Рэформа адукацыі ў ГДР. Каментар Пётры Садоўскага

Д-р Пётра Садоўскі* Пётра Садоўскі – германіст, першы амбасадар Беларусі ў Германіі (1992–1994 гады), кандыдат філалагічных навук, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання.
Школьныя настаўнікі маюць у ФРГ статус дзяржаўных службоўцаў (Beamte), і адпаведна гэтаму пасля аб’яднання ФРГ і ГДР настаўнікі ГДР павінны былі прайсці праз працэс, якія можна ўмоўна назваць люстрацыяй або праверкай на лаяльнасць. Уся гэта працэдура праводзілася ў межах агульнадзяржаўнай кампаніі “крытычнай ацэнкі мінулага” (Vergangenheitsaufarbeitung), якая тычылася пакаяння ўсіх немцаў за 12 гадоў нацыянал-сацыялізму і аналізу гдр-аўскага мінулага ( DDR-Aufarbeitung).

У ГДР гэты працэс пачаўся па ініцыятыве дэмакратычнага вызвольнага руху “Новы Форум”, які змог яшчэ ў апошнія дні існавання ГДР прымусіць дэмаралізаваны камуністычны парламент (Volkskammer – Народная палата) прыняць пастанову пра архівы штазі (скарачэнне ад Staatsicherheit – дзяржбясьпека). Адбылося гэта 2 кастрычніка 1990г. На гэтым жа пасяджэнні беспартыйны грамадзянін, 50-гадовы святар Ёахім Гаўк ( Joachim Gauck), актывіст “Новага Форуму” і ягоны прэсавы сакратар быў абраны Упаўнаважаным у справах архіваў штазі.

На другі дзень гэтая пастанова была афіцыйна прызнаная ў ФРГ канцлерам Колем і прэзідэнтам Вайцзэкерам. Ужо ў аб’яднанай ФРГ Гаўк атрымаў афіцыйную пасаду “Сьпецыяльнага Федэральнага упаўнаважанага па асабістых справах грамадзянаў у архівах былой службы бясьпекі ГДР”. Яму была падпарадкаваная сьпецыяльная установа, што складалася з 2000 супрацоўнікаў. Яна мела вельмі доўгую назву, таму ў народзе яе проста сталі называць Gauck-Behörde (“Установа Гаўка”). Ад імя установы быў выдадзены зварот да грамадзян ГДР зрабіць афіцыйную заяву пра сваё супрацоўніцтва са штазі, калі яно мела месца. Нешта накшталт царкоўнай споведзі. Адпаведна абяцалася індульгенцыя, калі супрацоўніцтва не было прычынай цяжкіх злачынстваў. Той, хто ўтойваў сваё супрацоўніцтва, рызыкаваў мець адпаведныя непрыемнасці.

Магчымыя злачынствы агентаў штазі падзяляліся на тры катэгорыі важкасці. Паводле свайго сацыяльнага статусу настаўнікі (як і абсалютная большасць насельніцтва) з пункту гледжання “віны калектыўнага супрацоўніцтва” падлягалі пад самую лёгкую ступень абвінавачання, і абсалютная большасць зь іх захавала сваё месца працы. Паколькі на дзяржаўным узроўні было заяўлена, што ніякага палявання на настаўнікаў не будзе, працэс прайшоў даволі спакойна. Як дзяржаўныя службоўцы настаўнікі аказаліся ў лепшым становішчы, чым іншыя: яны фактычна да пенсіі замацаваліся на сваіх месцах. Канешне, тыя, – калі гэта было засведчана відавочцамі – хто зламысна чыніў зьдзек і пераслед вучняў (асабліва абітур’ентаў), абвінавачваючы бацькоў у апалітычнасці, былі па магчымасці адпраўлены датэрмінова на пенсію або пераведзены на іншую працу. Усё залежала ад ступені розгаласу і пазіцыі грамадскасці. Калі настаўнікі ўдзельнічалі ў выбарчых і іншых кампаніях, актыўна супрацоўнічалі з антыдэмакратычным рэжымам – яны мелі вялікі маральны ўціск, шмат з іх былі звольненыя. (Часам настаўнікі прымушалі вучняў даносіць на бацькоў, ці далучыліся тыя да розных нібыта грамадскіх капаніяў, якія праводзіліся ўладамі ГДР (напрыкдад, кампанія “Не глядзім 4-ы канал” (канал, па якім ішла трансляцыя з заходняга Берліну), ці кампанія “Напішы ліст сябру з СССР”). Усе настаўнікі прайшлі адпаведныя курсы перападрыхтоўкі. Часта не перапыняючы асноўную працу, калі мясцовыя ўмовы не дазвалялі знайсці замену.

Спадар Гаўк быў за тое, каб тэрмін разгляду справаў быў працягнуты (афіцыйна на праверку было адмерана 7 год – да 1997), бо не ўвесь архіў быў вывучаны. Аднак па фінансавых ды іншых меркаваннях статус установы быў зменены: яе зрабілі фактычна аддзелам Федэральнага архіву. Наступніцай сп. Гаўка стала Мар’яна Біртлер (Marianne Birthler).

Як святар і беспартыйны грамадзянін Ёахім Гаўк адмовіўся вылучацца ў дэпутаты і займаць высокія пасады. Атрымаўшы нямала ўзнагародаў і ганаровых тытулаў, ён застаўся толькі ў адной няўрадавай арганізацыі з назвай “Мост праз Атлантыку” (Atlantik-Brücke”). У сваім апошнім інтэрв’ю на пасадзе ўпаўнаважанага ён сказаў: “Нашыя ўспаміны пра мінулае – гэта бясконцы тэрапеўтычны працэс”.