Юрась Каласоўскі. Што рабіць, калі вучань англійскую мову разумее, а беларускую – не?

Магілёўскі настаўнік Юрась Каласоўскі разважае пра тое, як далучыць сучасных школьнікаў да беларускай мовы і літаратуры, а таксама пра місію педагога ў ХХІ стагоддзі. Прапануем вытрымкі з інтэрв'ю на https://magilev.by/

– Юрась, ці ёсць у педагога пэўная місія? Ці мо прыйшоў на ўрок, адбыў і да пабачэння, дзеткі?
– Лічу, што яна павінна быць. Для прыкладу, калі я заходжу ў клас, бачу дзетак, то хочацца не проста вывучаць з імі мову ці літаратуру. Сваю місію я бачу ў тым, каб паказаць, што беларуская мова – гэта нармалёвы сродак зносінаў, якім магчыма карыстацца ў паўсядзённым жыцці. Часта дзеці ў мяне пытаюцца: Што мы – малыя – можам зрабіць для мовы, калі ўсе навокал размаўляюць расійскай. Я на гэта адказваю: Пачніце з таго, што налады вашага смартфона перавядзіце на беларускую мову (гэта ж так лёгка зрабіць!), павіншуйце вашага сябра, матулю, тату на роднай мове, павітайцеся па-беларуску з суседам. Ніякіх гераічных учынкаў тут, канешне, рабіць не варта, пачынайце заўжды з сябе. Дзеці на мае прапановы зазвычай рэагуюць станоўча. Для мяне істотна тое, што яны ўжо не глядзяць на беларускую мову як на забранзавелы помнік. Настаўнік мусіць давесці: мова – наш спадарожнік, добры сябра, а не сувенір на паліцы. Вось пра гэта мы часта размаўляем падчас заняткаў, а таксама, здараецца, і на перапынках. Прыблізна гэтакі ж падыход і да выкладання беларускай літаратуры. Неяк здзейсніў педагагічны эксперымент – папрасіў вучняў напісаць прозвішчы пяці сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзеці напісалі імёны тых, каго ўжо даўно няма побач з намі – Колас, Купала, Багдановіч, Быкаў, Караткевіч… Я ўсё ж настойваю: а каго вы можаце назваць з жывых аўтараў – тых, з кім магчыма пабачыцца, паразмаўляць, папіць кавы? На жаль, адказаць на маё пытанне здолелі толькі адзінкі.
Тут мая місія ў тым, безумоўна, каб паказаць, што беларуская літаратура – гэта жывая з’ява, што ў нас ёсць сапраўды выбітныя аўтары, на старонку якіх у інстаграме магчыма падпісацца, паставіць падабайку пад іх допісамі. Так, зусім нядаўна Дзень народзінаў адзначаў Адам Глобус, і вучні павіншавалі яго ў сацыяльных сетках. Прыемна тое, што пасля гэтакай працы маладзёны даволі ўпэўнена называюць многіх паэтаў – Віталь Рыжкоў, Анка Упала, Віктар Жыбуль… І гэта не проста абстрактныя людзі, а тыя, каму яны нешта пісалі, з кім мелі размовы. Я нават прапаноўваў вучням заданне: папрасіць пэўнага пісьменніка параіць некалькі кніг, якія, на яго думку, варта прачытаць.

Так склалася, што год таму мне давялося перайсці на новую працу. Гэта была прыватная школа. Назіраў за тым, як вучні восьмага, дзявятага класа – не благія вучні – лексікі беларускай мовы не ведалі амаль зусім. Зразумела, вырашыў з гэтым неяк змагацца… Прасіў скласці некалькі сказаў на бяскрыўдную тэму – дзіця ад гэтай маёй просьбы ўпадала ў ступар, бо не мела слоўнага запасу. Яшчэ горш з ведамі тых дзетак, якія прыйшлі з пачатковай школы. Для іх беларуская мова цяжэйшая за ангельскую. Я разумею тое, што няма ніякага плёну ад таго, калі мы проста будзем засвойваць правілы мовы, а ўласна самой мовай не карыстацца. Па гэтай прычыне на ўроках я ўсталёўваю правіла: размаўляць з вучнямі толькі па-беларуску, і заахвочваю іх да таго ж самага. Часта заданні па беларускай мове атрымліваю праз вайбер. Вучні пішуць: Добрый вечер. Заданія по белорусскому языку. Я ў іх пытаюся: А што павітацца па-беларуску нельга? А што можна? Перапытваюць. Канешне, можна і нават трэба.

– Ці паспявае беларуская школа за часам? Як вы – настаўнікі – спраўляецеся з тым, што ўсё надта хутка змяняецца? Чытаць далей: https://magilev.by/news/2022/11/08/shto-rabic-kali-vuchan-anglijskuyu-movu-razumee-a-belaruskuyu-ne-parady-ad-yurasya-kalasoskaga

Фота з альбома Ю. Каласоўскага ў Фб.