Уражанні колішняга вучня і настаўніка
У людзей майго пакалення, якія пайшлі ў беларускую пачатковую школу пасля вайны 1941-1945 гг., адносіны да кніг і школьных падручнікаў былі вельмі свойскія і цёплыя. Калі яшчэ не было радыё, кніга ды газета былі адзіным вакном у свет.У вёсцы, як некалі ў шляхецкіх сем’ях, кнігі часта чыталі гуртам уголас, сабраўшыся ў чыёй-небудзь хаце. Чыталі звычайна вечарам пры керасінавай лямпе (у нас казалі «карасінавая» ці «газавая», з выбухным «г») або нават пры лучыне. Здаралася, што і днём. Так у нашай хаце, напрыклад, збіраліся падчас кароткіх перапынкаў у працы бабы і дзяўчаты з фермы і чыталі калектыўна ўголас «Глыбокую плынь» Івана Шамякіна...
Тады дзяржава не мела магчымасці забяспечваць усіх дзяцей падручнікамі. Іх кожны даставаў як мог. У нашай вёсцы з 27 хатаў, было ўсяго 6 гаспадароў, якія мелі некаторыя даваенныя выданні. За імі стаялі ў чаргу. У 6-гадовым узросце акрамя сваіх падручнікаў, здабытых у мястэчку Ветрыне (заробак за паству), я ўжо чытаў кніжкі па гісторыі, геаграфіі ды біялогіі, якія былі шчасліва купленыя для майго большага брата (апярэджваў мяне на 4 класы) у суседзяў. Мы выкупілі іх за грошы, што назапасілі за зданую ў нарыхтоўчую кантору сухую лазу, якую дралі і сушылі цэлае лета. Я, натуральна, не ўсё разумеў з тых падручнікаў, але дагэтуль памятаю загалоўкі, подпісы, малюнкі: «Звераяшчары напалі на траваеднага яшчара», «Танец Шывы», «2 і 6 – ляніўцы»(нумараваныя малюнкі дзікіх звяроў)... Цікава, што ва ўжыванай «Гісторыі старажытнага свету», дзе быў змешчаны малюнак індуісцкага Бога Шывы, подпіс быў акуратненька папраўлены вучнёўскай рукой: друкаванае слова «Танцуючы» было закрэслена, а зверху фіялетавым чарнілам «пяром з націскам» выведзена: «Танец». У слове «Шыва» апошняя літара была папраўлена на «ы». Атрымалася – Танец Шывы, што з пункту гледжання логікі перакладу загалоўка абсалютна адэкватна. Як бачым, разумны настаўнік (можа хто з бацькоў?) загадаў вучням выправіць скалькаваны з расейскай мовы подпіс («Танцующий Шива»). Як вядома, дзеепрыметнікі цяперашняга часу з суфіксам «уч/юч» у нашай мове ўжываюцца толькі ў лексікалізаваных формах – гаючая крыніца, лятучая мыш (кажан). Мы пісалі «пёрамі з націскам», з раздвоенай дзюбкай без «носіка» («рандо», «жабка», «сціло») не толькі на ўроках чыстапісання. Пёры макалі ў чарнільніцу-«невылівачку». Гэта – лірычны ўспамін.
Як чытаецца тэкст падручніка 2016 года?
Канешне, падручнік гісторыі – не мастацкі тэкст. Аднак чаканы аповед пра эпоху ледавікоў, мамантаў, жыццё першабытных людзей, што насялялі наш край, настройвае 12-гадовага вучня на таямніча-апавядальны лад, запаволены рытм з аазісамі малюнкаў, схематычных картаў і храналагічных стужак. Праз гэта павінен нарадзіцца тэкст, як бы запісаны з голасу настаўніка, што «сваімі словамі», проста апавядае пра незнаёмае. Можа, таму, што ў вясковай школе пасля вайны не было падручнікаў і настаўнік часта проста падрабязна «уводзіў» на ўроку новы матэрыял без апоры на друкаваны тэкст, і, магчыма, таму, што мы былі страшэнна прагныя да ведаў, у маёй свядомасці тэксты з школьных кніжак па гісторыі, геаграфіі, заалогіі і, канешне ж, літаратуры застаюцца прывабнай рытмічнай плынню, што без прымусу ўваходзіла ў нашы галовы і гарманічна засяляла нашы душы. Менавіта такое ўражанне склалася ў мяне ў «дарослы» час пасля знаёмства з тэкстамі для малодшых і сярэдніх школьнікаў у дарэвалюцыйных падручніках для рэальных вучылішчаў і гімназій, па якіх вучыліся наша папярэднікі. Нешта падобнае я назіраю і ў даступных мне адпаведных сучасных нямецкіх ды французскіх навучальных тэкстах школьнікаў падобнага ўзросту. Тут некаторыя тэматычныя пасажы пра першабытную эпоху нагадваюць мне фрагменты з твора Янкі маўра «Чалавек ідзе». Жывыя ілюстрацыі не забіваюць «навуковасці» выкладу. Аўтары вельмі гожа і прывабна складаюць сказы, натуральна звязваюць папярэдні з наступным, захоўваюць прыдатны да зместу рытм.
Такога, на жаль, я не магу сказаць пра тэкст падразгляднага падручніка. Апісальная частка «не пругкая», метадычная задумка з пастаноўкай праблемы, ілюстрацыямі, уласна тлумачэннем, выдзеленымі пытаннямі і абагульненнямі ў канцы раздзела робіць тэкст рыхлым, пярэстым. Калі-небудзь усяго адзін ці два сказы ў тлумачэнні могуць «несці нагрузку» у пастаноўцы праблемы, у пункце «звярніце ўвагу» і ў абагульненні. У выніку назіраюцца выпадковыя і метадычна абумоўленыя паўторы. Паўторы закладзены і ў будове раздзелаў. Спачатку расказваецца (дакладней «апісваецца») пра старажытны час увогуле, а далей тое самае выкладаецца ў набліжэнні да беларускіх рэалій. Так, калі спачатку ўвогуле гаворыцца пра тое, як карміліся першабытныя людзі, у той частцы, дзе расказваецца пра беларускія плямёны, зноў паўтараецца сюжэт пра збіральніцтва, бортніцтва і паляванне. Такія «пасеяныя» у некалькіх месцах факты, ствараюць у вучня ўяўнае «пачуццё знаёмасці» (тэрмін з псіхалогіі ўспрымання), якое заахвочвае дзіця «пераскокваць» як бы знаёмыя месцы, і ў выніку спрыяе толькі прыблізнаму засваенню новага матэрыялу.
Пры чытанні раздзела пра кліматычныя ўмовы ў старажытны час на нашых землях (да, – між- і пасляледавіковы перыяд), заўважаеш, што аўтары як бы ўзгадваюць пра «іншыя рэгіёны» Зямлі, дзе магло быць цяплей, аднак чамусьці абмяжоўваюцца ўзгадкай толькі пра поўдзень цяперашняй Беларусі. Тут бы варта было б з улікам таго, што вучні маюць першапачатковыя веды пра гісторыю старажытнага свету (Егіпет, Грэцыя, Рым і да т. п.), параўнаць гэтыя рэгіёны з беларускімі землямі і паміж іншым даступна выкласці сучасны погляд на ўзнікненне цывілізацыі на нашай планеце. Такі «кантыніум пераемнасці» кліматычнага ўплыву на рэгіёны нашай планеты закладаў бы ўстаноўку навучэнца на чаканую ўзаемасувязь развіцця цывілізацыі ў далёкіх і суседніх землях з нашым краем у галіне гісторыі, культуры, сацыяльнай уладкаванасці, нацыянальнай тоеснасці.
Некаторыя сцвярджаюць, што сучасны медыйна спрактыкаваны вучань ва ўзросце 5-7-класніка ўжо толькі павярхоўна ўспрымае тэст-наратыў, жыва рэагуе толькі на «кліпавую» змену візуальных ды акустычных ілюстрацый. Гэта слушна толькі ў малой ступені. Ды і то толькі ў доўгіх, вялых, нерытмічных, занадта «пісьмова» аформленых раздзелах падручніка. Сцвярджаю так з уласнага досведу, бо не раз прыходзілася быць «рэпетытарам» па розных прадметах. Пяці – ды шасцікласнік часта просіць дарослых дома: «Вы мне патлумачце сваімі словамі, у падручніку незразумела». Канешне, вучань павінен напружвацца, вучыцца чытаць тэкст. Аднак праўда і тое, што бацькі часта вымушаны «перакладаць» напісанае на «нармальную» мову.
Думаецца, што кожны школьнік не прапусціць ніводнага радка з «Слова да вучняў». Не таму, што яно кароткае і пастаўлена на 3-й старонцы. Яно – жывое, напісанае на адным дыханні. Можа, нават занадта ўзнёслае. Вось адзін пасаж:«Вывучаючы гісторыю Беларусі, вы пазнаёміцеся з мудрымі князямі, мужнымі ваярамі, пабожнымі царкоўнымі дзеячамі, таленавітымі пісьменнікамі і дойлідамі, самаадданымі асветнікамі. Але іх дасягненні былі б немагчымыя без штодзённай цяжкай працы простага народу».. У апошнім сказе бачацца водбліскі класавага наратыву, якія можна было б назваць...
Рэлікты савецкасці
«Цяжкая праца простага народу», без узгадкаў пра якую не абыходзіўся ніводзін падручнік гісторыі савецкага часу, плаўна перайшла і ў школьную кніжку 2016 года. Увага да так званага «простага чалавека», якім быў кожны рамеснік, землякоп, пастух, пешы ваяр, сельскі працаўнік, адлюстроўваецца і ў тэкстах сучасных еўрапейскіх падручнікаў, аднак там няма імплікаванага класавага падыходу, які праграмуе ў прышласці сацыяльнае напружанне аж да лозунгу «Пралятарыі ўсіх краін яднайцеся!». Там проста расказваецца, што і як рабілася ў розных групах грамадства ў адпаведны перыяд гісторыі. Думка аб «простым народзе» праглядаецца і на с. 116: «Князь і знатныя людзі не ўдзельнічалі ў непасрэднай вытворчасці прадуктаў...» Тут усё як бы слушна сказана (гаворыцца пра ўзнікненне княжацкай улады і характар працы), але ж зноў жа «імплікуецца» пэўны негатыў у адносінах да пэўнай сацыяльнай групы: не ўдзельнічалі ў непасрэднай вытворчасці прадуктаў. У сярэднявечным грамадстве, як і ў кожны час, кожная сацыяльная група рабіла сваю справу: адны працавалі на зямлі, другія шылі абутак, трэція рабілі посуд, воіны-шляхта (ад нямецкага die Schlacht, што значыць бой, бітва) з пешымі рэкрутамі баранілі межы, святары дбалі пра дух, князь кіраваў усім. Да таго ж «вытвараць прадукты» – масла маслянае, бо этымалагічна «вытвараць» значыць «прадукаваць».
У той жа час (зусім па-постсавецку), жадаючы аддаць належную даніну павагі і князям і святарам, аўтар «Слова да вучня» стылёва-узнёсла аздабляе і кожнага «не простага» носьбіта грамадскай вартасці высокім эпітэтам: мудры, мужны, пабожны, таленавіты, самаадданы... Канешне ж, у нацыянальнай памяці застаюцца толькі такія постаці. Але ж трэба быць асцярожным у суперлятывах, каб не ўпасці ў збыткоўную алагічнасць. Ці ж можа дзеяч царквы быць «непабожным»? Да таго ж слова «пабожны»– цяжкае для разумення 6-класніка. Яго, дарэчы, няма і ў шасцітамовіку ТСБМ. У перакладным беларуска-расейскім ёсць. Там ідзе адсылка да лексемы «набожны»... У гэтым замкнутым коле эпітэтаў адчуваецца пэўная правінцыйнасць. Калі ўжо хочацца пра дзеячаў царквы сказаць нешта добрае з эпітэтам, чаму б не напісаць «добрыя сэрцам святары» або «светлай памяці дзеячы царквы»?
Рэліктам савецкай школьнай трактоўкі ўспрымаецца і тэзіс-канстатацыя пра ўзнікненне ў IX стагоддзі адзінай Старажытнарускай дзяржавы пад патранажам Кіеўскага і Наўгародскага княстваў. Разгорнутай панарамы тлумачэнняў, што гэта за феномен «адзіная сярэднявечная дзяржава», я не знайшоў. Надварот, фактычны матэрыял, дзе распавядаецца пра суперніцтва, варагаванне, збройныя закалоты паміж Кіевам, Полацкам, Ноўгарадам, Туравам, Пінскам і да т. п., настройваюць на разуменне, што як такой «адзінай» дзяржавы на той час не існавала. Можна гаварыць пра пэўныя ўплывы, залежнасць, часовыя дамовы. Бясспрэчна можна гаварыць хіба пра пэўную агульнасць пісьмовай культуры, рэлігійных (праваслаўных) традыцый, культуры гаспадарання. Зразумела, гэта ўсё – да прыходу каталіцтва. У тэксце пра гэта як бы і гаворыцца, але ў абагульненым выглядзе лапідарна паведамляецца (с. 72) : Першай дзяржавай на тэрыторыі нашай краіны было Полацкае княства. Але яшчэ раней (да Полацкага княства? – П. С.) беларускія землі мелі дачыненне да стварэння Старажытнарускай дзяржавы, Кіеўскай Русі». Вельмі цьмяна: мелі дачыненне. Так пішацца курсівам ва ўступе да раздзелу Першыя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі ў ІХ – сярэдзіне ХІІІ ст. На с. 74 чытаем : «У канцы ІХ – Х ст. беларускія землі ўвайшлі ў склад Старажытнарускай дзяржавы..».. Або ў такой рэдакцыі, зноў жа абагульнена (с. 7 – з раздзелу «Гісторыя Беларусі – частка сусветнай гісторыі»): «Беларускія землі былі заўсёды звязаны з далёкімі і блізкімі землямі (пуставаты труізм – П.С.) Адтуль да нас прыйшлі першыя людзі.(Арыгінальна сказана! А мы тут былі? ) У сваім развіцці яны (хто? – нашы землі ці прышлыя людзі? – П. С.) прайшлі тыя ж перыяды, што і насельніцтва іншых зямель... Пазней (калі? пасля чаго? – П. С.) беларускія землі ўвайшлі ў склад супольнай (выдзелена мною – С. П.) дзяржавы ўсходніх славян. Яшчэ пазней нашы продкі злучыліся з суседнімі народамі ў Вялікім Княстве Літоўскім...». Дык былі гэта ўсё тыя ж суседзі ці якія іншыя?
Не маючы ўласнага пункту погляду на феномен так званай «адзінай старажытнарускай дзяржавы» (або не жадаючы рызыкаваць не патрапіць у сучасны дзяржаўны трэнд), аўтары блытаюцца ў туманных абагульненнях, якія нават не адпавядаюць фактычным звесткам, выкладзеным у асноўным тэксце.
У сувязі з гэтым адкрытым застаецца пытанне, у якой тэрміналогіі трэба апісваць побыт «дзяржаўнага люду». Пры гэтым нельга блытаць гісторыю тэрыторый і гісторыю ўззаемадачыненняў паміж тагачаснымі дзяржаўнымі ўтварэннямі. Думаецца, што аўтарам варта было б зрабіць спробу знайсці ў даследчыкаў больш-менш старых хронік, дзе ўзгадваюцца тагачасныя беларускія княствы (або ў адпаведных слоўніках), ці гістарычных мастацкіх творах хаця б некаторыя гістарычныя рэаліі. Думаецца, што ў Полацку неабавязкова гаварылі, «смерд», «абшчынныя людзі», «чэлядзь», «скамарохі», «прасліца», «закупы» (людзі), «шкура», «жгуты», «суліцы» і г. д. Ці былі на беларускіх землях «пагосты» (як месца для збору даніны)? Ці выглядаюць тыпова для беларускіх зямель выявы ваяроў ды «дзяржаўных людзей», пададзеныя на старонках падручніка (напр. с. 59): «Усходнеславянскі дружыннік», «Княжы суд» (можа, лепш княжацкі)? І там і там – нешта татарска-візантыйска-маскоўскае. Канешне, гэта на маё ўспрыманне.
Можа быць, варта было б у падручніку для беларускіх школ з улікам апошніх даследаванняў Лівонскіх хронік ды «разгулу» патрыятычных міфаў «рускага міру» пры сучаснай «грамадскай кананізацыі» Аляксандра Неўскага (памятаючы пра ягонае хаўрусаванне з татарамі ды братазабойчыя паходы) хаця б у кароткіх заўвагах паведаміць беларускаму школьніку пра сапраўдныя гістарычныя падзеі, што называюцца «лёдавым пабоішчам»? На с. 111 аўтары нават сцвярджаюць: «Не выключана, што полацкія воіны змагаліся ў дружыне наўгародскага князя Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 годзе». Між тым лівонскія храністы, якія заўсёды імкнуліся акцэнтаваць увагу на вялікіх ахвярах рыцарскага воінства ў змаганні за сапраўдную веру (часта перабольшваючы ўласныя страты), пішуць пра тую бойку як пра шараговы эпізод сутыкнення крыжакоў з усходнімі суседзямі. Тут з боку расейскіх гісторыкаў мае месца традыцыйнае перабольшванне значнасці гэтай падзеі. Дванаццацігадовае дзіця ў стане зразумець, што розныя народы могуць па-рознаму апісваць адну і тую ж гістарычную падзею.
Гэтую думку можна было б папулярна сфармуляваць нават ва ўступнай частцы або лепш у агульным заключэнні ў апошняй частцы падручніка, падкрэсліваючы ролю «патрыятычных» кінафільмаў ды іншых гістарычных мастацкіх твораў, якія ствараюць «прыгожую гісторыю», гісторыю нацыянальнай тоеснасці, якая можа не супадаць з сапраўднымі гістарычнымі падзеямі.
Некаторыя заўвагі паводле зместу і мовы
Добра было б аўтарам тэксту, не зважаючы на тэксты папярэдніх падручнікаў, прапусціць праз сябе ўсю інфармацыю, што падлягае запамінанню ды і рэцэптыўнаму разуменню, і шчыра запытацца: ці я гэта ведаю сам? Ці можна без гэтага абысціся? Ці не ствараем мы стрэс для вучня, даючы яму надта цяжкія для разумення (і запамінання) факты, якія не спатрэбяцца яму ў далейшым жыцці? Я не думаю, што нашы настаўнікі (нават гісторыкі) ведаюць падрабязны храналагічны падзел каменнага веку (гл. с. 20). Калі вучню натуральна патрэбна ведаць падзел Сярэднявечча на ранняе, высокае ды позняе, яго і трэба пакідаць. Бо з гэтым шмат што звязана далей. Або: навошта так падрабязна апісваць варагаванні Турава і Кіева? Навошта вучню ламаць язык і запамінаць слоўца «прысвойвальная гаспадарка»? Гаварылі ж мы раней пра збіральніцтва, рыбалоўства і бортніцтва. І нічога. Потым пачалі чытаць пра ўдасканаленне прыладаў працы, лішкі напрацаванага і г. д.
Або амаль загадка: эпізадычна ў тэксце згадваецца Візантыя як далёкая заморская краіна, з якой нашыя продкі шмат што запазычалі. На с. 105 чытаем: «Гарады Панямоння падтрымлівалі сувязь і з далёкай Візантыяй. Аб гэтым сведчаць знаходкі каштоўнага шклянога посуду, распісанага золатам і эмаллю...». А вось са с. 92-й даведваемся, што «У 1129 г. Мсціслаў захапіў у палон непакорлівых полацкіх князёў і выслаў іх у Візантыю. У гарадах Полацкай зямлі кіеўскі князь пасадзіў сваіх людзей». Хутчэй за ўсё вучні не звернуць увагі, куды Мсціслаў выслаў непаслухмяных полацкіх князёў. А калі раптам сярод трох дзясяткаў вучняў знойдзецца адна пытлівая зануда ды запытае: « А як гэта і чаму ў Візантыю? ». Вучань ужо чуў нешта пра Сібір, халодную Поўнач, куды высылаюць ворагаў дзяржавы і злых людзей. Я ўпэўнены, што абсалютная большасць настаўнікаў (можа, і самі аўтары) не зможа проста і ўцямна гэта растлумачыць. Навошта ўвогуле ўзгадваць тут тую Візантыю?
Апісваючы ўзаемадачыненні княстваў з неславянскімі суседзямі ў канцы 12-га – пачатку 13-га стагоддзя, аўтары неасцярожна ўжываюць слова «літоўцы». На с. 110 чытаем: «... У барацьбе з крыжакамі Усеваладу (герцыкаўскаму князю – П. С.) дапамагалі літоўцы». Гэтым тэрмінам варта карыстацца хіба што пры апісанні эпохі сталення Літвы як нацыі (позняе Сярэнявечча, сярэдзіна 19-га – пачатак 20-га стг., 1918-1940 і пазней). Дарэчным тут было б ужываць толькі назвы этнічных тэрыторый ці проста гаварыць пра «балцкіх князёў». Увогуле: тэрміны, этымалогіі, рэаліі павінны быць паулярна растлумачаныя, але стаяць блізка да апошніх навуковых крытэраў. Гл., напр., этымалогію тэрмінаў «славяне», «крывічы». Тут можна было б пашукаць больш элегантнае навуковае тлумачэнне. Пазней вучні пазнаёмяцца з палітонімам «Літва».
Дарэчы, разважаючы пра славянізацыю балтаў, аўтары ў высновах і кантрольных пытаннях падкрэсліваюць больш высокі ўзровень развіцця прышлых славянскіх плямёнаў у параўнанні з карэнным насельніцтвам, аднак непасрэдна выкладзеныя факты гэта не надта падмацоўваюць. Наадварот гаворыцца больш пра тое, што запазычылі славяне ў балтаў. Здаецца, што варта было б акрамя чыста гаспадарчых ды побытавых спраў звярнуць увагу на гуманістычны аспект. Пісменнасць на роднай мове і хрысціянізацыя прышлі да балтаў на 3- 4 стагоддзі пазней, чым на нашы землі. Першую граматыку літоўскай мовы (на лаціне) склаў і выдрукаваў у Магдэбургу Даніэль Кляйн (Daniel Klein), нямецкі святар з Тыльзіту, толькі ў 1653 годзе. Сённяшнія літоўцы знайшлі ў яго літоўскія карані (па маці) і называюць Danielius Kleinas (Данелюс Кляйнас). Узгадаем, што Францішак Скарына з «слаўнага места Полацка» у 1517 годзе ўжо быў пераклаўшы 23 кнігі Святога пісьма на мову «паспалітага люду».
«Моўнае поле» падручніка – не заўсёды камфортнае. Так і тырчыць скалькаваны пераклад з ранейшых расейскіх падручнікаў. Напрыклад, выраз «прадукты харчавання», скалькаваны з расейскай савецкай мовы (продукты питания), двухсэнсоўны. Ён яшчэ абазначае «экскрэменты». Ці не лепш проста гаварыць пра «харч», ежу, жыта, рыбу, мяса... Стылісты і ў расейскай мове змагаюцца з выразам «продукты питания».
Ці кажуць самі настаўнікі на ўроку «картасхемы»? Нешта вельмі метадычна-педагагічнае! Сказаць аднойчы вучням, што гэта схематычныя карты без захавання сапраўднага маштабу ды і ўсё, а потым гаварыць проста «карты».
Пры чытанні тэсту падручніка часта ствараецца ўражанне, што ён пайшоў у друк без рэдактарскага чытання. Вось чытаем сказ, дзе гаворыцца, чым і на чым пісалі нашы продкі (с. 141). Сказ пачынаецца словамі «Акрамя бяросты...». Лагічна працягнуць сказ : выкарыстоўваліся ці выкарыстоўвалі... Аднак аўтары не зважаюць на дапасаванне членаў сказа і пішуць: «Акрамя бяросты насельніцтва беларускіх зямель пісала на пакрытых воскам таблічках». Такое мог бы напісаць вучань у пісьмовай працы... І тут жа далей абгрувашчваюць увагу вучня яшчэ адным «вучоным» слоўцам – стылас: «Для гэтага выкарыстоўваліся спецыяльныя завостраныя палачкі – стыласы». Слова – грэцкага паходжання, дзе «ос» – суфікс (στυλος). У нас – аканне. Звычайна пры засваенні запазычаных назоўнікаў з грэцкай і лацінскай моў назіраецца страта суфіксаў «oς» i «us»: στιχος – рас. стих, stimulus – стымул. Лагічна было б узгадаць састарэлае французскае «стыло», што прыйшло ва ўсходнеславянскія мовы. Як бы там ні было, стыласы – нешта надта штучнае, кшталту стымулусы, стыхасы. Дарэчы, вядомая мемарыяльная стэла – таго ж паходжання. Мы ж кажам: стэла – стэлы. Калі ўжо вельмі хочацца ўзгадаць вучоную назву палачкі для пісьма ў множным ліку, тады ўжо – стылы. Можа аўтар спісаў гэта ў нейкага расейскага грамацея? Але ж гэта нічога не мяняе.
Часам словазлучэнні будуюцца на расейскі манер: «вокны, скрозь якія можна глядзець». (с. 13). У нас беларусы глядзяць «праз вокны».
с. 145: На чым перасоўваліся нашы продкі? Яўная калька з расейскага передвигались. Навошта ж такая салідная кніжнасць? Ці ж няможна сказаць: на чым ездзілі нашы продкі? У Беларусі яўрэі і па моры ездзілі. У суботу яўрэі, каб не парушаць Закон, едучы на калёсах, падкладалі пад сена пляшку з вадой, і тады ўжо ехалі морам. Ездзіць па моры ў суботу Закон не забараняў.
с. 146: засцерагальная зброя... Гаворыцца пра кальчугі, шчыты, шаломы... Гэта хутчэй рыштунак, а не зброя. На гэтай жа старонцы згадваецца «кароткае кідальнае кап’ё – суліца». Можа быць, лепш бы было напісаць: кароткая дзіда. Суліца не фіксуецца ні ў акадэмічным 5-тамовым ТСБМ, ні ў «Слоўніку беларускай мовы» (пад рэд. М. В. Бірылы, 1978 г.. выд. БелСЭ ). Тым больш, што ў канцы кніжкі ў «Слоўніку гістарычных паняццяў» слова «дзіда» прыводзіцца, а «суліцы» няма. Паводле этымалагічных слоўнікаў сула/суліца аформілася ў расейскай мове не без уплыву царкоўнаславянскай. Без яго можна было лёгка абысціся, каб не перагружаць вучня чужым гістарызмам. Калі б аўтары былі знаёмыя з гістарычнымі мастацкімі тэкстамі Ул. Караткевіча, Л. Дайнекі, К. Тарасава, Ул. Арлова. В. Чаропкі, В. Іпатавай ды іншых і самі пісалі адразу беларускі тэкст, магчыма б, у раздзеле, дзе гаворыцца пра зброю нашых ваяроў Сярэднявечча, мы б прачыталі пра корд («вялікі нож», ці «кароткі меч»), якім узбройваліся і пешыя і вершнікі (калі забівалі каня) на выпадак блізкага бою. У першым выданні статута ВКЛ (1529) усё яшчэ ўзгадваюцца корд і меч як прынятая зброя ваяра Княства.
Чаму нашу беларускую Дзвіну аўтары заўсёды называюць Заходняя Дзвіна? Гэта хутчэй погляд з Масквы, чыё імя ўзгадваецца ў летапісах толькі ў 1147 годзе. У межах сярэднявечнага перыяду еўрапейскія гісторыкі пішуць проста пра Дзвіну – Düna, Duena, Duna, Dyna як пра старажытную вялікую водную плынь, што захавала ў сваёй назве фарманту ДН ( «danu –« = рака) з старажытнай індагерманскай прасторы, як Дунай, Дон, Днестр, Днепр, Данец... Пра Паўночную Дзвіну, Ламаносава, архангелагародцаў ды іншыя рэаліі Поўначы Расійскай імперыі на нашай тэрыторыі тады не маглі гаварыць. Я шмат разоў купаўся проста ў Дзвіне, калі яна ў межах гораду была даволі глыбокая. «Пайшлі на Дзвіну!» – гаварылі мы адно аднаму, коцячыся ад Сафійкі па крутых берагах да вады. Гэта значыла проста – «на рэчку», амаль як у тых старажытных індагерманцаў.
Дарэчы, няблага было б канкрэтызаваць: пасля зыходу ледавіка рэкі «аднаўляліся (с.18) ці «утвараліся» (с. 23)? Ці было тое і тое?
«Вельмі працяглы час старажытныя людзі не жадалі сяліцца на тэрыторыі Беларусі » (цытата с. 15). Гучыць сучасна і смешнавата. Самі ж аўтары потым пішуць пра ледавіковы і міжледавіковы перыяды.
Чаму заўсёды «сусветны» ў значэнні «усясветны», «святовы», «міжнародны»? Расейскае «всемирный» – карэктны выраз. «Весь мир» – увесь свет, уся планета, уся міжнародная супольнасць. «Сусвет» – гэта Космас. Мы кажам: «увесь свет» у значэнні «усе», уся Зямля, як планета. Су-свет – пэўная сукупнасць планетаў. Ёсць трыяда: Чалавек – Зямля – Сусвет.
Чаму аўтары пастаянна пішуць: «у тыя далёкія часы»? А не « у той далёкі час»? Час, прастора – гэта ж нейкі кантыніум. Ужываны імі выраз хіба што да месца, калі гутарка ідзе пра шэраг нейкіх незвычайных падзей, дзе да месца ўжыць расійскае «времена». Расійскае «времена» мае стылёвае адценне для абазначэння часу, у які адбываюцца выключна важкія, незвычайныя падзеі: тяжёлые, лихие времена. Узгадайце колішнюю вострую публіцыстычную праграму Ул. Познера з такой назвай на расійскім ТБ. Праблема з множным лікам узнікае і ў форме жытло – жытлы. «Тут купец пабудаваў жытлы, з якіх з цягам часу вырас горад (с. 102). Думаецца, што жытло (як жыллё, майно) не мае множнага ліку і можа ўжывацца як адзіночны і зборны назоўнік. Расейскае жилище/ жилища – граматычна карэктная форма. А што ж рабіў купец? Пэўна, у расейскім тэксце было: «Здесь купец построил жилища». Калі б аўтар тэксту перакладаў напісанае на англійскую мову, ён ж бы не парушаў англійскую марфалогію дзеля ўяўнага «дакладнага» перакладу. Беларускамоўны купец зрабіў/узвёў бы тут першыя збудаванні, збудаваў жыллё, паставіў хаты/дамы (у нас хата – не абавязкова hut, і не cabin дзядзькі Тома). Слова «хата» у мажорным фальклоры надзвычай часта рыфмуецца з слоўцам «багата». На с. 142 у загалоўку раздзела слова «жытлы» можна замяніць на «жыллё». Гэта будзе нармальна чытацца: Што ўяўлялі сабой паселішчы і жыллё нашых продкаў?
У тэксце часта сустракаецца слова шкура. Па-беларуску скура з поўсцю і без – усё роўна скура.
Чаму аўтары не раз даводзяць вучням, што яны «павінны ганарыцца сваёй гісторыяй»? Ведаць – не абавязкова ганарыцца. Замест таго, каб проста запытацца ў вучня, якія ўзоры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ён ведае, у кантрольных заданнях бачым фармулёўку: «Якімі ўзорамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ганарыцца Беларусь?» (с. 142). Мне двойчы даводзілася перакладаць на нямецкую мову подпісы і кароткія тэксты з мастацкіх і гістарычных альбомаў пра Беларусь. Нямецкі рэдактар (носьбіт мовы і звычаяў) заўсёды прасіў выпраўляць савецкае «ганарыцца» на нешта больш нейтральнае. «Чаму подпіс пад здымкам возера Нарачы і Свіцязі – Беларусь можа ганарыцца сваімі азёрамі? Гэта ж прырода стварыла», – казаў ён. Ганарыцца – увогуле не лепшая рыса характару. Наша дзяржаўнае ТБ дзяржаўны гонар даструніла да таго, што ў рубрыцы «Ведай нашых» пачала блытаць гісторыю тэрыторыі і асобных персонаў з гісторыяй нацыянальнай тоеснасці. Габрэйскі хлопчык, які выехаў у трохгадовым узросце да рэвалюцыі з Магілёўскай губерні ў ЗША і стаў вядомым пісьменнікам, падаецца як наш герой, якім мы павінны ганарыцца. Царква самаўзвышэнне нават грэхам лічыць. А гісторыя ж не заўсёды такая, каб ёй ганарыцца. Сённяшнія беларусы жывуць не ў лепшай гісторыі.
Гэта тое, што кінулася ў вочы пры «нерэдактарскім чытанні».
Увогуле ж знешне кніжка выглядае сімпатычна: старонкі – не як шчыльна засеянае поле, малюнкі і схемы – вясёленькія. Праўда, не ўсе ілюстрацыі падыходзяць да адпаведнага часу.