Часам людзі, якім трэба даць не лёгкую для ўспрыняцця зваротную сувязь (напрыклад, зваротную сувязь на няякасную работу), залагоджваюць яе да такой ступені, што атрымальнік інфармацыі не разумее дакладна паведамленне і тое, што ад яго патрабуецца. Чалавек, які дае зваротную сувязь, стараецца быць добрым і пазбягае раніць пачуцці чалавека, якога тычыцца інфармацыя. Такое залагоджванне інфармацыі робіць яе неэфектыўнай і можа прывесці да паразы. Змякчэнне часта выклікана добрымі матывамі, мы не жадаем пагаршаць і без таго цяжкае становішча нашага суразмоўцы або не жадаем, каб нас успрымалі як крытыкаў.
Іншая крайняя пазіцыя - трактаванне зваротнай сувязі як інструкцыі да таго, што трэба змяніць. Звычайна гэта выклікае бунт з боку атрымальніка зваротнай сувязі. Нават калі гэты бунт не бачны ці нават не ўсвядомлены, зваротная сувязь усё роўна не эфектыўная.
Важна ўсвядоміць і ўзгадніць мэту прадстаўлення зваротнай сувязі. Усе зацікаўленыя павінны ведаць, што мэта зваротнай сувязі - ДАПАМОГА.
Калі вы рыхтуецеся даць зваротную сувязь, падумайце і задайце сабе наступныя пытанні:
• Як сцісла выкласці свой пункт гледжання?
• Як адрозніць факты ад уласных уяўленняў?
• Якія факты стаяць за маімі меркаваннямі?
• Ці ёсць у маіх меркаваннях прадузятасць?
Падчас размовы выкарыстоўвайце наступную тактыку:
- Запэўніце атрымальніка ЗС у вашых добрых намерах. Можна нават спытаць, якую інфармацыю хоча пачуць суразмоўца.
- Не перагружайце чалавека вялікай колькасцю інфармацыі, лепш засяродзіцца на меншай колькасці аспектаў падчас адной сустрэчы.
- Фармулюйце ўсё коратка, як мага менш слоў, кажыце толькі пра тое, што абмяркоўваецца.
- Абмяркоўваючы кожны аспект, давайце факты і ўстрымайцеся ад вынясення прысуду. Прадстаўляйце фактычную інфармацыю і, калі гэта «добрая» інфармацыя, і калі гаворка пра тое, што варта змяніць.
- Не пераскоквайце з тэмы на тэму, падсумуйце, ці дастаткова асветлена тэма.
- Абмяркуйце тэму з эмпатыяй і заклапочанасцю, можна спытаць, ці гатовы суразмоўца абмяркоўваць далей або адкласці размову.
- Дазвольце атрымальніку інфармацыі самастойна прыйсці да вырашэння сваёй праблемы.
Прыклад: Размова дырэктара з настаўнікам пасля назірання за ўрокам:
— Спадарыня Ганна, як вы ведаеце, мы сустракаемся, каб абмеркаваць ваш урок. Адзіная мэта абмеркавання - дапамагчы вам палепшыць вашу працу. Калі вы з чымсьці не згодныя, адразу кажыце. Я хацеў бы ахапіць толькі два аспекты на ўроку, іншыя мы можам разабраць на іншай сустрэчы. Гэта: разуменне вучнямі мэт урока і падвядзенне вынікаў урока.
Для пачатку я хацеў бы спытаць, чым вы задаволены ў сваёй працы ў гэтых двух сферах.
— Мне здаецца, што кожны з вучняў запісваў мэты ў свой сшытак і яны былі даволі цікавымі для вучняў. Я змагла падвесці вынікі ўрока, хаця не ўсе пагадзіліся з тым, што мэты дасягнутыя.
— Так, насамрэч, мэты былі запісаны і падсумаваны ў канцы ўрока. Віншую, што вы пра гэта не забыліся, таму што мы над гэтым працуем у школе. Я хацеў бы глыбей зірнуць на гэтыя два аспекты. На пачатку ўрока, калі Вы дыктавалі вучням мэты, я заўважыў, што вучні іх перапісваюць аўтаматычна, ніхто не пытаўся пра іх сэнс. Як вы думаеце, усе вучні іх зразумелі?
— Не ведаю, але яны павінны пытацца, калі не разумеюць.
— А як вы думаеце, можна было запытацца пра гэта або па-іншаму праверыць іх разуменне?
— Хм, я магла б знайсці час, каб адказаць на іх пытанні, але тэма была шырокая, і я крыху пашкадавала часу.
— Гэта праблема ўсіх нас — недахоп часу. Я заўважыў, аднак, што Ян глядзеў на свайго суседа па парце, як пішацца слова «супрацьстаянне», я думаю, што ён не ведае яго значэння, і я падазраю, што, магчыма, ён не вызначыў у канцы ўрока, што ён дасягнуў сваіх мэтаў.
— Я думала, усе ведаюць гэтае слова. Я таксама не вельмі зразумела, якія мэты не былі дасягнуты на думку вучняў. Магчыма, мне варта гэта праверыць.
— Я бачу, што вы самі ведаеце, што можна было зрабіць інакш, я паспрабую абагульніць гэта ў двух сказах:
Наступным разам карысна спытаць вучняў, як яны разумеюць мэты ўрока.
А пры падсумаванні, звярніцеся да кожнай мэты асобна і праверце, якая не была дасягнута.
Ці правільна я сфармуляваў?
— Так, я лічу, што гэта добрая парада, паспрабую гэта змяніць.
— Ці можам іншым разам абмеркаваць іншыя аспекты ўрока?
— Так, але добра, каб Вы мне сказалі загадзя, пра што будзем гаварыць.
— Добра, давайце пагаворым заўтра, падчас вашага акна, і я дашлю вам па электроннай пошце, пра што мы будзем гаварыць. Мы таксама можам падняць тэму, якая вас хвалюе.
Тыя ж правілы могуць дзейнічаць і пры зваротнай сувязі з вучнямі.
Прыклад, зваротная сувязь вучню ад настаўніка
— Марыся, я дала табе пісьмовы каментар да тваёй работы «дзве зоркі і адно пажаданне». Ты з ім пазнаёмілася?
— Я прачытала.
- Ты хочаш што-небудзь спытаць?
— У першым крытэрыі вы напісалі, што я іх добра выканала, але не ведаю дакладна, што было добра.
— Я табе тлумачу... .., ты цяпер згодна, што авалодала гэтым навыкам?
— Так, і з другой «зоркай» згодна, у мяне гэта заўсёды атрымлівалася. Аднак у «пажаданні» я не ведаю, як палепшыць?
— Спачатку паспрабуй сваімі словамі сказаць мне, што тут не так, а потым падумай як зрабіць лепш.
- ……………
— Бачыш, ты сама прыдумала добрае рашэнне і напэўна зможаш выправіць гэты фрагмент. Пра іншыя аспекты пагаворым у наступны раз, добра?
Данута Стэрна
з выкарыстанні матэрыялаў артыкула "Бізнэс": https://larahogan.me/blog/dont-soften-feedback/