ПЕРШЫ ДОСВЕД БЕЛАРУСКІХ МІНІКЛАСАЎ У МАГІЛЁВЕ

Міхась Булавацкі,  настаўнік, Магілёў 
(паведамленне на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, Коўна, Літва, 1-3.10.2021; панэль: Адукацыя як фактар чалавечага капіталу)

 

ПЕРШЫ ДОСВЕД БЕЛАРУСКІХ МІНІКЛАСАЎ У МАГІЛЁВЕ

FIRST EXPERIENCE OF BELARUSIAN MINI-CLASES IN MAHILIOU

Апошнія 30 год мы жывем у цікавым часе. Беларускі народ атрымаў незалежнасць і пакуль не ўсвядоміў, што гэта такое і як у гэтым існаваць. Мы рухаемся як бы ў прыцемках, навобмацак. І здараецца нярэдка так, што, пачынаючы адну справу з нейкімі чаканымі вынікамі, мы выходзім дадаткова на нешта іншае, не менш істотнае.

Так атрымалася, напрыклад, з “Беларускім пяціборствам”. Распачынаючы ў 2001 годзе гэтае інтэлектуальнае спаборніцтва для навучэнцаў Магілёўшчыны, мы (актывісты абласной арганізацыі ТБМ) проста хацелі даць магчымасць маладым людзям папрактыкавацца ў выказванні думак на роднай мове пры развязванні матэматычных задач, пры адказах на пытанні з геаграфіі, фізікі, біялогіі, чаго ў звычайнай школьнай практыцы не хапае. Але нечакана атрымалі магутны сродак уздзеяння на розумы маладых людзей. Пра тое можна прачытаць у інтэрнэт-выданні [1] або ў шматлікіх публікацыях, прысвечаных “Беларускаму пяціборству” [напрыклад, 2].

Не менш цікавыя высновы з’явіліся і пры адкрыцці малакамплектных беларускіх класаў у Магілёве.

Школьныя праграмы разлічаны не на самых здольных і не на самых няздольных вучняў. Абіраецца нейкі “сярэдні варыянт”. І настаўнік амаль кожнага класа апынаецца перад праблемай: як зрабіць так, каб самыя здольныя не сумавалі і каб іншыя паспявалі на даступным для іх узроўні. Праблема не простая, калі ў класе каля 30 вучняў, і не кожны настаўнік знаходзіць прыдатныя шляхі яе вырашэння.

А цяпер уявім, што ў класе ад аднаго да шасці вучняў. Скажаце: дзе такія класы знайсці? Хіба што ў нейкай вясковай школе. Не, гаворка пра горад, у якім такія класы адкрываюцца, пра Магілёў.

Некаторыя магілёўцы зразумелі, што можна зрабіць так, каб іх дзіця вучылася ў класе, дзе не 30 вучняў, а значна менш. У такім класе да дзіцяці будзе больш увагі, што павінна станоўча адбіцца на яго вучобе. Гэта, мабыць, адна з важнейшых прычын, якія падштурхнулі некаторых бацькоў запатрабаваць для свайго дзіцяці беларускамоўнага навучання.

Першымі такога права для сваёй дачкі дамагліся сужонцы Зміцер і Надзея Салаўёвы ў 2010 годзе. Спачатку ў першым-Г беларускім класе магілёўскай школы № 1 было трое вучняў, але двум аказалася далёка ездзіць і ў другі клас бацькі перавялі дзяцей у школу бліжэй ад дому. Ялінка Салаўёва засталася ў класе адна. Працавала з гэтым “класам” вопытная настаўніца Наталля Аржанава. Вось фрагмент яе інтэрвію ў газеце “Вечерний Могилёв” [3]:

“… Праграму першага класа мы паспяхова закончылі датэрмінова. Апошнія некалькі месяцаў працавалі па праграме другога класа.

– Так вы праграму чатырох гадоў за тры гады асвоіце!

– Маглі б і за два. Але хто ж нам такое дазволіць?

Вопыт настаўніцы падказаў ёй, што таптацца цэлы год у межах праграмы першага класа з трыма разумнымі дзеткамі не варта. І яна рушыла ў праграму наступнага класа. Рушыла, але баялася, каб гэтага не заўважылі назіральныя інстанцыі. Як жа – парушэнне праграмы!

Хто ж такое дазволіць”! А хто ж такое забароніць? Заканадаўча гэта не забаронена. І патрэбна толькі смеласць настаўніцы і рашучасць бацькоў.

У часы СССР у прэсе раз-пораз мільгалі паведамленні аб тым, што нейкі хлопец ці дзяўчынка скончылі школу ў 13, 14, 15 год і сталі студэнтамі. Прывяду толькі адзін прыклад такой публікацыі, які знайшоўся ў маіх архівах. Маскоўскі тыднёвік “Неделя” у нататцы “Малыши обгоняют время” пад рубрыкай “Вот что такое акселераты!” пісаў: “1 сентября 1977 года Алёша Шистко, которому не было ещё семи лет, стал учеником четвёртого класса школы…”. Там жа – пра Славу Уланоўскага, які скончыў трэці клас у сем год [5].

Такіх паведамленняў раней хапала, але падаваліся яны з ноткамі здзіўлення, як звычайна пішуць пра нешта анамальнае. Але ж насамрэч ніякай анамаліі тут няма. Амаль у кожным класе з трыццаці вучняў знойдзецца адзін (ці нават не адзін), хто здольны засвоіць праграму класа прыкметна хутчэй за іншых.

Досвед выдатнага савецкага настаўніка В.Шаталава паказаў, што такіх дзяцей вельмі шмат. І што ж перашкаджае скарыстацца гэтай прыроднай нормай?

Вось яшчэ прыклад: навучэнцы закрытага ўладамі ліцэя імя Я.Коласа. Ліцэй працягвае сваю дзейнасць у самастойным плаванні. Для дзяржаўнай сістэмы адукацыі гэтыя юнакі і дзяўчаты не існуюць. Але вось напрыканцы вучобы яны прыходзяць у дзяржаўныя школы здаваць іспыты экстэрнам – і здаюць! І атрымліваюць дакумент аб заканчэнні школы. Былі выпадкі, калі хтосьці з навучэнцаў ліцэя здаваў іспыты не па заканчэнні 11-га класа, а па заканчэнні 10-га. І ўсе такія спробы заканчваліся паспяхова.

Адзін з бацькоў неяк патлумачыў: а навошта сыну заканчваць школу раней? – у 15 год ён стане студэнтам і акунецца ў студэнцкія спакусы большай вольнасці, якія могуць вывесці на крывую дарогу. А ў выніку такая боязь прыводзіць да таго, што малады чалавек губляе 2-3 гады свайго жыцця на пустое высіджванне ў школе, прытупляючы свае мысліцельныя здольнасці.

Гэта выразна паказала тая ж Ялінка Салаўёва, калі перайшла ў 5 клас. Там з ёю працавалі ўжо розныя настаўнікі-прадметнікі. І гэтыя настаўнікі, у адрозненне ад Н. Аржанавай, “выконвалі праграму”. Да прыкладу, калі на складанне звычайных дробаў у курсе матэматыкі праграмай адводзіцца 3 ўрокі, а дзяўчынка засвоіла гэтае складанне за адзін урок – што павінна рабіць маладая настаўніца матэматыкі? Прыступіць да вывучэння наступнай тэмы пабаялася: як жа – парушэнне праграмы! І яна яшчэ два ўрокі працягвала займацца складаннем звычайных дробаў. І так па ўсіх іншых тэмах на ўсіх уроках. У выніку такога навучання мысліцельныя здольнасці дзяўчынкі не развіваліся, а наадварот мізарнелі, пра што падрабязней можна прачытаць у кнізе [4].

Варта адзначыць яшчэ адну асаблівасць апошніх гадоў. Усё часцей з’яўляюцца публікацыі пра таго ці іншага школьніка, які зарабляе грошы, скарыстоўваючы кампутарныя тэхналогіі. І чаму гэты разумны чалавек яшчэ школьнік, а не студэнт?

Такім чынам, можна адзначыць, што беларускія мінікласы ствараюць новыя магчымасці для развіцця маладога чалавека, іх варта асэнсаваць, давесці да розуму настаўнікаў і бацькоў і пры іх жаданні скарыстоўваць. Усё ж год жыцця маладога чалавека – гэта вялікі элемент чалавечага капіталу. 

 

Скарыстаная літаратура:

  1. М.Булавацкі. Каб не ўпадобіцца чыраю, або Як арганізаваць і правесці Беларускае пяціборства. – Інтэрнэт-выданне. Магілёў, 2010. 88 ст.

  2. М.Булавацкі “Вярнуць інтэлекту радзіму”. – “Звязда” 28.02.2004.

  3. М.Булавацкі. Настаўніцкае шчасце Наталлі Аржанавай. // “Вечерний Могилёв” 22.06.2011 г.

  4.  М.Булавацкі. Беларус у Беларусі. Эпісталярыі пра мову і маральнасць. – Смаленск: Інбелькульт. 2017. 336 ст.

  5. С.Николаев. Малыши обгоняют время. // Тыднёвік “Неделя” № 3, 1979.

  6.  

bulavacki@gmail.com