Без фэйкаў і маніпуляцый. Хто навучыць дзяцей медыядасведчанасці?

Стварыць інфармацыйную паніку вельмі лёгка. Адзін востры навасны ўкід, які накіраваны на маніпуляцыю эмоцыямі, і да праблемы, якая насамрэч не варта ўвагі, адразу прыцягваецца погляд. Асабліва даверлівымі з’яўляюцца дзеці, якія з-за сваёй недасведчанасці пачынаюць верыць і перажываць з-за таго, што прачыталі. Але ці магчыма навучыць іх адрозніваць спам і фэйк ад праўды? Што зрабіць, каб эмоцыямі і свядомасцю нашых дзяцей не маніпулявалі?
Настаўнікі з сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна і Сяргей Фадзіны стварылі для падлеткаў сацыяльны дыстанцыйны праект па медыяадукацыі “Бачу. Чую. Разумею”, які накіраваны на павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў. Аб тым, як працуе праект, расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца англійскай мовы Таццяна Леанідаўна Фадзіна.
 
Ідэя стварэння ўнікальнага праекта, які мог бы стаць памагатарам не толькі для навучэнцаў, але і для бацькоў і настаўнікаў у навучанні
медыяграматнасці, узнікла ў настаўнікаў англійскай мовы і фізікі, Таццяны і Сяргея Фадзіных, не проста так. “Мы з мужам не першы год цікавімся медыяадукацыяй, — расказвае, з  чаго пачаўся праект, Таццяна Фадзіна. — Некалькі гадоў таму наша школа прымала ўдзел у рэспубліканскім праекце па медыяадукацыі. Нас вельмі захапіла гэта тэма і, калі праект скончыўся, мы працягнулі працаваць на ніве медыяадукацыі. Мы пачалі часта праводзіць семінары для настаўнікаў, паказваць ім, як прымяняць медыяадукацыю падчас выкладання розных дысцыплін. І гэта ўсё цудоўна, але тым не менш, гэтага мала. Нават калі я буду выкарыстоўваць медыяадукацыю падчас урокаў англійскай мовы, а мой муж — у выкладанні фізікі, эфекту амаль не будзе. У медыяадукацыі павінна быць створана сістэма, мы павінны заўжды ў ёй знаходзіцца, адпавядаць ёй. А значыць, павінен быць дыстанцыйны курс па медыяадукацыі.
 
Менавіта такія думкі сталі фундаментам для таго, каб мы распрацавалі канцэпцыю і стварылі свой праект, які будзе накіраваны на навучэнцаў. Чаму менавіта на дзяцей? Таму што іх трэба вучыць бяспечным паводзінам у інтэрнэце, яны павінны ўмець карыстацца рознага віду інфармацыяй”.
“Бачу. Чую. Разумею” распрацаваны на беларускай мове на прыкладзе беларускіх медыя і накіраваны на павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў. У адукацыйным стандарце, а таксама ў канцэпцыі бесперапыннага навучання дзяцей і моладзі навучэнцаў прапісана неабходнасць фарміравання інфармацыйнай культуры ў непаўналетніх. Гэта значыць, што як падлеткаў, так і дзяцей трэба вучыць працаваць з тым, што яны бачаць і чытаюць. “Самае важнае, што трэба зрабіць падчас работы з інфармацыяй —мінімізаваць рызыку, якая можа нанесці ўрон псіхічнаму, інтэлектуальнаму, фізічнаму ці духоўнаму здароўю, гарманічнаму сацыяльнаму развіццю непаўналетняга, — упэўнена Таццяна Фадзіна. — Працуючы над праектам, мы зыходзілі з таго, што гэты курс дзецям патрэбы, ён ім цікавы. Мэта нашага курса — павышэнне медыяінфармацыйнай кампетэнтнасці падлеткаў. У асноўным наша аўдыторыя — навучэнцы 8-11 класаў.
 
Сёння праект “Бачу. Чую. Разумею” — гэта частка праграмы па медыяадукацыі, якую рэалізуе Таварыства беларускай школы. Увогуле, медыяадукацыя — гэта актуальная з’ява, і яна цікавіць многіх. Было б ідэальна, каб з’явілася асобная вучэбная дысцыпліна “медыяадукацыя”, але яе няма не толькі ў нас, але і ў іншых краінах. Гэта значыць, што тыя веды, якія б можна было вылучыць у асобны падручнік, трэба перакладваць на іншыя прадметы, спалучаць медыяадукацыю з той жа фізікай ці замежнай мовай.
 
Не сакрэт, умець фільтраваць інфармацыю часам цяжка нават дарослым. Шматлікая навязлівая рэклама, аб’явы прымушаюць не толькі звяртаць на яе ўвагу, але і верыць напісанаму. Што ўжо казаць пра дзяцей, якія зусім не разбіраюцца ў кантэнце. Менавіта па гэтай прычыне, каб абараніць навучэнцаў ад таго патоку іфармацыі, якая ім не патрэбна і каб яны самі маглі разумець, што важна, а міма чаго можна прайсці, не звяртаючы ўвагі, настаўнікі і распрацавалі сацыяльны дыстанцыйны курс навучання інфармацыйнай граматнасці. Дыстанцыйны курс “Бачу. Чую. Разумею” знаходзіцца на платформе
CANVAS, якая прызначана для размяшчэння масавых адкрытых анлайн-курсаў. Са слоў аўтара праекта, яго асаблівасць заключаецца ў тым, што прыняць удзел і прайсці навучанне можна ў любы час. “Мы падумалі таксама пра тое, што ўсе дзеці з рознай хуткасцю ўспрымаюць інфармацыю, таму праходзіць навучанне можна з абсалютна рознай хуткасцю, у хуткім ці павольным рэжыме, і кожны навучэнец вызначае гэта сам для сябе, — тлумачыць Таццяна Фадзіна. — Увесь медыякурс разбіты на некалькі модуляў, а яны ў сваю чаргу змяшчаюць у сабе шэраг практычных заданняў, шматлікі відэакантэнт, інфаграфіку. Курс пабудаваны такім чынам, што перайсці да наступнага модулю будзе немагчыма, пакуль не пройдзены папярэдні. Калі падлетак справіўся з заданнямі, мы просім яго падзяліцца сваімі ўражаннямі ад навучання. Заўжды цікава паслухаць, што было найбольш цікавым і карысным, а што выклікала складанасці. Менавіта па водгуках дзяцей мы разумеем, у якім русле трэба рухацца далей, што дапрацаваць, а што пакінуць у першапачатковым стане”. 
“Зона 51”: фэйк ці праўда?
 
Перш чым “выкінуць” у інтэрнэт праект для агульнага карыстання, аўтары распрацоўкі падрабязна прадумалі кожны навучальны модуль. Безумоўна, усе навучальныя блокі ўзаемазвязаны паміж сабой і ў першую чаргу накіраваны на навучанне бяспечнаму карыстанню інфармацыяй. Дыстанцыйны курс “Бачу. Чую. Разумею” складаецца з уводнага модуля, які апісвае курс, і трох вучэбных модуляў, кожны з якіх складаецца з 9 раздзелаў, бонусаў і заданняў. “Ахоўнікі МедыяСусвету ці як стаць Фейкхантэрам”, “Вялікі брат сочыць за намі?” і “Фантастычны мэдыякантэнт і дзе ён “жыве?”” — усё гэта не назвы фантастычных апавяданняў, а прыгожа і граматна скампанаваная інфармацыя, накіраваная на бяспеку нашых дзяцей у інтэрнэце. Перш чым пачаць работу па модулях, навучэнцы праходзяць тэст, які ім паказвае, наколькі граматнымі медыякарыстальнікамі яны з’яўляюцца.
 
Пытанні, якія прапаноўваюцца, могуць паставіць у тупік нават дарослых. Якую сэнсавую нагрузку нясе ў сабе слова спам? Якія сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюць больш за ўсё акаунтаў, якімі кіруюць праграмы, накіраваныя на тое, каб уплываць на наша меркаванне і правільнае ўспрыманне інфармацыі?
 
Пасля адэкватнай ацэнкі ўзроўню медыякампетэнцый вучні могуць пераходзіць да заданняў модуля. Як растлумачыла Таццяна Леанідаўна, першы модуль прысвечаны уменню распазнаваць маніпуляцыі і фэйкавую інфармацыю, якой у нашай паўсядзённасці вельмі многа. Той, хто паспяхова пераадолее першы, фэйкавы этап навучання, можа лічыць сябе дасведчаным паляўнічым на падобнага кшталту інфармацыю. “У першым модулі ёсць такі раздзел як “Зона 51”, дзе мы збіраем базу фэйкаў і маніпуляцый, — тлумачыць Т.Л. Фадзіна. — Знаходзячы такія дадзеныя, дзеці самастойна могуць прымацаваць у раздзеле згаданую інфармацыю. Такіх дзяцей, якія паспяхова разабраліся з першым модулем і здолелі адрозніць праўду ад фэйку, мы называеем фэйкхантэрамі.
 
Другі модуль нашага праекту прысвечаны біг даце. Дзякуючы гэтаму падкасту навучэнцы дазнаюцца, навошта ў сетцы збіраюцца звесткі пра кожнага з нас. Мы вывучаем, дзе знаходзяцца нашы паролі, як за намі назірае google-карта, як можна адключыць гэты сервіс. Акрамя гэтага, другі модуль расказвае, што такое таргенцінгавая рэклама і як яна працуе. Напрыклад, калі вы сёння шукалі, дзе можна купіць прас, то пасля інфармацыя пра прасы будзе вылазіць з кожнага кута, з кожнай навінай. Менавіта гэта і ёсць таргенцінгавая рэклама. Наш раздзел вучыць “чысціць” такую інфармацыю, блакаваць яе далейшае з’яўленне на старонках, якія адкрываюцца.
 
Увогуле, другі этап навучання вельмі карысны не толькі для дзяцей і падлеткаў, але і для бацькоў, а таксама настаўнікаў. Згадзіцеся, сёння мы ўсе павінны быць заклапочаны сваёй бяспекай у інтэрнэце. Нашы персанальныя дадзеныя могуць быць выкарыстаны супраць нас, таму трэба разумець, якую інфармацыю і дзе можна выкладваць. Тым не менш, і настаўнікі, і бацькі павінны ўмець правільна і даходліва растлумачыць дзіцяці, чаму важна і як абараніць свае персанальныя дадзеныя, як адключыць рэкламу і як не пакідаць глабальных слядоў у інтэрнэце. Інтэрнэт павінен быць тым месцам, якое дапамагае нам у рабоце, у вучобе. Ён павінен працаваць на карысць, а не супраць нас. У якасці бонуса другі раздзел дае інфармацыю наконт таго, як ачысціць нашу галаву ад інфармацыйнай перанасычанасці”. Трэці модуль, як растлумачыла Т. Фадзіна, таксама закранае шматлікія важныя праблемы, з якімі заўжды можа сутыкнуцца любы чалавек, ад вядомага блогера да пачынаючага карыстальніка сацыяльнымі сеткамі. У апошнім падкасце сабрана тая інфармацыя, якая расказвае пра неабходнасць захавання аўтарскіх правоў, а таксама тлумачыць, якая адказнасць ускладваецца на кожнага, хто выкладвае ў сетку новы кантэнт ці дубліруе ўжо вядомыя дадзеныя.
 
 “Сёння многія дзеці спрабуюць стаць блогерамі і журналістамі, і становяцца імі, таму што гэта не складана, — працягвае настаўніца. — Паміж дзецьмі заўжды існуе канкурэнцыя, і не толькі ў школе, але і ў інтэрнэце. Трэба разумець, што з канкурэнцыяй у віртуальным свеце можна сутыкнуцца куды часцей, чым у рэальнасці. У паўсядзённым жыцці мы стрымліваем свае эмоцыі, спрабуем кантраляваць гнеў, варожасць. Затое ў глабальнай сетцы гэтыя пачуцці адкрытыя. Рана ці позна кожнае дзіця сутыкнецца з тым, што ў яго паводзінах ці ў тым, што яно робіць, нехта можа ўгледзець для сябе штосьці непрымальнае. У выніку пачнецца праяўленне гневу, булінгу. Таму наш трэці блок расказвае, як абараніць сябе ад нападак у інтэрнэце, як змагацца з варожасцю і як праяўляць правілы этыкету ў віртуальным свеце.
 
Яшчэ адзін цікавы раздзел трэцяга блока — гэта навучанне стварэнню ўласных цікавых інфармацыйных нагод. Асабліва актуальным гэты раздзел будзе юным блогерам, для якіх асноўная мэта — захапіць сваім кантэнтам аўдыторыю. Сённяшнія дзеці і падлеткі павінны карыстацца інтэрнэтам. І гэта не жаданне, гэта неабходнасць. Мы жывём у такі інфармацыйны час, калі тэхналогіі імкліва развіваюцца. Таму, каб быць канкурэнтаздольным, мы, і дзеці ў першую чаргу, павінны ўмець карыстацца гаджэтамі і ствараць у ім пэўны прадукт, калі гэта неабходна, ці проста карыстацца ўжо існуючымі прапановамі. Таму вельмі важна навучыць дзяцей і падлеткаў, перш чым апублікаваць інфармацыю, праверыць яе.”
 
 
Убачыць і зразумець правільна 
 
У якасці бонусаў аўтары сацыяльнага медыя-праекта захавалі ў трэцім раздзеле пасхалкі — своеасаблівыя сюрпрызы для інфармацыйнай разгрузкі. Каб прасачыць, дзе і хто з дзяцей іх знаходзіць, “Бачу.Чую.Разумею” мае ўласны форум, на якім навучэнцы з усёй краіны перапісваюцца і расказваюць адзін аднаму, што і дзе яны знайшлі. 
 
Чацвёрты модуль — гэта своеасабліваы статыстычны банк дадзеных. “Чацвёрты раздзел створаны больш для нас, чым для дзяцей, — падсумоўвае Т.Л.Фадзіна. — Дзякуючы яму мы глядзім, якая інфармацыя аказалася карыснай і не патрабуе дапрацоўкі, а над чым яшчэ трэба падумаць. Важна, што наш курс вельмі гнуткі і дае нам магчымасць яго дапрацоўваць. Сёння мы заканчваем работу яшчэ над некалькімі модулямі, якімі будзе дапоўнены праект. Напрыклад, з’явіцца раздзел “Медыяпрастора”. Ён будзе знаёміць юных блогераў і пачынаючых журналістаў з тым, якія СМІ існуюць у нашай краіне, колькі ў нас тэлевізійных каналаў. Таксама будзем размаўляць пра стэрыятыпы ў медыя, кібербулінг і работу з інфаграфікай, г.зн. навучым дзяцей граматна паказваць свой кантэнт у інфаграфіцы”. 
 
Прыкметна, што “Бачу. Чую. Разумею” выкарыстоўваюць у навучанні 200 студэнтаў, а для работы з падлеткамі праект Таццяны і Сяргея Фадзіных узяла для сябе і Акадэмія Украінскай прэсы. Чаму? Усё проста: ні ў нас у краіне, ні за мяжой нічога падобнага не створана. Дарэчы, у мінулым годзе на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” сацыяльны медыя-праект гродзенскіх настаўнікаў заняў першае месца. 
 
“Можна колькі заўгодна абмяркоўваць залежнасць школьнікаў ад інтэрнэту, але ад гэтага мы нікуды не дзенемся, — заўважае Таццяна Леанідаўна. — Калі ўжо на тое пайшло, мы павінны абараняць дзяцей не ад інтэрнэту ў цэлым, а ад пэўнага кантэнту. Дарэчы, сёння ўжо і малодшыя школьнікі актыўна карыстаюцца мабільнікамі і ўсемагчымымі мэсэнджарамі, якія таксама хаваюць у сабе пэўную небяспеку. Напрыклад, дзеці перасылаюць адзін аднаму нейкую інфармацыю, якая быццам накіравана на тое, каб ад нечага засцерагчы. Нават не спрабуючы разабрацца, праўда гэта ці фэйк, дзеці пачынаюць спаміць  Таму наша задача, бацькоў і настаўнікаў, вучыць дзяцей фільтраваць інфармацыю. Падчас рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” да нас падходзілі  настаўнікі і цікавіліся, ці не плануем стварыць падобную праграму для малодшых школьнікаў. Магчыма, мы распрацуем такі праект і для іх, але для гэтага перш за ўсё трэба вывучыць аўдыторыю, прааналізаваць інфармацыю, з якой малодшым школьнікам дазваляюць працаваць. Нельга дапускаць, каб дзеці пагружаліся ў тую кашу, у якой кожны дзень варымся мы, адкрываючы інтэрнэт. Мы за тое, каб усе дзеці былі медыяадукаванымі і абароненымі”. 
 
Наталля САХНО. Настаўніцкая газета, 27 лютага 2020 г.