Тэарэтычныя і практычныя матэрыялы для падрыхтоўкі выпускнога балю

 

Вольга Корсак, канд. філ. навук, дацэнт

Найбольш вядомы танец, які вытрымаў выпрабаванне часам, – гэта вальс. Папярэднікамі вальса лічацца танцы вольта, дрэер, алеманда, лэндлер, шляпфэр, лангаўс з рухамі народных танцаў у аснове. Вальс сустракаў цяжкасці ў сваім прасоўванні амаль ва ўсіх краінах, у прыватнасці, у пачатку XVIII ст. ён быў забаронены каралём Францыі Луі XIII.

Вальсавыя рытмы сустракаліся ў старажытных народных песьнях, адкуль яны, хутчэй за ўсё, патрапілі ў рэпертуар легендарных сярэднявечных мінэзінгераў. Напрыклад, славуты мінэзінгер Нэйтхарт фон Роенталь зрабіў вялікі ўплыў сваімі песьнямі на асаблівасці венскага вальса. Музыка Маркс Аўгустын стаў шырока вядомы праз свае простыя песенкі. Пад адну з іх “Ах, мой мілы Аўгустын” наведвальнікі старажытных піўных ды тракціраў танчылі дрэер – адзін з папярэднікаў вальсу [4].

У ХVІІІ ст. у Германіі з’явілася музыка, якая нагадвала сучасныя вальсы і называлася вáльцэн. Па-нямецку слова waltzen азначае «вярцецца». Аднак дагэтуль даследчыкам, што вывучаюць паходжанне сучасных бальных танцаў, невядома, якім чынам адбывалася зліццё і ўзаемадзеянне двух танцаў – вальцэна і вольты.

Вальцэн не адпавядаў нормам маралі таго часу і падвяргаўся ўціску з боку рэлігійных устаноў і грамадства. І мала хто з сённяшняй моладзі паверыць, што гэта адбывалася, з-за, цяжка сабе ўявіць, блізкасьці партнэраў, злучэньняў рук, а, значыць, распусты.

У 1779 г. з’явіўся памфлет нейкага Воўка (Wolf) пад назвай: «Доказы таго, што вальсаванне – асноўная крыніца слабасці цела і выраджэння нашага пакалення». Выкладчыкі танцаў у Германіі доўгі час ігнаравалі вальс, але ў рэшце рэшт адступілі пад націскам яго папулярнасці.

Тэмп венскага вальса быў досыць хуткім; яго выкананне патрабавала немалых фізічных высілкаў. Неўзабаве кампазітары сталі пісаць больш павольную музыку. Прыкладна ў 1874 г. у Англіі ўтварыўся ўплывовы «Бастонскі клуб», у якім пачаў сцвярджацца новы англійскі стыль вальса з больш павольнымі паваротамі, і больш доўгім, слізгаючым рухам. Ён меў назвы вальс-бастон, англійскі вальс, каб адрозніваць яго ад французкага вальса і ад больш хуткага венскага вальса. Галоўным адрозненнем паміж гэтымі формамі вальса было тое, што брытанская версія будавалася не на пастаянных паваротах, вярчэннях, а на дыяганальных злучэннях крокаў. Такі варыянт быў названы павольным вальсам. 

Паваротны характар вальса добра характарызуюць назвы яго фігур (так называюцца элементы танцавальных кампазіцый), у якіх распаўсюджаны словы «паварот», «кручэнне», «вось». Паколькі заканадаўцамі ў бальных танцах заўсёды былі англійскія педагогі, то ўся прынятая тэрміналогія, у адрозненне ад іншых відаў харэаграфіі, напрыклад, класічнага танца, дзе выкарыстоўваюцца французскія назвы, распрацавана на англійскай мове. Прывядзем назвы некаторых вальсавых фігур: “Natural Turn” – «Правы паварот», “Reverse Turn” – «Левы паварот», “Turning Chasse to Right” – «Шасэ направа ў павароце», “Turning Chasse to Left” – «Шасэ налева ў павароце», “Double Reverse Spin” – «Падвойнае зваротнае кручэнне», “Outside Spin” – «Знешняе кручэнне», “Underturned Outside Spin” – «Недакручанае знешняе кручэнне», “Double Natural Spin” – «Двайное правае кручэнне», “Reverse Pivot” – «Левая вось». Тут і далей пераклад дадзены аўтарам. Зроблены поўны пераклад фігур усіх дзесяці бальных танцаў на беларускую мову [3].

Павольны вальс – лірычны свінгавы (с замахам) танец з характэрна выражанай «накатнай хваляй», што пастаянна паўтараецца і стварае ўражанне палёту і бязважкасці. Вальс мае мяккі, спакойны, плаўны характар і нагадвае рамантычную сустрэчу мужчыны і яго дамы. Традыцыйна на публіцы вальс выконваецца ў важных выпадках: вяселлях, выпускных балях у школах і іншых урачыстасцях.

Папярэднік венскага вальса зафіксаваны ў ХІ-ХІІ ст.ст. пад назвай нахтанц (Nachtanz). Паводле адной версіі гэты танец зарадзіўся ў Баварыі і называўся тады нямецкім вальсам, паводле іншай – вальс паходзіў з французска-італьянскіх зямель. Відавочна толькі тое, што Аўстрыя не з’яўляецца радзімай венскага вальса, а сваю назву ён атрымаў дзякуючы дзейнасці Штраўса, аўстрыйскага кампазітара ХІХ ст.

Танец, што нагадвае сучасны венскі вальс, упершыню быў выкананы ў Парыжы ў 1775 г. У 1812 г. танец патрапіў у Англію пад назвай нямецкі вальс і выклікаў сенсацыю ў публікі. Папулярнасць танца няўхільна расла, дасягнуўшы піку ў 20-я г.г. ХІХ ст.

У Вене адмыслова для вальса адчыняліся вялікія танцавальныя залы, якія змяшчалі да трох тысяч пар! Кампазітар Франц Ланер, а таксама і Іаган Штраўс, названы «каралём вальсаў", праславілі свой кампазітарскі талент, ствараючы музыку вальсаў, і спрыялі тым самым развіццю і распаўсюджанню гэтага найпрыгажэйшага танца. Іаган Штраўс напісаў 447 вальсаў, яго аперэты «Кажан» (1874) і «Цыганскі барон» (1885) сталі класікай. Велізарная колькасць паслядоўнікаў у сярэдзіне ХІХ ст., натхнёныя творчасцю славутага кампазітара, у тым ліку браты і пляменнікі Штраўса, пачалі пісаць вальсы.

Вальс папулярызавалі Ф.Шуберт, К.М.Вэбер, Р.Шуман, Ф.Шапэн, Ф.Ліст, І.Брамс, М.Глінка, П.Чайкоўскі, А.Хачатуран, А.Глазуноў, С.Пракофьеў і інш. У Беларусі вальс шырока распаўсюджваецца ў 2-ой палове ХІХ ст., увайшоўшы спачатку ў гарадскі, а пасля ў сялянскі побыт. Народныя назвы танца – вальц, вальса, валец, вальчык. Музыку вальсаў складалі такія знакамітыя беларускія кампазітары як М.Агінскі, Ельскія, Н.Орда, Я.Глебаў, Г.Вагнэр, Дз.Камінскі, Дз.Лукас, Дз.Смольскі, Ул.Солтан [2]. На конкурсах бальнага танца менавіта ў венскім вальсе найбольш шырока выкарыстоўваюцца традыцыйныя мелодыі.

У венскім вальсе найбольш абмежаваны набор рухаў сярод усіх дзесяці бальных танцаў – усяго 7 фігур (для параўнання: у павольным вальсе толькі апісаных звыш 40). Сутнасцю венскага вальса з’яўляюцца маятнікавыя вярчэнні, такія як павароты ўправа і ўлева ў прасоўванні, на месцы і розныя злучэнні паміж імі.

Вядучымі танцорамі і педагогамі пастаянна робяцца спробы разнастаіць венскі вальс, але, на жаль, далей за адкрытыя ўрокі і семінары іх прапановы пакуль не выходзяць. Менавіта такі лаканічны венскі вальс прываблівае выканаўцаў, бо малой колькасцю фігур яны мусяць паказаць гледачам глыбіню вобраза, створанага імі ў танцы.

Венскі вальс адзін з самых энергазатратных бальных танцаў, і патрабуе стойкасці і фізічнай вынослівасці танцораў.

Вальс – гэта вытанчаны, элітарны танец, які вытрымаў выпрабаванне часам. Яго поспех і папулярнасць не сціхаюць і ў нашы дні. І хаця цяпер, у адрозненне ад ХІХ стагоддзя, няўменне танчыць вальс не разглядаецца як сур’ёзны пралік у адукацыі, правальсаваць лёгкім крокам на якім-небудзь свяце лічыцца шыкоўным ды выклікае захапленне і лёгкую зайздрасць з боку гледачоў.

Вальс зноў уваходзіць у моду – за мяжой, напрыклад, існуе вялікая колькасць клубаў, дзе навучаюць бальным танцам. Акрамя таго ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах усталявалася традыцыя: выпускны баль – гэта белая сукенка, фрак і вальс.

Асновай танца вальс з’яўляецца фігура “Правы паварот” (даецца ў спрошчанай форме). Фігура выконваецца па лініі танца – па колу супраць гадзіннікавай стрэлкі.

Стойка: партнёры блізка стаяць тварам адзін да аднаго. Рукі паднятыя, локці знаходзяцца трохі ніжэй за плечы. Левая рука кавалера знаходзіцца ў замку з правай рукой дамы. Правая рука партнёра акруглая і ляжыць на левай лапатцы дамы, чыя левая рука знаходзіцца зверху на руцэ мужчыны (даецца ў спрошчанай форме).

Партыя мужчыны

Дама выконвае спачатку крокі 4–6, затым крокі 1–3 партыі мужчыны. За шэсць крокаў робіцца поўны паварот на 360°.

Для таго каб танчыць вальс, паўтарыце крокі 1–6 шмат разоў [4].

*******

Сёння існуе вялікі выбар навучальных відэматэрыялаў, якія дапамогуць засвоіць асноўныя крокі вальса і зрабіць выпускны баль непаўторным [5; 6].

Для гэтай значнай падзеі можна выкарыстаць вальс “Зорка Венера” на словы Максіма Багдановічаў выкананні Змітра Вайцюшкевіча ці школьныя вальсы з мультымедыйнага зборніка метадычных матэрыялаў “Гадуем беларусаў” (частка 2), аўдыёфайлы і тэксты якіх змешчаныя на сайце https://nastaunik.eu [7].

Вальс развітання. 
(муз. Т. Грыневіч, сл. С. Сокалава-Воюша) 

Як праляцелі шпарка гады,
Як незаўважна канулі.
Быццам у росных травах сляды
Зорак, што ледзь праглянулі.

І азірацца, нат назнарок,
Сёнья зусім не хочацца.
Першы ўрок, апошні ўрок
Радасна далей крочыцца.

Часу хада няўмольная,
Ростані светлы жаль –
Лета апошняе школьнае
Выпуск: іспыты, баль.

Чуцца дарослым – гэта было,
Стацца дарослым – новае
Раптам яно на яве прыйшло
Легла жыццю асноваю.

Вальс развітаньня. Скажам: бывай
І спадзяемся – стрэнемся
Толькі давай, як можаш – давай
Будзем сабой – не зменімся...

Часу хада няўмольная,
Ростані светлы жаль –
Лета апошняе школьнае
Выпуск: іспыты, баль.

Літаратура: 

1. Корсак, В.У. Навукова-метадычныя асновы навучання вучняў спецыяльнаму вучэбнаму прадмету «Танец» (раздзел «Бальны танец») / В.У. Корсак // Отчёт о НИР / Нац. ин-т образования; Руководители работы Лукошанец А.А., Волочко А.М.; № ГР 20063636 от 16.11.2006. – Минск, 2008. – 178 с.
2. Назіна, І.Дз. Вальс / І.Дз. Назіна // Энцыкл. літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984. – Т. 1. – С. 569.
3. Расейска-беларускі харэаграфічны слоўнік / пад. рэд. В. Цяцёркінай. –Мінск, 2002. – 97 с.
4. Цяцёркіна, В. Waltz, darling… / В.У. Цяцёркіна // Студэнцкая думка. – 2000. –№ 1. – С. 35–36.
5. http://www.youtube.com/watch?v=TFAGFyRYyHY
6. http://www.youtube.com/watch?v=nY0O4JdMv54&feature=fvsr
7. https://nastaunik.eu/news/?id=4425