Калі з’явіцца сусветная літаратура ў беларускай школе?

05.01.2018

Беларусы збіраюць подпісы пад петыцыяй з заклікам да беларускіх адукацыйных уладаў “замяніць у айчынных школах” курс рускай літаратуры на курс сусветнай літаратуры, наракаючы на тое, што наша грамадскасць надае гэтаму пытанню “замала ўвагі”.

На маю думку, пастаноўка такога пытання мае ўсе падставы. Напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў усе ўкраінскія школьнікі вывучаюць два паралельныя літаратурныя курсы – “Украінская літаратура” і “Сусветная літаратура”. Найноўшыя міністэрскія праграмы гэтых курсаў чытачы лёгка могуць знайсці ў інтэрнэце.

А што ж у Беларусі? З сярэдзіны 90-х гадоў тут назіралася выразнае памкненне вярнуць стан выкладання гуманітарных прадметаў у савецкія рамкі. Прадмет “руская літаратура” заставаўся нечапаным, хоць нашы інтэлектуалы, настаўнікі, выкладчыкі не раз ставілі пытанне: а чаму побач з роднай, беларускай літаратурай у якасці асобнай дысцыпліны ў беларускіх сярэдніх школах вывучаецца менавіта і толькі руская? Калі ўзяць пад увагу аргумент, што стваральнікі рускай літаратурнай класікі моцна паўплывалі на нашых класікаў (а гэта сапраўды так), то ніхто хоць колькі-небудзь абазнаны ў гэтай праблеме не будзе адмаўляць, напрыклад, таго велізарнага ўплыву, які на творчасць нашых класікаў – Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка або Янкі Брыля – мела класічная польская літаратура. Або наўрад ці знойдзецца той, хто б мог аргументавана абвергнуць факт вельмі значнага ўплыву класічнай украінскай літаратуры на творчасць Максіма Багдановіча ці Уладзіміра Караткевіча… З гэтага пункту погляду было б лагічным, калі б у нейкіх класах базавай ці сярэдняй школы выкладалася руская літаратура, а ў іншых класах – польская і ўкраінская (практычна ўсе найважнейшыя творы іх знакавых постацяў перакладзеныя і на беларускую, і на рускую мовы).

Не будзем, аднак, будаваць тут паветраных замкаў. На працягу многіх гадоў кадры ў беларускі ўрад, у міністэрства адукацыі, дый нават у Нацыянальны інстытут адукацыі, падбіраліся з улікам усёабдымных інтарэсаў “русского мира”. Калі сёння пакінуць у складзе вучэбных планаў нашых школ дысцыпліну “беларуская літаратура” і прыбраць з гэтых планаў “рускую літаратуру”, пачнуцца, што называецца, “выццё” і “скрыгат зубоўны”. Не прамаўчыць і ўсходні сусед, які ўбачыць у такім кроку замах на свае вялікадзяржаўныя амбіцыі і інтарэсы. Гэта нічога, што ў адной частцы “Саюзнай дзяржавы” школьнікі абавязаны вучыць не толькі Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага ці Булгакава, але і Ламаносава з Дзяржавіным, Фетам або Караленкам, а ў другой яе частцы не знаходзіцца хоць бы некалькіх гадзін для знаёмства дзяцей і падлеткаў ну хоць бы з творчасцю Гусоўскага, Скарыны, Купалы, Барадуліна або Разанава…

Кампрамісным падыходам (да якога нават адкрытым імперцам-шавіністам было б цяжка выставіць у лоб свае прэтэнзіі) было б увядзенне ў беларускіх установах агульнай сярэдняй адукацыі аднаго курса з назвай “Літаратура”, а яшчэ лепш – курса “Літаратура і мастацтва” – бо сёння чыноўнікі адумаліся і паступова вяртаюць у вучэбныя планы прадмет, рэвалюцыйна выдалены адтуль у 2008 г. з ініцыятывы акадэміка-фізіка Анатоля Рубінава. У гэтым выпадку ў школах з адпаведнымі мовамі навучання вучні б засвойвалі неабходны навуковы апарат і тэрміналогію на гэтых мовах, а самі літаратурныя творы (у тым ліку перакладныя) чыталі б па-беларуску і/або па-руску. І тады б у школьнай праграме стаялі побач “Слова пра паход Ігаравы” і “Боская камедыя”, “Песня пра зубра” і “Прадмова да кнігі “Юдзіф”, “Гамлет” і “Дон Кіхот”… Па чарзе б вывучаліся Гётэ і Байран, Міцкевіч і Пушкін, Шаўчэнка і Вераніцын, Бальзак і Талстой, Дастаеўскі і Гамсун, Ажэшка і Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і Чэхаў, Купала і Блок, Леся Украінка і Багдановіч, Колас і Рыльскі, Пастарнак і Ахматава, Аляхновіч і Салжаніцын, Арсеннева і Цвятаева, Твардоўскі і Барадулін, Хемінгуэй і Быкаў, Мілаш і Разанаў…

Менавіта так была пабудавана праграма па вывучэнні літаратуры ў Беларускім гуманітарным ліцэі, у складанні і наступнай дапрацоўцы якой бралі ўдзел, акрамя аўтара гэтых радкоў, доктар філалагічных навук Міхась Тычына, кандыдаты філалагічных навук Пятро Васючэнка і Ігар Шаладонаў.

На заказ Нацыянальнага інстытута адукацыі ў канцы 90-х гадоў адпаведныя распрацоўкі (канцэпцыя і праекты праграм) былі прадстаўленыя туды як аснова да пераходу да 12-гадовай сярэдняй школы. Як мы ведаем, такі пераход так і не адбыўся…

Пасля афіцыйнага закрыцця ўладамі ліцэя ў 2003 годзе праца па гэтай праблеме была прадоўжана на базе творчага калектыва, што працуе ў межах лабараторыі “Еўрапейская школа – ХХІ стагоддзе” на базе РГА “Таварыства беларускай школы”. Супрацоўнікамі гуманітарнага ліцэя і названай лабараторыі распрацаваны неабходныя праграмы, праекты падручнікаў, хрэстаматый і дапаможнікаў для старэйшых класаў, шэраг з якіх ужо выдадзены ў выглядзе кніг і брашур (іх вокладкі можна бачыць на здымку). На жаль, за апошнія 20 гадоў пайшлі з жыцця гарачыя прыхільнікі новага падыходу выкладання літаратуры ў беларускай школе – акадэмік Міхась Лазарук, дактары філалагічных навук Ірына Шаблоўская, Галіна Адамовіч, некаторыя шчырыя і адданыя справе беларускія настаўнікі… Тым не менш, я ведаю спецыялістаў, якія і сёння працуюць у навукова-даследчых цэнтрах, ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі і якія ў любы момант былі б гатовыя далучыцца да такой працы і прадоўжыць яе.

Што гэтаму перашкаджае? На мой погляд, толькі каланіяльная свядомасць асоб, якія адказваюць сёння за стан нашай адукацыі. Працэс ідзе, хутчэй, у адваротны бок, пра што я ўжо не раз пісаў, таксама і ў “Народнай волі”. Калі, да прыкладу, у 1997 годзе беларускія дзесяцікласнікі мелі магчымасць пазнаёміцца па-беларуску з урыўкамі з Бібліі, з творамі Гамера і Эсхіла, Катула і Вергілія, Ду Фу і Умара Хаяма, Дантэ і Петраркі, Мальера і Гётэ, Міцкевіча і Байрана, Бальзака і Лесі Украінкі, Канапніцкай і Верлена – то сёння “сусветны кампанент” у дзейнай праграме па беларускай літаратуры амаль што дашчэнту вынішчаны.

Таму петыцыю, прапанаваную нашым чытачам, трэба, безумоўна, падтрымаць, але і не спыняцца на гэтым!