EdCamp 2018. Ганна Севярынец. Беларускае -- перадусім.

Ганна Севярынец, настаўніца рускай мовы і літаратуры Смалявіцкай гімназіі, пісьменніца, даследчыца дзеліцца свёй стратэгіяй выкладання.

Урыўкі з лекцыі: 

Нашы ці вашы?

"Мы не маем права навязваць дзецям ні свае палітычныя, ні рэлігійныя погляды. Але мы маем і права і  абавязак выхоўваць іх у той культуры, у якой яны нарадзіліся. На жаль, апошнія 200 год з дапамогай школы галовы нашых дзяцей былі зрусіфікаваныя. Прыкладам, калі я тлумачу дзецям развіццё класіцызму, вось у нас Ламаносаў, Дзяржавін...я кажу, што ў Еўропе была эпоха  Адраджэння, а у нас - не. Але ў нас жа была! Гэта ў іх не было. На жаль, у нас, настаўнікаў, гэта чужая ўстаноўка спрацоўвае."

"Не важна, што мы выкладаем, не важна, дзе мы выкладаем, мы апелюем заўсёды да іншых культур, замест таго, каб апеляваць да культуры сваёй".

"У нас пакуль няма досведу гаспадарання на сваёй зямлі. Яго ў нас няма не па нашай віне. Яго 300 год з нас вышкрабалі, стралялі, высылалі, яго ў нас свядома выразалі. Мы павінны яго вярнуць. І руская літаратура дае незлічоную колькасць такіх выпадкаў. Таму што добрыя рускія пісьменнікі, якіх мы вывучаем, жылі ў апазіцыі да сваёй дзяржавы, у апазіцыі да русіфікатарскай палітыкі... І такія сітуацыі ў мяне здараюцца ледзь ні на кожным уроку, калі мне даводзіцца ім сказаць: "трэба быць гаспадарамі на сваёй зямлі!"

Аднойчы дзеці ў мяне спыталіся: па-першае, што гэта значыць, па-другое, а навошта? Тут можна пачынаць з жыцця, калі ў цябе ёсць свой пакой, у сям'і ёсць свая кватэра, дзе сям'я жыве па сваіх законах, а не па законах суседкі цёці Надзі, калі краіна сама вырашае, як жыць, ці дасылаць войскі ў Сірыю... Сёння шлях да сваёй зямлі ляжыць толькі пра сваю нацыянальную культуру. Няма насёння іншага шляху як праз нацыянальную культуру і праз мову.

Навошта нам свая мова і культура? 

Беларуская культура полілінгвістычная. На нашай зямлі культура стваралася на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай і ідыш. Дзеці становяцца ў сітуацыі абаронцаў сваёй зямлі. Яны з вялікай радасцю адгукаюцца на гэту магчымасць.

Руская мова створана народам, які жыве на вялікіх абшарах, які мае імперскія амбіцыі, які павінен захопліваць чужыя тэрыторыі. Гэта ні добра, ні кепска, гэта іх характар. Ёсць і сярод нас такія - яны канцэнтруюцца ў такіх групах, якіх можна назваць "умоўнымі свякроўкамі": яны лічаць, што іх правілы - верныя, па іх правілах павінна жыць маладая сям'я. У рускай нацыі, у рускага народу няма іншага досведу,  яны павінны дыктаваць свае ўмовы і ў іх такая мова. У іх шмат сінанімічных шэрагаў, у іх зусім іншы сінтаксіс, у іх шмат дзеяслоўных формаў - гэта ўсё адлюстроўвае іх менталітэт. А беларуская мова - мова інтравертная, мова, якая ідзе ўглыб, мова, якая вельмі чула ставіцца да сэнсаў. Гэта мова людзей, якія знаходзяцца на памежжы, мы прымаем любыя культуры. У нас іншая мова, не толькі лексічна, а ў першую чаргу, граматычна, марфалагічна, сінтаксічна... Гэта зусім іншы досвед, зусім іншы менталітэт. І калі ты пачынаеш адказваць на пытанні свае, унутраныя сродкамі мовы іншага народу, у якога заўсёды былі іншыя задачы, ты не можаш на іх адказаць. 

Гэтую думку мне аднойчы напісаў студэнт. Я заўсёды на першым занятку давала заданне напісаць, што для мяне беларуская мова. Канешне, 80 % дзяцей пісалі якую-небудзь адмазку, што гэта "матчына мова", "мая родная мова", "Францішак Скарына", "буслы"... - гэтае ўсё, што ўкладаюць ім завучы па выхаваўчай працы. А 20 % дзяцей звычайна пішуць нешта ад сэрца, прычым 19 з гэтых 20-ці - нешта адмоўнае.  І гэта добра, гэта значыць, што мова ў іх выклікае пачуцці, і з гэтым можна працаваць. Адмоўныя рэакцыі - заўсёды лепш, чым набор стэрэатыпаў, якія яны могуць выдаваць. Дык вось, той адзін з 20-ці напісаў: я не мог адказаць сабе на шмат якія пытанні, не мог пабудаваць стасункі з дзяўчынай, пакуль не прачытаў Мележа "Людзі на балоце".  Тады я зразумеў, які я, якая яна... І мне стала лягчэй. І тады я стаў чытаць беларускую літаратуру на беларускай мове.  

Гэта кажа, што адказы на пытанні чалавека, народжанага тут дае толькі мастацтва, якое таксама тут нарадзілася.  І гэтыя аргументы для дзяцей аказваюцца разумнымі. 

Мы адказваем на свае патрэбы. 

Калі гэта уседаміць, тады прасцей думаць пра тое, што значыць быць гаспадарамі на сваёй зямлі. 

Калі мы ўсе, на кожным з урокаў пачнем казаць, што мы на гэтай зямлі, у гэтых варунках і абставінах павінны пабудаваць такую сістэму адукацыю, якая будзе падабацца нам, не фінам, не японцам, не рускім, не немцам, а нам - беларусам, тады мы зможам вырашыць нашы праблемы геапалітычныя, ментальныя: што мы любім чужое больш за сваё, праблемы непрыняцця сваёй вясковасці, сваёй роднай мовы...

Я не бачу іншага шляху, каб мы мянялі сістэму адукацыі, як толькі праз сваё.  І мы павінны браць у дапамогу дзяцей. Дзеці на гэта вельмі адгукаюцца.  

Што мы можам рабіць  як настаўнікі, як класныя кіраўнікі, як людзі, якія выхоўваюць дзяцей?

- Ставіць беларускае перадусім!

Мы кажам: "вось Максім Багдановіч, ягоны лёс нагадвае лёс Лермантава". Не! Лёс Лермантава няхай нагадвае лёс Багдановіча!

Калі я расказваю пра Пушкіна, мы заўсёды разбіраем сітуацыю калі Пушкін напісаў "Клеветникам Росии" і пасварыўся праз гэта са сваім сябрам Адамам Міцкевічам. Бо Пушкін пахваліў імперскую палітыку Расіі, нават князь Вяземскі сказаў пра гэта: "Вот воспевайте правительство за такие меры, если у вас колена чешутся и непременно надобно вам ползать с лирою в руках." Паэты вельмі сябравалі і Пушкін ставіў Міцкевіча вышэй за сябе. Некалі  яны сутыкнуліся ў калідоры, Пушкін адыйшоў у бок, сказаўшы: "Постронись, двойка, туз идет".

Калі мы праходзім Някрасава, мы няшмат распавядаем пра тое, як Някрасаў перажываў за пакуты рускага народу - ён няшмат перажываў - жыў у багатым доме, ездзіў на паляванне, меў прыгонных. Але Някрасаў,  каб мець магчымасць выдаваць свой часопіс "Современник", напісаў оду Мураўёву-вешальніку за тое, што той жорстка задушыў паўстанне Каліноўскага, і напісаў такую оду, што назаўтра студэнты пецярбургскіх  універсітэтаў рвалі ягоныя партрэты, клалі ў канверты і дасылалі на адрас Някрасава.  Ён вельмі цяжка перажываў гэта, бо не чакаў такога грамадскага асуджэння, якое на яго абрынулася.  
Мы размаўляем з дзецьмі не пра Волгу, якая залівае палі, а пра тое, што рускі чалавек будаваў сістэму пад сябе і ці гэта добра для тых людзей, якім яны неслі гэту сістэму. І ці гэта добра, калі ты не гаспадарыш на сваёй зямлі і вымушаны жыць так, як жыве суседні народ і сам пры гэтым пакутуе? 

Мы разглядаем Недарасля праз прызму Екацярыны, якая акупавала Рэч Паспалітую, і дзеці не дзівяцца, што імператрыца магла быць не добрай.  

Што тычыцца іншых прадметаў, тут магчымасцяў размаўляць пра Беларусь таксама вельмі шмат. Інбелкульт, які паўстаў у 20-х гадах, за некалькі год свайго існавання, пакуль яго не ператварылі ў Акадэмію навук і не ўзялі пад крыло акадэміі Расійскай, стварыў на беларускай мове матэматыку, геаграфію, краязнаўства, гісторыю, лінгвістыку беларускую...  Мы пасёння карыстаемся тымі напрацоўкамі, якія зрабіў Інбелкульт - людзі, якія не мелі вышэйшай адукацыі. А чаму яны не мелі вышэйшай адукацыі? Бо быў зачынены Віленскі ўніверсітэт і законам было забаронена на нашых землях мець вышэйшую адукацыю. Нашы навукоўцы ішлі ў Менск у настаўніцкія семінарыі і ведалі, што ім ніхто не дапаможа. У адрозненне ад Ламаносава, які ішоў у Маскву ў грэка-лацінскую акадэмію з надзеяй, што папрасіць у імператрыцы, і яна пабудуе акадэмію навук. Нашы людзі самавукам, самапехам паднялі навуку на невядома якую ступень за 5 год. І гэта мы мусім казаць і на геаграфіі, і на матэматыцы, і на фізіцы. 

Што тычыцца дыдактычных матэрыялаў. Мяне не задавальняюць дыдактычныя матэрыялы, якія прапануюць у крамах.  Я сама складаю тэксты і забіваю некалькіх зайцаў. Па-першае, тут не спішаш, па-другое, я сама адказваю за змест.  Настаўнікам рускай мовы прапануюць тэксты пра такога добрага графа Суворава, хаця Сувораў задушыў паўстанне Касцюшкі і менавіта Сувораў вывез бібліятэку ў Санкт-Пецярбург, а гэта ўсё скарбы нашага народу.  Там добрыя тэксты пра Ахматаву, Чэхава, Пушкіна... Але як пра нашых -  усе тэксты пра тое, што любіў сваю зямельку, пакутаваў і памёр. Немагчыма знайсці тэксты пра Белпедтэхнікум, пра Інбелкульт, пра нашых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў такой самай цеплыні і моцы, якія ёсць пра рускіх. 

Калі складаць тэксты самастойна, гэта не складана, і калі рабіць гэта з году ў год, то збіраецца колькасць матэрыялу і ты валодаеш уласнай дыдактыкай. 

Мы з дзецьмі шмат вандруем, запрашаем да сябе паэтаў, пісьменнікаў, але самае галоўнае - уласны прыклад. 

Напрыканцы замалёўка з жыцця: бяжыць па калідоры гімназіі дзяўчынка і крычыць: "Ганна Канстанцінаўна, тэрмінова мне другі нумар "Маладняка"! "
І калі дзеці вытрасаюць з настаўніка другі нумар "Малядняка", то ёсць шанец, што ўсё ў нас з адукацыяй будзе добра!