Міхась Булавацкі
09.02.2012
Першапачаткова школы пачалі стварацца з патрэбаў грамадства, а не з патрэбаў дзяржавы. Паступова дзяржава стала ўключацца ў гэты працэс, так ці інакш рэгуляваць і перайначваць яго. Але й сёння ў разумна ўпарадкаванай дзяржаве адукацыя і выхаванне чалавека застаецца клопатам найперш грамадства. Дзяржава ж прымае на сябе абавязкі ўпарадкаванага фінансава-матэрыяльнага сілкавання працэсу, прагназавання патрэбаў і на яго падставе вылучэнне заказаў.
Сённяшняя Беларусь вельмі далёкая ад разумна ўпарадкаванай дзяржавы. Дзяржаўныя інстанцыі, дзяржаўныя органы, дзяржаўныя чыноўнікі імкнуцца кантраляваць і ўпарадкаваць адукацыйна-выхаваўчы працэс цалкам, не пакідаючы грамадству ні самай драбнюткай магчымасці ўплыву на яго.
Школьны будынак? – мы вам пабудуем, аднолькавы для ўсіх.
Абсталяванне? – мы забяспечым.
Падручнікі? – мы надрукуем. Натуральна ж, аднолькавыя для ўсіх.
Настаўнікі? – мы навучым і прызначым.
Вучэбныя планы, праграмы? – мы распрацуем.
Працягласць заняткаў? – мы вызначым.
Мову навучання – і тут не турбуйцеся, мы выберам…
І будуюць, друкуюць, прызначаюць, вызначаюць, распрацоўваюць, забяспечваюць… аднолькава для ўсіх. Усё гэта загортваецца ў прывабны фанцік «прынцып роўнасці». «Роўныя ў беднасці» – трапна заўважыў аднойчы У.Чэрчыль на словы І.Сталіна «У нас усе роўныя». І нашы школьнікі сёння роўныя ў беднасці адукацыйных магчымасцяў.
Тады што, – спытаюць у мяне, – прапануеце адмовіцца ад удзелу дзяржавы ў адукацыйным працэсе? Адмовіцца – не. Але істотна абмежаваць яго было б карысным і для грамадства, і для дзяржавы. Я не летуценнік і марыць аб тым, што можа быць праз сто – дзвесце гадоў не стану. Але крыху пазней паразважаю, што тут можна змяніць у сённяшніх варунках.
Толькі спачатку патлумачу, чым шкодныя татальнае дзяржаўнае назіранне за адукацыйна-выхаваўчым працэсам і грубае ўмяшальніцтва ў гэты працэс.
Пачнем з таго, што ў сучаснай Беларусі амаль цалкам захавалася савецкая сістэма адукацыі, адукацыя ў дзяржаве з «дыктатурай пралетарыяту», чытай: з дыктатурай маламаёмасных і малапісьменных людзей. Што трэба малапісьменнаму чалавеку адносна яго дзіцяці? – каб яно было накормлена, абута-апранута і не швэндалася без нагляду, калі бацькі на працы. Таму ў школу аддаюць дзеля таго, «каб не швэндалася», каб не зрабіла якой шкоды, за якую бацькам давядзецца адказваць, каб за дзіцём прыглядалі. А калі не навучаць матэматыцы – дык і што. І я той матэматыкі не ведаю, але неяк жыву. Не навучаць гісторыі? – ну і што. Я не ведаю гісторыі, але някепска абыходжуся без яе. Ды й навошта дзіцяці ведаць, што там было ў пятнаццатым стагоддзі ці ў якойсьці старажытнай Грэцыі? Мове не навучаць? – такой бяды. І я з памылкамі пішу. Але электрыку, трактарысту, слесару, майстру-плітачніку, кіроўцу машыны гэта ніколькі не шкодзіць. Яно б і хацелася, каб дзіця выбілася ў начальнікі, каб працавала ў цёплым і чыстым памяшканні, але што ж я тут магу зрабіць. Хай само выбіваецца, мо й атрымаецца. Такім чынам, прызнаем, што ў «пралетарыяў» паніжаная патрэба ў добрай адукацыі для сваіх дзяцей.
Другое. Дзяржаўны чыноўнік таксама не адчувае патрэбы, каб навучэнцы падначаленых школ атрымалі як мага лепшую адукацыю. Гэта бачна, напрыклад, па тым, што даволі часта ў школу ўладкоўваюць горшых выпускнікоў педагагічных ВНУ, у той час, як лепшыя застаюцца без працы. Такое было паўсюдна ў СССР пры размеркаванні маладых настаўнікаў у гарадскія і райцэнтраўскія школы і захавалася пасёння. Прычым у больш пачварным выглядзе.
Нядаўна на сайце Nastaunik.info была змешчана паказальная ў гэтым кантэксце перапіска вопытнага настаўніка матэматыкі з начальнікам упраўлення адукацыі. Настаўнік, будучы ўжо ў пенсійным узросце, захаваў сілы і цікавасць да сваёй працы і прапаноўваў свае безаплатныя дадатковыя заняткі матэматыкай у адной з школ горада. Начальнік дазволу на такія заняткі не даў. І вучні хадзілі да гэтага настаўніка дадому і займаліся з ім матэматыкай ужо за плату.
Ці такі выпадак. Я неяк падарыў знаёмай настаўніцы дзве кнігі па матэматыцы для школьнікаў.
– Паставіце іх у школьным кабінеце, можа, хто зацікавіцца, прачытае.
– Ну што вы! Я іх у школьны кабінет не пастаўлю. Нам зараз даслалі спіс кніг, якія могуць быць у кабінеце матэматыкі і ў іншых кабінетах таксама. Калі інспектар знойдзе ў кабінеце кнігі, якіх няма ў спісе, мне могуць зрабіць вымову.
Мне засталося толькі развесці рукамі, бо да такога нават у савецкіх школах не дадумаліся.
Дзяржаўны чыноўнік працаўладкоўвае ў школу слабападрыхтаванага настаўніка, бо гэты настаўнік – яго сваяк, ці добры знаёмы, ці за адпаведны хабар. І якасць адукацыйнага працэсу цікавіць яго ў апошнюю чаргу, калі ўвогуле цікавіць. Нават тады, калі ў гэтай школе вучыцца яго дзіця. Спрабую зазірнуць у думкі такога чыноўніка. «Ай, не навучыць настаўнік – давучыць рэпетытар, грошы знайду…» Ці так: «не навучыць, але адзнакі будзе добрыя ставіць, а я сваё дзіця і так, куды трэба, уладкую».
Для чыноўніка важней, што такі настаўнік будзе вельмі паслухмяным і будзе выконваць «патрэбнае»: выводзіць дзяцей на чыстку вуліц, на суботнікі, уцягваць іх у бээрэсэм, збіраць грошы з бацькоў на рамонт класнага пакоя ці яшчэ на што і г.д. Карацей, будзе фармаваць чалавека дзяржаўнай ідэалогіі, бездакорна паслухмянага, цярплівага, здольнага на ахвярнасць дзеля дзяржавы, «патрыёта сваёй радзімы». Ці не нагадвае гэта табе, чытач, пэўныя рэлігійныя секты, у якіх людзі натоўпам ідуць на смерць, верачы, што так трэба нейкаму Яму?
На шчасце, дзеці маюць нейкі прыродны імунітэт, інстынкт абароніцца ад такога ўплыву і таму не ўсё ў такога чыноўніка і ў такога настаўніка атрымліваецца. Не ўсё, але нечага жаданага і яны дасягаюць; колькасць «пралетарыяў», на жаль, не змяншаецца.
Такім чынам, ні бацькі, якія ў большасці «пралетарыі» і маюць пралетарскае мысленне, ні дзяржаўныя чыноўнікі (за рэдкім выключэннем) не зацікаўленыя ў тым, каб школа давала найбольш якасную адукацыю. Што можа зрабіць у такіх варунках невялікая частка актыўнага грамадства? І ў якіх з пазначаных вышэй пунктах?
Прыгледзімся да гэтых пунктаў.
Будынак школы павінен быць разлічаны на 500–700 навучэнцаў (ацэнка В.Сухамлінскага) і размешчаны ў ціхім месцы пры добрай транспартнай сувязі з жылой часткай горада, пасёлка. Вось напісаў гэтую фразу і адразу ўявіў сабе скептычную ўсмешку чытача: ну дзе ты бачыў у горадзе школу на 500–700 вучняў ды яшчэ ў ціхім месцы! Так, сапраўды, дзяржава і тут эканоміць, будуючы каробкі на 3–4 тысячы навучэнцаў, бо вось вам адзін дырэктар замест пяці ды іншых штатных адзінак уключна з настаўнікамі менш запатрабуецца.
Класныя пакоі павінны быць абсталяваны аднамесцавымі столікамі, не прыкручанымі да падлогі, каб іх можна было перасоўваць, арганізуючы працу ў парах ці групах або расстаўляць паўколам ці прамакутнікам для нейкай агульнай працы. Вельмі пажадана, каб у столікаў можна было змяняць вышыню і нахіл крышкі. Бо для вучняў, для іх здароўя і развіцця карысна перыядычна змяняць становішча з сідзячага на стаячае і наадварот. Спынюся толькі на адным гэтым патрабаванні, абмінуўшы праблему дошкі з крэйдай і бруднымі анучкамі, праблему кампутарнага абсталявання ды інш. Бо ведаю, што ў некаторых школах (дакладней, у некаторых класах) бацькі самі абсталявалі класны пакой аднамесцавымі столікамі, што значна спрасціла праблему падтрымання дысцыпліны на ўроках, па сведчаннях настаўнікаў, і станоўча паўплывала на якасць урокаў.
Праблема падручнікаў – адна з самых балючых. Падручнікі гісторыі, літаратуры, грамадазнаўства сталі ў значнай меры аб’ектамі ідэалагічнага разгулу і навучэнцам трэба мець добры імунітэт, каб не заразіцца хваробамі, бацыламі якіх перанасычаныя гэтыя падручнікі. Трэба адзначыць, што некаторыя вучні такім імунітэтам валодаюць, дзякуючы найперш сваім бацькам ці сябрам, чым ствараюць пэўныя праблемы для настаўніка (прыемна адзначыць тое, што некаторых настаўнікаў тое радуе). Падручнікі матэматыкі, прыродазнаўчых навук маюць іншыя праблемы, аб чым можна было б грунтоўна гаварыць асобна. Тут важна, каб у настаўніка была магчымасць выбару. Але ідэя стварэння альтэрнатыўных падручнікаў не знаходзіць падтрымкі ў міністэрстве адукацыі. Пры сённяшняй камп’ютарызацыі настаўнікаў можна было б чакаць, што найбольш вопытным з іх (да якіх адносіць сябе і аўтар гэтых радкоў) мэтазгодна было б дазволіць карыстацца сваімі навучальна-метадычнымі распрацоўкамі і ўвогуле абыходзіцца без падручнікаў. Але ж як крамольна сёння гэта гучыць.
Тут своечасова сказаць некалькі слоў аб праграмах. Дзяржаўная праграма па той ці іншай школьнай дысцыпліне (як заказ дзяржавы) не павінна ахопліваць увесь адведзены на гэтую дысцыпліну час, пакідаючы пэўную і немалую частку гэтага часу на ініцыятыву настаўніка. Слабы настаўнік проста скарыстае гэты час на дапрацоўкі таго, што заказвае дзяржава. А настаўнік з шырокім кругаглядам знойдзе чым дапоўніць і як зацікавіць сваіх вучняў сваёй навукай. Асабліва такое патрабаванне павінны выстаўляць настаўнікі літаратуры. Але для іншых такое патрэбна, нават для настаўнікаў матэматыкі. Вось сапраўды, ці шмат хто з тых, хто даўно ці нядаўна закончыў школу, калі ён не настаўнік матэматыкі, помніць, як знайсці вытворную лінейнай функцыі? Але ж на вывучэнне гэтай вытворнай патрачаны пэўны час, які мог бы быць патрачаным з нашмат большай карысцю для чалавека. Напрыклад, увёўшы ў вучэбныя планы агульнай сярэдняй адукацыі асновы логікі, навукі, якую не здолеў засвоіць гімназіст Валодзя Ульянаў і якая па гэтай прычыне была выключана з вучэбных планаў савецкай школы.
Праскакаўшы бегла па некаторых з пазначаных пазіцый, спынюся больш падрабязна на апошняй (апошняй у маім пераліку, але першай па важкасці), на праблеме мовы навучання. Вось дзе сёння найбольш гарачы фронт паміж дзяржавай і грамадскасцю. Дзяржаўныя чыноўнікі (магчыма, нашчадкі тых, якіх насаджаў сюды Мураўёў-вешальнік) на чале з галоўным чыноўнікам ужо выбралі сабе мову зносін і гэтай адной мовай ім хацелася б абыходзіцца. Праблему для іх ствараюць некаторыя няўрымслівыя грамадзяне, якія лічаць роднай сабе мову беларускую. Ад гэтых няўрымслівых нельга проста адмахнуцца, бо іх сяк-так абараняюць Канстытуцыя і адпаведныя ёй законы, дзе ўнармаванае дзвюхмоўе. Таму нейкія моўныя падачкі ім дзяржава робіць. Калі ж справа даходзіць да пытанняў прынцыповых, чыноўнікі пачынаюць бараніць «сваё» метадамі найдасканалейшай казуістыкі.
Напрыклад, калі ў Магілёве ў першай палове 90-х пачалі стварацца ліцэі, паўстала пытанне аб тым, што адзін з ліцэяў павінен быць беларускамоўным. “Распрацоўвайце дакументацыю,” – сказаў ініцыятарам начальнік упраўлення адукацыі. (Заўважце: прыём першы – перакласці сваю працу на плечы патрабавальнікаў.) Ініцыятары не сталі адмаўляцца, зрабілі неабходныя дакументы. “Добра, будзем выносіць на аблвыканкам,” – пагадзіўся начальнік. “Мы хацелі б удзельнічаць у тым пасяджэнні аблвыканкама.” – “Не трэба, самі разбярэмся.” (Прыём другі – прымаць рашэнні патаемна без удзелу грамадскасці ў іх абмеркаванні.) На пасяджэнні начальнік паведаміў членам аблвыканкаму, што маюцца дакументы на стварэнне беларускага ліцэя, але паколькі гэта новы орган адукацыйнага працэсу, трэба ўвесці ў штат упраўлення некалькі новых штатных адзінак (намесніка начальніка па беларускамоўным навучанні, беларускамоўнага інспектара ды інш.). Палічыўшы затраты на стварэнне такога ліцэя занадта вялікімі, аблвыканкамаўцы вырашылі адкласці пытанне на нявызначаны тэрмін. (Прыём трэці – запалохаць тых, ад каго залежыць прыняцце рашэння, дарагавізной праекта.) Беларускага ліцэя ў Магілёве дагэтуль няма.
З беларускімі гімназіямі атрымалася інакш. Іх нібыта стварылі нават дзве. Але адну стварылі на базе непадрыхтаванай школы, дзе настаўнікі не валодалі беларускай мовай і не любілі яе. Таму, пераназваўшы звычайную школу нацыянальнай гімназіяй, не сталі пераводзіць яе на беларускамоўнае навучанне, а проста дадалі некалькі гадзін факультатыўных заняткаў мовы, ды праводзілі гэтыя заняткі так, што вучні ішлі туды з вялікай неахвотай. (Прыём чацвёрты – даручыць справу няўмеламу выканаўцу, каб той сваім абыякавым выкананнем давёў усім, што справа не вартая, каб на яе траціць сродкі, бо «людзі самі не хочуць».) У другой гімназіі справы пайшлі лепш, бо дырэктар парупіўся знайсці кваліфікаваных беларускамоўных настаўнікаў, але гэтага дырэктара за яго заслугі перавялі на больш высокую і больш аплатную пасаду, а ў гімназію прызначылі дырэктарам чалавека, якога лёс беларускай мовы не вельмі турбаваў. (Прыём пяты, як дапаўненне чацвёртага – пазбаўляцца ад умелых і руплівых выканаўцаў, пакідаць няўмелых і абыякавых.) Беларускіх гімназій зараз у Магілёве няма.
Тут паказаны толькі пяць прыёмаў заціскання ідэі, але ў арсенале вопытнага чыноўніка іх значна болей. Ці можна што зрабіць у такіх варунках? Жыццё паказвае, што нешта можна. Там, дзе людзі праяўляюць настойлівасць у дасягненні мэты з чыстай верай у сваю правату, чыноўніцкія перашкоды рушацца. Гэтаму ёсць ужо шмат маленькіх прыкладаў, але вялікая перамога складаецца з перамог маленькіх.
Успомнім сям’ю Каральковых з Горак, якія на пачатку стагоддзя запатрабавалі для сваёй дачкі Машы беларускамоўнага навучання. Былі абяцанкі: маўляў, будзе клас, але пазней, а зараз няхай павучыцца ў рускамоўным класе. Меркавалі, прывыкне дзіця, змірацца бацькі – і праблема знікне. Не змірыліся, не знікла. Было два гады хатняга навучання. Былі публікацыі ў прэсе, у адказ быў арганізаваны ціск грамадскасці на сям’ю, калі былыя вайскоўцы на бацькоўскім сходзе крычалі: вы не любіце Беларусь, бо колькі грошай пойдзе на клас з аднаго чалавека, а дзе іх Беларусі знайсці. Не дні, не месяцы, а годы жыцця на мяжы нярвовага зрыву. Пераадолелі. Маша пачала вучыцца ў беларускім класе, які паступова стаў папаўняцца. Заканчвала школу Маша ў беларускім класе з 15 аднакласнікамі.
Аналагічнай перамогі дабіліся бацькі Янкі Лапіцкага з Жодзіна.
Зараз у Магілёве маецца беларускамоўны клас з трох чалавек. Зноў жа, настойлівасць Надзеі і Зміцера Салаўёвых мела плён: для іх дачкі Ялінкі адкрыты беларускі клас з аднаго чалавека, пазней далучыліся яшчэ двое навучэнцаў. Цікава будзе прасачыць за развіццём падзеі. Зараз гэта другі клас і з класам працуе адна настаўніца. Праз два гады клас стане пятым і спатрэбяцца шмат настаўнікаў-прадметнікаў, якія валодаюць мовай. Ці знойдуць іх улады? Ці ўвогуле будуць шукаць? Ці не захочуць яны пазбавіцца ад такога класа? Маўляў, няма сродкаў. На беларускае ў нас заўсёды не хапае сродкаў: то газеты беларускія закрываюць, то гадзіны беларускай мовы скарачаюць, а потым спыняюць набор у ВНУ на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура» з-за «непатрэбы». Нават надрукаваць бланкі афіцыйных папер на мове – «не хапае сродкаў».
Як абараняцца Салаўёвым? Па-першае, яны ўжо зараз павінны паклапаціцца пра настаўнікаў для сваёй Ялінкі. Настаўнік матэматыкі, здаецца, ёсць. Гэта той самы, якога чыноўнік не пусціў у школу нават на безаплатныя заняткі. У Магілёве няма настаўніка з такімі заслугамі ў выкладанні матэматыкі і з такім добрым валоданнем мовай. Але яго дзесяць гадоў не пускалі ў школу, «не было вакансій». Да таго ж, трэба і настаўнікі геаграфіі, біялогіі. А дзе знайсці беларускамоўнага настаўніка фізкультуры? Упэўнены, чыноўнікі самі не будуць шукаць гэтых настаўнікаў. Тады ці знойдуць іх самі Салаўёвы? Ці пойдуць на кампраміс: маўляў, частку прадметаў можна і на рускай мове. Яе ж таксама дзеткі павінны ведаць.
Як бы там ні было, але перамагаць і ў нашых варунках магчыма.
Мы як бы паступова вяртаемся у сітуацыю XVI стагоддзя, калі школы стваралі рэлігійныя брацтвы. Брацтва знаходзіла дырэктара, запрашала настаўнікаў. Да прыкладу, Магілёўскае брацтва запрашала для сваёй школы настаўнікаў з Полацка і Кіева. Брацтва засноўвала друкарню, у якой друкаваліся патрэбныя падручнікі. Усе праблемы школы вырашала брацтва.
І можна зразумець магілёўцаў, якія ў сярэдзіне XVII стагоддзя адчынілі вароты маскоўскім войскам пад слова «беспарадкаў не чыніць і старыны не рушыць». Але сямітысячны маскальскі гарнізон, які атабарыўся ў Магілёве, і не збіраўся выконваць абяцанне. «Давай гарэлкі! Давай мёду! Дзевак! Золата!..» Магілёўцы цярпелі. Калі разрабавалі цэрквы, – цярпелі. Калі разабралі і вывезлі ў Масковію абсталяванне школы і друкарні, – цярпелі. Але калі сталі забіраць і вывозіць у Масковію святароў і настаўнікаў, гэта значыць самых разумных людзей, тут ужо магілёўцы раз’ятрыліся. Менавіта гэта і стала той кропляй, якая перапоўніла бочку цярпення. Вось тут і крыкнуў бурмістр Левановіч сваё знакамітае «Пара!» і ўзняў катаўскі меч…
Сённяшні герб Магілёва нагадвае пра тыя падзеі. Гісторыю сваю мы не забылі, а таму застаецца надзея. Дарэчы, герб гэты – яшчэ адзін сімвал перамогі грамадскасці над дзяржавай.