Дзённік настаўніцы. 12 сакавіка

Ганна Севярынец
12.03.2022

Я сёння паглядзела некалькі інтэрвью з харошымі людзьмі з Расіі. Яны плачуць, ім балюча, і яны ніяк не могуць патлумачыць, што ж такое адбылося і што пайшло ня так.

І дзіўна мне, што яны так пакутуюць ад неразумення. Бо ёсць такі абсалютна хрэстаматыйны тэкст 19 стагоддзя. Называецца "Философическое письмо". Аўтар - Пётр Чаадаеў. Пагугліце, яно элементарна гугліцца. У школе ўсе вучылі на памяць верш Пушкіна да Чаадаева: "Пока свободою горим, пока сердца для чести живы", дык мусілі настаўнікі пра гэтае пісьмо распавядаць у ідэале, я заўсёды распавядала. Чаадаеў шчэ і прататып Чацкага, таму і на гэтых уроках гэтае "Філасафічнае пісьмо" мусіла ўсплыць, бо Чаадаева, як і Чацкага, за гэты тэкст аб'явілі вар'ятам. Ліст гэты забаранілі адразу пасля публікацыі, часопіс закрылі, рэдактару выпісалі воўчы білет, але ў савецкія часы ўжо не было праблемы яго прачытаць.

Пачытайце, там усё па паліцах раскладзена на стагоддзі назад і наперад.

Калі б людзі, ёшкін кот, нармальна чыталі бы кніжкі, і не займаліся б інтэрпрэтацыямі, а проста чыталі бы словы так, як яны напісаныя, яны б нашмат шчаслівей жылі.