Ці можна захапіць чытаннем школьнікаў? Для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гэта пытанне стаіць асабліва востра, бо дамінаванне рускай мовы і не вельмі ўдала складзеная школьная праграма шматразова ўскладняюць іх задачу. «Руская і беларуская літаратуры ў школе і жыцці» — менавіта так сфармулявалі тэму круглага стала, які прайшоў у рамках ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, яго арганізатары — аўтары шматлікіх кніг для дзяцей і падлеткаў Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ і Яўгенія ПАСТЭРНАК.
— Першапачаткова наш круглы стол задумваўся як батл паміж тымі, хто грудзьмі стаіць за рускую літаратуру і ганьбіць беларускую, і тымі, хто адстойвае гонар менавіта беларускай літаратуры. Ці раўназначныя яны ў школьнай праграме? Ці можна іх параўноўваць? А калі можна, то па якой шкале? На якую мову трэба перакладаць Роўлінг і Муракамі? Мы прыдумалі яшчэ шмат пытанняў, але чым далей паглыбляліся ў праблематыку, тым больш відавочным станавілася, што задуманы батл недарэчны, бо культура павінна аб'ядноўваць, — канстатуюць Яўгенія і Андрэй. — Таму мы хочам пагаварыць менавіта пра гэта. Як, ведаючы чужое, не страціць сваё? Як адчуць сябе часткай вялізнага літаратурнага свету, а не яго задворкамі?
Чые каштоўнасці транслюем?
Пісьменніца і даследчык беларускай літаратуры Ганна СЕВЯРЫНЕЦ вывучала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце рускую філалогію, а цяпер выкладае ў Смалявіцкай гімназіі менавіта рускую мову і літаратуру.
— Я вырасла з глыбокім комплексам, што я беларуска, — прызнаецца яна, — што ў нас няма ні прыгожай прыроды, ні сваіх бяроз, ні нармальных паэтаў, таму што тое, што нам прапаноўвалі чытаць у школе ў рамках беларускай літаратуры, было зусім мне не цікавым. Затое я любіла рускую літаратуру. А потым ва ўніверсітэце адкрыла для сябе, што існуюць яшчэ і нямецкая, французская, іспанская, лацінаамерыканская выдатныя літаратуры.
Думаю, што не трэба сёння класці на вагі рускую і беларускую літаратуру і параўноўваць, якая з іх больш годная. Праблема заключаецца насамрэч у тым, якім чынам руская культура ўваходзіць у свядомасць беларускіх школьнікаў, якія адзінкі культурнай інфармацыі, якія канцэпты і фармулёўкі закладваюцца ім у галаву. Прывяду толькі некалькі красамоўных прыкладаў з практыкі выкладання рускай мовы і літаратуры ў беларускай школе. Так, у зборніку пераказаў для выпускнікоў у адным з тэкстаў, што прапануюцца адзінаццацікласнікам, сказана, што першы славянскі першадрукар — гэта Іван Фёдараў. Хачу заўважыць, што пераказ — такая форма работы, пры якой тое, што ты пачуў на слых і аднавіў потым у пісьмовай форме, застаецца ў тваёй галаве назаўсёды. Я не ведаю, чаму нашы суседзі дазваляюць сабе такое скажэнне гістарычных фактаў, але мы дакладна ведаем, чый вучань Іван Фёдараў і ў каго ён узяў друкарскую тэхналогію. У шостым класе таксама ёсць практыкаванне, прысвечанае першадрукару Івану Фёдараву, дзе Францыск Скарына нават не згадваецца, а рэцэнзенты гэтага падручніка — настаўнікі гімназіі імя Францыска Скарыны...
На ўроках рускай мовы ўвогуле адсутнічае беларуская тапаніміка. У практыкаваннях сустракаюцца Масква-рака, Піцер-прыгажун, Волга-матушка... «У нас ёсць Міхайлаўскае, Ясная Паляна. Напішыце, калі ласка, што вы думаеце пра гэтыя куточкі роднай зямлі», — прапануюць аўтары падручніка беларускім вучням. Мы выкладаем рускую мову так, быццам бы жывём у Расіі. А дзе Мазыр, Магілёў, Гомель у падручніках для нацыянальнай школы? Настаўнікі, не задумваючыся, паўтараюць: «Наш Пётр першы», «Наш Сувораў». Прабачце, але для беларусаў гэтыя гістарычныя персоны зусім не нашы... Я ўпэўнена, што вывучаючы рускую мову як мову, на якой пакуль размаўляе большасць насельніцтва ў нашай краіне, мы павінны напаўняць гэтыя ўрокі беларускім зместам, беларускімі прыкладамі і гістарычнымі асобамі. Я як настаўнік, які выкладае ў нацыянальнай школе, не магу расслабіцца ні на хвіліну, таму што трэба пастаянна кантраляваць, якія каштоўнасці транслюю дзецям.
Што датычыцца рускай літаратуры, тут перакос, на думку Ганны Севярынец, яшчэ больш заўважны. У рускай літаратуры прапануецца вельмі шмат тэкстаў, у якіх дзяцей праграмуюць на тое, што руская прырода — самая прыгожая: рускія бярозы, рускія рэкі і азёры...
Кацярына ЦІМАШПОЛЬСКАЯ: «Многія пісьменнікі — жывыя, больш таго, яны маладыя, і зусім неабавязкова ісці да іх на магілу, з імі можна проста паразмаўляць».
— Мы чытаем пра тое, што самыя лепшыя — рускі чалавек і рускі салдат. Гэта пішуць рускія пісьменнікі і яны маюць права думаць, што руская бяроза — самая прыгожая ў свеце. Але калі мы кажам пра касмапалітычнасць у выкладанні літаратуры, так давайце вывучаць у школе таксама французскіх, нямецкіх, фінскіх паэтаў, каб нашы дзеці разумелі, што свет разнастайны і не замыкаецца толькі на рускай літаратуры. Між іншым, школьная праграма па рускай літаратуры фарміравалася з сярэдзіны ХІХ стагоддзя і істотна не змянялася. Напрыклад, паэма Міхаіла Лермантава «Мцыры» знаходзіцца там з 1845 года, «Яўгеній Анегін» Пушкіна — з 1841 года. Гэта залатая класіка рускай літаратуры.
А мы побач з ёй ставім нашу нацыянальную літаратуру, якая выглядае не лепшым чынам. Давайце ўявім сабе, што з рускай літаратуры ўзялі б і выкінулі Пушкіна і пакінулі там толькі «Клеветникам России», як у нас ад Янкі Купалы пакідаюць толькі «Я мужык-беларус». Выкінулі б цалкам Барыса Пастэрнака, як у нас выкінуты Юлій Таўбін. Я цяпер называю супастаўляльных па стылістыцы, маштабе ўздзеяння і велічыні таленту пісьменнікаў. Выкінулі б цалкам Сяргея Ясеніна, як у нас выкінуты Тодар Кляшторны. Выкінулі б Міхаіла Булгакава, як у нас выкінуты Міхась Зарэцкі.
Класікі ці сучасныя аўтары?
— Як маці, мне хацелася б, каб у школе вывучалася сусветная літаратура, а не толькі руская. Ёсць выдатная скандынаўская літаратура, якая па сваім змесце, дынаміцы падачы тэксту вельмі блізкая сучасным дзецям, — кажа аўтар і кіраўнік кніжнага праекта «Куфэрак дзіцячых кніг» Таццяна СЛАВІНСКАЯ-ПУЗЫРЭВІЧ. — Мы сем гадоў прасоўваем сучасную інтэлектуальную літаратуру для дзяцей і падлеткаў. Аўдыторыя бацькоў, якія прыходзяць да нас па кнігі — гэта людзі, у якіх не адна вышэйшая адукацыя і якія размаўляюць сама меней на адной замежнай мове. Яны выдатна ведаюць і беларускую мову, і з лёгкасцю на яе пераходзяць. Іх дзеці яшчэ ў пачатковай школе прачыталі ўсе асноўныя кніжкі выдавецтваў «Самакат» і «КомпасГід». Дык вось з падобнымі кніжкамі на беларускай мове ёсць праблемы. Белетрыстыка, дзіцячыя дэтэктывы, фэнтэзі... Такой літаратуры не хапае. Дзякуючы невялікаму прыватнаму выдавецтву «Коска», якое спецыялізуецца на дзіцячай і падлеткавай літаратуры, па-беларуску загаварылі такія любімыя многімі дзецьмі персанажы, як Мама Му, Пэтсан і Фіндус, Біла з Болаю і Ёрдзіс. Але Надзея Кандрусевіч не толькі перакладае кнігі са шведскай мовы і выдае іх, яна вымушана сама выкупляць на іх аўтарскія правы, дзяржава ёй у гэтым не дапамагае. І «Коска» ў пэўнай ступені сацыяльны, а не камерцыйны праект. Так, у нас сталі з'яўляцца апошнім часам цікавыя аўтары, якія пішуць для дзяцей кнігі на роднай мове. Але пакуль іх не так шмат, як хацелася б. Таму я думаю, што трэба як мага больш кніг перакладаць на беларускую мову з сучаснай еўрапейскай літаратуры. Перакладная літаратура не канкурыруе з беларускай, а штурхае яе да развіцця.
Хачу, каб мой сын ведаў класічную рускую літаратуру, але руская літаратура павінна выкладацца ў кантэксце сусветнай. Што датычыцца беларускай мовы і літаратуры (а мой сын вучыцца цяпер у трэцім класе), то да падручнікаў ёсць шмат пытанняў. Нам вельмі пашанцавала з настаўнікам. Мы набываем сваім дзецям цэлы стос рабочых сшыткаў, дзе прапануюцца зусім іншыя тэксты, настаўніца рыхтуе дзецям заданні на картках. Я не ўяўляю сабе, колькі намаганняў гэта патрабуе, затое беларуская мова не выклікае ў вучняў непрыняцця. І літаратуру для чытання яна прапануе тую, якая цікавая дзецям.
— Я вельмі люблю рускую літаратуру, бо вырасла на ёй і свае кнігі пішу на рускай мове, але мушу прызнаць, што сітуацыя ў школе насамрэч дзіўная, — разважае Марыя БЯРШАРДСКАЯ, дзіцячы пісьменнік, сцэнарыст і настаўнік рускай мовы і літаратуры. — Чаму, калі мы вывучаем рамантызм, не чытаем апавяданні Эдгара По ці Гофмана? Калі кажам пра балады, то не вывучаем англійскія і шатландскія народныя балады? У старшых класах можна чытаць з дзецьмі «Над пропастью во ржи» ці «Убить пересмешника» Харпер Лі, творы Брэдберы, Хэмінгуэя, Борхеса, Оруэла. У праграме вельмі шмат сумных вершаў аб прыродзе — атрымліваецца нейкая бясконцая «Песня аратага» ці «Песня касца», што не чапляе сучасных дзяцей. А чаму б не знаёміць іх з японскай паэзіяй без рыфмаў? Трэба паказваць дзецям розную літаратуру. Прычым, мае вучні не ўспрымаюць рускую літаратуру як сваю. Гэта мы выраслі ў Савецкім Саюзе, а для іх руская літаратура — замежная, і гэта нармальна. Паверце, калі мы прыбяром са школьнай праграмы «Тараса Бульбу» Гогаля, то свет не абрынецца. І калі там стане менш твораў пра ХІХ стагоддзе, дзеці будуць нам за гэта толькі ўдзячныя. Не толькі беларускую літаратуру хочацца зрабіць больш сучаснай, але і рускую. Я прапанавала б больш чытаць у школе сучасных расійскіх аўтараў.
Жывыя і маладыя!
Андрэй ЖВАЛЕЎСКІ і Яўгенія ПАСТЭРНАК: «На якую мову трэба перакладаць Роўлінг і Муракамі? Як адчуць сябе часткай вялізнага літаратурнага свету?»
— У мае школьныя гады быў вельмі моцны піетэт перад пісьменнікамі! Мы лічылі, што ўсе яны даўно памерлі, таму трэба пайсці да іх на магілу, пакланіцца і прынесці ім кветкі, — усміхаецца настаўніца рускай мовы і літаратуры маскоўскай школы № 734 імя Аляксандра Тубельскага, дзіцячы пісьменнік Кацярына ЦІМАШПОЛЬСКАЯ. — Прыкладна такія ж думкі былі ў мяне, калі я прыйшла працаваць у школу. Затым быў вялікі перапынак, і калі я сем гадоў таму зноў нечакана вярнулася ў школу, то зразумела, што карціна не змянілася і зноў хочацца пайсці пакланіцца магілам пісьменнікаў. Але затым у маім жыцці пачалі адбывацца змены, я сама пачала пісаць кніжкі для дзяцей. Пазнаёмілася з Андрэем Жвалеўскім і Яўгеніяй Пастэрнак. І раптам прыйшло разуменне, што многія пісьменнікі — жывыя, больш за тое, яны маладыя, і зусім неабавязкова ісці да іх на магілы, з імі можна проста паразмаўляць. Канешне, асоба настаўніка на сто працэнтаў вызначае, што будуць дзеці чытаць і ці будуць чытаць увогуле. Мне вельмі пашанцавала, у мяне ёсць доступ да інфармацыі, я ведаю сучасных пісьменнікаў і знаёмлю з імі сваіх вучняў, у тым ліку і з беларускімі. Магчыма, у нашых настаўнікаў ёсць больш свабоды, ёсць магчымасць выбару падручнікаў і праграм, але я ніколі ў сваім педагагічным жыцці не выкарыстоўвала падручнік ні па рускай мове, ні па рускай літаратуры. Мае вучні чытаюць розных пісьменнікаў, і я не абмяжоўваю іх у выбары таго, што ім чытаць.
— А я як маці хачу падзяліцца сваімі назіраннямі, звязанымі з падачай рускай і беларускай літаратуры ў школе, — кажа філолаг, выкладчык БДУ Людміла КАМЛЮК-ЯРАШЭНКА. — Якія тэмы, напрыклад, прапануюць для пазакласнага чытання ў пачатковай школе.
Па рускай літаратуры: «Пісьменнікі — казачнікі», «Кнігі рускіх пісьменнікаў-анімалістаў для дзяцей», «Кнігі замежных пісьменнікаў-анімалістаў для дзяцей», кнігі пра равеснікаў, кнігі Астрыд Ліндгрэн для дзяцей, «Пазнаём свет: кнігі для цікаўных», «Поры года ў творчасці паэтаў-класікаў і паэтаў-сучаснікаў». Па беларускаму чытанню: «Люблю наш край, старонку гэту», «Паэтычны вянок роднаму слову і кнізе», «У дзівосным свеце мастацтва», «Мы ўсе старацца будзем дзеля карысці людзям», «Трэба быць на зямлі гаспадаром», «Ішла вайна народная». Атрымліваецца, што тэмы для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры абсалютна далёкія ад культурнага ўзросту і чытацкага вопыту дзяцей, тут няма месца ні гарэзлівасці, ні прыгодам, ні казкам, ні равеснікам. Больш таго, калі ў тэмах прысутнічаюць цытаты пісьменнікаў, такім чынам адразу праграмуецца камунікатыўная ўстаноўка на дыстанцыю.
І нават калі дома дзіця бачыць сучасныя кнігі, то ў школе іх няма. А калі вучань прыносіць на пазакласнае чытанне сучасную кнігу, тая адразу ідзе па руках. І многія здзіўляюцца, што такія кнігі ўвогуле ёсць. Я лічу, што патрыятызм — гэта разуменне таго, што твая культура жывая, літаратура — жывая і пісьменнікі жывыя. І кнігі яны пішуць класныя, іх можна прыносіць у школу, дзяліцца імі з сябрамі і дарыць.
І яшчэ як выкладчык я заўважыла, што ўзровень чытацкага досведу ў настаўнікаў рускай і беларускай літаратуры і студэнтаў, якія навучаюцца на рускай і беларускай філалогіі, — розны. Я не супастаўляю педагагічны вопыт ці прафесійнае майстэрства. Мяркую, гэта адбываецца таму, што рускія філолагі ўважліва чыталі і пражывалі літаратуру мадэрнісцкую і яны зразумелі і прынялі, што ёсць іншая літаратура, якая не проста падручнік жыцця, што літаратура можа выконваць не толькі дыдактычную функцыю. А ў будучых настаўнікаў беларускай літаратуры перыяд мадэрнізму выпаў, яго няма ў праграме.
Усе пагадзіліся з думкай, што настаўнік павінен сачыць за тым, як сёння развіваюцца паэзія, проза, драматургія, якія новыя імёны з'яўляюцца ў літаратуры. А калі настаўнік сам не чытае і нічым не цікавіцца, то як ён можа заахвоціць да гэтага дзяцей?
— Для таго каб мой чытацкі вопыт не кульгаў, хацелася б яшчэ, каб набыццё беларускай літаратуры, што выдаецца, было настаўніку па кішэні, — выказала пажаданне напрыканцы круглага стала настаўніца гімназіі з невялікага райцэнтра.
Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда