Вынікі Беларусі на PISA-2018: сумаваць ці радавацца?

У пачатку снежня 2019 з’явіліся вынікі міжнароднага параўнальнага даследавання адукацыі PISA. Часта гэтае тэставанне называюць “алімпійскімі гульнямі ў адукацыі”: яно ладзіцца раз на тры гады і паказвае, як 15-гадовыя падлеткі спраўляюцца з практыкаарыентаванымі заданнямі па матэматыцы, прыродазнаўчых прадметах і заданнямі на разуменне тэкстаў.

Рэакцыі на рэйтынг Беларусі былі рознымі. Нехта казаў, што вынікі вышэй за сярэднія па сусвеце і што для першага разу гэта выдатна. Нехта казаў, што вынікі ніжэйшыя за сярэдні паказчык па краінах АЭСР і што мы ніжэй нават за Расею і постсавецкія Літву, Латвію і Эстонію.

Каб вызначыць, сумаваць нам або радавацца, лепей глядзець больш дэталевую справаздачу і аналітыку. Бо сярэдні вынік – гэта вельмі шырокі паказчык.

Кацярына Куксо, к.п.н

Звычайна даследчыкі ацэньваюць вынікі іспытаў PISA у трох напрамках:

  1. Выніковасць (Performance)

Гэта тое, наколькі высокія ці нізкія паказчыкі краіны ў параўнанні з іншымі. Пэўна, усе пабачылі агульныя графікі PISA, дзе ў лідэрах краіны Азіі, унізе рэйтынга – краіны Афрыкі, а Беларусь – недзе пасярэдзіне. Але звычайна яшчэ робяцца высновы, якая колькасць вучняў змагла выканаць заданні вельмі высокага ўзроўню, а якая – нават не здолела выканаць найпрасцейшыя.

  • Эфектыўнасць адукацыйнай сістэмы (Efficiency)

Відавочна, што ёсць больш багатыя і больш бедныя краіны. Звычайна ёсць наўпростая залежнасць паміж выдаткамі на адукацыю і яе вынікамі. Але ёсць краіны, якія атрымліваюць даволі высокія вынікі нават пры адносна невысокіх выдатках (напрыклад, Эстонія, Фінляндыя). Але ёсць і тыя, што інвестуюць шмат у пераліку на аднаго вучня, але маюць адносна сціплыя вынікі (скажам, Катар, Люксембург).

  • Роўнасць, справядлівасць (Equity)

Сярэдні паказчык не дае адказу на пытанне, ці ёсць роўны доступ да якаснай адукацыі ва ўсіх дзяцей незалежна ад эканамічнага стану бацькоў, пола, месца жыхарства і г.д. АЭСР таксама разглядае, ці ёсць разрывы паміж рознымі групамі вучняў.

Ёсць даволі цікавая дыяграма за 2015 год (у тым даследаванні Беларусь яшчэ не прымала ўдзел) пра краіны, якія маюць добрыя вынікі па гэтых трох паказчыках.


Давайце паглядзім на вынікі PISA паводле справаздачы АЭСР па Беларусі. Нагадаю, што арыгінал на англійскай мове ёсць па спасылцы.

  1. Выніковасць беларускай сістэмы

На малюнках ніжэй вынікі Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі і сярэднім па АЭСР. Дарэчы, у склад АЭСР уваходзяць звычайна больш багатыя краіны: асноўныя дзяржавы Еўропы, некалькі з Лацінскай Амерыкі, Паўночная Амерыка. Але у даследаванні прымалі ўдзел больш краін свету.

Усе тры паказчыкі Беларусі (чырвонае кола) крыху ніжэй за сярэднія АЭСР (зялёнае кола): па чытацкай граматнасці, матэматыцы і прыродазнаўству адпаведна.


Але сярэдні паказчык занадта агульны. У PISA выдзяляецца 6 узроўняў валодання трыма групамі кампетэнцый і аналізуецца, які адсотак вучняў спраўляецца з найскладанейшымі задачамі (5-ы і 6-ы ўзроўні) і колькі вучняў не могуць выканаць нават зусім простыя заданні (не даходзяць нават да 2-га).

У гэтым сэнсе беларуская адукацыя таксама ніжэй за сярэдні узровень. Толькі 7% вучняў можна аднесці да “адукацыйнай эліты” па матэматыцы, што могуць вырашаць заданні 5-6 узроўняў (сярэдні паказчык АЭСР – 11%). Па прыродазнаўчых прадметах 3% – (пры сярэднім па АЭСР – 7%). Навык вельмі добрага разумення тэкстаў ёсць у 4% вучняў (у сярэднім – 9%). Напрыклад, у Шанхаі і Пекіне узроўню 5-6 па матэматыцы дасягнулі больш за 40% вучняў.

Даволі вялікі адсотак нашых вучняў не спраўляецца з самымі простымі заданнямі. 23% не разумеюць сэнс, асноўную думку простых тэкстаў (гэта адпавядае агульнымі на АЭСР). 29% – не вырашаюць простыя матэматычныя (АЭСР – 24%) і 24% фізічныя/біялагічныя/хімічныя задачы (АЭСР – 22%). 

  • Эфектыўнасць

Не атрымалася знайсці дакладныя лічбы ў адкрытых крыніцах, колькі грошай Беларусь выдаткуе ў пераліку на аднаго вучня. Але ў сярэднім Беларусі даволі нізкія абсалютныя выдаткі на навучанне аднаго школьніка. З аднаго боку, на адукацыю ідзе адносна высокі адстотак ад унутранага валавога прадукту – 4,8% па звестках Сусветнага банка (гэтая сума уключае таксама вышэйшую адукацыю, апошнія звесткі ёсць за 2017). УВП на Беларусі – каля $60 млрд (за 2018 год, за 2017 – каля 55 млрд.).

Гэтыя разлікі вельмі прыблізныя: на навучанне аднаго школьніка на Беларусі прыходзіцца каля 2-3 тыс. долараў на год. Для параўнання сярэднія выдаткі ў краінах АЭСР – больш за 9 тыс. долараў на год (за 2015 год).

У гэтым сэнсе больш правільна параўноўваць Беларусь не з суседзямі (Расея, Польшча, Літва, Латвія выдаюць таксама больш на аднаго вучня), а з краінамі кшталту Мексікі, Чылі, Турцыі. Гэтыя краіны маюць падобныя лічбы выдаткаў, але паказваюць больш нізкі ўзровень параўнальна да краін АЭСР.

UPD (больш новая праўка). У каментарах з’явілася спасылка на адзін з іншых дакладаў, дзе ёсць крывая выдаткаў на адукацыю. Па гэтых лічбах, кошт навучання аднаго школьніка на Беларусі блізкі да $50 тыс. (гэта каля $4,5 тыс. на год), што больш, чым у Расеі і Ўкраіне, і нязначна менш, чым у Літве, Венгрыі, Харватыі. З аднаго боку, Беларусь усё адно можна дадаць у лік краін з эфектыўнасцю сістэмы, вышэй за статыстычнае чаканне. З іншага боку, Беларусь, на гэтых звестках, – лідар па выдатках на адукацыю ў СНД, але не лідар па выніках.    


  • Роўнасць

Сацыяльная справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыя даследчыкі PISA вымяраюць па некалькіх пазіцыях. Даволі цікавы і адначасова даволі просты паказчык – гэта розніца ў сярэдніх выніках 10% найбольш сацыяльная паспяховых вучняў і 10% вучняў у найбольш цяжкіх сацыяльных умовах. Для Беларусі гэта 102 балы, што вышэй сярэдняга па АЭСР (там розніца каля 89 балаў).

Таксама аналізуюцца вынікі ў адзнаках хлопчыкаў і дзяўчынак. Напрыклад, у развітых еўрапейскіх краінах паміж абодвума паламі няма значнай розніцы ні ў матэматыцы, ні ў прыродазнаўчых прадметах (часам дзяўчынкі нават лепей). У краінах Бліжэйшага Ўсходу дзяўчынкі маюць значна горшыя шанцы на добрую адукацыю. На Беларусі дзяўчынкі і хлопчыкі па матэматыцы і прыродазнаўных прадметах паказалі амаль аднолькавыя вынікі. Пры роўнасці вынікаў 13% хлопчыкаў і толькі 2% дзяўчынак плануюць звязаць кар’еру з ІТ.

Для нас нетыповая сітуацыя, калі мігранты маюць значна ніжэйшыя вынікі за беларусаў, у гэтым паказчыку мы лепей за сярэдняе па АЭСР.

Кароткія вынікі

Напрыканцы агляду дазволю сабе некаторыя суб’ектыўныя вынікі. У якасці асноўнага дасягнення беларускай сістэмы можна адзначыць параўнальна добрую выніковасць пры невысокіх інвестыцыях у адукацыю. Да таго ж няма значнай розніцы ў выніках хлопчыкаў і дзяўчынак.

Але хацелася б звярнуць увагу і на праблемы: 

Адсутнасць добра падрыхтаванай эліты. Не спраўдзіўся міф пра Беларусь як вельмі выніковую краіну ў матэматыцы і прыродазнаўстве. Хаця ў нас ёсць адзінкавыя пераможцы міжнародных спецыялізаваных алімпіяд, вельмі невялікі адсотак вучняў Беларусі можа вырашаць па базе школьнай адукацыі практыкаарыентаваныя задачы. 7% “матэматычнай эліты”, якія вырашаюць задачы 5-6 узроўняў, – гэта нізкі паказчык.

Адсутнасць сацыяльнай роўнасці. Хаця ў склад краін АЭСР уваходзяць пераважна “умоўна-капіталістычныя” краіны, “умоўна-сацыялістычная” Беларусь на іх фоне нават больш няроўная. Пэўна, гэта можна растлумачыць даволі вялікай розніцай у якасці адукацыі ў вясковых і паспяховых гарадскіх школах.

Вялікая колькасць непаспяховых вучняў. Колькасць вучняў, якія не могуць вырашаць заданні нават другога ўзроўню падаецца мне пагражальнай. Амаль чвэрць 15-гадовых падлеткаў не разумеюць сэнсу кароткіх тэкстаў, то бок бачаць толькі словы і не могуць зразумець асноўную думку. Іншымі словамі, гэта можна апісаць адзнакай “нездавальняюча”, ці “двойка” па-ранейшаму. Таксама амаль чвэрць падлеткаў не можа вырашыць простых матэматычных заданняў. Гэта даволі высокі адсотак для групы рызыкі.   

Такім чынам, з аднаго боку, катастрофы ў беларускай адукацыі, па выніках PISA, няма. Мы не ведаем тэндэнцыю, бо гэта першы ўдзел, але вынікі больш-менш сярэднія. Калі ўлічваць адносна невысокі эканамічны ўзровень, то можна гаварыць пра эфектыўнасць па паказчыках выдаткаў і вынікаў. Але ж адначасова ганарыцца нам таксама няма чым. Нам яшчэ далека да азіяцкіх краін, нават далека і да больш падобных да нас культурна і эканамічна Эстоніі і Польшчы, напрыклад. Да таго ж не працуюць міфы аб выключнасці нашых вучняў і аб сацыяльнай роўнасці.

І, здаецца, нам як сістэме яшчэ шмат над чым трэба самім працаваць.  

P.S. Для даведкі агульныя вынікі.


 

Кацярына Куксо, Адукаванка