Таццяна Мікалаеўна Зямлянік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 2 г. Турава
Крыніца: Веснік адукацыі, №5, 2022г
Галоўная мэта сучаснай адукацыі — гэта падрыхтоўка вучня да рэальнага жыцця. Мы павінны даць яму магчымасць без праблем увайсці ў свет дарослых, стаць актыўным грамадзянінам нашай краіны.
Відавочна, што сёння на выхаванне, развіццё і адукацыю навучэнца ўплывае не толькі школа, але і медыяпрастора. Вучні маюць неабмежаваны доступ да любой інфармацыі, але мала хто клапоціцца аб тым, каб праверыць праўдзівасць крыніцы, прааналізаваць яе, падумаць, калі і для чаго быў створаны кантэнт, хто яго аўтар.
Развіццё медыяграматнасці — гэта не модны трэнд, а патрабаванне сучаснага жыцця. Ад таго, наколькі вучань будзе медыяпісьменны, наколькі будзе развіта яго крытычнае мысленне, залежыць наша будучыня. Інфарматызацыя і глабалізацыя зрабілі наша ўспрыняцце свету ў многім адпаведным таму, як падаюць яго медыя. Таму хочацца, каб нашы вучні навучыліся самастойна ацэньваць падзеі, прымаць рашэнні, рабіць выбар не пад уплывам эмоцый або маніпуляцый, а ацаніўшы інфармацыю, якасць аргументаў і г. д.
Медыяпісьменнасць — найважнейшая сучасная кампетэнцыя, якую патрэбна фарміраваць у навучэнцаў як мага раней. У школе няма асобнага прадмета, дзе б гэта можна было ажыццявіць, таму кожны настаўнік павінен падумаць аб тым, як інтэграваць медыяадукацыю ў свой вучэбны прадмет.
Фарміраваць медыяпісьменнасць вучняў можна на любым этапе ўрока любога вучэбнага прадмета. Прапануем шэраг практыкаванняў, якія дапамогуць гэта зрабіць на ўроках мовы і літаратуры.
Перш за ўсё мэтазгодна патлумачыць вучням сэнс паняццяў «медыятэкст», «медыяграматнасць», «медыяадукацыя».
Медыяадукацыя — гэта шлях дапамогі вучням, якія жывуць у інфармацыйным грамадстве і залежаць ад тэхналогій; выхаванне ў іх здольнасці глядзець на свет самастойна і прымаць свае ўласныя рашэнні; працэс развіцця асобы з дапамогай і на матэрыяле медыя [1, с. 19].
Медыяграматнасць – сукупнасць навыкаў і ўменняў, якія дазваляюць знаходзіць патрэбную інфармацыю; аналізаваць, ацэньваць паведамленні ў розных відах медыя; ствараць уласныя тэксты ў розных відах, жанрах і формах медыя [1, с. 12].
Медыятэкст — любое паведамленне, перададзенае з дапамогай візуальных ці аўдыя сродкаў [1, с. 19].
Прыведзеныя фармуліроўкі могуць быць не зусім зразумелыя для вучняў, таму лепш тлумачыць іх на зразумелых прыкладах. Напярэдадні Новага года, напрыклад, гэта можна зрабіць на мандарынах.
Гульня «Медыяежа»
Настаўнік: Што вы ведаеце пра мандарыны? Якія могуць быць станоўчыя і адмоўныя бакі іх ужывання? (На дошцы робіцца запіс у дзве калонкі.)
Прыкладныя запісы |
|
Станоўчыя бакі |
Адмоўныя бакі |
Гэта ежа |
Алергія |
Шмат вітамінаў |
Калі іх пераесці, то можа забалець жывот |
Карысныя |
Калі мандарыны няякасныя, няспелыя, то можа стаць блага, можна атруціцца |
Атрымліваеш задавальненне, калі іх ужываеш |
|
Мандарыны любяць і ўжываюць і дарослыя, і дзеці |
|
З таго, што мы вызначылі, зразумела: мандарыны патрэбны арганізму. Але ж мы людзі разумныя і, улічваючы інфармацыю другой калонкі, нам патрэбны адказы на пытанні: колькі мандарынаў можна з’есці, каб не атрымаць алергію, каб не забалеў жывот; якія павінны быць мандарыны і г. д. Дзе знайсці патрэбную інфармацыю? Пералічыце тыя крыніцы інфармацыі, якімі вы карыстаецеся (даведнік, энцыклапедыя, дапамога бацькоў, інтэрнэт і г. д.).
Назавіце крыніцу, якую вы найчасцей выкарыстоўваеце. (Звычайна дзеці адказваюць, што шукаюць інфармацыю ў Інтэрнэце. Тады дэманструецца слайд, на якім прадстаўлены магчымыя вынікі пошукаў у інтэрнэце: артыкул з Вікіпедыі, рэклама, паштоўка, навуковы артыкул, пост у сацыяльных сетках, інфаграфіка і інш.).
Усё названае — гэта медыяпрадукты, або «медыяежа», — гэта значыць інфармацыя, якую мы спажываем з розных крыніц. Як мандарыны і іншыя прадукты харчавання забяспечваюць наш арганізм патрэбнымі рэчывамі для нармальнага існавання, так «медыяежа» забяспечвае наш мозг інфармацыяй для нармальнага развіцця.
Давайце звернемся да запісаў у табліцы і параўнаем якасць мандарынаў і якасць інфармацыі.
- Калі мандарын можа быць небяспечным? (Калі ён няспелы, няякасны.)
- А ці ведаеце вы выпадкі, калі чалавеку было дрэнна ад ужывання няякаснай «медыяежы»? (Прачытаў недакладную аб’яву — у выніку спазніўся на мерапрыемства або не знайшоў, дзе яно праходзіць; зрабіў няўдалую пакупку і г. д.)
- Калі мы прыходзім у краму альбо на кірмаш, як мы выбіраем мандарыны?
- А на што мы павінны звярнуць увагу, калі выбіраем інфармацыю?
У выніку такой гутаркі падводзім вучняў да высновы, што «медыяежа» можа быць карыснай і шкоднай, і адносіцца да яе патрэбна адказна.
Настаўнік: Але не ўсё так проста. Скажыце, што гэта? (Вучням дэманструецца фрукт, падобны на мандарын. Таму чакаемы адказ —
«мандарын».)
— А вось і не. Гэта клеменцін. Гібрыд мандарына і апельсіна, вельмі падобны на мандарын. А ёсць яшчэ гібрыды «танджэла», «рангпур», «свісці»,
«мініёла» і і нш.
Значыць, не ўсё, што мы бачым, адпавядае таму, што мы аб гэтым думаем. Таму патрэбна вельмі ўважліва ставіцца да любой інфармацыі, якую мы спажываем з любых медыякрыніц. Неабходна разумець, што ёсць факт, а ёсць меркаванне.
Факт — дакладная інфармацыя, якую можна пацвердзіць або абвергнуць.
Меркаванне — гэта перакананне або нечая суб’ектыўны пункт гледжання. На меркаванні ўплываюць нашы сімпатыі/антыпатыі, эмоцыі, жыццёвы вопыт і інш. [1, с. 64—65].
Настаўнік прапануе праверыць, наколькі можна давяраць тэксту пра мандарыны, знойдзенаму на прасторах інтэрнэта, патрэніравацца ў вызначэнні фактаў і меркаванняў.
Практыкаванне «Чытанне з алоўкам»
Заданне вучням:
Прачытайце тэкст (прыкладны тэкст пададзены курсівам, але настаўнік можа выкарыстоўваць любы тэкст, у адпаведнасці з тэмай, матай і задачамі ўрока), прамой лініяй падкрэсліце факты, хвалістай — меркаванні. Зрабіце вывад пра надзейнасць інфармацыі ў гэтым тэксце.
Як і большасць цытрусавых, мандарыны пры доўгім захоўванні практычна не губляюць сваіх уласцівасцяў. Разам з мандарынам у ваш арганізм паступаюць вітамін С, правітамін А (неабходны для скуры і вачэй), В1 (неабходны для нервовай сістэмы), а таксама вітаміны D і К. Пры гэтым нітратаў у мандарыне не бывае зусім. Гэта тлумачыцца тым, што ў ім утрымліваецца цытрынавая кіслата, якая нейтралізуе хімічныя злучэнні.
У якасці дыетычнага лекавага напою спецыялісты рэкамендуюць піць дзецям і хворым свежавыціснуты сок мандарына. Калі ў вас павышаная тэмпература цела, сок мандарына лёгка дапаможа задаволіць смагу. Акрамя таго, мандарын здольны аказваць супрацьвіруснае і процімікробнае дзеянне, а значыць, яго можна выкарыстоўваць у прафілактычных мэтах.
Але варта памятаць, што бываюць і захворванні, пры якіх мандарыны не рэкамендуюцца. Да прыкладу, мандарын можа аказаць шкоду арганізму пры язве страўніка, гастрыце, каліце, халецыстыце і гепатыце. Заўважаныя і алергічныя рэакцыі, якія суправаджаюцца пачырваненнем скуры.
Пасля таго, як вучні атрымалі першапачатковае ўяўленне пра медыятэксты, прыступаем да асноўнай работы. Улічваючы ўзроставыя асаблівасці, пачынаць гэта мэтазгодна з выяў. Таму ёсць некалькі прычын. Праз малюнак, зрокавыя вобразы дзеці лепш успрымаюць інфармацыю. Неабходна таксама ўлічваць усім вядомае кліпавае мысленне сённяшніх вучняў.
Сучасныя сродкі інфармацыі вельмі разнастайныя: ілюстрацыя, шарж, фотаздымак, рэклама, карыкатура, сэлфі, калаж, комікс і інш. Бясспрэчна, нельга казаць, што многія з іх актыўна выкарыстоўваюцца на традыцыйным уроку, але яны цікавыя вучням, таму мае сэнс увесці іх у змест навучання і тым самым «асучасніць» урок, зрабіць крок насустрач вучням, каб выпрабаваць дзяцей у той частцы медыяпрасторы, дзе для іх ніхто правілаў не ўстанаўліваў.
Самае простае, што можа прапанаваць настаўнік, — гэта прааналізаваць малюнак. Яго можна прыстасаваць да тэмы ўрока, да значнай падзеі, да надвор’я; выкарыстаць на матывацыйным этапе, на фізкультхвілінцы.
Настаўнік прапануе дзецям разгледзець малюнак і агучвае выказванне: «Сёння самае цудоўнае надвор’е». Гэта факт ці меркаванне?
Прыём «Апішы малюнак». Для развіцця медыяграматнасці можна даць заданне ў двух варыянтах. Першы варыянт акцэнтуе ўвагу на фактах, другі — на меркаваннях [2, с. 39].
Тут важна звярнуць увагу вучняў на тое, што асабістыя эмоцыі (прыгожы/непрыгожы, падабаецца/не падабаецца) — яўная прыкмета меркавання.
Прыём «Параўнанне»
Перад выкананнем задання можна запытаць у вучняў:
- Ці ёсць нейкія правілы параўнання?
- Што можна параўноўваць, а што нельга?
Неабходна звярнуць увагу навучэнцаў, што патрэбна вылучаць не толькі тое, што адрознівае прадметы, але і тое, што іх аб’ядноўвае; абавязкова належыць вызначыць мэту параўнання, а потым сфармуліраваць вывад.
Настаўнік прапануе разгледзець два малюнкі.
Чаму мы па-рознаму ўспрымаем адзін і той жа аб’ект?
(Вызначаюцца адрозненні ў выявах мастака і фатографа, а таксама ў лініях параўнання: колер, пастава, ежа).
Знайдзіце агульнае/адрознае.
Ці перадаў мастак фактычную інфармацыю пра вожыка?
Чаму мастак стварыў не зусім тыповы малюнак вожыка, адступіў ад факталагічнага матэрыялу?
З дапамогай разгледжанага прыёму параўнання можна параўноўваць, напрыклад, героя твора з яго «мульцяшным увасабленнем» па тых жа прынцыпах: мэта, лініі параўнання, выснова.
Усё гэта спатрэбіцца вучням пры напісанні праектаў, даследчых работ, дзе навык параўнання з’яўляецца вызначальным.
Гульня «Заўваж незаўважанае».
Настаўнік прапануе вучням малюнак з вялікай колькасцю дэталяў.
Дзеці па чарзе пералічваюць яго элементы. З кожным разам назваць новую дэталь становіцца ўсё складаней. Перамагае той, хто апошнім назаве элемент малюнка, не заўважаны аднакласнікамі. Ускладніць задачу можна, абмежаваўшы яе вызначэннем толькі фактаў або толькі меркаванняў (Напрыклад, першы варыянт называе толькі тыя элементы малюнка, якія з’яўляюцца фактамі – “на дрэвах зялёнае лісце”; другі варыянт – якія з’яўляюцца меркаваннямі – “летні дзень”).
Цікавай будзе праца па даследаванні малюнкаў вучняў. Дзеці любяць ствараць уласныя ілюстрацыі да твораў. Але ці заўсёды яны адпавядаюць прачытанаму тэксту? (Каб нікога не пакрыўдзіць, для аналізу лепш выкарыстоўваць малюнкі мінулага года.)
Навык уважлівага і дэталёвага аналізу выявы спатрэбіцца вучням у будучым, калі яны будуць працаваць з больш сур’ёзнымі тэкстамі, глядзець відэаролікі і г. д.
Дарэчы, на этапе аналізу малюнкаў дзяцей варта ўвесці паняцце «аўтарскага права». Намаляваў — падпішы.
Прыём «Дыялог».
Вучням даецца заданне скласці дыялог паміж аб’ектамі малюнка: капуста і вусень (1-я група); вусень і верабейка (2-я група); верабейка і капуста (3-я група). Пры гэтым абавязкова звярнуць увагу на міміку, паставу, жэсты герояў.
Пасля агучвання дыялогаў настаўнік каменціруе адказы.
Дыялогі павінны адпавядаць прапанаванай ілюстрацыі, што дапаможа ў будучым складаць якасны ўласны медыякантэнт, у якім тэкст адпавядае выяве.
Прыём «Тонкія/тоўстыя пытанні».
Вучням прапануецца скласці па некалькі «тоўстых» і «тонкіх» пытанняў на аснове фотаздымка (малюнка), падабранага адпаведна тэме ўрока [2, с. 56].
Можна паразважаць з вучнямі, адказы на якія пытанні («тоўстыя» або «тонкія») з’яўляюцца фактамі, а на якія — меркаваннямі.
Настаўнік павінен навучыць вучняў правяраць інфармацыю, шукаць першакрыніцу і заказчыкаў медыятэкстаў. Тут можна напомніць аб правілах працы з медыяінфармацыяй:
- Не адзначай матэрыял (не стаў «падабайку», «лайк»), калі не прачытаў яго да канца.
- Не пашырай інфармацыю, калі яна выглядае падазрона.
- Пазбягай неверагодных навін і прапаноў.
Згодна з Міжнародным стандартам у галіне медыяадукацыі (рэзалюцыі ЮНЕСКА) медыяграматнасць разглядаецца як адна з асноўных кампетэнцый, неабходных для эфектыўнага выкарыстання розных відаў медыя, развіцця навыкаў крытычнага мыслення і навучання на працягу ўсяго жыцця, для зносін і рэалізацыі актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Відавочна, што медыяграматнасць — патрэба сучаснага лічбавага грамадства. Таму работа ў гэтым накірунку павінна быць сістэматычнай і мэтанакіраванай.
Даследаваць медыятэксты — цікава і карысна. Спадзяёмся, што прапанаваныя прыёмы знойдуць месца на ўроках настаўнікаў.
Літаратура
- Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў : дапаможнік для настаўнікаў / М. І. Запрудскі, А. А. Палейка, А. У. Радзевіч, Т. П. Мацкевіч [і інш.] ; пад рэд. М. І. Запрудскага. — Мінск, 2016. — 334 с.
- MediaToоlkit : практыкаванні для фармавання медыяпісьменнасці. — Мінск : Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, 2020. — 100 с.