Сяргей Цімашук: Трэба часцей браць на сябе адказнасць

Настаўнікам фізікі і інфарматыкі ў Беражноўскай сярэдняй школе Столінскага раёна Сяргей Цімашук працуе ўжо дваццаць сёмы год. На пытанне, што трымае ў вёсцы, шчыра кажа: "Я пабудаваў там свой дом, у Беражным жывуць мае сябры, там звыклае асяроддзе, ну і, канешне, там мая любімая праца і вучні. Але я насамрэч вельмі люблю прыязджаць у горад, пасядзець, выпіць кавы на адкрытай тэрасе кавярні". А паўтара года таму звычайны вясковы настаўнік (ці ўсё ж такі не зусім звычайны?) трапіў на Вялікі адронны калайдар. У праграме “Размовы пра адукацыю” Сяргей Цімашук расказаў, як ён апынуўся ў Швейцарыі, падзяліўся сваімі "рэцэптамі" ратавання ад прафесійнага самавыгарання і думкамі пра тое, што б яму хацелася б змяніць у сучаснай школе.

І ты зможаш

— Ад моманту, калі я даведаўся, што можна трапіць на Вялікі адронны калайдар, і да моманту, як я там апынуўся, прайшло недзе тры ці чатыры гады, — расказвае настаўнік. — Спачатку я даведаўся, што можна стаць удзельнікам навуковай школы для настаўнікаў фізікі ў СЕRN (Еurореаn Оrgаnіzаtіоn fоr Nuсlеаr Rеsеаrсh, Gеnеvа). Адукацыйную праграму арганізоўвае штогод вучэбна-навуковы цэнтр Аб'яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне. Мэта — скарачэнне "адлегласці" паміж школай і фундаментальнай навукай і распаўсюджванне сучасных навуковых ведаў сярод шырокай аўдыторыі. Цікавасць моладзі да фізікі, на жаль, падае ва ўсім свеце. І мы, як настаўнікі, павінны быць яе папулярызатарамі, каб нашы вучні захапіліся фізікай, а маладыя даследчыкізатым прыходзілі ў навуку. СЕRN — цэнтр сучаснай фізікі. На яго тэрыторыі размяшчаецца Вялікі адронны калайдар. Арганізацыя стваралася пад эгідай ЮНЕСКА і з самага пачатку ставіла сваёй задачай зрабіць перадавыя веды іадкрыцці даступнымі грамадству. На Вялікім адронным калайдары прымяняюцца самыя перадавыя тэхналогіі ў ядзернай фізіцы.

Праграма для педагогаў уключае цікавыя лекцыі аб сучаснай фізіцы, сустрэчы з навукоўцамі-фізікамі ўрабочай і нефармальнай атмасферы, экскурсіі, сесіі пытанняў і адказаў. Для ўдзелу запрашаюцца настаўнікі з Расіі, Беларусі і Украіны. Я доўга не мог знайсці смеласць, каб адправіць сваю заяўку. І толькі калі пяць добра знаёмых мне настаўнікаў фізікі ўжо там пабывалі, я ўсё ж такі адважыўся і сказаў сабе: "Яны змаглі і ты зможаш". А пра тое, што мая кандыдатура была ўхваленая, даведаўся ў свой дзень нараджэння. Вось такі прыемны падарунак для мяне атрымаўся. Таму раю ўсім не баяцца і падаваць заяўку адразу, як скончыцца пандэмія, якая прымусіла паставіць гэтую праграму на паўзу.

Нябачныя нюансы

Дарэчы, сярод былых вучняў Сяргея Цімашука ёсць настаўнікі фізікі. Хоць цяпер усё часцей фізікі мігрыруюць у ІТ-сферу — туды, дзе большыя заробкі.

— Колькі сябе памятаю, у мяне заўсёды была поўная нагрузка ў школе. А маладыя прыходзяць, адпрацоўваць свае два гады па размеркаванні і сыходзяць. Або ідуць у войска, але пасля службы ў арміі ўжо да нас не вяртаюцца, — з сумам канстатуе настаўнік. — Я не ведаю, чаму так адбываецца. Ці заробкі іх непрывабліваюць? Ці педагагічная праца цяпер не лічыцца прэстыжнай у моладзі? Магчыма, яны не бачаць тут перспектыў, бо вучняў становіцца менш. Раней у класах было па 30—35 вучняў і некалькі класаў у паралелі. Потым колькасць вучняў зменшылася да 24—25, а цяпер у нашых класах па 13—16 дзяцей, хоць паралелі яшчэ ёсць. Больш амбіцыйныя педагогі шукаюць сабе месцы ў гімназіях іліцэях.

Моладзь зараз імкнецца з'ехаць у горад, бо ў вёсцы, акрамя асноўнай працы ў школе, трэба яшчэ і гаспадаркай займацца, а гэта маладых не вельмі прываблівае. Найлепшыя нашы выпускнікі з'язджаюць вучыцца, і мала хто з іх вяртаецца. Адбываецца вымыванне і кадраў, і людзей. Я жартую, што жыву там, дзе заканчваецца геаграфія Беларусі. Да Украіны ад нас рукой падаць. Да Мінска мне дабірацца пяць гадзін і столькі ж да Кіева, да Гомеля — чатыры гадзіны і да Брэста — тры. Нават транспартная інфраструктура не спрыяе таму, каб да нас ехалі. Хоць і вёска наша немаленькая — дзве тысячы жыхароў. А побач яшчэ больш буйныя вёскі.

У нашым аграгарадку ёсць спартыўная і музычная школы. У спартзалу ў школу па вечарах прыходзяць і дарослыя. Я лічу правільным, штошкола з'яўляецца своеасаблвым цэнтрам грамадскага жыцця. А настаўніка на вёсцы па-ранейшаму паважаюць. Тым больш што у мяне ўжо вучацца вучні маіх вучняў. На дзяцей гэта ўскладае пэўную адказнасць, бо мне неабавязкова запрашаць іх бацькоў у школу, я магу з імі сустрэцца ў краме ці проста на вуліцы. Гэта спрыяе больш цёплым і даверлівым адносінам. Але калі ты жывеш на вёсцы, гэта зусім не значыць, што ўсё круціцца вакол гаспадаркі. Я, напрыклад, вельмі люблю пагуляць у камп'ютарныя гульні-шутары. Яшчэ люблю чытаць, — канстатуе настаўнік.

— Я так арганізаваў сваё жыццё, што на работу хаджу з задавальненнем. Хоць, прызнаюся, быў час, калі падумваў сысці са школы. А калі не атрымалася, то проста змяніў сваё стаўленне да работы. Напрыклад, некаторыя мае калегі не любяць так званыя "форткі" паміж уро камі, а я люблю, бо магу за гэты час падрыхтавацца да заняткаў і праверыць сшыткі. Таму дадому нясу работу ў значна меншым аб'ёме, чым гэта было раней. Лічу, што працаваць 24 гадзіны ў суткі — няправільна.

А яшчэ я вырашыў пашырыць межы свайго асяроддзя. З’ездзіў у метадычны летнік “Альхоўка”, які вось ужо больш як 30 гадоў арганізуе летам на беразе ракі Страча ў Астравецкім раёне прафесар кафедры педагогікі і менеджменту акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Запрудскі. Там я ў нефармальнай сяброўскай атмасферы пазнаёміўся з новымі людзьмі, якія атрымліваюць ад сваёй працы вялікае задавальненне, натхніўся і вырашыў, што далей працаваць, як было раней, нельга. І сёння, калі ў мяне ўзнікаюць праблемы, я магу патэлефанаваць у любы час сваім сябрам па Альхоўцы.

Дарэчы, Мікалай Запрудскі кажа, што настаўніку трэба браць на сябе большую адказнасць. Калі я разам са сваімі калегамі ў рамках адукацыйнага візіту наведваў школы Прагі, то быў вельмі ўражаны тым даверам, які аказваецца там настаўнікам. Дзяржава вызначае, якія веды, уменні і навыкі павінны быць у вучня на выхадзе са школы, а ўжо настаўнік сам вырашае, якім шляхам ён гэтага будзе дасягаць. А нам дзяцей даверылі, але, як іх вучыць, мы не можам самі вырашаць. У нас можна набыць каляндарна-тэматычнае планаванне ўрокаў. Нават напружвацца не трэба. Здаецца, гэта зручна, алекалі б настаўнік сам гэта рабіў, у яго была б больш цэласная карціна, як вывучаць тую ці іншую тэму. Лічу, што трэба часцей выходзіць з зоны камфорту, таму што праца настаўніка -- гэта адказнасць, ён праводзіць з дзецьмі нават больш часу, чым іх бацькі

Эксперыментальная навука

На пытанне, ці патрабавальны ён настаўнік, Сяргей Цімашук усміхаецца: "Хачу бачыць сябе патрабавльным, але я, хутчэй, усё ж такі лаяльны. Усе навукі завязаны на фізіцы. Таму да старшых класаў трэба засвоіць пэўную базу фізічных ведаў, а ўжо потым можна дыферэнцыраваць падрыхтоўку, каму трэба — няхай вывучаюць фізіку на павышаным узроўні. Але ў вясковай школе стварыць асобны профіль праблематычна. Упэўнены, што прымусіць вучня вучыццанемагчыма. Яго можна толькі зацікавіць, уключыць у нейкую групу, каб з'явілася зацікаўленасць у групавой працы і адказнасць. Падчас выканання праектаў кожны сам выбірае ролю для сябе. На жаль, праграма па фізіцы, на маю думку, вывучаецца ў школе ледзьве не галопам, бяжым усё хутчэй і хутчэй. Між іншым фізіка — навука эксперыментальная. Эксперыменты трэба ладзіць пастаянна, але школьныя лабараторыі фізікі сёння патрабуюць новага абсталявання. А электронныя сродкі навучання ніколі не заменяць рэальны эксперымент. Ведаеце, як жартуюць мае калегі: "Проста не вучы фізіку ў школе, і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чараўніцтвам". Нядаўна мы вывучалі раздзел "Статыка", віды раўнавагі. Дэманстраваў вучням, як на адной запалцы трымаюцца два відэльцы. Любы эксперымент можа зачапіць дзяцей. Дарэчы, навучэнцы вельмі любяць у якасці дамашняга задання ладзіць фізічныя эксперыменты і здымаць іх на відэа. Гэта іх чапляе".

Як ставіцца да цэнтралізаванага тэсціравання?

"Прызнаюся, для мянегэта дылема, — кажа педагог. — Я, напрыклад, ведаю чалавека, які добра здаў ЦТ па фізіцы, але ён не можа разлічыць сілу Ампера і сілу Лорэнца. Фармальна ён вывучыў формулы, але ніколі не зможа стаць добрым канструктарам. Лічу, што фізіку трэба здаваць, як гэта было раней, у вуснай форме, але ў нашых рэаліях існуе вялікі недавер да вусных экзаменаў, таму, напэўна, на дадзены момант ЦТ — найбольш аб'ектыўны экзамен, які адкрывае дарогу ў ВНУ ўсім здольным дзецям, і не толькі гарадскім. Можа быць, трэба было б змяніць структуру тэстаў, каб не было магчымасці ўгадвання адказаў. Каб вучань мог паказаць свае ўменні ў вырашэнні задач..."

А вось забараняць смартфоны на ўроку педагог не лічыць мэтазгодным.

— А чаму б не выкарыстоўваць іх у адукацыйных мэтах? — разважае ён. —

Напрыклад, скіраваць вучняў на пошукі адказу ў інтэрнэце. Яны могуць знайсці там вельмі супярэчлівую інфармацыю, а гэта ўжо медыяадукацыйны складнік урока. Я скончыў курсы па медыяадукацыі і зараз імкнуся прымяняць атрыманыя веды на сваіх уроках. Выкарыстоўваю таксама элементы актыўнай ацэнкі.

Яшчэ адна эфектыўная методыка — перакулены ўрок. Напрыклад, у 11 класе на інфарматыцы вельмі шмат матэрыялу даводзіцца праходзіць у класе. Таму тут дапамагае перакулены ўрок, калі тэарэтычную частку дзеці вывучаюць дома, а на занятках мы ўжо вучымся атрыманыя веды прымяняць на практыцы.

За што я асабіста гатовы заплаціць грошы?

Нядаўна ездзіў у Мінск, у Акадэмію паслядыпломнай адукацыі, каб даведацца, як здаць экзамен на настаўніка- метадыста. Гэта выдаткі, якія я гатовы несці, я такім чынам укладваю сродкі ўсваё развіццё. Але школа не павінна зарабляць грошы. Гэта не яе функцыя. Што я хацеў бы змяніць? Адмяніў бы рэйтынг школ. Кожная навучальная ўстанова павінна быць унікальнай і камфортнай для дзяцей, няхай у ёй будзе свая "разыначка", напрыклад, школьны тэатр. І не трэба параўноўваць адну ўстанову з іншай.

Карысна было б стварыць сапраўднае вучнёўскае самакіраванне, каб вучні неслі адказнасць за тое, што адбываецца ў школе, каб тыя самі вырашалі, ці хочуць удзельнічаць у тым ці іншым конкурсе. Каб не толькі прапаноўвалі, але і здзяйснялі — тады яны будуць гэта цаніць. Школа павінна быць тым месцам, дзе фарміруецца шырокі кругагляд, таму неабходна вучыць нашых дзяцей глядзець на праблему з розных ракурсаў, трэба, каб у школе было больш дыскусійных пляцовак і каб навучэнцы вучыліся выказваць розныя думкі".

Надзея НІКАЛАЕВА.