Пачаў сваю працу чацвёрты курс дыстанцыйнага навучання "Медыяадукацыя ў школе"

На працягу 3, 5 месяцаў 75 настаўнікаў разам з 13 ментарамі будуць вучыць і вучыцца, каб быць гатовымі да выклікаў інфармацыйнага грамадства.  Гэта чацвёрты курс для настаўнікаў, які ладзіць Таварыства беларускай школы ў супрацы з найлепшымі педагогамі краіны. 

Мы склалі гэты курс для таго, каб дапамагчы настаўніку выкарыстаць «бонусы» медыйнай прасторы для навучання: пашырэння і актуалізацыі зместу, павышэння матывацыі вучняў і фармавання іх медыйнай пісьменнасці. Курс будзе практыка-арыентаваным і не будзе патрабаваць ад настаўніка шмат часу.

Мы будзем прытрымлівацца інтэграцыйнага падыходу да медыяадукацыі. Такі падыход патрабуе ад настаўніка толькі жадання і творчасці ў падборы медыяпаведамленняў, але не патрабуе вылучэння асобнага часу на пазапрадметныя веды і дадатковыя заняткі. Падобна навучанню традыцыйнай пісьменнасці, медыяпісьменнасць уяўляе сабой набор кампетэнцый, якія можна фармаваць пры выкладанні любых прадметаў.

Галоўная мэта - актуалізаваць і зрабіць цікавым для дзяцей змест свайго прадмета за кошт медыякрыніц. Шведскі настаўнік і аўтар падручніка Ёран Андэрсан так акрэсліў свой шлях у медыяадукацыю: "Калі я напісаў падручнік геаграфіі, і яго праз 3 месяцы выдалі, аказалася, што ён ужо састарэў: за гэты час у свеце з'явіліся новыя краіны, змяніліся рынкі. І я быў вымушаны  дадаваць на ўроках актуальныя звесткі з медыкрыніц. Так я стаў медыяпедагогам, бо інакш у сучаснай школе працаваць немагчыма".
 
 
Праблемы, з якімі вы можаце сутыкнуцца падчас навучання.
 
 Медыйная граматнасць патрабуе пэўнага ўзроўню крытычнага мыслення, які не заўсёды маюць нашы вучні. Калі мы пачнем рабіць практыкаванні па дэкадаванні навін, рэкламы, можа здарыцца такая сітуацыя, што дзеці зробяць выснову, што ўсе медыя нас падманваюць, скажаюць інфармацыю, заводзяць у тупік і наогул шукаць праўду не мае сэнсу. У такім выпадку рэкамендуем вам скіроўваць увагу вучняў на тое, што мы можам зрабіць у адказ (праверыць інфармацыю, запытацца у дарослых, знайсці першакрыніцу, «забаніць» ілжывы сайт ці канал і г.д. ). Дзеці павінны ўсведамляць, што медыйна граматны чалавек – гэта скептык, а не цынік. Цынізм – гэта рэакцыя слабага пакрыўджанага чалавека.
 
Іншая праблема можа ўзнікнуць пры абмеркаванні «гарачых» тэмаў, прыкладам, неадназначнага тлумачэння ўкраінскай сітуацыі ці поглядаў на гістарычныя падзеі. Дзеці будуць шукаць у настаўніку аўтарытэт, каб пацвердзіць сваю выснову. Тут важна сканцэнтраваць увагу не столькі на змесце паведамлення, колькі на метадах, якія выкарыстаны ў медыя для данясення пасылу. Часцей задавайце пытанне «Што прымусіла вас так думаць?» Дзеці павінны рабіць высновы самі. Дапаможа ў такой сітуацыі і залатое правіла настаўніка: калі хочаш перадаць нейкую інфармацыю вучням – скажы гэта ў форме пытання.
 
Мы спадзяёмся, што у вас усё атрымаецца і, напэўна, вы часцей будзеце чуць ад вучняў, бацькоў і калег фразу: «Ого, вось яно як!», чым «Навошта нам гэта трэба?». І настаўніцкая праца будзе прыносіць значна больш задавальнення.
 
 Тамара Мацкевіч, каардынатар курса.