Няма мэты – няма адукацыі

Тамара Мацкевіч
06.01.2017

"Няма мэты  няма адукацыі" або чаму наша школа не можа быць добрай.

Усе суседнія краіны (апошняя Украіна) зрабілі ці робяць рэформу адукацыі. У нас пакуль яе зусім не было. Толькі закрутка гаек, якую выдавалі за рэфармаванне, каб прывучыць народ, што рэформа  гэта кепска. На самой справе гэта зусім не так.

Каб нешта пачало мяняцца ў адукацыі, найперш трэба пачаць з мэтаў школы: дакладна апісаць, каго мы рыхтуем і для чаго, г.зн. зацвердзіць кампетэнтнасную мадэль вучня (такі ідэал выпускніка). Без гэтага нельга ніякія змены назваць рэформай. Калі будзе такая мадэль, то толькі тады можна распрацаваць праграмы (змест), які будзе працаваць на стварэнне такога выпускніка, падабраць адпаведныя методыкі, і толькі потым напісаць падручнікі, навучыць усім гэтым карыстацца настаўнікаў. І праз некалькі год памераць гэтыя кампетэнцыі па распрацаваных крытэрах і зрабіць карэктыроўку праграм, методык, падручнікаў і г.д. Гэта называецца Цыкл Дэмінга – мадэль развіцця, якая прыйшла з бізнесу ў адукацыю і працуе. Так робіць увесь свет.

Менавіта кампетэнцыі (а не веды па праграме) ацэньвае PISA – Programme for International Student Assessment – самае аўтарытэтнае даследаванне якасці сярэдняй адукацыі ў свеце. Яно сапраўды незалежнае, таму што яго робіць OECD – арганізацыя эканамічная, а не адукацыйная. У нас Міністэрства адукацыі правярае Міністэрства адукацыі: пра незалежную ацэнку гаварыць не выпадае. (Хаця, людзі з НІА, што рабілі маніторынг якасці, сапраўды паспрабавалі глянуць, што ж робіцца. Яны ведаюць сапраўдны стан адукацыі і што трэба мяняць, каб стала лепш, а не горш. Але ці дадуць ім слова?)

Ёсць рэкамендацыйны спіс базавых кампетэнцый Савета Еўропы, ёсць шмат іншых дакументаў – г.зн. ужо прапісаныя якасці чалавека, якія патрэбны яму для працаўладкавання, самарэалізацыі ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Аднак кожная краіна САМА распрацоўвае спіс базавых кампетэнцый пад СВАЕ патрэбы. У ідэале – з дапамогай шырокага грамадскага абмеркавання. (Думаю, у нашым спісе павінна быць кампетэнцыя, звязаная з нацыянальна-моўнай і культурнай ідэнтыфікацыяй, медыя-інфармацыйная, сацыяльная, працоўная кампетэнцыі). Менавіта кампетэнцыі (моўныя, прыродазнаўчыя, матэматычныя, фінансавыя, камунікацыйныя і г.д.) і правярае PISA.

Украінцы прапісалі ключавыя кампетэнцыі ў канцэпцыі Новай украінскай школы, іх 10. У Чэхаў – 6.

У нас у Кодэксе у арт. 91 таксама прапісаны кампетэнтнасны падыход. Але няма дагэтуль спісу базавых кампетэнцый. Таму няма мэты нашай адукацыі. А калі няма мэты, невядома на што працаваць школе, настаўнікам, якія павінны быць праграмы і падручнікі.

http://generation.by/mediashare/b9/cdzwmn4siuc99shpyt4cdm4bp1ffrt-org.jpg
Малюнак з сайта generation.by

Што ёсць цяпер:

1) Паколькі няма мадэлі выпускніка, то няма і крытэраў ацэнкі якасці адукацыі. Правяраюць якасць па колькасці алімпіяднікаў, па членству БРСМ, па ВУНам... ВУНы (веды, уменні, навыкі) – даўно састарэлі. Яны былі распрацаваны для індустрыяльнага грамадства, іх час прайшоў. З ВУНамі мы рыхтуем лузераў. Нашы алімпіяднікі, па якіх мы мераем якасць, часам співаюцца (бо не прыстасаваныя, не маюць працоўнай кампетэнцыі) ці развозяць піцу ў Амерыцы. Хто-небудзь адсочваў іх лёс? (А настаўнікі ганарацца, што іх найлепшыя вучні пакінулі Радзіму – дажыліся!)

2) Немагчыма напісаць якасны падручнік у прынцыпе. Міністэрства адукацыі абвесціла конкурс на напісанне, але ён праваліўся. Каб напісаць падручнік, трэба ж праграма, а яе немагчыма напісаць, бо няма яснай мэты адукацыі. Тое, што ёсць, тыпу “сеяць разумнае, добрае, вечнае” (так разумеюць мэту настаўнікі), ці "интеллектуальное, нравственное, творческое и физическое развитие личности обучающегося" – дэмагогія. Мэта павінна быць дыягнастычнай, г.зн. мець крытэры праверкі яе дасягнення. Правярацца павінны тыя ж самыя кампетэнцыі, якія ў нас не вызначаны. І гэта ўсё павінна быць у законе (кодэксе).

3) Найбольш разумныя людзі ў сістэме адукацыі раяць кожнай школе самой прапісаць кампетэнтнасную мадэль выпускніка ў статуце школы. Так многія і робяць. Але гэта не выйсце. Быццам бы школы могуць змяніць нешта ў праграме ці выбраць іншы падручнік, памяняць профіль.

4) Як бачна, у нас існуе крызіс заканадаўства. Стары Кодэкс аб адукацыі не сучасны, таму не працуе. Як паветра патрэбны новы сучасны кароткі і якасны закон, кодэкс, канцэпцыя ці як бы гэта не называлася, каб адукацыі даць магчымасць развіцця.

Да 1 ліпеня ў Палату прадстаўнікоў плануецца ўнесці новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Новы міністр заклікаў настаўнікаў-практыкаў, спецыялістаў да абмеркавання гэтага дакумента. Праўда, як у іх прынята, аб'ект абмеркавання ад людзей схавалі. 

5) Нашы чыноўнікі ў сістэме адукацыі панічна баяцца незалежнага даследавання стану адукацыі PISA. Яны ведаюць, што вынік будзе кепскім, і дакладна ведаюць, што атрымаюць па шапцы. Бо у нашай сістэме вінаваты будзе той, хто прынёс кепскую вестку, а не хто давёў да такога стану. Але паглядзецца ў люстэрка – гэта нармальна. І трэба ведаць, што ўсе краіны атрымалі PISA-шок пры першым даследаванні. І Германія, і Польшча, і Расія, і Літва з Грузіяй. І гэта было штуршком для паляпшэння адукацыі, а не повадам павесіцца.

Не ведаю, ці прыдумаюць нашы чыноўнікі прычыну не праводзіць PISA ў 2018 г.

Не ведаю, ці дачакаемся мы дыялогу з заканатворцамі.

Не ведаю, колькі яшчэ будзе адукацыя трымацца на самаахвярнасці настаўнікаў.

Ведаю, што базавыя кампетэнцыі беларуса трэба вызначыць самім, каб мець мэту. Інакш ніякі вецер не будзе нам спадарожным.