Пётра Садоўскі
Агульныя ўражанні пра падручнік грамадазнаўства для 9 кл. пад рэд. Данілава А. М., 2020г., пераклад з расійскай мовы В. У. Бандаровіч, К. М. Пучынскай. Прозвішчы аўтараў асобных раздзелаў не пазначаны.
Пішу тэкст не толькі для аўтараў падручніка, але і для перакладчыкаў. Падобна, практыка перакладу падручнікаў з рускай мовы знікне яшчэ не хутка.
Што добрага ў навучальным дапаможніку?
Спецыяльна не ўжываю слова “падручнік”, бо гэта, на маё эмацыйна-псіхалагічнае ўспрыманне, хутчэй дапаможнік для настаўнікаў (ужо як бы саслізгваю ў крытыку…), а не для вучняў. Пра гэта – пазней. Добра, што тэкст амаль заўсёды адпавядае дзейным легітымным праграмам, няхай сабе пакуль незбалансаваным па ўсіх трох гадах вывучэння прадмета. Тэкст падручніка дае больш чым дастаткова тэарэтычнага матэрыялу, з якога можна выбраць патрэбнае з акцэнтам на асобныя раздзелы і падраздзелы. Гэта камплімент “дысцыпліне” выканаўцаў.
Найбольш запамінаюцца – на жаль, не вельмі шматлікія -- удалыя празрыстыя прыклады з жывога жыцця, якія просяцца быць інсцэнізаванымі ў дыялогах, скэтчах, “справакаваных” маналогах і г. д. Напрыклад, эпізоды, дзе гаворыца пра дзённік дзяўчынкі Ганны, заданне скласці анкету для характарыстыкі патрэбаў аднакласнікаў (з магчымымі рэкамендацыямі), прыклад з сёстрамі, што па-рознаму паводзяць сябе дома, дамашняя калізія, што ўзнікла ў момант чакання гасцей і адсутнасці дома хлеба, пра будаўнікоў, якія, узводзячы мур, адказваюць з “рознаўзроўневай матывацыяй” на пытанне, што яны робяць: кладу цэглу, зарабляю грошы, каб карміць сям’ю, будую храм. Няважна, што прыклад з мурам ўжо стаў класічнай ілюстрацыяй. У такіх выпадках няма неабходнасці спасылацца на першакрыніцы. Аўтары гэта заўсёды робяць. Праўда, калі-небудзь бываюць не заўсёды карэктнымі, як у савецкі час, баючыся, напрыклад рабіць спасылкі на Біблію. Так, “залатое правіла этыкі” (не рабі тое іншым, што ты не хочаш каб такое рабілі ў адносінах да цябе) – гэта не прымаўка і не проста папулярны выраз, як тое напісалі аўтары пры першай узгадцы пра т. зв. залатое правіла, а важная максіма з Эвангелля ад Матфея (ці вядомае вызванне Канфуцыя, ці англійскіх філосафаў-багасловаў), які перадае запавет Яго, Хрыста, як гэта слушна зроблена на с. 116. Магчыма, гэтую спасылку рабіў ужо іншы аўтар, а не той які ўпершыню узгадваў правіла. Коратка, лапідарна – не значыць па-аматарску, прыблізна. Калі ўжо быць абсалютна дакладным, то расказваючы пра паходжанне залатога правіла, трэба было б працытаваць арыгінал (Мф. 7:12) у кананічным беларускім перакладзе: “І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо ў гэтым Закон і Прарокі”.
Добра ўбудавана ў тэкст “піраміда Мaslow” (амерыканцы вымаўляюць “Мэслоў”), якую пры жаданні можна было б творча пашырыць (па-навуковаму – экстрапаляваць) і на нацыянальную ідэнтычнасць. “Самактуалізацыя” чалавека, што стаіць на вяршыні піраміды “завершанай” асобы адпавядае ўсведамленню “чалавека нацыянальнага” пра мадэрную дзяржаву разам з большасцю сфармаваных грамадзянаў, адзіных ў сваёй нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасці.
У нашым падручніку і ў расійскамоўным інтэрнэце чытаем і чуем “Маслоу” з націскам на апошнім складзе, што недапушчальна. Уявіце сабе, калі амерыканцы будуць вымаўляць “СкАрына”, то ці зразумеем мы, пра каго яны гавораць. Відавочна, што Мэслоў мае славянскія карані з даўнай міграцыі (нарадзіўся ў пазамінулым стагоддзі) і паспеў амерыканізавацца. Падобныя выпадкі назіраліся ў свой час пры “перакладзе” эўрапеізаваных ды амерыканізаваных славянскіх прозвішчаў. Напрыклад, Ўолт Ростаў (амерыканскі эканаміст Rostow, няправільна перадаваўся ў нашым падручніку грамадазнаўства для 10 класа як “Растоў”). У немцаў бываюць яшчэ прозвішчы знешне падобныя на славянскія – прускага паходжання (Памеранія), -- Wolzow, Virchow. Апошні – знакаміты прэгісторык (дагістарычны антраполаг) і патолаг. Фарманта “ow” у нямецкім вымаўленні перадаецца як “о”. Прозвішча гэтага прэгісторыка немцы вымаўляюць як “Вірхё” з націскам на 1-м складзе. Мяккае “хь” узнікла праз нарматыўнае вымаўленне так званага “іхь-ляўта”.
Грунтоўна і нескладана напісаны раздзел пра культуру, класічнае мастацтва, масавую культуру, суб- і контркультуры. Добра ілюстраваны.
Вельмі ўдалым аказаўся раздзел пра медыяадукацыю, - кампактны (усяго 6 старонак), напісаны “сваімі словамі”, не спісаны з грувасткіх новых публікацый, дастаткова поўны з улікам усёй агромністай колькасці навацый і тэрмінаў. Дробныя заўвагі да гэтай часткі будуць дадзены пазней пры абмеркаванні феномена “Вікіпедыя”.
Добрае заданне на с. 124 – Выканайце міні-праект “Вехі станаўлення беларускай дзяржаўнасці”. Толькі ці ў стане вучні 9-га класа гэта зрабіць? Ці захаваўся тут прынцып паралелізму і міжпрадметных сувязяў? Ці настаўнікі паспяваюць за тымі зрухамі, якія адбыліся ў акадэмічнай навуцы ў праекце “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, якія сталі публічнымі і легітымнымі на ўсіх узроўнях, нават у вуснах кіраўніка дзяржавы, за выключэннем, хіба, трактоўкі феномена БНР? Ці травеньскай Канстытуцыі часоў Касцюшкі з улікам “жнівеньскіх шлюбаванняў “ паміж Каронай і ВКЛ?
Па ўсіх тэмах шмат добра выкананых і лагічна пададзеных партрэтаў, фатаграфій, карцін, табліц. Якасць часам магла б быць і лепшай. Зразумела, што шмат чаго не залежыць ад аўтараў. Зрабіць якасныя тысячныя тыражы падручнікаў магчыма пры адпаведных фінансах.
Калі ілюстрацыі маюць адносіны да гістарычных асобаў, лепш даваць вядомыя, інфармацыйна “раскручаныя” экзэмпляры. Падаецца, што, напрыклад, партрэт Францішка Скарыны на с. 24 (з двух – левы) не вельмі вядомы і трошкі асучаснены: у акулярах, у дзіўнаватай шапцы, не то “калянай вязкі”, не то стылізаванай пад гуцульскі галаўны ўбор, з сучасным медальёнам на грудзях, якія некалі саматужна вырабляў нястомны аматар беларушчыны Анатоль Белы, цяпер ужо нябожчык.
Пра беларускую мову падручніка
Ведаючы, як цяжка перакладаць з блізкай мовы, прадбачыў шмат дыскамфорту. Так і атрымалася. Упэўнены, што і аўтарам арыгіналу было цяжка пазбегнуць уплыву “рускіх” рэалій паводле зместу. Пытаюся: чаму адразу не пісаць на беларускай мове? Мова цягне за сабой ідэнтычнасць нацыянальнай фактуры. Як той казаў, не хапіла палітычнай волі. Думаю, знайшліся б разумныя беларускамоўныя аўтары.
Дазволю сабе напачатку невялічкае мовазнаўчае разважанне, узгадаўшы вельмі частае ў тэксце падручніка слова-тэрмін, якое ўяўляецца мне калючай перакладной каракаціцай, што не хоча лезці ў беларускі рот. Баюся, што сустрэну супраціў настаўнікаў ды аўтараў падручнікаў, што некалі запісалі яго сабе ў памяць. Гэтае слова -- “асобасны” … Гэта калька з расійскага “личностный”. Перакладчыкі ды і аўтары, пэўна, маюць адукацыю гісторыкаў або філолагаў. У слове “асоба” у адрозненне ад расійскага “личность” у вытворных формах зусім іншая суфіксацыя. Ад “асоба” можна ўтварыць словы – “асобны”, “асабісты”, “асаблівы”, “асабовы” і “асобавы”. Яшчэ “асобы” – можна разглядаць як рэалію кшталту “КГБ”, якую не варта перакладаць, -- “асобы аддзел” = “особый отдел.” Быў яшчэ “спецхран”. Прапусцім тыя, што не маюць цікавай для нас семантыкі. Затрымаемся на “асабовы” і “асобавы”.
“Асабовы” – традыцыйнае звыклае “кніжнае” слова, напрыклад, ў спалучэнні “асабовы займеннік”, якое ўзнікла, відавочна, не без уплыву польскай граматычнай тэрміналогіі: osobowy zaimek. У польскай націск падае на перадапошні склад, таму іншай формы для беларускага асбовага займенніка пры запазычанні (калі гэта сапраўды было) не магло быць. Але ж, калі гаварыць, напрыклад, пра “внутриличностный конфликт» (і па-расійску прыдатна хіба што ў педагагічна-навуковым канцэлярыце, а не на старонках падручніка), то гэта можа мець націск і суфіксацыю, абумоўленых семантыкай слова. Гэта канфлікт унутры самой асобы, у асобе, што як бы праграмуе форму “ўнутрыасобавы”, значыць -- “унутрыасобавы канфлікт”.
Аднак з улікам традыцыі (узусу) – той жа асабовы займеннік – можна аддаць перавагу традыцыі перад як бы лагічнай суфіксацыяй у спалучэнні з “семантычным націскам”, як, напрыклад, у Купалы у варыянтах “морскія хвалі” і “марскія хвалі”. “Морскія хвалі” – больш паэтычнае, незвычайнае. Такім чынам, любое ўжыванне, ці то “асабовы, ці то “асобавы” можна дапусціць як два магчымыя варыянты замест недарэчнага “асобасны”.
У прадмове аўтары баяцца ўжываць даўно засведчаныя ў афіцыйных галіновых беларускамоўных энцыклапедыях тэрміны “сысуны” і “паўзуны”, што адпавядае расійскім млекопитающимся и пресмыкающимся. Зваротныя дзеепрыметнікі у нас недапушчальныя так сама, як і суфіксы “юч”,“уч” у гэтай часціне мовы. “Млекакормячы” мае неўласцівую непоўнагалосную форму, якая ёсць у царкоўна-славянскай і польскай, але недапушчальная ў беларускай мове. Калі з прычыны непісьменнасці некаму беларускія “сысуны” ды “паўзуны” здаюцца смешнымі, паглядзіце, напрыклад, на нямецкія адпаведнікі, дзе спецыяльныя тэрміны – функцыянальна-празрыстыя і маюць стогадовую традыцыю. Яны там таксама “сысуны” ды “паўзуны: Säugetiere і Kriechtiere. “Заўгэн” значыць “ссаць”, а “крыхен” – “поўзаць”. Tier значыць “жывёла”. Ужываюць немцы і лацінскія адпаведнікі: для “зойгэтірэ” --мамаліі і для “крыхьтірэ” – рэптыліі. Калі вельмі хочацца, можна іх ужываць і ў нашай мове.
Вечная праблема беларускага перакладчыка – асабліва ў немастацкіх жанрах – адарвацца ад “рускага міру”, які вабіць сваёй псеўдаўзвышанасцю, зачэрпнутай на працэнтаў 50-60 з улікам вытворных формаў (паводле Рамана Якабсона) з царкоўна-славянскай мовы (чытай: старабаўгарскай), што мае зусім іншую марфалогію, адрозную ад нашай сучаснай, якая, як і ўкраінская, у сваёй марфалагічнай частцы грунтуецца на народных гаворках. У лексічным складзе карціна больш складаная.
Вялікімі літарамі пішу: НЕ ТРЭБА ПЕРАНОСІЦЬ НАВУКАПАДОБНУЮ МОВУ МЕТАДЫЧНЫХ РЭКАМЕНДАЦЫЙ НА СТАРОНКІ ПАДРУЧНІКА! І ў загалоўкі таксама. З улікам спецыфікі некаторых паняткаў можна абмежавацца высілкамі дасягнуць толькі разумення іх, хаця б пры дапамозе тых жа сінквейнаў, а не заглыбляцца да ўзроўню “нараджэння новых сэнсаў” з прымяненнем гэтых слоў.
Мы маем стэрэатып пра немцаў як пра сухіх педантаў з “сумрачным германским гением», аднак аўтары 1-га тома падручніка грамадазнаўства для гімназій (11-годка, падручнік называецца POLITIK), які адпавядае прыблізна нашаму 9 класу, загалоўкам для падобнага зместу (“Унутрыасобавы канфлікт”, у іх тэрмін спецыяльна не ўводзіцца) выбралі простае гутарковае “Што са мной адбываецца?”. Стыль загалоўка праграмуе стыль тэксту. Адразу хочацца пачаць з прыкладу кшталту: “Пасля класнага сходу Аляксей адчуваў сябе ніякавата … “ . Тут можна гаварыць і пра самаадчуванне юнака пры пэўных канфліктах з бацькамі, сябрамі, няўдачах пры перацэнцы або недаацэнцы сваіх магчымасцяў і г. д. Абагульненне лепш даць у канцы развагаў.
У раздзеле “Асоба” не трэба перагружаць вучняў лавінай “вучоных” слоў з курса псіхалогіі для пачатковых курсаў ВНУ. Так, на с. 72 маем класіфікацыю розных відаў і станаў закаханасці:
- эрас;
- людус (ключавое лацінскае слова “гульня”, пэўна, як біялагічна-мастацкі рытуал кшталту танца, так бы мовіць, для сённяшніх лавеласаў);
- сторге (пяшчота; я першы раз у жыцці пачуў слова “сторге”);
- прагма (разважлівасць);
- манія (апантанасць);
- агапэ (бязмерная любоў, адданасць, напр., да блізкіх);
- філія (паміж бацькамі і дзецьмі) …
На с. 74 вучням прапануецца адказаць на пытанне, чым адрозніваецца “каханне” ад “закаханасці”. Мне асабіста на гэтае пытанне адказаць цяжка. А калі вучні чулі па аўтамабільным радыё лёгкую песню на вершы Адама Глёбуса з рэфрэнам “Гары яно гарам такое каханне, калі мілаванне застанецца марам!”. Тут яшчэ застаецца шырокае поле для фантазіі 15-гадовых[S1] [S2] … У тэксце ёсьць нават “пытаннечка” – як сябе пры гэтым адчувае сябе маё цела?). Як даць азначэнне афектам: узрушэнне, трапятанне, ціхамірнасць …? Вучняў просяць гэта зрабіць. Яны і па-расійску гэтага не зробяць. Чаму ў асобы, “сутыкненне з нечым, што моцна супярэчыць нашым каштоўнасцям і звычкам, выклікае … агіду? (с. 27). Такое, канешне, магчыма ў мастацкім творы. Тут больш дарэчы было б гаварыць пра здзіўленне, гнеў, нязгоду. Якое тут расійскае слова стаяла? Можа “неприятие”, “отторжение”? Дзесьці побач фігуравали словы “прыняцце, непрыняцце”. Хацелася перадаць усю “палітру” з нейкай расійскамоўнай псіхалагічнай распрацоўкі? Калі б аўтар пісаў раздзел “сваімі словамі”, яму б гэта і ў голаў не прыйшло. Такія “тонкія” прыклады можна доўжыць.
Або яшчэ адна навукападобная класіфікацыя на с. 105 – 5 стратэгій паводзінаў і шляхоў пагашэння канфліктаў… саперніцтва (можа, ўжо пара пачынаць пісаць сУперніцтва, як сУпрацоўніцтва?), супрацоўніцтва, кампраміс, прыстасаванне, пазбяганне, бяздзейнасць, пасрэдніцтва (можа, лепш пасярэдніцтва?), арбтітраж і г. д. Канешне, добра ведаць гэтыя словы як актыўны лексічны запас, але ці трэба на іх так глыбока класіфікаваць ізасяроджваць увагу, пераходзячы аж у сферу юрыспрудэнцыі? Ці вазьміце пералік характару канфліктаў (с. 96), іх аж 6 – матывацыйны, маральны, нерэалізаваных жаданняў, ролевы, адаптацыйны, неадэкватнай самаацэнкі … Як ацаніць канфлікт у сям’і з бацькамі ў розных сітуацыях: ролевы ён ці маральны? Усякія навукападобныя шматчленныя класіфікацыі заганяюць дзяцей у сон і лагодную меланхолію. Каб жа тэкст пісаўся адразу па-беларуску, ці ж бы ўзнік тут мёртвы “тэрміналагічны” назоўнік “пазбяганне”, які паўтарыў па-рабску наш аўтар ўслед за не вельмі разумным расійскамоўным аўтарам -- “избегание”… Ці ёсць у выдавецтве пасада рэдактара, -- не тэхнічнага, а моўнага?
Грамадазнаўства – школьны прадмет “пра жыццё”
Навукападобнасць выцясняе жыццёвую інфармацыю. Ва ўзгаданым нямецкім падручніку для 9-га класа у першых параграфах вучням даецца добра ілюстраваны і глыбокі матэрыял пра нямецкі штодзень і жыццё сваіх аднагодкаў у Германіі і ў іншых краінах. Гаворыцца пра паветра, ваду, смецце, двор каля дому, спрэчкі ў класе, кошт праезду на грамадскім транспарце, чаму даражэюць тавары і “ўсыхаецца” памер кішэнных грошай, ролю класнага “спікера” ў школе (называецца як у Бундэстагу, - “шпрэхер”, выступае ад імя класа на педагагічных радах), гаворыцца і пра ідэальных і дрэнных настаўнікаў, пра інвалідаў-вазочнікаў… У 8-м раздзеле (“Абарона навакольнага асяроддзя”) вучань даведваецца, што ў сярэднім нямецкая сям’я з 3-х чалавек спажывае кожныя 24 гадзіны прыблізна 150 л. вады: па 45 на душ/ванна і туалет, 20 л. на пральную машыну, 10 л. на прыборку кватэры і мыццё аўтамабіля, па 8-10 л. на мыццё посуду і штодзённую асабістую гігіену, 5 л. на паліўку газона каля дому, 3 л. на гатаванне ежы. Узгадваецца і пра дзьве клавішы ў туалетным бачку і пра тое, што карыстанне душам больш эканомнае, чым ванна. У нас не ўсе дарослыя ведаюць, колькі ў кубічным метры літраў.
Пасля вывучэння раздзела “Дзяржава, грамадства, грамадзянская супольнасць” нямецкі выпускнік дакладна ведае, чым адрозніваюцца сацыял-дэмакраты ад хрысціянскіх дэмакратаў, што такое праварадыкальная партыя “Альтэрнатыва для Германіі”, чаму немагчыма сфальсіфікаваць выбары, ведае ў твар актыўных палітыкаў, партрэты якіх даюцца ў падручніку. Наколькі помніцца, у беларускім падручніку грамадазнаўства для 10-га класа, на які я пісаў рэцэнзію гады два таму, пра партыі ў Беларусі напісана літаральна наступнае: “В Республике Беларусь действует много политических партий, однако широкой общественной поддержки они не получили ...» (с.142-145). І ўсё. Загадка для вучняў. І далей тут жа вельмі спрэчны тэзіс. “В наши дни политические партии, по мнению политологов и политиков, переживают период упадка ...». Я пытаўся: “Чыіх палітолагаў? Нашых беларускіх дзяржаўных? Ці брытанскіх? Ці “Адзінай Расіі” Пуціна? Узгадваю гэта таму, што сёння мы чакаем, што напішуць нашы аўтары новых падручнікаў для выпускнікоў пра палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Ці будуць зноў узгадваць толькі “папулярныя” БРСМ, “Белую Русь” ды “Саюз жанчын”.
У ФРГ ёсць выбар падручнікаў. Усе зацвярджаюцца кампетэнтным дзяржаўным органам з арыентацыяй на патрабаванні Канстытуцыі і найноўшыя дасягненні дыдактыкі і методыкі ў лічбавую эпоху. Якім карыстацца падручнікам, вырашае кіраўніцтва Зямлі і педагагічны калектыў школы (баварская школа можа ўзяць падручнік з Саксоніі). Карыстанне любымі матэрыяламі аддаецца на меркаванне настаўніка. Канешне, ёсць пералік ведаў і кампетэнцый, якімі павінен валодаць вучань па заканчэнні курса.
У нямецкім падручніку для першага года вывучэння грамадазнаўства не толькі “прыземлены” матэрыял. За штодзённымі фактамі праглядаюць паняткі дабра і зла, ідэі роўнасці і дэмакратыі, болевыя кропкі грамадства, -- мігранты, беспрацоўе, рост адміністрацыйных парушэнняў і крымінальных злачынстваў сярод школьнікаў і г. д. Тэмы “закальцаваныя”, прыклады даюцца з арыентацыяй на ўласную краіну.
На кожнай старонцы – фрагменты жывога жыцця. Так, на с. 231 кніжкі “Ein Arbeitsbuch für den Politik-Unterricht“ (можна перакласці як “рабочы матэрыл для ўрокаў грамадазнаўства”, бо “падручнік” па-нямецку “Lehrbuch » ці больш моднае “Lehrwerk ») бачым аксанаметрычны рысунак (не малюнак) банана, падзеленага на шэсць сегментаў з подпісам тлустым шрыфтам зверху: Хто зарабляе на бананах?
Іюстрацыя змешчана ў раздзеле №9 “Дзеці ў трэцім свеце”. Фатаграфіі дзетак ад гадоў 6-7 да 15-16 – выпраменьваюць дабрыню, закллапочанасць і смутак. Ёсць і ўсмешлівыя твары. Пад пэўным нумарам даюцца рэальныя імёны і прозвішчы дзяцей і назва краіны, дзе яны жывуць. Эмацыйнае ўздзеянне вельмі моцнае: жывое жыццё. Падзагаловак над выявай банана: Адзін банан каштуе 50 цэнтаў”. Дробным шрыфтам каля кожнага з 6-ці бананаваых сегментаў напісана, колькі цэнтаў атрымлівае кожны з удзельнікаў працэсу: работнік плантацыі 2-3 цэнты; уласнік плантацыі – 7; уласнік марскіх транспартных сродкаў і страхаўшчык – 10-11; гуртавы (аптовы) прадавец – 3; уладальнік вараўні (склад), дзе адбываецца даспяванне пладоў – 10-11; прадавец – 16. Усе лічбы, акрамя 1-й пазіцыі (заробак работніка плантацыі), даюцца з улікам прыбытку.
Школьнік вучыцца думаць на розных узроўнях: параўноўвае сваё жыццё з побытам дзяцей 3-га свету, якія працуюць на плантацыях, пачынае разумець, як фармуюцца цэны, інакш глядзець на кішэнныя грошы, якія яму даюць бацькі, задумляецца, каб зарабляць самому. Рамантыкі не шмат. Міжасобавыя адносіны разглядаюцца будзённа з прыкладамі інцыдэнтаў у класе, непаразуменняў з настаўнікамі, фальшывага сяброўства, лідэрства … Слова “булінг” не сустрэў. У нашым падручніку, здаецца, нават таблічка ёсць з рубрыкай “булінг”. Усё вельмі коратка. Без спецыяльнай тэрміналогіі. Для пачатковых класаў ёсць дапаможнік з назвай “TEAM” (“Каманда”), у якім “сваімі словамі” аўтары апісваюць той новы свет, у які школьнік увайшоў пасля сямейнай ласкі і “адзіналюбства” бацькоў. Тут яму трэба ўпісвацца ў каманду.
Ці шмат беларускасці ў падручніку?
На 227 старонках кніжкі беларускія прыкметы сустракаюцца 17 разоў: фатаграфія вокладкі кніжкі ўспамінаў Васіля Быкава (на рускай мове), прозвішча Скарыны праз коску сярод “вялікіх”, два партрэты Скарыны, фота Марыны Лобач (гімнастка), партрэт Казіміра Лышчынскага (добра б назваць месца нараджэння), узгадка імёнаў дзейных асобаў з “Дзікага палявання караля Стаха”, некалькі выпушчаных нацыянальным банкам беларускіх манет, паштовыя маркі (6 штук), старонка Статута ВКЛ, беларускі пашпарт, партрэт прэзідэнта Лукашэнкі, карціна Язэпа Драздовіча “Мінулае” (не самая цікавая), мемарыял у Трасцянцы, 9 Мая як беларускае традыцыйнае свята, вокладка кніжкі “Менск старажытны”, гербы шасці беларускіх гарадоў, карціна Стальмашонка “Слова пра Беларусь” (шэсць беларускіх твараў). Не ведаю, шмат гэта ці мала? Раней было горш.
Пэўна ж, падручнік мог бы быць больш нацыянальны, хаця мы ўжо, як кажуць, становімся выразнай “грамадзянскай нацыяй”, не пабыўшы “уволю” нацыянальнай. Дакладней кажучы, не стаўшы ёй з шматлікіх гістарычных прычын. Графу “нацыянальнасць” з пашпарта мы ўжо прыбралі.
Пачынаючы пісаць свой раздзел, як мне здаецца, акрамя агульнага плану ў адпаведнасці з праграмай, аўтар павінен сабраць у “асобны гародчык”, як прыкуп у картачнай гульні, нашы родныя персаналіі, падзеі, факты, сітуацыі ды інш. і ўстаўляць іх пры іншым, як бы роўным выбары, у першую чаргу. Не трэба забывацца і на прыём, які ў сярэдневечных еўрапейскіх бурсах называлі “два пішам тры запамінаем”: апісваючы адну з’яву, ускосна выпукляць факты, якія традыцыйна ў суседніх гістарычных сістэмах (у нашым выпадку – расійскай ці польскай) апісваюцца як факультатыўныя ці ўвогуле апускаюцца. Тлумачу: вось паводле праграмы ў раздзеле трэба апісаць дзейнасць філаматаў, філарэтаў і “прамяністых”. Палякі і расійцы будуць выпукляць ідэю свабоды, сацыяльнай роўнасці ды іншых традыцыйных паказчыкаў сацыяльнага прагрэсу. Гэта мы таксама павінны апісваць, але ж нам важна з таго ліцвінскага краёвага патрыятызму ды агульначалавечых каштоўнасцяў філаматаў ды філарэтаў “выкалупнуць” сваё, беларускае, што назапасілася на гэтай тэрыторыі спрадвеку. Ёсць гісторыя тэрыторыі і гісторыя нацыянальнай ідэнтычнасці. Сярод беларускіх нацыятворчых фактаў з дзейнасці філаматаў і філарэтаў варта заўсёды ўзгадваць дзейнасць такіх асобаў як Ян Чачот, які сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасьці зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны» 1846 году ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасцяў беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. У падручніку ў раздзеле, дзе гаворыцца пра вехі беларускай дзяржаўнасці і фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, можна даць фота “камяня філарэтаў” каля глухаватай лясной дарогі, недалёка ад вёскі Карчова, куды б цяпер маглі б заязджаць турысты. У свой час каля таго камяня спявалі не толькі урачыстыя гімны Міцкевіча, але і народныя песні, што гучалі ў наваколлі. Не ўсе прысутныя ведалі тайны памяркоўных філаматаў і больш “чырвоных” філарэтаў.
Пётра Садоўскі (у цэнтры) каля каменя філарэтаў.
Такім жа чынам трэба знаходзіць беларускае ў дзейнасці Івана Насовіча і Яўхіма Карскага, партрэты якіх маглі б быць змешчаны ў “іканастасе” падручніка. Выконваючы заказ Імператарскай акадэміі адзін з іх склаў “Словарь белорусского наречия», а другі напісаў капітальную працу “Белорусы”, якімі мы карыстаемся і сёння. У заключнай частцы сваёй працы Карскі даволі песімістычна выказаўся наконт будучыні беларусаў, але плён ягонай працы дае новыя парасткі для нашага аптымізму сёння.
Прывяду адзін вельмі тыповы прыклад, калі на месцы аўтапартрэтаў вядомых асобаў, пра якія прапаноўваецца вучням паразважаць (“Якая асоба зацікавіла вас найбольш? Чаму?), маглі б стаяць фатаграфіі беларускіх асобаў з добрым нацыянальным “шлейфам” і больш значныя па грамадзянскіх ці іншых вартасцях. Спачатку адна заўвага псіхалагічна-дыдактычнага характару.
Тут ёсць адна дыдактычная праблема. Бо мову жывапісу яшчэ трэба навучыцца прачытваць. Аўтапартрэт – гэта і рысунак і малюнак. Рысунак прачытваецца лягчэй, асабліва, калі гэта, напрыклад, аловак ці вугаль. Алей ці акварэль “расшыфроўваюцца” складаней. Агульная палітра, светлацені, дамінантныя элементы, перспектыва выявы не “чапляюць” аматара. Як і ў літаратуры добрых чытачоў, так і ў жывапісе дасведчаных глядачоў, магчыма не на шмат больш, чым добрых творцаў – пісьменнікаў ды мастакоў пэндзля.
Што да выбару асобаў, якія могуць чымсьці зацікавіць вучняў. Прапануюцца аўтапартрэты Ван Гога (з параненым вухам, павязкай і як бы ў зімовай шапцы), Аляксандра Ісачова (расійска-беларускі мастак, нарадзіўся ў Рэчыцы), Фрыды Кала дэ Рывэры (мексіканская мастачка). Зразумела, вучні палезуць шукаць у Вікіпедыю, што гэта за асобы. Што яны там знойдуць, як будуць інтэрпрэтаваць? Усе тры творцы маюць даволі экстраардынарны, як бы сказаў цяперашні тынэйджар, бэкграўнд. Яны “вытанцоўваюць” з агульнага шэрагу сучаснікаў і майстроў свайго цэху. Задаючы пытанне вучням пра тое, чым іх зацікавілі асобы на аўтапартрэтах, настаўнік пабуджае вучняў у першую чаргу гаварыць не пра мастацкі талент творцаў, а пра характар персанажаў, іх душэўны стан, адносіны да свету … Па парадку пра кожны аўтапартрэт.
Ван Гог вялікі мастак, але ж ці то на піку псіхапатычнага прыпадку сам адрэзаў сабе вуха (ці толькі вушны блінок?), ці то гэта зрабіў ягоны сябра-мастак падчас бойкі за прастытутку … Ісачоў – паводле сведчанняў мастацтвазнаўцаў – рысавальшчык не без таленту (апанеты часам ужываюць слова “кіч”), дасягнуў поспеху ў шараговай публікі за кошт эксплуатацыі забароненай у савецкі час тэмы Хрыста, у сваіх мастацкіх адчуваннях чуйны да “трансцэдэнтнасці”, памёр, не дажыўшы да сярэдзіны адмеранага веку.
Фрыда Кала дэ Рывера
Фрыда Кала – мастачка невысокага таленту, аўтарка тузінаў эпатажных аўтапартрэтаў, працавала ў стылі вельмі моднага на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя лацінаамерыканскага “народнага сюррэалізму з элементамі новай канкрэтыкі”. Тыповы прыклад скандальнай мас-культуры з палітычным эпатажам і мастацкімі перверзіямі. У гіспанскамоўных СМІ таго часу была “раскручана” як жонка Дыега Рыверы, таленавітага мастака з левымі камуністычнымі поглядамі, сама таксама камуністка, каханка Ільва Троцкага, які знайшоў на пэўны час прытулак у іх сям’і, уцёкшы ад Сталіна. Як вядома, энкавэдысты ўсё ж дасталі яго, забіўшы лёдавай пешняй. У інтэрнэце вучні прачытаюць пра своеасаблівы modus vivendi ў сям’і Дыега Рыверы, “пажырацеля жанчын”, пра садамазахісцкія (“Забі мяне пяшчотна!” – ёсць такі матыў у карцінах мастачкі) ды лесбійскія схільнасці ягонай спадарожніцы жыцця, аўтапартрэты са Сталіным, Карлам Марксам. Найбольш скандальная “карціна-сэлфі” з Марксам мае назву “Марксізм дае хворым здароўе”, дзе Фрыда, не то багіня, не то жрыца, як бы ўстаўшы з інваліднага вазка, адкідае кастылі (яна сапраўды была інвалід і мела шмат іншых хваробаў)… Галава Маркса з белай барадой, як у Саваофа, змешчана справа зверху над галавой гераіні, з галавы вырастае “жалезная рука пралетарыяту”, якая душыць горла чорнага драпежніка, сімвал капіталізму – амерыканскага “дзядзьку Сэма” у тыповым брылі з фактурнай зорна-паласатай лентай дзяржаўнага сцяга ЗША. Над усім лунае белы голуб міру, амаль як у Пабла Пікаса, які тыражаваўся ў тыя гады ў СССР. У левай руцэ лірычнай гераіні – чырвоная кніжка, пэўна, цытатнік. Справа ўнізе – нешта, што нагадвае зямны шар ці “лямпачку Ільліча”, сімвал электрыфікацыі. Іншыя дэталі можаце разгледзець самі на інтэрнэт-копіі, якую прыкладаю.
Магчыма, я не зразумеў задуму аўтара раздзела. Я далёкі ад думкі, каб па-фрэйдыску трактаваць такі выбар. Мне было б больш сімпатычна на месцы аўтапартрэтаў гэтых экстравагантных персанажаў бачыць фатаграфіі, напрыклад, маладога франтаватага Янкі Купалы пецярбурскага перыяду ці ягонае фота з 1930-га году пасля спробы самазабойства ў засценках НКВД, ці інтэлігентны “маскулінны” фотапартрэт юнага гімназіста Максіма Багдановіча …
Вікіпедыя – не Брытаніка!
Значную частку самастойных заданняў у падручніку складаюць даручэнні: знайсці, параўнаць, спраўдзіць і г. д. розныя факты, з’явы, падзеі. Калі не даюцца для арыентацыі пэўныя крыніцы, вучань, натуральна, пачне пошук у інтэрнэце на вядомых сайтах. Безумоўна, адным з першых будзе Вікіпедыя. Вельмі добра тлумачыць вучням, як трэба ставіцца да гэтага інфармацыйнага рэсурсу, аўтар раздзела “Медыякультура сучаснага грамадства”. Ён (ці яна?) слушна называе Вікіпедыю сайтам, а не энцыклапедыяй, адносячы гэты рэсурс да сацыяльных сетак. Узгадвае дату ўзнікнення Вікіпедыі, характар аўтарства, раіць вучням параўнаць інфармацыю пра адную і тую ж з’яву, апісаную на розных мовах. Вучні 9-га класа ўжо могуць набраць у пошукавай сістэме адны і тыя ж ключавыя словы па англійску, расійску і беларуску. Вельмі карэктна і даступна аўтар тлумачыць асаблівасці мэсыджаў (тут гэта слова ўмеснае з улікам ўсяго інтэнэт-жаргону кшталту правайдэр, аватар, воблака і г. д.) рознага характару, асабліва падрабязна спыняючыся на рэкламе. Можна пералічваць шмат чаго станоўчага з гэтага раздзелу. Тут ўзгадкі і пра псіхалогію, і пра мараль, і пра эстэтыку, і палітыку, і пра комплекснае бачанне свету, і пра падтэкст з схаванымі мэтамі, і пра навязлівыя фэйкі …
Хацелася б выказаць некаторыя меркаванні. Я не ведаю, колькі старонак было дадзена аўтару раздзела. Магу меркаваць, што не шмат. Бо на ўсяго шасці старонках (параграф 20, сс.182-188) “утрамбавана” шмат чаго.
Мне асабіста, як, думаю, і вучням, будзе не хапаць жывых прыкладаў. Ясна, што ў дадатак да падручніка павінны быць створаныя практычныя дадаткі па пэўных тэмах. Падручнік можа быць значна скарочаны. Калі аўтар піша, што “рэклама мае мэту не толькі павесяліць вас, а прадаць тавар”, можна было б даць хаця б адзін яскравы прыклад. Важна было б падкрэсліць, што цяпер часта падаецца схаваная контррэклама, калі ўскосна даецца негатыўная інфармацыя пра тавар канкурэнта. На практычных занятках можна было б прывесці факты з жывога жыцця Беларусі, як, напрыклад, разгортвалася гады тры таму рэкламная кампанія для прасоўвання контрафактных расійскіх электронных лічыльнікаў. Нашы падкупленыя (ці некампетэнтныя) СМІ ўжо заяўлялі пра канец эры індукцыйных лічыльнікаў для садовых таварыстваў. Увішныя “жучкі” без гарантый нажываліся на сціплых пенсіянерах, што мелі простыя аднатарыфныя індукцыйныя апараты, з якіх паказанні знімаліся ”уручную”, а не дыстанцыйна, і якія маглі эксплуатавацца яшчэ доўгія гады пры ўмовах “паверкі” ў дзяржаўных майстэрнях за невялікую грашовую кампенсацыю. Тут табе і маленькі момант ісціны існавання т.зв. Саюзнай дзяржавы.
Або яшчэ адзін факт з гэтай жа тэмы. Мы моўчкі купляем разрэкламаваныя контрафактныя энергазберагальныя светладыёдныя расійскія лямпачкі з фальшывымі расійскімі сэртыфікаатмі за 5-8 рублёў як бы з гарантыяй на 2-3 гады. Іх сабекошт – 20 еўрацэнтаў. Лямпачкі гарантыйны тэрмін не вытрымліваюць. Сэртыфікаты штампуюць расіяне. Наш дзяржаўны эксперт Пашык (імя не памятаю) двойчы публічна агучваў гэты ганебны факт на пасяджэнні адпаведнага сумеснага камітэта ЕЎРАЭС , але яго не чуюць. Пра гэта пісала і “Беларусь сегодня” і “Народная воля”. У Маскве па ім стралялі (з выступу самога Пашыка ў НВ) і падалі зыск у суд за “дыфамацыю Расійскай дзяржавы”. Такія факты абавязкова выклікаюць цікавасць вучняў. Шмат хто з іх па просьбе бацькоў купляў ляпмачкі ў гіпермаркетах.
У падручніку ў гэтым раздзеле можна было без усялякіх эўфемізмаў канстатаваць, што энцыклапедычныя традыцыі ў еўрапейскіх краінах (Германія, Францыя, Брытанія і нек. інш.) значна больш грунтоўныя, чым, напр., нашы, таму мае сэнс часам спраўджваць пэўныя факты па гэтых іншамоўных крыніцах. Падкрэсліць, што ў пэўных тэмах, якія закранаюць “патрыятычную” фактуру, акцэнты могуць значна адрознівацца. Напрыклад, немцы і палякі будуць па-рознаму трактаваць нацыянальную ідынтычнасць Каперніка. Што да беларуска-расійскіх, беларуска-літоўскіх, расійска-украінскіх энцыклапедычных фармулёвак пра пэўныя персаналіі, тут – мора разыходжанняў.
Важна пераканаць вучняў пры выбары мовы пошуку пачынаць з беларускага варыянта Вікіпедыі. Гэта дапаможа знайсці больш адэкватны матэрыял, мець гатовыя дакладныя тэрміны на беларускай мове і спрыяць пашырэнню сферы ўжывання нашай мовы і кантэнту ў сеціве ўвогуле. Гэта асобная спецыяльная тэма.
Калі аўтар раздзела пытаецца ў вучняў “Плюсам ці мінусам з’яўляецца захаванне Вікіпедыяй інфармацыі пра ўсіх аўтараў, якія ўносілі змены ў артыкулы?”, варта ім сказаць, што аўтары змен, як правіла пішуць пад псеўданімам і праз пэўныя прычыны любяць заставацца ананімнымі. Асабліва тады, калі пішуць самі пра сябе, складаючы свой прывабны партрэт або шальмуючы канкурэнта ці проста несімпатычнага сабе чалавека. На гэтую тэму я ў свой час напісаў інтэрнэт-нарыс “Videor ergo sum: дэманы віртуальнай прасторы”, які можна прачытаць ў інтэрнэце, набраўшы маё імя “Пётра Садоўскі”, бо ёсць яшчэ варыянты на расійскай і лацінцы. Тры словы на лаціне перакладаюцца – “Мяне бачаць, -- значыць я ёсць”. Тут першае слова з’яўляецца 1-й асобай залежнага стану дзеяслова videre (я бачаны). Гэта алюзія на іншыя падобныя максімы: дэкартаўскае cogito ergo sum (я мыслю, таму я ёсць), раблезіянскае жартаўлівае ceno ergo sum (я ем, значыць я існую) і г. д.
Раздзел “Медыякультура сучаснага грамадства” надзвычай важны. Яго можна было б павялічыць разы ў два за кошт скарачэння навукападобных класіфікацый і дэфініцый ў папярэдніх тэмах. Або, як я адзначаў раней, распрацаваць дадатковы ілюстрацыйны матэрыял з жывога беларускага штодня. Аўтар раздзела вельмі добра справіўся з сваёй задачай у даволі кампактным фармаце.
Што рабіць далей?
Адкажу рамантычна: нельга даць слушны адказ на ненармальнае становішча рэчаў. Па максімуму -- складаць новую праграму, ідучы ад жывога жыцця. Спачатку скласці спіс жыццёва важных тэмаў і глыбіню кампетэнцый, якімі павінен валодаць вучань па заканчэнні ўсяго курсу. Раскласці па гадах з улікам узросту, міжпрадметных сувязяў і колькасці гадзін на прадмет. Падыходзячы нефармальна ў межах магчымай грамадзянскай ініцыятывы, паступова назапашваць ілюстрацыйны тэкставы матэрыял практычнага характару. Арыенцірамі могуць быць ўдалыя замежныя падручнікі і дапаможнікі. Некаторыя раздзелы, асабліва тыя, што закранаюць актуальны стан грамадскага ўладкавання дзяржавы, у падручніках абмежаваць апісаннем тыпалогіі найбольш вядомых стабільных краін, а сваю Беларусь апісваць дакладна ў рабочых матэрыялах, бо цяперашні стан немагчыма адэкватна апісаць у традыцыйным фармаце падручніка, заглыбляючыся ў рэаліі. Пісаць адразу па-беларуску.