ДЫСТАНЦЫЙНА З АА-СШЫТКАМ І БЕЗ ТЭХНАЛОГІІ
Гэтая ідэя з’явілася раней, чым неабходнасць. Гэта адбылося пры стварэнні так званага АА-сшытка. У свой час мы хацелі заахвоціць бацькоў, апекуноў і настаўнікаў весці з вучнямі сшытак, які мы назвалі вакацыйным АА-сшыткам. Гэтая назва, магчыма, не зусім удалая, паколькі размова ішла не толькі пра канікулы ці святы. Тым не менш мы хацелі гэтым падкрэсліць, што гэта не сшытак, які запаўняецца на ўроках.
Гэту ідэю можна акрэсліць у некалькіх сказах, і я апішу яе ў 5 пунктах і на прыкладзе:
1. Добраахвотны выбар тэмы.
Дарослы (Д), які апякуецца маладым чалавекам (М), пытаецца ў таго пра яго інтарэсы – што вас цікавіць, што вы хацелі б ведаць лепш?
Малады чалавек адказвае: “У апошні час мяне цікавяць зоркі”.
2. Мэта і крытэрыі.
Д: А што цябе ў іх цікавіць і чаму? Што менавіта ты хацеў бы даведацца?
Малады чалавек (М) вызначае свае мэты і крытэрыі поспеху (тыя моманты, якія будуць паказчыкам таго, што мэта была дасягнута).
У выпадку са згаданымі вышэй зоркамі гэта можа быць:
Мэта: Вывучу мапу неба, якое я бачу ноччу.
Крытэрыі поспеху:
• Я буду ведаць назвы сузор'яў, бачных уначы з майго акна.
• Я змагу ацаніць адлегласць паміж зоркай і зямной паверхняй.
• Я буду ведаць гісторыю ўтварэння зорак.
• Я буду ведаць, чаму і чым адрозніваецца карта зорак, бачных з розных месц на Зямлі.
3. Стварэнне АА-сшытка.
Д: Давай падыдзем да гэтага сістэмна – як наконт запісвання тваіх чаканняў? Давай створым сшытак, каб ты запісваў туды свой шлях вывучэння зорак.
Малады чалавек заводзіць новы сшытак, які называе АА-сшытак вывучэння зорак. У яго запісваюцца мэты і крытэрыі поспеху. Ён упрыгожвае ці аздабляе гэты сшытак так, як яму захочацца.
4. Праца з АА-сшыткам.
Дарослы і малады разам думаюць, што можна зрабіць, каб дасягнуць мэты ў адпаведнасці з прынятымі крытэрыямі. Якія крыніцы можна выкарыстоўваць, у каго спытаць і што варта занатаваць у сшытку? M вырашае, а вось Д можа толькі дапамагчы вызначыцца. АА-сшытак належыць М цалкам, ён не ацэньваецца Д, які бачыць сшытак толькі тады, калі М хоча яго паказаць. Ствараецца план дзеянняў, які таксама захоўваецца ў АА-сшытку з запланаваным графікам. М можа таксама карыстацца інструкцыямі Д, але ён можа захацець самастойна планаваць і запаўняць свой АА-сшытак.
Роля Д – ацаніць дасягненні М, дапамагчы яму і даць яму ўказанні. M і Д дамаўляюцца наконт ключавых пунктаў (стоп-кадры), калі абмяркоўваюцца запісы M, налепкі і разважанні пра зоркі. Абмяркоўваюцца поспехі ў дасягненні прынятых крытэрыяў і наступныя крокі. М запісвае свае разважанні. Д таксама можа, калі М таго захоча, запісваць уласныя назіранні і падказкі. Гэта можа быць зваротная сувязь у двух пунктах:
• Што ўжо зроблена
• Што яшчэ трэба зрабіць і магчымыя парады, як гэта зрабіць.
Графічны дызайн і змест сшытка – гэта справа М.
5. Падсумаванне. АА-сшытак пра зоркі створаны. Ён заканчваецца кароткім падсумаваннем працы і самаацэнкай – чаго атрымалася дасягнуць. Такі АА-сшытак застаецца ў М, і ён можа карыстацца, хваліцца ім і дапаўняць яго.
***
Ідэя пра вакацыйны АА-сшытак, здаецца, магчымая для дыстанцыйнага навучання. Асабліва гэта можа быць плённым, калі вучні папярэдне вялі АА-сшытак па гэтым прадмеце. Але вы можаце распачаць працу з вакацыйным АА-сшыткам і без папярэдняга вопыту дзяцей у працы з гэтым.
Як я бачу рэалізацыю гэтай ідэі ў дыстанцыйным навучанні?
1. Інфармаваць вучняў пра ідэю. Прадставіць ім праграму, якая павінна быць рэалізавана па прадмеце, напрыклад, на канікулах. Увогуле гэта можа быць нават не звязана з рэалізацыяй праграмы. У цяперашняй сітуацыі мы змагаемся за тое, каб вучні ўвогуле хацелі супрацоўнічаць з намі дыстанцыйна, а вось выкананне праграмы можна адкласці да лепшых часоў.
Мы даем вучню выбар – чым ён хоча займацца. Прапановы можна выкласці ў выглядзе ключавых пытанняў, якія зацікавяць вучняў.
Возьмем прыклад – біялогія ў 6 класе. Каранавірус перашкодзіў настаўніку азнаёміць вучняў з тэмамі “Рэптыліі, птушкі”.
Настаўнік прапануе вучням чатыры ключавыя пытанні, якімі тыя могуць заняцца ў сваіх АА-сшытках:
• чаму рэптыліі могуць жыць у пустыні, а земнаводныя не могуць?
• якія адрозненні ў будове і асяроддзі жыцця яшчарак, чарапах, змей і кракадзілаў?
• чаму птушкі могуць лётаць?
• чаму птушкі мігруюць, якія віды пакідаюць Беларусь, а якія прылятаюць зімой?
2. Пачынаецца індывідуальная работа з вучнем. Мы пытаемся ў яго пра мэты і крытэрыі, звязаныя з абранай ім тэмай. Пры неабходнасці мы даем парады і падказкі. Гэта індывідуальная праца, якая, памножаная на колькасць вучняў, можа быць знясільваючай. Калі ж дадзеная праца вядзецца па электроннай пошце ці тэлефоне, то яе час скарачаецца.
3. Вучань стварае сшытак. Гэта можа быць сшытак:
• рэальны – тады вучань адпраўляе настаўніку фатаграфіі або адсканаваныя старонкі сшытка;
• віртуальны – тады вучань адпраўляе яго настаўніку па электроннай пошце альбо змяшчае яго ў так званым воблаку.
4. Пасля вызначэння вучнем задач і крытэрыяў поспеху і кансультацыі з настаўнікам (ці дапамагаюць гэтыя задачы/крытэрыі дасягнуць мэты?), вучань працуе над выкананнем заданняў і перыядычна кансультуецца з настаўнікам па электроннай пошце ці па тэлефоне.
Калі некалькі вучняў выбіраюць адну і тую ж тэму, яны могуць працаваць разам, каб натхніць адзін аднаго. Тады настаўнік можа паказваць найбольш удалыя працы іншым вучням або зладзіць сустрэчу групы вучняў па скайпе. У такім выпадку магчымай становіцца ўзаемная ацэнка. Каментар і ацэнка настаўніка, безумоўна, таксама важныя.
5. Пры падвядзенні вынікаў працы вучня яго самаацэнка з'яўляецца найбольш важнай. Водгукі настаўніка або ўзаемная ацэнка могуць дапамагчы. Але самае галоўнае – гэта разважанне самога вучня над тым, чаму ён навучыўся.
Гэтая методыка выглядае эфектыўнай незалежна ад узросту вучня. Калі вучань знаходзіцца ў пачатковым класе, то могуць удзельнічаць і бацькі, а калі гэта вучань сярэдняй ці старэйшай школы, вы можаце працаваць з ім над тым, што яму сапраўды цікава, і гэта гарантуе поспех.
Данута Стэрна і Міхал Шчэпанік
Пераклаў Юрась Каласоўскі