Урывак з колішніх запісаў з нагоды Дня Настаўніка....
Адной з пачварных спраў камуністычнага строю было стварэнне новай адмены людзей - людзей без сумлення. Жыццё без сумлення вызваляе ад пакутаў, як жыццё без розуму вызваляе ад неабходнасці думаць. Зло вылучае людзей без сумлення як эліту. Таму гэта Зло, таму трэба з ім змагацца...
Пераасэнсаванне каштоўнасцей прывяло мяне да крытычнага аналізу стану агульнаадукацыйнай школы ў Беларусі. Гэта вылілася ў некалькі артыкулаў, надрукаваных у незалежных выданнях. Галоўная ідэя гэтых артыкулаў у тым, што ў нас няма нацыянальнай і народнай адукацыі, і яе трэба будзе ствараць. З чым можна параўнаць сённяшні стан школы Беларусі? На мой погляд, найбольшае падабенства з савецкай сталоўкай, дзе з дрэнных прадуктаў настаўнік-кухар гатуе шкодную для душы і здароўя ежу і прымушае яе есці. Дык будзеш есці і без прымусу, бо іншай няма. Праз пэўны час усе становяцца хворымі і фізічна, і духова.
Было б несправядліва казаць, што ўсе школы такія. Не, нясуць яшчэ на сваіх плячах настаўнікі-атланты школы-макдональдсы. Там другі тэмп жыцця. І, хоць ежа не на многа лепшай якасці, але з забаўкай. Таму ў школу-макдональдс дзеці ідуць з ахвотай, і ад настаўніка залежыць ступень калецтва. Самыя лепшыя (мізэрная колькасць) - гэта школы- агароды, дзе настаўнік-агароднік спачатку рыхтуе глебу, потым сее, даглядае кволыя ўсходы, ахінае ласкаю і любоўю. Шчаслівыя дзеці, якім пашчасціла папасці ў такую школу, школу, якая існуе не дзякуючы, а насуперак…
Але ў маёй краіне я мару не пра такую школу. Я мару пра школу-сад, дзе настаўнік-садоўнік. Ён з даручэння народу мае штодзённы доступ да самага дарагога нацыянальнага багацця - душы, розуму, думак, пачуццяў дзяцей. Ніякая сістэма не здольна пракантраляваць гэты досяктуп. Усвядамляючы, што будучыня належыць моладзі, відавочна гістарычная роля настаўніка як праекціроўшчыка будучыні. Сёння ў нацыянальна сведамага настаўніка застаецца адзін шлях - шлях грамадзянскай адукацыі. Абавязкова трэба абмяркоўваць усе пытанні, застаючыся вонкава нейтральным, але, накіроўваючы і дапамагаючы кожнаму выхаванцу фарміраваць асабістую думку па розных пытаннях, фармаваць разуменне права кожнага на выбар і прыняцце рашэння...
Сучасны стан Беларусі для мяне вобразна адлюстроўваецца станам Гарадзенскай Каложы. Храм-вароты ў неба. Пабудаваны ў 12 ст. , калі закладалася Беларуская дзяржаўнасць, ён падзяліў лёс краіны. Палова Каложы ў 1853 г., не вытрымаўшы здзекаў акупацыі, абвалілася ў Нёман. Толькі ў 1889 г. да ацалеўшай часткі дабудавалі драўляную і накрылі дахам.Так і стаіць напалову мураваная напалову драўляная… у сваёй прыгажосці, велічы і калецтве.
“Цудны Каложы снапок -
Кветка і Крыж.
Цуд гэты звыш,
Цуд гэты выдумаў Бог,
Так чалавек бы не змог”- напісала Данута Бічэль.
Мая бабуля, калі ёй было ўжо за 80 гадоў неяк сказала:”Не хачу паміраць, бо ў труне працаваць немагчыма”. Характэрная рыса нашага народа –працатворчасць. Ці не прыгожае, ці не галоўнае чалавечае жаданне?
Нехта разумны сказаў:” Калі што вельмі жадаеш, то абавязкова споўніцца. Калі не споўніцца - слаба жадаў.” Для некатарых жаданняў няма і перашкодаў. Хто можа перашкодзіць любіць Радзіму, кахаць жанчыну, быць добрым…? Да месца, хіба, будзе тут нагадаць запаведзі Св. Тэрэзы:
“Заўжды твары дабро. Людзі ёсць неразважлівыя, нелагічныя і занятыя сабою. Любі іх, не гледзячы на гэта. Калі зробіш нешта добрае, абвінавацяць цябе ў эгаізме і схованай карысці. Рабі дабро, не гледзячы на гэта. Калі табе пашанцуе, набудзеш фальшывых сяброў і праўдзівых ворагаў. Старайся, не гледзячы на гэта. Дабро, якое зробіш, заўтра будзе забыта. Рабі дабро, не гледзячы на гэта. Учцівасць і адкрытасць выстаўляе цябе пад удары. Будзь, не гледзячы на гэта, учцівы і адкрыты. Тое, што збудавана табой працай многіх гадоў, можа за адну ноч стаць прахам. Будуй, не гледзячы на гэта. Твая дапамога сапраўды патрэбна, але, калі будзеш памагаць людзям, яны могуць на цябе напасці. Памагай ім, не гледзячы на гэта. Дай свету з сябе ўсё, а выб’юць табе зубы. Не гледзячы на гэта, дай свету з сябе ўсё.”
Калі казаць аб тым, чаго нам, беларусам, найбольш не хапае, дык гэта салідарнасці. Бывае, што праява салідарнасці не патрабуе ніякіх высілкаў і каштуе вельмі танна. Але… Кажуць, у старажытныя часы нашы продкі на Дзень Св. Юр’я тапілі цмока ў Нёмне, каб утапіць зло. Цмок тануў, а зло…
Лявон Карповіч, настаўнік матэматыкі, краязнаўца, філатэліст
в. Луна.
в. Луна.