Лета для настаўнікаў не толькі час адпачынку, але і магчымасць спакойна і метадычна пазнаёміцца з напрацоўкамі калег у адкрытым доступе ў сацыяльных сетках. Сёння раскажам пра фб-дзённікі настаўнікаў мовы і літаратуры. Сачыце за допісамі! Вельмі цікава назіраць як рэалізуюцца ідэі! Вучымся разам!
Вераніка Кавалёва (Мінск) https://www.facebook.com/veronika.kovalyova.7
КАЛІ САЧЫНЕННЕ СТАНОВІЦЦА СМАЧНЫМ ...
У восьмым класе мы з дзецьмі пішам сачыненне-апісанне помніка. Мне вельмі падабаецца скульптурныя кампазіцыя на плошчы Я.Коласа ў Мінску. Там многа пра што можна напісаць: і пра пісьменніка, і пра герояў яго твораў, і пра фантаны, і пра дрэвы ... Каб было ў класах менш дзяцей, канечне, можна было б паехаць да помніка, там адразу і сачыненне пісаць. Паабяцала дзецям плюс бал да сачынення - і яны паехалі самастойна. Закідалі мяне фоткамі ля помніка, а некаторыя пракачвалі свае ўменні ў карыстанні фоташопам (не будзем паказваць пальцамі). Хтосьці дадаткова маляваў помнік, рабіў макет свайго помніка. Але як здзівіў і парадаваў мяне Жэня! Ён зрабіў помнік Якубу Коласу з цукерак і шакаладак! І Коласа там таксама можна з'есці) Пакуль трымаюся, не ем, паберагу для нейкай важнай нагоды)
Таццяна Зямлянік (Тураў) https://www.facebook.com/tzemlyanik
Даўно напісана і абаронена работа, атрыманы дыплом, але не дае спакою пытанне, якое, дарэчы, і падштурхнула да напісання гэтага даследавання.
Але аб усім па парадку.
Тэма даследчай работы актуальная. Не сакрэт, што калі ёсць магчымасць чытаць па-руску, то нашы вучні, на жаль, гэтай магчымасцю абавязкова скарыстаюцца. І не заўсёды на карысць сабе і, тым больш, твору. Спрэчны момант узнік амаль адразу: у арыгінальнай версіі чытаем праклён паміраючага караля Стаха: “Да дваццатага калена будзем мы помсціць бязлітасна, і не схаваецеся вы ад нас.” У перакладзе гаворка ідзе пра дванаццаць кален, што істотна скажае легенду, расказаную Караткевічам.
Аповесць У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” ўспрымаецца многімі ўсяго толькі як дэтэктыў з элементамі містыкі. Але Караткевіч, перш за ўсё, пра Беларусь і беларусаў, таму любы яго твор насычаны словамі-рэаліямі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя адметнасці беларускага ладу жыцця і выяўляюць нацыянальную спецыфіку. Гэтыя словы далёкія для чытачоў іншых краін, але надзвычай важныя для носьбітаў мовы, на якой створана аповесць. Таму даследавалі спецыфіку перакладу менавіта этнамаркіраванай лексікі.
Вынік, канешне, чаканы: Караткевіча чытаць толькі па-беларуску. Але калі ў прынцыпе зразумела, чаму перакладчык апранае беларускую шляхту ў “домотканые одежды” замест кажуха або падпярэзвае старажытную чугу “шалью” (жаночы ўвогуле аксэсуар), то вось з лікамі не ўсё так відавочна. Змяншэнне колькасці каленаў роду Яноўскіх, бясспрэчна, мае тую ж мэту, што і папярэднія прыклады, але чаму менавіта дванаццаць? Можна было б звесці ўсё да банальнай няўважлівасці – дваццаць/дванаццаць – лёгка пераблытаць. Але ж далей перакладчык не паленаваўся пералічыць, якая частка крыві Рамана-здрадніка прыходзіцца на гераіню (глядзі карусель).
Патрэбна дапамога. Чаму менавіта дванаццатае калена? Чамусьці здаецца, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс. Сябры-гісторыкі, дапамагайце!
Ганна Севярынец (Смалявічы) https://www.facebook.com/hanna.sieviaryniec
Я тут выпадкова стала класнай кіраўніцай:) Давялося падхапіць будучых выпускнікоў замест іх шыкоўнай, адзіна правільнай кіраўнічкі, якая вымушана з'ехала за мяжу. Я, канешне, у роздуме і роспачы, бо класны кіраўнік з мяне ніякі, асабліва цяпер, і неяк сам сабою абраўся ў мяне ўнутры адзіна магчымы зараз для мяне псіхалагічны шлях: няхай гэта дзеці бяруць мяне пад сваё крыло і выхоўваюць так, як ім трэба. Сёння, напрыклад, была ў нас гадавая рэфлексія - цудоўны стэмбрыджскі звычай абдумваць і прагаворваць уражанні ад школьнага жыцця. Прыйшла я да дзяцей разгубленая: досведу агульных, публічных рэфлексій у мяне няма, тым больш - досведу кіравання рэфлексіяй падлеткаў. Прыйшла і кажу: ну, расказвайце, як гэта ў вас бывае. Ну як бывае, кажуць дзеці. Каго трэба хваліць, хваляць, каму трэба зрабіць заўвагу - таму робяць. Эге, думаю, гэта тое, што мне патрэбна. Тады давайце, кажу, рабіце заўвагі мне. Хваліць не трэба, я і сама сябе пахвалю лепей за іншых, а заўвагі - давайце. І яны тады бадзёра і з гатоўнасцю выказалі мне тысячу і адну заўвагу наконт маёй манеры выкладаць літаратуру, дараваць дэдлайны, завышаць адзнакі і выбачаць тых, хто нічога не чытае. Усё выслухала з удзячнасцю і абяцала ўсё лета думаць над новымі падыходамі:)) Ну, а потым мы дамовіліся праводзіць усе наступныя рэфлексіі па-беларуску, завесці спачатку адзін, а потым і некалькі беларускіх дзён, калі будзем размаўляць між сабой толькі па-нашаму, потым я дастала прынесеную загадзя калекцыю паштовак з колішняга майго захаплення посткросінгам, расказала дзецям, нашто на паштоўках маркі і як карыстацца поштай (не электроннай, электроннай яны ўмеюць, а вось звычайнай наземнай поштай - ані), потым яны выбіралі сабе паштоўкі і расказвалі пра свой год праз выявы на паштоўках, а напрыканцы паваражылі сабе на будучыню на слоўніку фразеалагізмаў:) Хаос і разбурэнне стэрэатыпаў у адной асобе гэта называецца, а не класнае кіраўніцтва:)
Фота называецца "Пяціклашкі ў музеі".