Валянціна Быстрык, Навагрудак
Сустрэла калісьці думку, што ўяўленне чалавека аб сваіх здольнасцях моцна ўплывае на гэтыя самыя здольнасці. Калі згадаць, што ў шараговым класе мы звычайна маем каля 25% паспяховых у навучанні вучняў, можна зрабіць выснову аб колькасці людзей, упэўненых у сваім інтэлекце. Астатнія 75% залічваюцца у «сераднякі» ды «двоечнікі». Такую характарыстыку, на жаль, мы атрымліваем у даволі пяшчотным узросце, то бок, у пачатковых класах школы. І жывём з ёю, як мінімум, да выпуску, а часта і далей.
Хто ставіць такую «пячатку»? Настаўнік. Гэта ён бярэ на сябе такі грэх. Не з уласнай ініцыятывы, зразумела. За ім — уся наша традыцыйная сістэма адукацыі. Яна забавязала настаўніка праводзіць кантрольныя замеры засвоеных ведаў і ўзброіла яго інструментам для гэтага — адзнакай. Паводле гэтых замераў вучні і дзеляцца на згаданыя катэгорыі. Мы ўсе да гэтага прызвычаіліся, сістэма здаецца нам лагічнай і правільнай. І бацькі сарамліва тлумачаць адсутнасць школьных поспехаў у свайго дзіцяці: «Зусім памяць слабая», альбо: «Не хоча зусім за кніжку садзіцца. Яму / ёй бы усё машынкі / камп’ютар / лялькі / тусавацца/ пячы што-небудзь…».
Але што б мы адказалі, каб нам давялося параўнаць Пікаса, Эйнштэйна, Міцкевіча, Вайду ды Азаранку? Хто з гэтых выбітных людзей мае мацнейшы розум?
Тэорыя множнасці інтэлектаў доктара Гаўарда Гарднэра (Howard Gardner) з Гарвардскага універсітэта дазволіла трансфармаваць пытанне «Наколькі ты разумны?» у пытанне «Які ў цябе розум?». У сваёй бліскучай працы ён апісвае 8 тыпаў інтэлекту, якія маюць роўную вартасць для жыцця ў чалавечай супольнасці: прасторава-візуальны, лінгвістычны, міжасабовы, музычны, натуралістычны, цялесна-кінестэтычны, унутрыасабовы, лагічна-матэматычны. Зразумела, усім вядомы IQ для гэтай тэорыі ўжо не працуе. Гэта тэорыя прапануе нашмат шырэйшы погляд на розум як на нешта, што можа змяняцца на працягу ўсяго жыцця. Працы Гарднэра, якія выйшлі ў 1991 і 1993 гадах, адкрылі для адукатараў новыя магчымасці, паказалі новыя шляхі.
Дзякуючы гэтым новым уяўленням, пытанне «Хто разумнейшы?» страчвае права на існаванне. Адсюль — зусім новыя магчымасці для школы. Дзякуючы тэорыі множнасці інтэлектаў, у прыватнасці, настаўнік пазбаўляецца неабходнасці быць інструментам пакарання для ўсіх, хто не валодае лагічна-матэматычным розумам (а ў сённяшняй школе гэта адзіны прызнаны тып розуму). Тут палягаюць вялікія магчымасці для матывацыі сённяшніх 75% «сераднякоў» і «двоечнікаў», для стварэння спрыяльнай шчаслівай атмасферы на ўроку, для ператварэння школы ва ўлюбёнае месца для любога дзіцяці і г.д., і г.д.
З тэорыяй множнасці інтэлектаў я пазнаёмілася ў рамках летняй школы для настаўнікаў англійскай мовы, якая на той час (2002 г.) працавала ва Украіне больш за 10 гадоў. Дзякуючы ініцыятыве Таварыства Беларускай Школы, нашыя настаўніцы таксама змаглі там павучыцца. Свой курс амерыканскія настаўнікі-метадысты называюць «Квантавае навучанне», маючы на ўвазе, што у ім выкарыстоўваюцца элементы розных тэорыяў: паскоранага навучання Лазанава, множнасці інтэлектаў Гарднэра, нейра-лінгвістычнага праграмавання Грайндэра і Бэндлера, навучання праз досвед Хана, сумеснага навучання Джонсана і Джонсана. Такім чынам, «Квантавае навучанне» бярэ ў сябе ўсё найлепшае, прапануючы свежы ды жывы, мультысэнсорны ды мультыінтэлектны, практычны ды лёгкі ў прымяненні падыход да навучання.
На той час методыка абапіралася на 18 гадоў даследаванняў і практыкі. Праз летнія школы ў ЗША прайшло 25000 навучэнцаў. У летнікі запрашалі студэнтаў ад 9 да 24 гадоў. На працягу 10 дзён яны вучыліся рабіць канспекты, хутка чытаць і пісаць, трэніравалі памяць, развівалі творчыя здольнасці і камунікацыйныя навыкі. Вынікі паказалі, што ўдзельнікі школы павысілі свой акадэмічны рэйтынг, сталі больш актыўнымі і ўпэўненымі ў сабе.
Нам, настаўнікам англійскай мовы, прапанавалі ў летняй школе ў Данецку багатую падборку дасканала распрацаваных практыкаванняў, многія з якіх мы «прымерылі» на сябе ў ролі вучняў. Выконваць іх было лёгка і весела. Матэрыял засвойваўся без напружання ды хутка. Пазней, ужо ў працы са сваімі вучнямі, я атрымлівала той самы эфект. Па гэтай жа методыцы некалькі гадоў працавала нашае школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў англійскай мовы. На жаль, мая неаднаразовая прапанова знаёміць настаўнікаў раёна з новымі прыёмамі была цвёрда адхілена. А летняя школа, якую прывезлі на наступны год у Беларусь, адбылася толькі адзін раз. Я тады падумала, што за 3 гады ўсе настаўнікі раёна (іх 75 чалавек) маглі б пазнаёміцца з новымі прыёмамі працы. І ўзровень падрыхтоўкі вучняў па прадмеце быў бы іншым. Але, як слушна сцвярджае калега Міхась Булавацкі, сёння ніхто не зацікаўлены ў рэальным паляпшэнні працэсу навучання. Дык я заклікаю настаўнікаў пазнаёміцца з праграмай «Quantum Learning». Інтэрнэт і вашае веданне мовы даюць вам гэтую магчымасць. А ўзнагародай будзе радасць ад працы. Я ўпэўнена, што адсутнасць поспеху ў нашым прадмеце (пагадзіцеся, што выпускнік, які валодае замежнай мовай, — хутчэй выключэнне) абумоўлена, сярод іншага, тым, што настаўнік глыбока не верыць у саму магчымасць навучыць прадмету. А як шкада!
Скончыць хочацца яшчэ адным выслоўем: «Шмат якія рэчы здаюцца невыканальнымі да таго часу, пакуль іх не зробіш». Зычу ўсім поспехаў. Давайце не будзем чакаць, пакуль бацькі пачнуць разумець, чаго яны ад нас хочуць; альбо кіраўнікі адукацыі пачнуць ствараць нам спрыяльныя ўмовы для працы. Цяжка быць шчаслівымі, калі служыш толькі волі іншых. Мы маем уладу над сваімі ведамі, уменнямі, сітуацыяй на ўроках. Над тым, якія стасункі мы маем са сваімі вучнямі. Мудрыя кажуць: недаравальна, калі маеш уладу — і не хочаш панаваць.