Адзін з асноўных аспектаў асобасна арыентаваных тэхналогій навучання
Мартысюк Уладзімір Кірылавіч
Настаўнік матэматыкі СШ № 168 г. Мінска
Агульнавядома, што навучанне – гэта працэс сумеснай дзейнасці настаўніка і вучня. Між тым банальнасць гэтай ісціны становіцца прычынай таго, што ёю грэбуюць, а арэбуючы – забываюць. І працэс навучання часта пераўтвараецца па волі выкладчыка ў дзейнасць аднабаковую: настаўнік гаворыць, піша, ацэньвае, паказвае, здзіўляецца, гневаецца, абураецца, раздае сшыткі ці збірае іх – вучню застаецца адно-адзінае: ціха сядзець і “не замінаць” настаўніку працаваць. Некаторыя настаўнікі так і заяўляюць дзецям: “ Ты мне не замінай!”. На бессэнсоўнасць такой фразы дарэмна ўказвать таму, хто не ўсвядоміў асноўнае педагагічнае палажэнне аб двухбаковым і двухадзіным характары працэса навучання, ў каго невысокі ўзровень псіхалагічнай культуры.
Калі б мы вырашылі, што вучань – гэта ёмістасць, якая павінна быць запоўненай, тады асноўная функцыя вучня заключалася б у “ціхім сядзенні”. Аднак састарэлае ўяўленне аб навучанні як напаўненні галавы вучня нейкімі ведамі засталося ў далекім мінулым. Навучанне – гэта актыўная дзейнасць самога вучня. Функцыя ж настаўніка – гэта карэкцыя і кіраванне актыўнай дзейнасцю, вынікам якой становіца развіцце вучня. Толькі ў дзейнасці і адбываецца развіцце. Дзейнасць – гэта, так бы мовіць, субстанцыя развіцця. Значную ролю ў ёй адыгрывае слуханне другога чалавека- настаўніка ці вучня. Цішыня ў класе патрэбна не дзеля самой цішыні, каб настаўніку не замінаць, а дзеля таго, каб слухаць і чуць і ў гэты час актыўна думаць.
Дабіцца цішыні ў класе можна і антыпедагагічнымі сродкамі: пагрозамі, серыяй пакаранняў. Але пры гэтым упускаецца галоўнае- разумовае развіцце вучняў. Значна складаней арганізаваць “цішыню слухання”, а тым больш... цішыню думання”, пры якой многія думаюць разам з выступаючым, аналізуюць свае разважанні, веды і ўяўленні, параўноўваючы з тым, што гучыць у класе, і гэтым самым стымулююць разумовую дзейнасць таго, хто гаворыць перад класам.
Прафесійнае настаўніцкае ўменне слухаць характарызуецца тым, што слухаючы іншага, настаўнік вучыць слухаць усіх вучняў адначасова. Вучні бачаць, як слухае настаўнік, і паступова далучаюцца да працэсу ўважлівага, удумлівага ўспрыняцця выказванняў. І пры такой тонкай інструментоўцы настаўнік павінен не ўпусціць з поля зроку ніводнага вучня, умець “прачытаць” на яго твары ступень увагі, папярэджваць якія б то ні было рэакцыі слухачоў на словы прамоўцы, адзначыць па ледзь заметных прызнаках адносіны класа да зместу выказваемага. Сапраўды псіхалагічнае ўменне. Яно патрабуе глыбіні ведаў, працы, практыкаванняў, вопыту, тэхнікі.
Не сакрэт, што ў адных настаўнікаў на ўроках дзеці мілыя, уважлівыя, культурныя, а ў другіх – поўная процілегласць, аздобленая раўнадушшам.
Уся справа ў асобе настаўніка, у яго ўздзеянні на клас: змена аднаго педагога другім сказваецца і на змене абстаноўкі ў класе.
Індывідуальная манера настаўніка слухаць вучня апісанню паддаецца нялёгка. Тут многае вырашае выразнасць мімікі, пластыкі настаўніка, характар узаемаадносін з вучнямі. Перш за ўсе настаўнік глядзіць на вучня, які гаворыць, гэтак жа, як глядзіць на суразмоўцу любы выхаваны, культурны чалавек пры гутарцы.
Цікавасць да думкі вучня – важнейшая рыса ва ўзаемаадносінах з дзецьмі на ўроку. Моўчкі слухаючы настаўнік выражае сваю цікавасць да ведаў, разважанняў, логікі вучня і мімікай, і пластыкай і ў форме адзнакі.
Настаўнік нізкай кваліфікацыі дазваляе сабе ў час адказу вучня размаўляць з іншым вучням, маніпуліраваць якім-небудзь прадметам, гартаць падручнік, або, што яшчэ горш, правяраць сшыткі. Заўважыўшы няўважлівасць і непавагу з боку настаўніка, вучань губляе строгасць і чоткасць, пачынае грымаснічаць.
Заўважае такое настаўнік і, з вышыні свайго бескультур’я і непрафесіяналізму, выдае: “Гавары, Гавары! Я слухаю!” Падпарадкоўваючыся, вучань працягвае, але настрой яго змяніўся. На твары яго – пакуты прыніжанага чалавека. Крыўдна чалавеку, калі яго не слухаюць.
Калі клас няўважліва слухае, то вопытны настаўнік прыпыняе адказваючага вучня: “Прабач, калі ласка. Прыдзецца спыніцца. Нешта адбылося... Ах, нічога? Аднакласнікі просяць у цябе прабачэння. Калі ласка, працягвай!” Трэба адзначыць, што напачатку зусім верагодна, што настаўніку прыйдзецца не раз і не два прыпыняць адказ вучня па прычыне няўважлівасці з боку класа, калі ён недастаткова выхаваны папярэднікам-калегам. Тады больш строгай і жорсткай становіцца, інтанацыя голаса, змяняецца міміка настаўніка. Але сам факт прыпынення адказваючага інструментуецца гэтак жа: “Яшчэ раз-прабач! Няма сэнсу гаварыць, калі цябе не слухаюць...” Па заканчэнні адказу, настаўнік спачувае: “Верагодна твой адказ быў бы больш змястоўным, калі б табе не заміналі.”
У такіх сітуацыях паводзіны настаўніка залежаць ад яго характару, індывідуальнасці. Але важна адно: настаўнік павінен патрабаваць дысцыпліны і культуры ўвагі, слухання дзеля вучня, павагі да яго асобы, да працэсу пазнання. І гэта вельмі далёка ад звычайнага і шаблоннага “ Ты мне замінаеш”.
Як паказвае практыка, ужо з наступнага ўрока такіх прыпыненняў становіцца ўсё менш і менш. А праз тыдзень праблемы нарушэнняў дысцыпліны быццам і не было. Дома дзеці гавораць бацькам: “ Мы чамусці сядзім ціха на гэтых уроках. Настаўнік так вядзе ўрок, што мы ўсе слухаем”. Дзецям настаўнік не здаецца строгім таму, што ён не крычыць, не карае, гаворыць мякка і ціха. І гэта- цішыня думкі, разумення, суперажывання. Можна заўважыць, што нават і старшакласнік не ўлаўлівае механізма ўдзеяння і не можа зразумець, чаму ў нястрогіх настаўнікаў на ўроках ніхто не сваволіць, не займаецца іншымі справамі.
У час адказу вучня каля дошкі настаўніку не варта быць побач з вучнем, паколькі тады вучань звяртаецца толькі да яго, не звяртаючы ўвагі на клас. Настаўніку трэба выбраць месца дзе-небудзь у глыбіні класа, як-бы прераўтварыўшыся ў радавога слухача. Ён – як усе, а ў цэнтры той, хто завалодае ўвагай класа. Такія імгненні надзвычай каштоўныя для выхавання школьнікаў. У гэты час вучні самі, свабодна, без прымусу і кантролю слухаюць адказ аднакласніка, параўноўваючы яго веды са сваімі. Ён жа, вучань, без падтрымкі і ціску настаўніка авалодвае ўвагай вялікай класнай аўдыторыі.
Пры павазе да вучня і непадробнай цікавасці да яго прамовы настаўнік не можа парушыць строй яго разважанняў, уставіць больш дакладнае слова. Ен цярпліва чакае канца выказвання.
Часам мнагаслоўны настаўнік не можа замаўчаць і, слухаючы вучня, паўтарае ўслед за ім апошнія фразы, як рэха.
Здрадніцкая звычка паўтараць за вучнем апошнія словы часам прыводзіць да таго, што ён механічна паўтарае, як бы пацвярджаючы, парою нават памылковы тэзіс ці памылковы факт.
Вядома, нялёгка цярпліва чакаць канца выказвання вучня, калі ён дрэнна адказвае, калi ён марна траціць каштоўны час урока, не падрыхтаваўшыся як след да адказу. У такім выпадку, распазнаўшы непадрыхтаванасць, настаўнік можа прыпыніць вучня: “Сорамна адбіраць час у сваіх аднакласнікаў!” Гэта дзейнічае на школьнікаў вельмі моцна і дапамагае ім з цягам часу навучыцца прызнаваць адкрыта сваю непадрыхтаванасть да ўрока.
Вучняў трэба прывучаць да далікатнай цярплівасці. Няхай не грымаснічаюць, заўважыўшы памылку, не кідаюць рэплік нязгоды. ”Спачатку выслухаем, – строга спыняе такіх нецярплівых настаўнік.-Усе нашы заўвагі і дапаўненні потым.” Трэба даць вучню да канца выказацца. I справа не толькі ў самім гэтым вучні – справа ў тых, хто яго слухае. Менавіта зараз,у гэты момант i выявіцца ступень разумення матэрыялу і якасць увагі вучня. Часам, дарэчы, вучань і сам па ходу свайго адказу выпраўняе раней дапушчаную недакладнасць і нават памылку. I гэта самае каштоўнае як у фарміраванні культуры слухання, так і трываласці ведаў.
Прыдбанне навыка ветлівасцi – для дзяцей нямалаважны набытак, калі ўзгадаць, колькі праліта слёз у паўсядзенным жыцці з-за няўмення слухаць адзін аднаго. А колькі канфліктаў, разбураных сяброўстваў, прыкрых непаразуменняў, затоенай варожасці і адмоўных эмоцый!
У “штампаваных” уроках шмат невытлумачальнага. Напрыклад, звычна – традыцыйнае “хутчэй!” Яно спадарожнічае і рашэнню задачы, і адказу на пытанне, і дакладу вучня і, нават,чытанню вершаў. “Iдзі да дошкі!”-запрашае настаўнік. І тут жа: “хутчэй!” Нярэдка ўрок нагадвае гульню-спаборніцтва: “Адкажы ты!...Хутчэй!...Цяпер ты! Хутчэй!... Адкрыйце сшыткі! Хутчэй!... І гэтак увесь урок. Што дае такая гонка? Акрамя страт- нічога. Не паспяваюць вучні зразумець. Не паспяваюць прыстойна сфармуляваць адказ: хаатычна і неахайна накідваюць кучу слоў. Слуханне тут не можа прынесці задавальнення, а таму слухання як такога і няма, а, значыць, выступаючы адчувае бессэнсоўнасць сваіх намаганняў. Сам настаўнік у такой спешцы прапускае недакладнасці і памылкі.
Добра разумеючы, што адказваючы на ўроку вучань – гэта чалавек, які ў многім паўтарае чужыя думкі, чужыя адкрыцці,нават чужыя фармулёўкі, сапраўдны настаўнік ніколі не прынізіць яго годнасць. Яго пакуль сціплыя пазнанні- фундамент для творчых набыткаў у будучым.
Настаўнік адносіцца да пераказу вучнем вывучанага, як да асабіста ім прынятага, прадуманага і ўсвядомленага як ісціна.
Пакідаецца як бы незаўважаным і тое, што часам вучань проста паўтарае словы настаўніка, сказаныя напярэдадні. Настаўнік як бы забывае, што гаварыў на мінулым уроку, і пагаджаецца з разважаннямі вучня, станоўча ацэньваючы яго ўменне правільна разважаць. Такая пазіцыя настаўніка дапамагае яму праяўляць непадробную цікавасць да зместу адказу вучня і яго рэплік. Можна дазволіць вучням старэйшых класаў рабіць кароткія нататкі пісьмова (пры наяўнасці пад рукой блакнотаў?чарнавікоў).
Тэзіснае аднаўленне адказу аднакласніка прымушае кожнага вучня падключацца да актыўнай разумовай дзейнасці. З цягам часу у яго выпрацоўваецца навык слухання вучня або настаўніка, прамоўцу на сходзе, лектара на экскурсіі.
Тэзіснае аднаўленне сказанага развівае паглыбляе веды, узбагачае агульныя вучэбныя навыкі. Ахапіць цэлае, разбіць на лагічныя часткі, праверыць сувязь частак, прааналізаваць адпаведнасць прыведзеных прыкладаў агульным тэзісам, прасачыць за аргументамі— вось якую аб’ёмную работу прапануе вучням настаўнік у час праслухоўвання або адказу свайго аднакласніка.
З гэтага пункту погляду адказ пэўнага вучня на ўроку – адзін з самых цікавых момантаў урока і для педагога, які кіруе развіццём дзяцей, і для саміх вучняў.
Як правіла, дастаткова хутка знаходзяцца вучні, якія выяўляюць жаданне пайсці да дошкі і выступіць з разгорнутым адказам. Навучыўшыся слухаць, вучань навучыцца гаварыць і любіць выступаць перад класам са сваімі разважаннямі, высновамі, ацэнкамі. Так яно і павінна быць: выклік да дошкі– радасць, задавальненне.
Можа паказацца, што пры такім апытанні марна трацяцца каштоўныя мінуты. Але той, хто рызыкне згубіць мінуты напачатку, выйграе потым, калі клас набудзе навык слухання.
Мастацтва слухаць вучня і навучанне гэтаму мастацтву ўсіх вучняў класа спрыяе раскаванасці вучняў на ўроку, вызваленню ад сарамлівасці, ад боязі быць высмеяным, ад прымусу.
Уключыўшыся ў працэс слухання, дзецi і сам настаўнік свабодны ў сваіх праяўленнях. Але менавіта ў гэтф момант вучні і дысцыплінаваныя, і паводзяць сябе згодна з правіламі паводзін школьніка.
Пры сучасных задачах навучання– гэта неабходная ўмова, толькі пры ёй магчыма максімальнае развіццё. Вучань, які баіцца быць апытаным, які хаваецца за спіны аднакласнікаў і ліхаманкава гартае падручнік— гэта вучань, не здольны да творчай дзейнасці, ён не атрымлівае здавальнення ад вучобы. Ці існуюць проціпаказанні для авалодання настаўнікам мастацтва слухаць? Так, і іх два. Першае — несвабоднае валоданне вучэбным матэрыялам, другое— няразвітае размеркаванне ўвагі настаўніка (бачыць усіх і чуць аднаго, а не пераўтвараць слуханне ў дапрос). Пры добрай грунтоўнай падрыхтоўцы і размеркаванай увазе авалодаць мастацтвам слухаць можна хутка, без асаблівых нервовых намаганняў.
Крыніца інфармацыі http://sch168.minsk.edu.by/main.aspx?uid=116707