1. Сямейная родная мова ў Беларусі як фэномэн нацыянальнага самаўсьведамленьня
Гэтыя нататкі я напісаў перш за ўсё для тых бацькоў, хто, нават вырасшы ў пасьляваеннай рускамоўнай беларускай сям’і, з пэўнага імпульсу адчуў этычную і эстэтычную патрэбу ў штодзённым побыце карыстацца нашай роднай мовай ня толькі публічна, але і ў сям’і, з сваімі блізкімі і роднымі. З пункту гледжаньня “сінхраністычнай сацыялінгвістыкі” ў дапасаваньні да сёньняшняга беларускага “дзьвюхмоўя” беларускую мову такога чалавека можна было б назваць “адроджанай роднай мовай як мовай нацыянальнай ідэнтыфікацыі”. Пры перапісе насельніцтва варта было б у анкеце ўвесьці ў графе “Родная мова” для такіх выпадкаў сьпецыяльную рубрыку, якая б сьведчыла пра дынаміку разьвіцьця нацыянальнага самаўсьведамленьня ў падразглядны тэрмін. Гэтая зьява адраджэньня беларускай мовы ў дзяцей рускамоўных бацькоў – асабліва ў гарадзкім асяродку – назіраецца ўжо апошніх гадоў сорак. Такіх асобаў – ужо тысячы.
Без уліку пад’ёмаў і падзеньньняў гэтага працэсу можна нават было б умоўна акрэсьліць гэты перыяд паводле знакавых падзеяў: ад узьнікненьня “Беларускай майстроўні” да апошняй расійска-украінскай вайны 2014 г. Захоп Крыму стаў своеасаблівым маркерам усплеску ўвагі да роднай мовы, як выратавальніцы ад тэрытарыяльных прэтэнзій “рускага міру”. У якасьці знакавай падзеі, што дала імпульс адраджэньню беларускай мовы ў сям’і, я называю менавіта “Майстроўню”, а не БНФ, таму што Фронт быў грамадзка-палітычным рухам, які меў шырокую нацыянальна-дэмакратычную праграму. Майстроўня ж, якая ўзьнікла раней, чым Фронт і стала фактычна адным з найважнейжых складнікаў фронтаўскай першаасновы, на мой погляд, была якраз тым чыньнікам, які закранаў эмацыйна-патрыятычны сьвет асобы, будзіў народную этыку, эстэтыку, маральныя звычкі празь песьню, сьвяты, гульні, мастацкія інсцэнізацыі, сучасныя пэрформансы, нават імпрэвізаваныя шоў. Менавіта зь ейнага гарадзкога асяродку выйшлі бацькі, якія самі, народжаныя ў рускамоўных сем’ях, пачалі прыносіць у сям’ю нацыянальны досьвед, набыты ў хаўрусе сваіх аднадумцаў на сьвятах, сяброўскіх зборках, літаратурных чытаньнях, сустрэчах зь ветэранамі нацыянальнага руху мінулых гадоў, гістарычных лекцыях , канцэртах. Яны ўжо ўсьвядомілі, што безь “сямейнай роднай мовы” ня можа скласьціся нацыянальная грамадзянская супольнасьць. Яна часам патрабуе ахвяраў. Нацыянальны ахвярадаўца мусіць мець і нацыянальнае этычнае пачуцьцё блізкай роднасьці, якое глыбока выхоўваецца толькі ў сям’і.
2. З уласнага досьведу
Разважаць пра дзіцячую мову я буду ў асноўным зыходзячы з сваіх успамінаў, бо народжаны за два гады да вайны з Германіяй (люты 1939 г.), я меў шчасьце слухаць калыханкі маці і большай сястры, якая яшчэ жывая і мае далёка за 80 гадоў: “Люлі-люлі-люлі,/ ўсе птушачкі паснулі/ адзін Пецечка ня сьпіць/, ня сьпіць-не гуляіць,/ усім дакучаіць ...” Пасьля вайны, ужо без бацькі, да 13 гадоў я рос без радыё, тэлебачаньня, зь беларускімі і расейскімі кніжкамі, бачыў, як “жанілі Цярэжку”, “завязвалі бараду” на ячменным полі, сьпявалі вясельныя (“Ехалі сваточкі да двара ...”), купальскія (“Перад Пятром пятым днём ...”) ды веснавыя песьні (“Вясна прывяла сонца ясна ...). Мы гулялі “у клёк”, “у пікара”(“з выручкай” і без) “у чыжыка”, “у куту”, “у сьвіньню”, “у ножык”, “у хаванкі”, “у нашых і немцаў” ... Адпаведна мы “гадзІліся” (націск на 2-м складзе), “мАіліся”, “пікарЫлі”, “клекацІлі”, “убівАліся”( “жмурЫліся”), “замазвалі” суперніка, лічылі “страты”, “заганялі сьвіньню ў масла” ... Цяпер, думаючы пра беларускую ідэнтычнасьць, заўважаю, што “камандных гульняў” (акрамя хіба гульні “у нашых і немцаў”) у нас амаль не было. Усе гульні выхоўвалі індывідуалізм: будзь спрытнейшы, хітрэйшы, стукні сціху і балюча, хаўрусуйся з адным-двума, каб не “пікарыць” часта ... Цяпер у нашых слоўніках гэтых словаў няма. Цяпер іншы час. Дзеткі гуляюць у танкі.
Лёс падараваў мне шчасьлівае моўнае дзяцінства. А я падараваў сабе беларускамоўную дачку і двух беларускамоўных унукаў, а працуючы ў Акадэміі навук вярнуўся ў дзяцінства і напісаў моўныя дзіцячыя ўспаміны “Гаворыць мая Будзькаўшчына” (надрукаваныя ў “Навуцы і тэхніцы”), чатыры гады вучыў роднай мове дзяўчатак на дашкольным факультэце педінстытуту (хлопцаў было толькі два), разам зь Вінцуком Вячоркам складаў “Чытанку для дзіцячага садка”. І ў паважаным сталым узросьце, як у нас на Полаччыне сказалі б, я “зьдзяцініўся” і вырашыў напісаць нешта пра “дзіцячую мову” для цяперашніх маладых бацькоў. “Дзяцініхай” у нас называлі курыцу-квактуху з “пісклятамі”.
3. Дзіцячая мова, -- якая яна?
Варта гаварыць пра мову дзетак, якім ужо годзіка паўтара. Да пяці дзіця ўжо цалкам у стыхіі роднай мовы.
Уявіце сабе сцэнку: маці завіхаецца ля печы, бацька нешта майструе ў сенцах. Малое ў ложачку (ужо ня ў люльцы) патрабавальна сьлібізуе: “Тата, мама, га-га- тпр –аа ...” , потым ужо раве, аж “заходзіцца”... Маці: “Татуля, паглядзі. Нешта там наш Пятрок гудзіць, як гудзёлка.”. Бацька ў адказ: “Нічога, хай пакрычыць ..” Маці: “Вінцусь, ды вазьмі ты мАльца (націск на першым складзе), у мяне во рукі ў масьлянцы ...”. Бацька: “А я во пакост пад кіт разводжу, рукі вунь як у Шмэркі-каламазьніка ...”. Маці разнэрвавана выцірае рукі аб прыпол ды падбягае да малога, супакойваецца: Што ты, мой Ясечка-каласок, плачаш? Хочаш есткі? Не ... Можа сюкацькі? Не ... Піткі? Не ...( Маці разгублена глядзіць на бацьку): “Вінцусёк, можа, ты зрабі Петруську сі-та-та?” (Малое ўсьміхаецца, радасна пачынае скакаць , паказваючы рукой на тату-Вінцэнта:“Тата, гоп-гоп! Гута-та, сіта-та...! Бацька ставіць сыночка “далоўкі” (на падлогу): “Давай жа топанькі-дыбанькі... Бацька сядае на лаву, -- “нага за нагу”, садзіць Яську “ў сядло” (малое “абжыргала” шчыкалатку на назе) і “гушкае-гутатае”: “Гута-та, сіта-та, траля-ля, іга-га ...!”
Іншая сцэнка: малое цягнецца да агня ў грубцы. Дарослыя: “Не чапай жыжу. Будзе боля... Глянь, во ляля плача. Пажалей яе...
Або такое. Бабуля расказвае ўнучку бываліцу: “Было гэта не сягоньнека, а даўна-даўна. Дзедава Рыгорава хата стаяла ля самюсенькага лесу. А лес быў цёмны-гушчэзны. Заснуў быў дзед Рыгор на сене ў пуні, а тут нехта шавыр! са страхі ды брык дагары ля дзьвярэй...І як бы памірае:”Ой, моташна мне... Усхапіўся дзед Рыгор. Ажно гэта чорт ...
Вось дзеці гуляюць “у кутУ”. Спачатку “гадзЯцца” (лічацца), каму “убівацца” (“жмурЫцца”): Эны-бэны,тры- каморы, цукар-махар, памідоры, эс –бэз, кіслы квас, каму трэба фунт кілбас... Тут гуляе шмат дзяцей, таму лічылка доўгая. Калі мала, бяруць кароткую: Баран-Лявон-выйдзі –вон.
Як ужо бачна з гэтых кароткіх ілюстрацыяў, моўны зварот да дзетак пачынаецца з ласкавай інтанацыі. Можна нават сьцьвярджаць, што ніякай такой спэцыфічнай дзіцячай мовы няма. Тыя ж традыцыйна мэтафарычна халодныя, нават нядобрыя словы кшталту “смоўж, жаба, бадзяка” могуць імгненна стаць цёплымі, ласкавымі: “Дзе ж ты, мой бацяка, швэндаўся, вымак, як смоўж, рукі халадзюсенькія, як жабіны лапкі, -- дай пахукаю, пакладзі во маме ў кішэнь, пагрэй.” Ласкі, калі яна шчырая, ніколі не бывае занадта.
Тое-сёе з граматыкі ды лексікі
Аднак усё ж-такі пэўныя прыкметы “дзіцячай” марфалёгіі ды сінтаксісу ёсьць. Сказы кароткія. Тлумачальныя (даданыя сказы) ідуць без злучнікаў, як бы праз кропку, каб не згубіць сказанае перад гэтым. У дзіцяці памяць рытмічная. Важна, каб у фразе быў выразны лягічны націск, адценены адпаведнымі рытмічнымі танальнымі і дынамічнымі пераходамі: “Каровы,/ коні, /авечкі // ядуць траву заўсёды/// а каты / – рэдка /// Толькі як лекавыя зёлкі ///. Яны ведаюць//, якой травой лячыцца”.
Памяншальна-ласкальныя суфіксы могуць далучацца амаль да любой часьціны мовы, хіба акрамя злучнікаў ды лічэбнікаў: татулечка (двайная суфіксацыя), есткі (есьцькі, есьцікі, есьцейкі, ...), чарнюткі, самюсенькі, далоўкі (дзіця ссаджваюць на падлогу), сягоньнейка, бабаханькі! Апошняе – гэта аддзеяслоўны выклічнік: дзіця звалілася. Або ўпала нешта ня вельмі мяккае. У нас часта ўжывалі слова “вонкі”, якое абазначала “пайсьці на вуліцу” і “схадзіць на гаршчок” па-сур’ёзнаму, для “пісаць, сікаць” ужывалі варыянт “сюкаць”. Сыночкаву пісюльку называлі “стручок”, калі-небудзь “піпюлька”. У дзяўчынак гэта была “сюкаўка”, ласкальна – “сюкавачка”. З націскам на першым складзе. Разам з тым маці магла тэатральна-ласкава назваць дачушку ці сына, “ты маё сюкала” (націск на першым складзе), калі дзіця ладна змачыла полкі (у нас не гаварылі “пялюшкі”). Аналягічна маці ці бацька маглі з замілаваньнем утвараць па форме ня вельмі далікатныя назоўнікі дзеяньня з суфіксам “ла, ло”, аздабляючы іх ласкавай прасодыяй: Ты маё (гэтае) гопала, гракала, стукала, пукала, пляцкала (есьць, пляцкаючы), сёрбала, жарло, трубло (есьць як не ўсябе), зяпло (моцна крычыць). “Калі ўжо гэтае гопала сёньня ўціхамірыцца?”. Малое скача ў ложку і ня хоча класьціся спаць. Попку называлі срачкай без усялякіх стылёвых аглядкаў. Але не ўжывалі аднакаранёвага дзеяслова, а гаварылі па-эўрапэйску “какаць”. Для немаўляці ў гэтым выпадку бацькі ці старэйшыя браты і сёстры маглі ужываць у якасьці заменьніка дзеяслова мімічна выразны выклічнік “А-а!”. Паміж іншым, гэтае слова, пэўна, другое ў беларускай мове побач зь “не-а!”, дзе, як у нямецкай, галосныя на пачатку марфемы і слова вымаўляюцца з так званым цьвёрдым прыступам (рэзкім размыканьнем галасавых зьвязак). У нас не было беларускага літаратурнага “твар” ці расейскага ліцо. Гаварылі “морда”, без стылёвых пазнакаў: “Мама, у мяне нічога на мордзе няма?”. “Дай, сынок, я табе морду вытру.” Натуральна, наша дыялектная звычка цяпер не да месца. “Тварык”, “твар” – тое, што трэба. “Морда”, “мордачка” – у ката, сабакі, каня. Тут і “пыса” дарэчы.
Для бацькоў, якія недастаткова валодаюць граматыкай, варта зьвярнуць увагу на правільнае ўтварэньне прыналежных прыметнікаў, якія надзвычай часта будуць гучаць у размове зь дзеткамі: маміна хустка, мамчын мабільнік (і мамчын сынок, не “маменькін”!), мамулін пярсьцёначак, сястрыччына кніжка,сестрына запіска, Верына шапачка, Вераччына сукенка, Верчына флэшка (Верка , як і дзеўка не гучыць у нас абразьліва), Веранічына сяброўка, Пецеў брат (Пецяў – родны склон мн. ліку: не хапала нам яшчэ гэтых двух Пецяў!), Пецечкава сьвісьцюлька, Пецькава шапка, дзядулевы акуляры, дзедавы боты, бабіны шкарпэткі, Вікціны карункі (Вікця – памяншальнае ад Вікторыя, не Віка!) і г. д.
Не трэба баяцца мянушак, - ні ў сям’і, ні па-за сям’ёй. Мянушкі разьвіваюць ў дзетак мэтафарычны погляд на сьвет, вучаць назіральнасьці, уменьню параўноўваць. Яны не павінны быць зьдзеклівыя паводле абставінаў ды інтанацыі. У нас у сям’і ва ўсіх чатырох дзяцей былі мянушкі: самая большая сястра (у нас не казалі “старэйшая”) мела мянушку Лісіца, бо была Лісавета, большы брат Зьмітрок быў Шыцік (бо аднойчы чуць не захліпнуўся ў рацэ, калі, ішоўшы “на рыбу”, лавіў шыцікаў). Сярэдняга брата Толіка мы дражнілі дома (не на людзях!) Склют, бо ён быў худы і плоскі, як сякера-склют. Мяне, як не па ўзросту хітрага і зь языком, як памяло, звалі Масіяш. Так, праўда, гаварылі дарослыя, у тым ліку і суседзі. Пазьней, ужо дарослым, я сустракаў прозьвішчы Склют (вядомы беларускі прафэсар-оталярынголаг), Масіяш, Шыцік ... Так яно і йдзе: спачатку параўнаньне, потым мянушка, потым прозьвішча.
Аддзеяслоўныя выклічнікі, гукі навакольля
Калі лічылкі, напрыклад, даюць дзіцяці першае адчуваньне рытму ды рыфмы, як бы выгукнутае ім самім, бо шмат словаў не абазначаюць нешта пэўнае, то слоўцы кшталту “шавыр, дыб-дыб, кох-кох, валюх” і да т. п. гукапераймальна фіксуюць ўвагу дзіцяці на акустычных эфэктах наваколльля. У розных мовах, мясцовасьцях, суполках і нават сем’ях яны могуць адрозьнівацца. Аднак пэўнае агульнае падабенства заўважаецца. Нашыя ластаўкі шчабечуць. Нямецкія – “цвічэрн” (zwitschern). “ШЧБЧ”-“ЦВЧ” – клубок падобных шыпячых гукаў. Ангельскія – “твітраюць” (twitter) – ТВТР... Адсюль інтэрнэтаўкі твітэр: ён узьнік напачатку як праграма “кароткага шчабятаньня” на вялікіх нарадах і канфэрэнцыях, калі ўзьнікала патрэба камунікацыі ў разьдзеленых недалёкіх памяшканьнях. Наш певень кукарэкае, нямецкі сьпявае “кі-ке-рэкі”, а сьпеў ангельскага больш падобны на “прозу” нашага індыка: кок-э-дудл-ду (cock-a-doodle-doo)!
Ад нашага Ветрына ці Вушачаў Купалава Вязынка няблізка, аднак у “Соне на кургане” я з радасьцю прачытаў, што купалаўскія русалкі, як і ў нас, гушкаюцца на суках: “Гута-та, сіта-та, траля-ля ...”. Жывучы ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя ў інтэрнаце Лінгвістычнага універсітэту разам з хлопцамі з-пад Стоўбцаў я пачуў: “плітка (электрычная) пэнкнула (пэнк!), шнурок (на чаравіку) “пукш!” і парваўся ... Акурат як у нас. Радасна. Вось невялічкі сьпіс гукавых уражаньняў ад навакольля, якое чулася нам, полацка-ветранскім дзецям гадоў 70 таму:
- хамыль-хамыль (мядзьведзь бяжыць, куляючыся “галопам” па лесе, пераскокваючы праз кусты);
- скапыты-скапыты (конь галопам па любой дарозе);
- цок-цок (конь рысьсю па цьвёрдай дарозе – брук, асфальт, бітая дарога-бальшак); у Сокалава-Воюша вершнікі на конях “робяць цок-цок”;
- дзынк (шыба трэснула, каменьчык папаў у шкло);
- шаў-шаў (ляціць чарада “простых” гусей, варон, буслоў); “простыя” гусі – свойскія гусі, якія могуць лётаць на значныя адлегласьці, -- нятлустыя, “падхартаныя”;
- шАмша-шАмша (людзі “шэмруць”, разносячы нядобрыя плёткі, чынячы зло); такога нядобрага чалавека звалі “шамшура”, ён мог і забіць;
- валюх (нехта няўклюдны, тоўсты ці тоўста апрануты зваліўся з высокага “далоў” або перакуліўся цераз нейкую агароджу; можа быць і мядзьведзь);
- таўхель, штурхель (некага штурхнулі локцем ці плечуком, знарок або і не);
- шась-шась (труцца-калышацца павязаныя паркамі венікі ў пастуха на плячы, які гоніць кароў з паствы);
- гіз-гіз-талалай (пастух пад’юджвае статак, калі пачынаецца “авад”, каб каровы баржджэй беглі ў абед ад сьпёкі ў цень; тут “гіз” ад “гізаваць” з выбухным “Г”, а “талалай”, відаць, для рыфмы: часта дадавалі “вышэй хвост падымай”; талалай-талалах – пустыя калёсы па няроўнай дарозе);
- квяк-квяк (чалавек ідзе па гразі);
Сьпіс такіх слоўцаў можна доўжыць і доўжыць. Дзеці эмацыйна рэагуюць на гукаперайманьне і лёгка пашыраюць свае ўяўленьні пра навакольны сьвет.
Адна цяжкая дзеяслоўная форма
У сям’і, дзе больш як адно дзіця, або ў дзіцячым садку бацькам ці выхавальнікам прыходзіцца часта ўжываць дзеясловы ў форме 2-й асобы мн. ліку: “Дзеці, калі ласка, размаўляйце цішэй!”. Тут зь дзеясловам няма праблемаў. А вось сказаць “Вера і Алеся, вы ясьце (ясьцё) занадта хутка, - не сьпяшайцеся!” ня так ужо й проста. Перашкаджае расейскае “едите”. І дарослыя, гаворачы па-беларуску часта могуць сказаць “едзіцё”. Ёсьць дзесяткі тры часта ўжывальных дзеясловаў (яны звычайна абазначаюць жыцьцёва важныя працэсы: есьці, стаяць, піць, ляжаць, бегчы, несьці, везьці, класьці, спаць ды інш), спражэньне якіх лягчэй за ўсё запамінаць паводле месца націску ў 2-й асобе адзіночнага ліку. Мы гаворым бяз цяжкасьцяў: ты жывеш, ясі, стаіш, п’еш, ляжыш, бяжыш, нясеш, вязеш, кладзеш, сьпіш ... Тут націск усюды на апошніс складзе. У мн. ліку павінна быць так сама: вы жывяце, ясьце, стаіце (“і” ды “ы”не мяняюцца ў залежнасьці ад націску), п’яце, лежыце, бежыце, несяце, везяце, кладзяце, сьпіце .... Як бачым, у першым складзе перад націскам захоўваецца “я”, у другім – “е”. У дзеясловах, дзе ў 2-й асобе адз. ліку націск не на канчатку (ты чытаеш, пішаш, едзеш ...), у мн. ліку ніякіх зьменаў галосных не адбываецца: вы чытаеце, пішаце, едзеце ...
Працуючы на факультэце дашкольнага выхаваньня, для замацаваньня формы дзеяслова 2-й асобы мн. ліку, я практыкаваў так званыя “трансфармацыйна-камунікатыўныя” практыкаваньні: “Антон, запытай ў Мікіты і Стася, чаму яны ня йдуць на абед (чаму яны не вядуць поні ў бокс, куды яны нясуць надутую жырафу і г. д.). Перад гэтым даць узор пытаньня і адказу. Пасьля гэтага Антон зможа лягчэй запытаць: “ (Мікіта і Стась) Куды вы несяце жырафу”
Як “размаўляюць” жывёлы? Як размаўляць зь імі?
Усё радзей дзеткі чуюць і бачаць жывёлаў. Яны – персанажы казак. Чытаючы ці распавядаючы дзеткам казкі, варта часьцей агучваць галасы жывёлаў. Малыя тут ж падхопліваюць “му-у, іга-га, ко-ко-ко ...”, не чакаючы нават канца сказу. Дзеці ахвотна адказваюць на пытаньні “А як жа гаворыць конік? Іга-га ... Конік іржэ. Скажы “і-га-га”! Дзіця радасна паўтарае. Кароўка мычыць: му-у! А авечка? Бляе: мэ-э! Індык (вымаўляецца “йіндык”) – балбоча (або гялдэча): гулды-гулды! (Гялдэчылі і немцы, якія стаялі ў вёсцы падчас акупацыі). Голас курыцы залежыць ад ейнага стану. Сакоча – ходзіць зь яйцом (так!). Калі курыца зьняслася, ў гнязьдзе ляжыць яйка, не яйцо. Курыца кудахча, калі спужалася або зьнесла яйка. Клохае, калі адчувае патрэбу выседжваць куранят (у яе падымаецца тэмпэратура) або ўжо водзіць куранятак. Калі квактуха (дзяцініха) бачыць каршуна, яна працяжна гучна “каркае” амаль як варона: к-р-р-р! І лётам-подбегам разам з пісклятамі шукае які-небудзь схоў. Бык раве (бушуе), сабакі брэшуць “гаў-гаў” (калі выюць, - быць бядзе), ваўкі выюць “ву-у—у”, лісы брэшуць таксама (толькі кароценька і “чыста”), мышы пішчаць “пісь-пісь”, камар прыблізна таксама, чаму і завецца “піскун”, сьвіньня рохкае, пчолы гудуць, вераб’і ціўкаюць, кот “пяе курню”, калі яму прыемна. Можна доўжыць.
Падзывалі, прынаджваючы свойскіх жывёл (не “хатніх”!), адкідаючы канчатак з суфіксам (або пачатак) ад назвы жывёлы ці сьлібізуючы нешта гукаперамальнае: цёл –цёл-цёл, кось-кось-кось (і соў-соў-соў , ідзі, дам аўсу), пылі-пылі-пылюткі (і ціп-ціп-ціпы; не цып-цып-цып!), кызя-кызя, вечка-вечка, вуль-вуль-вуль (качак), зюль-зюль-зюль (гусянят-зюлянят), кыці-кыці (кіс-кіс радзей). Карову, сабаку, каня звалі па імені: Красуля (Красулька), Цыган, Вогір. Інтанацыйна размаўлялі як зь людзьмі. “Кызя-кызя” яшчэ зьвярталіся да конікаў, калі, злавіўшы іх у траве, садзілі на дзіч (на назе ці на пальцы) прыціскалі дзюкай-носікам да дзіча і гаварылі: “Кызя-кызя, дай мазі, а то зарэжу на гразі!”. Лічылася, што “кызева мазь” дапаможа зьвесьці дзіч. Слова “бародаўка” ў нас не ўжывалася.
Адганялі жывёл ад шкоды ці заганялі ў хлеў кароткім воклічам “апсік (ката), ашкыр (авечак), аюсь(сьвіней), апыль (курэй і куранят), агыля (гусей), авуць(качак), акызя, пайшлі ў хлеў, пайшла ў поле, аюсь куды(калі трэба “забегчы” ды завярнуць ў іншы бок).
Лічылкі, вершыкі, прыбабунькі, прымаўкі можна ўзяць з інтэрнэту і чытанак, якія можна знайсьці ў кнігарнях ці па аб’явах у тым жа інтэрнэце.
Трохі дыдактыкі
На заключэньне адна дыдактычная парада: калі дзіцяці, якому два-тры гады, штосьці забараняеце (не сядай на зэдлік; адыдзі, калі ласка, ад вакна), заўсёды дадайце хаця б адзін тлумачальны сказ: Не сядай на зэдлік: ён мокры. Такім жа чынам на пачатку, калі “займаецеся на роднай мове” дома, можна гуляць зь дзіцём у лялькі: “Скажы лялі, каб не сядала на зэдлік. Скажы, чаму нельга! (Перад гэтым можна трошкі наліць на зэдлік вады). Раскласьці побач цацачныя ножыкі, відэльцы, талеркі. Гуляючы ў лялькі: “Скажы лялі (або назваць імя), каб ня брала ножык за лязо. Бо можа парэзаць руку (далонь, палец). Так дзіця засвойвае лепш прычынна-выніковыя сувязі падзеяў і якасьці навакольных прадметаў. Можна ўвесьці ў такую гульню элементы “дабра і зла”: адна лялька (хлопчык) хоча забіць матылька (чарвяка, павука). Другая кажа, што гэта нядобра рабіць, бо ... (ён жа жывы, яму баліць, у яго дома маленькія дзеткі ...) . Разам з гэтым “добрая” лялька будзе трэніравацца утвараць загадны лад з адмоўем.
Зь пяцігадовым дзіцем можна дома “гуляць у дзіцячы садок”. Дзіця можа выхоўваць ролю выхавальніцы. Ведаю з уласнага досьведу, што і 5-гадовыя робяць гэта ахвотна. Апісваеце, напрыклад, сітуацыю (гэта ўсё на роднай мове) : Група ідзе пасьля падвячорка на прагулянку, адзін хлопчык (імя) схаваўся пад раскладушку (пад ложак) і ня хоча йсьці на вуліцу. Пры гэтым зашпіліў гузікі на куртцы так, што адно крысо зьвісае ніжэй за другое. І чаравікі пераблытаў: надзеў правы на левую нагу, а левы – на правую. Пераканаць, што ўсё ж трэба йсьці на вуліцу (нянька ўжо пайшла зь іншымі дзецьмі) і чаравікі добра апрануць. Не камандаваць. Быць ласкавым.
Родная мова ў дзянінстве закладае асновы для словаўтварэня, наватвораў, нацыянальных мэтафар, асацыяцый. Казкі, міты, жыцьцёвыя гісторыі, пачутыя ад сталых носьбітаў мовы – крыніца натхненьня для дзетак. “Пайду ж я пабегаю, як рыбка па берагу// пайду ж я пагуляю, як рыбка па Дунаю...”, --сьпявала мая маці. Я пытаўся: “А ты была на Дунаі?”. “Не, - казала маці. –Дунай – гэта вялікая “ўсіхная” рака, як Дон, Днепр, Дзьвіна. Яны – таксама ўсіхныя, бо вельмі старыя. -- “Ну а ці ж рыбы бегаюць па берагах? Я бачыў толькі шчук у нераст, як выскоквалі ў трысьнік”, - пытаўся я далей. “Не, гэта мне так будзе вольна на берагу, як рыбе ў вадзе. Так проста гаворыцца ...”. Ці ж гэта не паэзія?
Калгасны стораж Антоля Барманскі, у якога былі дачушкі Вікця, Манюся і Віргуся, штовечар заседжваўся ў нас у хаце да поўначы і расказваў гісторыі і быліцы, пачутыя ім ад дзеда, што служыў у напалеонаўскім і царскім войску: “Было гэта яшчэ да вялікай руіны ...”. Зь фінскай вайны ён прывёз мянушку “Антось-сорак клёцак”: заклаўся на зімовую шапку, што зьесьць сорак “клёцак з душамі”. І сорак клёцак ня зьеў, і шапку прайграў, і сам ледзь не памёр, бо аб’еўся. Узгадваецца ўсё гэта, як нейкае жыцьцё на іншай планеце, як сон. У быліцах нараджаіся новыя словы, моўныя фігуры, прыказкі.
У наш час бацькі могуць паспрабаваць знайсьці замену жывым носьбітам мовы – кніжкі добрых беларускіх аўтараў. Хаця б раз на тыдзень у сям’і можна ладзіць сямейнае чытаньне ўголас. Спачатку чытаць бацькам. Потым няхай дзеці чытаюць самі, трошкі папярэдне падрыхтаваўшыся. Сумеснае чытаньне робіць цуд: мацуецца сям’я, прыгажэюць душы, разам з прыгожым прыходзіць дабро і гармонія.