Як дэмакратызацыя ўрока можа стаць новай педагагічнай філасофіяй (+ ВІДЭ майстар-класа А.Радзевіч М. Кудзейка)

Цi патрэбная ў школе дэмакратыя? З такога пытання, адрасаванага калегам, распачалi свой майстар-клас на EdCamp-2020 дацэнт кафедры менеджменту i адукацыйных тэхналогiй Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi БДПУ Мiхась КУДЗЕЙКА i начальнiк Цэнтра прафесiйнага развiцця i iнавацыйнай адукацыi АПА Алена РАДЗЕВIЧ. Дэмакратычная адукацыя — што гэта значыць? Удзельнiкам было прапанавана паразважаць над гэтымi пытаннямі i даць адказ у канцы «ўрока».

— Той, хто думае, што дэмакратыя на ўроку азначае свята непаслухмянасцi — маўляў, што хочаш, тое i робiш, сур'ёзна памыляецца. Такое бачанне дэмакратыi — далёкае ад рэчаiснасцi, — падкрэслiвае Алена Радзевiч. — Распачынаць рух у гэты бок мы прапанавалi б з сумеснага вызначэння вучнямi правiл узаемадзеяння ў калектыве, складання, так бы мовiць, Канстытуцыi класа. Напрыклад, выказваннi кожнага з'яўляюцца важнымi. Слухаем адзiн аднаго не перапыняючы.

На занятках адключаем гук тэлефона. Абражаць адзiн аднаго нельга, усмiхацца можна i гэтак далей. Калi дзецi самi ўстанаўлiваюць правiлы, яны будуць iх прытрымлiвацца. Гэта iх сумесна прынятая рэзалюцыя...

 

— А я хацеў бы пазнаёмiць усiх з такой методыкай сацыяльнага i псiхалагiчнага развiцця школьнiкаў, як лялька-асоба, — прапанаваў Мiхась Кудзейка, трымаючы ў руках умоўную гераiню — ляльку. — Гэта Ганна Пятроўна — настаўнiк з вышэйшай квалiфiкацыйнай катэгорыяй, яе педагагiчны стаж складае 30 гадоў. Яна вельмi любiць сваю работу i ганарыцца тым, што яна настаўнiца. Яе працоўныя дасягненнi адзначаныя ганаровымi граматамi. Некалькi былых вучняў абралi педагагiчную прафесiю. Ганна Пятроўна лiчыць, што яе заслуга ў гэтым таксама ёсць. У школе яна мае аўтарытэт. Да яе з павагай ставiцца адмiнiстрацыя, прыслухоўваюцца бацькi, бо лiчаць добрым i надзейным педагогам. Але Ганна Пятроўна вырашыла падзялiцца з намi сваёй праблемай. Яна лiчыць сябе творчым педагогам, таму на ўроках iмкнецца выкарыстоўваць як мага больш наглядных дыдактычных матэрыялаў, прэзентацый i гульняў. Але апошнiм часам матывацыя ў яе выхаванцаў да вучэбнай дзейнасцi чамусьцi знiзiлася. Нягледзячы на тое што яна старанна рыхтуецца да ўрокаў, каб зрабiць iх больш разнастайнымi i цiкавымi, вучнi не праяўляюць зацiкаўленасцi да iх зместу, зусiм неактыўныя ў выкананнi прапанаваных заданняў.

Пасля наведвання «педагагічнага кафэ» для ўсіх аказалася сапраўдным адкрыццём, што, аказваецца, свабодным можна быць не толькі ў выбары дамашняга задання.

Ганна Пятроўна заўважыла, што дзецi з большай радасцю i iнтарэсам «завiсаюць» у сваiх тэлефонах на перапынках, чым задаюць пытаннi. Спрабавала праводзiць гутаркi пра важнасць ведаў у жыццi i з дзецьмi, i з iх бацькамi, але чаканага эфекту не дасягнула. Спрабавала выкарыстоўваць стымуляцыйнае ацэньванне, нават раз-пораз парушаючы нарматыўныя патрабаваннi да выстаўлення адзнак, але i гэта не дало вынiку, бо жаданне мець высокi бал нiяк не стасуецца з жаданнем працаваць на ўроку. Апошнiм часам Ганна Пятроўна вырашыла павысiць матывацыю вучняў праз развiццё выхаваўчай работы, распрацавала грунтоўны план, уключыла ў яго цiкавыя мерапрыемствы, але i гэта не прынесла плёну. «Кожны раз на бацькоўскiх сходах мы разам абмяркоўваем праблему матывацыi дзяцей да вучобы, але прыходзiм да высновы, што яны змянiлiся, i акрамя гаджэтаў iх нiчога не цiкавiць. Я не ведаю, што рабiць. Дапамажыце мне», — просiць Ганна Пятроўна. Што вы, калегi, параiце настаўнiцы?

Удзельнiкi майстар-класа не прымусiлi чакаць, хоць, не выключана, што хтосьцi з iх мог убачыць сябе на месцы ўмоўнай Ганны Пятроўны:

— А вы пыталiся ў вучняў, што iм цiкава?

— Дзецi павiнны бачыць сэнс у тым, што яны робяць на занятках. Калi гэта будзе звязана з iх жыццём, з тым, што iх турбуе, iнтарэс абавязкова з'явiцца...

— Можа, трэба пашукаць праблему ў сабе? Ганна Пятроўна, я вельмi раiла б вам знайсцi для сябе яшчэ нешта, акрамя школы. Вы ўжо празмерна зацыклiлiся на сваёй рабоце i, магчыма, становiцеся не вельмi цiкавым чалавекам. Трэба, каб вучнi бачылi ў вас не толькi настаўнiка з 30-гадовым стажам, а яшчэ i цiкавую асобу.

— А прапануйце дзецям самiм правесцi такi ўрок, на якiм iм было б цiкава...

— Многiя настаўнiкi, як i наша Ганна Пятроўна, «пакутуюць» ад таго, што дакладна ведаюць, як будзе лепш. Але вельмi важна зрабiць крок насустрач вучню i спытаць у дзяцей, а што цiкава iм? Выслухаць, улiчыць iх прапановы. Магчымасць выказацца ўсiм, быць пачутымi, сумеснае прыняцце рашэнняў — надзвычай важны складнiк дэмакратыi, — падкрэслiвае Алена Радзевiч. — Але наколькi вучнi вольныя ў выбары формы i зместу ўрока?

— Насамрэч яны не маюць выбару нават у тым, з кiм сядзець за партай, калi харчавацца, у якой лакацыi займацца i ў што апранацца, — з сумам канстатавалi настаўнiкi.

Але пасля наведвання «педагагiчнага кафэ» для ўсiх аказалася сапраўдным адкрыццём, што, аказваецца, свабодным можна быць не толькi ў выбары дамашняга задання. Прыклад — тэма «Кругаварот вады ў прыродзе». У якасцi галоўнай «стравы» было прапанавана адно заданне на выбар: можна было прыдумаць i прачытаць рэп з тлумачэннем таго, што адбываецца падчас кругавароту вады ў прыродзе, прыдумаць цi паказаць пантамiму або напiсаць сiнквейн (кароткi верш, якi складаецца з пяцi радкоў, што не маюць рыфмы) аб гэтым прыродным працэсе.

Міхась КУДЗЕЙКА: «Калегі, што мы параім Ганне Пятроўне?»

Трэба прызнаць, што рэп у выкананнi настаўнiкаў, якiя прымерылi на сябе ролю вучняў, аказаўся проста фантастычным!

— Магчымасць выбару — вельмi важная. Калi яна ёсць, мы фармiруем адказную iнiцыятыўную асобу. Выбар — гэта не толькi свабода, але i адказнасць! — падкрэслiваюць Мiхаiл Кудзейка i Алена Радзевiч. — Вучань ведае, што ён можа што-небудзь прапанаваць i будзе пачуты. Важны прынцып дэмакратычнай адукацыi — сiстэматычнае яе прымяненне, а не ад выпадку да выпадку, яна павiнна стаць вашай педагагiчнай фiласофiяй. Дэмакратыя — гэта асэнсаваны выбар. Выдатны педагог Януш Корчак казаў: «Нiшто не можа быць пабудавана без дзiцяцi», а заснавальнiк парыжскай дэмакратычнай школы Рамiн Фарханджы лiчыў, што дэмакратыi нельга навучыць, трэба паўсюдна ствараць умовы, i яна прарасце сама…

Надзея НIКАЛАЕВА
Звязда
Фота арганiзатараў EdCamp Belarus — 2020