 1917 году (!) і да канца Другой сусьветнай вайны, па 1945 год. Яўгену
Новіку — 79 гадоў.
Другі падручнік, які цяпер выкарыстоўваўся і выкарыстоўваецца ў школах, гэта падручнік Віталія Фаміна, Сяргея Панова і Надзеі Ганушчанкі. Фаміну — 91 год, ён нарадзіўся ў 1927 годзе. Новік напісаў дысэртацыю па гісторыі камсамолу, Фамін напісаў дысэртацыю па гісторыі прафсаюзнага савецкага руху. Гэты савецкі бэкграўнд вельмі адчуваецца ў стылістыцы гэтых падручнікаў. Што цікава, Фамін прымаў удзел у зьяўленьні «бел-чырвона-белых падручнікаў», але потым таксама застаўся ў сыстэме.
Цяпер выпускаюцца новыя школьныя падручнікі, некаторыя для сярэдняй школы 6, 7, 8, 9 клясы, выдадзеныя ў 2017-2018 гадах. Іх піша ўжо больш маладое пакаленьне, хаця звычайна ў калектыве ёсьць нехта вельмі заслужаны з рэгаліямі.
Адкуль бяруцца аўтары? Гэта Інстытут гісторыі НАН РБ, гістарычны факультэт БДУ, той жа Новік — гэта БГУІР (там ён раней працаваў), Фамін — з БДПУ, ёсьць людзі з РІВШ. У якасьці рэцэнзэнтаў працуюць звычайна людзі ня зь менскіх інстытуцый.
8. Як праходзіць конкурс на школьныя падручнікі па гісторыі
Увесь працэс стварэньня падручнікаў, абвяшчэньня конкурсу толькі фармальна выглядае празрыстым. На сайце Нацыянальнага інстытуту адукацыі вісяць абвесткі пра тое, што праводзіцца конкурс падручнікаў, каб забясьпечыць новыя праграмы, каб у 2019-20 гадах выйшлі новыя падручнікі.
Каб падрыхтаваць падручнікі, патрэбная дастатковая колькасьць часу. Аўтары павінны здаць на конкурс адзін з разьдзелаў і потым дапісваць усё астатняе. Ёсьць пэўныя структуры ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, у Мінадукацыі, дзе знаходзяцца людзі, якія ўсё гэта чытаюць і прымаюць рашэньні. Нідзе немагчыма знайсьці поўны склад гэтых камісій, ніколі не вывешваюцца стэнаграмы абмеркаваньня. Працэс паўзакрыты. Цяпер выйшаў адзін з падручнікаў для школы пад рэдакцыяй гісторыка Вароніна. Адначасна я бачу, што гэты ж гісторык рэцэнзуе другі школьны падручнік. Крыху выглядае як «міжсабойчык».
9. Якую літаратуру рэкамэндуюць вучням
У падручніках па гісторыі ёсьць сьпісы літаратуры, якая выкарыстоўваюцца ў якасьці рэкамэндацый для вучняў. Яны абмежаваныя працамі людзей з вышэй пералічаных інстытуцый. Мы ня знойдзем там увогуле нікога зь незалежнай гістарыяграфіі. Але там ёсьць адна спасылка на папулярную кнігу Ўладзімера Арлова. Мы ня знойдзем нікога з замежных аўтараў, хаця кнігі па беларускай гісторыі выдаюцца за межамі Беларусі і перакладаюцца (хоць і часткова) у рамках праектаў, якія робяць Булгакаў і «Архэ», напрыклад. Гэта ўсё проста адсутнічае. Няма ніякага намёку на тое, што аўтары, якія пішуць гэтыя падручнікі, надаюць увагу чаму-небудзь акрамя таго, што адцэнзуравана ці супадае з мэйнстрымнай гістарыяграфіяй на дадзены момант.
10. Чаго ня будзе ў новых падручніках гісторыі
Сёлета і летась былі мэтадычныя рэкамэндацыі, як скараціць праграму, якія тэмы зь яе прыбраць. Яшчэ ў 2015 годзе выйшлі мэтадычныя ўказаньні, якія тэмы не разглядаць у падручніках пра гісторыю ХХ-га стагодзьдзя. Там не разглядаецца спэцыяльна тэма пра беларускі нацыянальны рух і яго кірункі. Не разглядаецца калябарацыя падчас Другой сусьветнай вайны. Не разглядаюцца прапановы па альтэрнатыве калектывізацыі наркома земляробства Прышчэпава ў 1920-х гадах. У гісторыі ХІХ стагодзьдзя пра Каліноўскагагаворыцца, але не разглядаюцца яго «Лісты з-пад шыбеніцы». Што да ХХ-га стагодзьдзя, я магу толькі меркаваць, што прыбіраюцца разьдзелы, зь якіх можна было зразумець, што падзеі маглі бы разьвівацца альтэрнатыўна. У праектах праграм некаторыя тэмы з вышэй пералічаных усе ж застаюцца, але мы ня ведаем, якія там зробяць акцэнты.
11. Што зьменіцца ў выкладаньні гісторыі Беларусі
Згодна праектам праграмаў падручнікаў, якія выйдуць у 2019-2020 гадах, зьменіцца сам прынцып выкладаньня. Раней быў храналягічны прынцып, цяпер ён будзе тэматыка-храналягічны. Напрыклад, ёсьць тэма — «Культура Беларусі», і ў рамках гэтай тэмы на працягу 5-6 урокаў мы гаворым пра ўсю культуру ад першабытнасьці да Лукашэнкі. Прапаноўваецца 5 вялікіх тэмаў для вывучэньня.
Пры гэтым уводзяцца два ўзроўні вывучэньня гісторыі — базавы і падвышаны. Базавы — гэта 35 урокаў у год, раз на тыдзень урок гісторыі Беларусі, і ён, як напісана ў мэтадычных указаньнях, арыентаваны на падзейны і храналягічны шэраг. Трэба будзе проста запамінаць імёны і падзеі. Падвышаны ўзровень разьлічаны на тэарэтычнае засваеньне матэрыялу. Гэта 87 гадзін у год у старэйшай школе.
12. Чаму найноўшая гісторыя ў падручніках гісторыі безальтэрнатыўная
Калі мы гаворым пра нейкія гістарычныя пэрыяды, заўсёды важна, каб у вас было сапраўды абʼёмнае гістарычнае мысьленьне, каб уяўляць усе альтэрнатывы таго, што магло бы быць. У гэты бок нашы падручнікі ня рухаюцца. У ЭЗ гэта называецца мультыпэрспэктыўнасьць, калі на адну і тую ж падзею глядзяць з розных пэрспэктываў. У нас гэта ігнаруецца.
Асабліва гэта бачна на прыкладзе сучаснасьці. Гэта пачалося ў старых праграмах і цяпер канчаткова завяршылася. У сучасных падручніках пра падзеі 1990-х і 2000-х расказваюць наступным чынам: 1990 год, 27 ліпеня — гэта Дэклярацыя незалежнасьці, потым Белавескія пагадненьні, а наступная дата, якая там згадваецца, гэта 1994 год. Асноўны акцэнт робіцца на тое, што было пасьля 1994 году. Усе «рэфэрэндумы», «прэзыдэнцкія выбары», «Усебеларускія сходы» апісваюцца як «умацаваньне палітычнай сыстэмы».
13. Як распавядаецца пра гісторыю адраджэньня пачатку 1990-х?
Калі ідзе размова пра пачатак 1990-х, то гаворыцца пра тое, што гэта быў крызіс, а потым усе наладзілася. Уся гісторыя гэтага кароткага пэрыяду «правальваецца», зьнікае адчуваньне альтэрнатывы. Нам быў «наканаваны» Лукашэнка! У Празе я бачыў выставу з прыгожай назвай «Перакрыжаваньні чэскай дзяржаўнасьці». Яна паказвае, што ў пэўныя часы быў пэўны выбар. Адбылося тое, што адбылося. Чаму? Думайце самі. У Беларусі інакш, атрымліваецца, што альтэрнатывы прыбіраюцца, і выбудоўваецца лінія існаваньня сёньняшняга рэжыму ў прывязцы да гісторыі ранейшых дзяржаўных інстытутаў. Самім тэрмінам «адраджэньне» не будуць карыстацца ні ў палітычных, ні ў навуковых мэтах.
14. Чаму ў новыя падручнікі вярнулі стары савецкі тэрмін «усенародная барацьба»?
Пры аповедзе пра падзеі Другой сусьветнай вайны ў падручнікі гісторыі вярнуўся тэрмін «усенародная барацьба». Гэты тэрмін быў у 1970-я гады часткай савецкай ідэалягемы, што ўсе супраціўляліся нямецка-фашысцкім захопнікам. У 1990-я нават работнікі музэяў, музэю ВАВ радаваліся, што гэтую тэрміналёгію прыбралі, што погляд на вайну станавіўся больш разнастайным. Мы разумеем розныя матывы людзей, гаворым пра калябарцыю і гэтак далей. Цяпер ізноў вяртаецца «усенародная барацьба».
Гэта гаворыць нават не пра вяртаньне савецкай вэрсіі, гэта гаворыць пра фокус на вайне. Вайна канчаткова пераўтвараецца ў міт, канчаткова сакралізуецца, цэмэнтуецца як ядро гісторыі, якое нам важнае, каб прасоўваць нешта. І асобныя тэрміны ўжо не нясуць ніякай нагрузкі, гэта як частка рытуалу. Мэтадычныя рэкамэндацыі 2015 году гавораць пра тое, дзе браць герояў для грамадзтва зараз — гэта зноў толькі падпольшчыкі, партызаны, салдаты Чырвонай арміі.
15. Як пасол Сурыкаў вярнуў прыстаўку «Айчынная» да вайны 1812 году
Другі тэрмін, які вярнуўся — Айчыннай вайна 1812 году. Цяпер ужо былы пасол Расіі Сурыкаў шэсьць гадоў таму паказаў «мяккую сілу». Ён умяшаўся ў гістарычную палітыку і сказаў: «Национальная академия наук Беларуси почему-то зачеркивает слово "отечественная" в войне 1812 года, это же слово зачеркивается и в некоторых белорусских учебниках. Нас это очень огорчает».
Адначасна з гэтай заявай Сурыкава ў БДУ адбывалася гістарычная канфэрэнцыя, і ў друку зьявілася інфармацыя, што ўдзельнікі канфэрэнцыі лічаць, што ўсё ж размова павінна ісьці пра вайну 1812 году, без «айчыннай». А цяпер бачым, што ў новых праектах падручнікаў для старэйшай школы вяртаецца тэрмін «Айчынная вайна 1812 году». Магчыма, гэта лявіраваньне ў адносінах з Расеяй.
16. Чаму няма сацыяльных групаў, а ёсьць толькі «народ» і «улада»
Разам са студэнтамі я дасьледаваў школьныя падручнікі па гісторыі ХХ стагодзьдзя і прыйшоў да высновы, што ў іх вельмі шмат расповедаў пра дзяржаўныя інстытуты і вельмі мала расповеду пра грамадзтва. Калі гаворыцца пра грамадзтва 1920-30-х гадоў, выкарыстоўваюцца савецкія падыходы, марксісцкая савецкая мэтадалёгія, гаворыцца пра «нэпманаў», «рабочых», «буржуазію», «сялян».
У найноўшай гісторыі адзінае, што мы можам знайсьці пра грамадзтва, гэта словы «народ», паняцьці «электарат», «субʼекты гаспадараньня». У беларускіх падручніках нібыта апісваецца беларускае грамадзтва, але яго там няма, таму што яно не структурыявана, не паказана зь якіх сацыяльных груп яно складаецца, не паказана, што гэтыя групы могуць мець розныя сацыяльна-культурныя і гістарычныя інтарэсы. Гісторыя не паказана як сацыяльная гісторыя, яна паказаная, як звыш пэрсаналізаваная гісторыя ўлады і абагульненага, схематызаванага, абстрактнага «грамадзтва».
17. Каго лічыць героямі
У беларускай школе ёсьць факультатыў «Гісторыя Беларусі ў імёнах і падзеях». Ён зьмешчаны на сайце Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Якія там прыведзеныя героі? Гэта ўсяго тры жанчыны — Рагнеда, Эўфрасіньня і Барбара Радзівіл. Далей таксама цікава: Кастусь Каліноўскі, напрыклад, згадваецца выключна як прыхільнік ідэі сацыяльнай справядлівасьці (увесь нацыянальны кантэкст зьнік з розных прычынаў). Што да 20 стагодзьдзя, то ў якасьці заданьня прапаноўваецца характарыстыка мэнталітэту беларускага народу на прыкладзе жыцьця дзеда Талаша. Шагал — прапаноўваецца аднаўленьня яго імя як «брэнду беларускага грамадзтва».
Мазураў, Машэраў, Мележ, Шамякін, Адамовіч, Быкаў, Караткевіч, Мулявін, Савіцкі, Лукашэнка — такая пасьлядоўнасьць апісаньня важных гістарычных фігураў у другой палове 20 стагодзьдзя.
18. Як зьявіліся сярод рэкамэндаваных герояў праваслаўныя сьвятары
Зьяўляюцца новыя фігуры герояў — праваслаўныя сьвятары. Я мог бы высунуць тэзіс пра клерыкалізацыю адукацыі, таму што зьмест падручнікаў па гісторыі зараз узгадняецца з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Пагадненьне паміж Мінадукацыі і праваслаўнай царквой працуе. Я ўдзельнічаў у падвядзеньні вынікаў аднаго гістарычнага конкурсу і ў працах школьнікаў з розных рэгіёнаў заўважыў, што вельмі многія пішуць пра сьвятароў і іх маральнае аблічча ў патасным духу. Сапраўды там былі гераічныя гісторыі, але як гэта стасуецца з наяўнасьцю мноства канфэсій у Беларусі і іншымі фактамі? Фіксацыя на сьвятарах спалучаецца з савецкім дыскурсам, калі гавораць пра Другую сусьветную вайну. У праекце школьнай праграмы напісана: «удзел сьвятароў ва ўсенароднай барацьбе».
19. Ці называецца савецкі лад аўтарытарным ці таталітарным?
Тэрміналягічныя «фокусы» пачаліся ў 2005 годзе і працягваюцца ў новым кантэксьце. У школьных курсах сусьветнай гісторыі гаворыцца пра тое, што ў міжваенны пэрыяд у Эўропе зьявіліся аўтарытарныя рэжымы. А ў гісторыі Беларусі гаворыцца пра тое, што ў міжваенны пэрыяд склалася «савецкая грамадзка-палітычная сыстэма». Гэты тэрмін быў прыдуманы для «нармалізацыі» савецкай гісторыі, каб не дыскутаваць пра тое, што яна зь сябе ўяўляе.
20. Як пераасэнсаваны распад СССР?
Спачатку многія разглядалі распад СССР як катастрофу. Але калі разглядаць гэта як катастрофу, то тады незразумелая легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі, які зьявіўся фактычна пасьля «катастрофы». І нябожчык Якаў Трашчанок (выкладчык гісторыі ў Аляксандра Лукашэнкі — РС) сказаў, што «распад СССР быў катастрофай, але катастрофай непазьбежнай». Такім чынам сёньня выбудоўваецца больш даўгая гісторыя, акцэнт якой зьмешчаны з аналізу прычынаў і грамадзкіх настрояў да апісаньня неабходнасьці прадухіляць пагрозы стабільнасьці ўлады.
У 2003 годзе ў афіцыйных гісторыкаў, якія фармулявалі ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці, была галоўная задача, — легітымізаваць існы палітычны рэжым у вачах беларускага грамадзтва. Была вынайдзена свая «тэорыя» грамадзянскай супольнасьці — гэта афіцыйныя прафсаюзы, БРСМ і вэтэраны. Легітымацыю аформілі, цяпер стаіць задача — забясьпечыць гістарычную працягласьць, зьвязаць сучаснасьць з мінулым і стабілізаваць гістарычны наратыў, у тым ліку для зьнешняга гледача. Так пачалася прамоцыя нібыта новай «гісторыі беларускай дзяржаўнасьці», якая павінна павысіць ляяльнасьць будучых грамадзянаў (студэнтаў, школьнікаў) да ўлады.
Якія можна зрабіць агульныя высновы пра новыя падручнікі і праекты праграм? Найперш у іх назіраецца моцная ідэалягізаванасьць разьдзелаў, зьвязаных з сучаснасьцю — зьнікаюць падзеі пачатку 1990-х, у нашай гісторыі болей «няма альтэрнатывы» ні ў мінулым, ні ў будучым. Што тычыцца ў цэлым ХХ стагодзьдзя — Другая сусьветная вайна канчаткова пераўтвараецца ў кананічны і апошні міт, і «усенародная барацьба» выглядае як сымбаль гэтага зьмярцьвеньня.