Я ўсё думаю пра тое, якія гэта ўсё небяспечныя гульні: ангажаваная гістарычная памяць, нацыянальныя крыўды, любыя абагульненні на гэтай глебе, дапушчэнні, перабольшванні і пераменшванні, фальсіфікацыі гісторыі – у любы бок, і ў імя дабра, і не ў ягонае імя. Мы так лёгка гуляемся гэтым, так ліха выкарыстоўваем у рытарычных фігурах, гэта ўсё так на мяжы, на такім лязе, ёсць нешта вельмі неправільнае ў тым, як чалавецтва карыстаецца нацыянальным.
Мне цяпер зусім па-іншаму цікавы міжваенны беларускі досвед, з чатырма дзяржаўнымі мовамі і беларусізацыяй па-над усім. Калі б не ліхі час і не ліхія людзі, куды б гэта выруліла. Хочацца думаць, што ў тую самую светлую будучыню.
Мне было б пуста жыць без беларускасці ўнутры сябе, я так жыла, і гэта было няпоўна, як жыць без пахаў, з закладзеным носам. Але цяпер мне страшна, калі я бачу, куды і як можа паварочваць гэты кавалак самаідэнтыфікацыі, і не толькі "сама" – але і ідэнтыфікацыі іншых па нацыянальнай прыкмеце.
Я не спецыяліст у гэтай тэме, і ў мяне свая гісторыя нацыянальнага ўва мне і вакол мяне. Але як жа я паважаю нашу гісторыю, у якой, канешне, да крыўднага шмат нацыянальнага самапамяншэння - але няма, ані на міліметр, нацыянальнага самаўзвышэння над любымі іншымі.
Шмат пытанняў, на якія я раней мела цвёрдыя і простыя адказы, у мяне цяпер зноў у выглядзе пытанняў.
А яшчэ я думаю, што калі Ісус сапраўды ўваскрос, то ягоныя пакуты за ўвесь той час, у які ён вымушаны глядзець на гэта вось усё з мільёнаў сімвалічных крыжоў, стакроць цяжэй, чым тады на Галгофе. Там у яго хаця б была надзея, што ён недарэмна размаўляў з людзьмі.