Ад актыўнага маўлення да самастойнага жыцця

31.01.2020

Упершыню ў гісторыі нацыянальнага кнігавыдання ў выдавецтве “Пачатковая школа” выйшлі вучэбныя дапаможнікі для дзяцей з парушэннем слыху “Развіццё маўлення. 1 клас” і “Развіццё маўлення. Рабочы сшытак. 1 клас”. Іх аўтар Алена Уладзіміраўна Рахманава — кандыдат педагагічных навук, дацэнт, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Дапаможнікі ўнікальныя тым, што ў іх стварэнні актыўны ўдзел прынялі малодшыя школьнікі з парушэннем слыху і іх педагогі са спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 13 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска. Яны сталі героямі фотасюжэтаў, якія наглядна і вельмі маляўніча прадстаўлены ў выданнях. Упершыню ў дапаможніках для дзяцей з АПФР выкарыстаны ІКТ дапоўненай рэальнасці.

 

“Аддзел метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі НІА курыруе выданне ўсіх вучэбных дапаможнікаў для ўсіх катэгорый дзяцей з АПФР на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, — падкрэсліла Алена Уладзіміраўна Рахманава. — У інстытуце ажыццяўляецца працэдура грыфавання падручнікаў і вучэбна-метадычнай літаратуры. У выніку ім прысвойваецца грыф Міністэрства адукацыі, што і з’яўляецца допускам да выкарыстання ва ўстановах адукацыі. Беларускія аўтарскія калектывы ствараюць дапаможнікі для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі пры навучанні, з парушэннем слыху і для невіду­шчых дзяцей. Вучэбная літаратура для дзяцей з АПФР каштуе даволі дорага, бо выдаецца малымі тыражамі. Самыя дарагія кнігі — для татальна невідушчых дзяцей, што выпушчаны па сістэме Брайля. Напрыклад, адзін падручнік па алгебры для 8 класа са шрыфтам Брайля прадстаўлены 8 часткамі-кнігамі, а “Буквар” — 13 кнігамі. Кошт адной кнігі складае каля 100 долараў. Апошнім часам мы пачалі друкаваць у такіх падручніках не проста тэксты шрыфтам Брайля, а нават спецыяльныя малюнкі, карты па гісторыі і геаграфіі, у тым ліку барэльефы, створаныя на 3D-прынтары. Дзеці, якія слаба бачаць, вучацца па звычайных дапаможніках для агульнаадукацыйнай школы. Пропісі для іх выдаюцца павялічаным шрыфтам, з літарамі без нахілу. У афармленні такіх дапаможнікаў выкарыстоўваюцца чатыры і больш колеры”.

 

Дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю не атрымліва­юць цэнзавую адукацыю. Для іх выпускаюцца спецыяльныя вучэбныя дапаможнікі, у якіх выкладаецца інфармацыя, што будзе запатрабавана імі ў жыцці, сацыяльна арыентаваная, заснаваная на кампетэнтнасным падыходзе. Навучэнцы спецыяльных агульнаадукацыйных школ для дзяцей з парушэннем слыху, для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні з 5 класа карыстаюцца аднолькавымі з вучнямі агульнаадукацыйных школ вучэбнымі дапаможнікамі і займаюцца па агульнаадукацыйных праграмах. У пачатковай школе яны вучацца па сваіх спецыяльных вучэбных праграмах і створаных на іх аснове дапаможніках. Займаюцца 5 гадоў, бо ім на асваенне праграмы даецца адзін рэзервовы год. Асноўны ўхіл у рабоце з навучэнцамі названых катэгорый робіцца на развіццё маўленчай дзейнасці, лагічнага мыслення. Усе дзеці з АПФР, акрамя тых, у каго ёсць парушэнне слыху, маюць магчымасць атрымліваць адукацыю на дзвюх мовах. Дзеці з парушэннем слыху вучацца на рускай мове. Беларускую мову як асобны прадмет яны не вывучаюць. Але для іх распрацавана вучэбная праграма інтэграванага курса па беларускай мове і літаратуры, якую яны асвойваюць з 6 класа. Дзецям з парушэннем слыху таксама неабавязкова вывучаць замежную мову, якая прапаноўваецца ім як спецыяльны курс па выбары.

 

Алена Уладзіміраўна Рахманава піша кнігі для дзяцей з парушэннем слыху. Раней на працягу 33 гадоў (пасля заканчэння дэфекталагічнага факультэта цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка) яна працавала ў сталічнай спецыяльнай школе № 13 для дзяцей з парушэннем слыху.

“У пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці я зразумела, што традыцыйнай сістэмы выкладання, дзе ўхіл робіцца на асваенне дзецьмі з парушэннем слыху жэставага маўлення, недастаткова, каб яны маглі больш поўна раскрыць свой патэнцыял і падтрымліваць свабодныя зносіны з людзьмі, якія чу­юць, — гаворыць Алена Ула­дзіміраўна. — Памятаю сваю першую сустрэчу на школьнай лінейцы з перша­класнікамі з парушэннем слыху і іх бацькамі. Дзеці нагадвалі немаўлятак, таму што маглі вымаўляць толькі асобныя гукі. Я ўбачыла слёзы ў вачах бацькоў, якія з надзеяй глядзелі на мяне: “Мы разумеем, што нашы дзеці не стануць навукоўцамі, але ж навучыце іх гаварыць”.

 

Згодна з сусветнай статыстыкай, у 50 працэнтаў дзяцей з парушэннем слыху баць­кі чуюць. Асвоіць жэставае маўленне ім, як правіла, не ўдаецца. Паколькі кожнае дзіця або дарослага, якія не чуюць, сурдаперакладчык не можа суправаджаць, самы лагічны шлях — прывучаць дзяцей з першых гадоў жыцця да выкарыстання вуснага маўлення. Прыгадаем дзве вышэйшыя псіхічныя функцыі чалавека — маўленне і мысленне. Калі няма маўлення, то не бу­дзе і лагічнага вербальнага мыслення. Менавіта гэтыя псіхічныя працэсы вылучаюць людзей сярод жывых арганізмаў і надзяля­юць магчымасцямі для бязмежнага развіцця — паспяховай сацыялізацыі, атрымання якаснай адукацыі, канкурэнтаздольнасці на рынку працы, магчымасцямі для актыўнага, самастойнага і дастойнага жыцця. Людзі з парушэннем слыху, якія дасягнулі пэўных жыццёвых поспехаў, як правіла, валодалі вусным маўленнем.

 

“У дзяцей з парушэннем слыху неабходна сфарміравац­ь спе­цыяльныя камунікатыўныя ўменні, — адзначае Алена Рахманава. — Пры рабоце з такімі школьнікамі важна не проста перадаваць пэўныя ўменні, навыкі, веды, а вучыць іх карыстацца гэтымі ведамі (кампетэнтнасная аснова). Трэба вучыць не проста маўленню, а маўленчым зносінам. Эфектыўная камунікатыўная сістэма навучання дзяцей, якія не чуюць, была створана яшчэ ў Савецкім Саюзе прафесарам Аляксандрам Сяргеевічам Зыкавым. У Расіі і сёння працягваюць па ёй працаваць. Беларусы ў гады незалежнасці пачалі шукаць новыя падыходы і тэхналогіі навучання дзяцей з парушэннем слыху”.

 

Пошук сродкаў, якія павыша­юць узровень развіцця вуснай маўленчай камунікацыі дзяцей з парушэннем слыху, прывёў Алену Рахманаву да стварэння аўтарскай методыкі фарміравання камунікатыўных уменняў ва ўмовах сітуацыйна абумоўленага навучання. Гэтая методыка і стала асновай яе кандыдацкай дысертацыі, якая была паспяхова абаронена ў 2009 годзе. Методыка знайшла ўвасабленне ў вучэбных дапаможніках Алены Уладзіміраўны па развіцці маўлення дзяцей з парушэннем слыху. Метадалагічную аснову гэтых кніг складаюць культуралагічны, камунікатыўна-дзейсны, асобасна арыентаваны і кампетэнтнасны падыходы.

 

У вучэбным плане спецыяльнай школы для дзяцей з парушэннем слыху з 2010 года быў уве­дзены новы прадмет “Развіццё маўлення”. Перад навукоўцамі стаяла задача распрацаваць для яго вучэбна-метадычнае забеспячэнне. Алена Рахманава напісала вучэбную праграму і стварыла сучасныя вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў з парушэннем слыху 1—3 класаў на аснове прынцыпу сітуацыйна-тэматычнай арганізацыі маўленчага матэрыялу, што з’яўляецца сродкам стварэння на ўроку маўленчага асяроддзя, ва ўмовах якога дзеці авалодваюць слоўным маўленнем. У дапаможніках рэалізаваны інавацыйныя падыходы, тэхналогіі і метадычныя рашэнні.

 

Аналагаў такіх выданняў у сістэме адукацыі нашай краіны да гэтага моманту не было. Дапаможнікі “Развіццё маўлення. 1 клас”, “Развіццё маўлення. Рабочы сшытак. 1 клас” для дзяцей з парушэннем слыху былі высока ацэнены на міжнародным узроўні. У 2018 годзе атрыманы дыплом І ступені ў намінацыі “Лепшая вучэбная кніга” на ІІІ Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Астане, дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Вучэбная літаратура і адукацыя” на ХV Міжнародным конкурсе дзяржаў — удзельніц СНД “Мастацтва кнігі” ў Маскве, дыплом І ступені ў намінацыі “Падручнік года” на XII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы “Кніга — шлях супрацоўніцтва і прагрэсу” ў Ашхабадзе.

 

“Героямі маіх кніг сталі навучэнцы спецыяльнай школы № 13 і іх педагогі, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Маляўнічы ілюстрацыйны матэрыял у дапаможніках прадстаўлены ў выгля­дзе фатаграфій школьнікаў з парушэннем слыху і іх педагогаў. Дзеці, як і належыць, вельмі эмацыянальныя і актыўныя, таму і кнігі атрымаліся вясёлыя і яркія. На сёння выйшлі ўсе вучэбныя дапаможнікі па развіцці маўлення для навучэнцаў. У друку знаходзіцца яшчэ вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў “Развіццё маўлення дзяцей з парушэннем слыху”.

 

Вучэбны матэрыял, яго структура і спосабы падачы ў дапаможніках арыентаваны на максімальнае ўключэнне школьнікаў з парушэннем слыху ў маўленчыя зносіны і ўзаемадзеянне з дарослымі і дзецьмі. У выданні ўключаны дыялогі, вучэбныя ілюстраваныя камунікатыўныя сітуацыі, блізкія і зразумелыя вучням, якія кожны дзень адбываюцца ў школе і спрыяюць іх маўленчай і разумовай актыўнасці. Характар і паслядоўнасць прыведзеных заданняў рэкамендуюць настаўніку тую ці іншую арганізацыю ўрока, падказваюць метадычныя прыёмы ма­дэлявання сітуацый. У дапаможніку выкарыстоўваюцца рознаўзроўневыя камунікатыўныя заданні, выкананне якіх патрабуе разважанняў, пошукаў, абмеркаванняў з боку вучняў. Заданні падабраны з улікам жыццёвага вопыту дзяцей і арыентаваны на фарміраванне ў іх эмацыянальнага інтэлекту, розных відаў дзейнасці. Яны маюць міжпрадметны характар і прадстаўлены ў выглядзе ролевых гульняў з выкарыстаннем вучэбнага матэрыялу. Іх можна прайграваць на ўроку ў сітуацыі непасрэдных зносін, якія можна мадэляваць. Такім чынам, у дзяцей фарміруюцца камунікатыўныя ўменні, маўленчы этыкет, асобасныя якасці, веданне базавых нацыянальных каштоўнасцей. Прадугледжаны і заданні павышанай складанасці для дыферэнцыраванага і асобасна арыентаванага навучання, для рэалізацыі педагогікі супрацоўніцтва, маўленчага партнёрства настаўніка і вучняў. Педагогі змогуць прымяняць разнастайныя арганізацыйныя формы навучання: індывідуальную, парную, групавую, калектыўную. Дапаможнікі можна выкарыстоўваць як ва ўрочнай, так і пазаўрочнай дзейнасці. Створаныя дапаможнікі дапамогуць педагогу кіраваць працэсам фарміравання вербальна-камунікатыўных уменняў, развіваць у школьнікаў з парушэннем слыху здольнасць эфектыўна кантактаваць пры выкарыстанні вуснага маўлення на ўзроўні тых аднагодкаў, якія чуюць. У дапаможніках выкарыстоўваюцца тэхналогіі дапоўненай рэальнасці: QR-коды, аўразмы. Пры дапамозе спецыяльных праграм на смартфоне можна не толькі прачытаць, але і ўбачыць і пачуць дыялог дзяцей з парушэннем слыху, прычым гэта будзе ўзор правільнага маўлення. Дзеці з сельскай мясцовасці праз відэаролікі азнаёмяцца з гарадскім жыццём, а гарадскія дзеці даведаюцца, як жы­вуць іх равеснікі ў вёсцы. У кнізе зашыфраваны цікавыя ролікі пра жывёл, песні на жэставай мове.

Вучэбныя дапаможнікі па развіцці маўлення служаць пачаткам рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні вербальнай камунікацыі малодшых школьнікаў з парушэннем слыху. Перспектывай далейшай работы ў гэтым кірунку з’яўляецца стварэнне паўнацэннага ВМК, у тым ліку электроннага адукацыйнага рэсурсу, а таксама пашырэнне выкарыстання новых інфармацыйных тэхналогій.

 

Зараз актыўна ідзе абнаўленне зместу спецыяльнай адукацыі, мяняюцца вучэбныя праграмы і адпаведна падручнікі. Ствараюцца новыя аўтарскія калектывы, абнаўляецца склад аўта­рскіх калектываў дзякуючы педагогам-практыкам. Новыя аўтар­скія калектывы рыхтуюць вучэбныя праграмы і дапаможнікі для дзяцей з парушэннем слыху, цяжкімі парушэннямі маўлення, інтэлектуальнымі парушэннямі. Падручнікі для дзяцей з парушэннем слыху працягвае пісаць і Алена Уладзіміраўна Рахманава. Падключылася яна і да стварэння вучэбных праграм па рускай мове, падрыхтавала Буквар, які неўзабаве будзе выдавацца, напісала новую вучэбную праграму па літаратурным чытанні. У свае работы стараецца ўносіць новае, цікавае, яркае, каб дзеці з парушэннем слыху змаглі максімальна ўбачыць і адчуць прыгажосць свету. Алена Уладзіміраўна імкнецца ўдзельнічаць ва ўсіх тэматычных распрацоўках і навукова-даследчых работах, якія тычацца інклюзіўнай адукацыі, актуальнасць праблем якой зараз вельмі шырока абмяркоўваецца ў нашай краіне. Перад спецыялістамі стаіць задача павышэння якасці жыцця дзяцей з АПФР, а гэта значыць, неабходна прадугледзець магчымасці для іх паспяховай сацыялізацыі, каб яны маглі дастойна жыць і развівацца нароўні са звычайнымі равеснікамі.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.

Арыгінал артыкула па спасылцы