Інфармацыйныя арыенціры

Наталля КАТЧАНКА, настаўніца англійскай мовы Нясвіжскай гімназіі
nastgaz.by

На працягу многіх стагоддзяў пісьменным чалавекам лічыўся той, хто ўмеў чытаць і пісаць. Аднак сучаснае грамадства патрабуе ад нас і іншых уменняў. Акрамя традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, перыядычны друк, інтэрнэт), мы вылучаем і іншыя сродкі, якія нясуць інфармацыйны ці эмацыянальны пасыл да масавай аўдыторыі: рэклама, плакаты, лагатыпы на розных спажывецкіх таварах, музыка і пахі ў краме, сацыяльныя сеткі. Усё гэта ўплывае на паводзіны і настрой чалавека.

Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што перад сучаснай сістэмай адукацыі паўсталі праблемы, звязаныя з выхаваннем медыйных кампетэнцый не толькі на ўроках, але і пазаўрочнай дзейнасцю. На настаўніка ў наш час ускладзена адказнасць не толькі за навучанне свайму прадмету, але і за выхаванне свядомага грамадзяніна, які займае актыўную пазіцыю, арыентуецца ў імклівай рэчаіснасці і крытычна яе ацэньвае. Мы стараемся не толькі перадаць вучням веды, але і ператварыць іх ва ўменні.

Існуе даволі аб’ёмны спіс медыйных кампетэнцый, якімі павінны валодаць вучні пачатковых, сярэдніх і старшых класаў. Аднак, на маю думку, неабходна не толькі вучыць дзяцей, як адрозніваць падман ад праўды ў сродках масавай інфармацыі, але і абараніць сябе ад негатыўнага ўплыву, які можа нам пагражаць. Мы часам нават і не здагадваемся, якая небяспека чакае падлеткаў у розных сацыяльных сетках ці на некаторых інтэрнэт-сайтах. Апошнім часам з’яўляюцца жудасныя навіны, у якіх дзеючыя асобы — падлеткі. Прычыны, якія падштурхоўваюць іх на здзяйсненне злачынстваў, розныя, аднак галоўная — недахоп увагі з боку дорослых.

Мы можам сябе як настаўнікаў апраўдваць тым, што дзеці павінны выхоўвацца ў сям’і. Але хіба вінаваты некаторыя з іх, што бацькам няма часу пагаварыць з дачкой ці сынам-падлеткам аб самым патаемным? Бацькі зарабляюць грошы, злоўжываюць алкаголем ці наркотыкамі, займаюцца ўладкаваннем свайго асабістага жыцця або адкупляюцца ад дзіцяці грашыма. Дзе тады шукаць аднадумцаў ці сяброў па няшчасці? Вядома ж, у інтэрнэце! А дзецям можа і трэба была толькі ўвага да сябе. Як паказвае практыка, амаль усе неабыякавыя настаўнікі — добрыя псіхолагі. Праблемы, якія звязаны з эмацыянальным і псіхалагічным настроем, не ўзнікаюць раптоўна. Мы можам заўважыць, што з вучнем адбываецца нешта незвычайнае: ён прапускае заняткі, замыкаецца ў сабе, ад яго могуць гучаць выказванні, якія разыходзяцца з агульнапрынятымі прынцыпамі маралі і этыкі. Галоўнае — не заставацца ўбаку, а паразмаўляць з вучнем.

У гэтым артыкуле хацелася б паразважаць аб тым, як можна садзейнічаць выхаванню медыйных кампетэнцый на ўроках замежнай мовы.
У параўнанні з настаўнікамі іншых прадметаў настаўнікі замежнай мовы маюць больш магчымасцей для медыяадукацыйнай дзейнасці на ўроку. Для ўвядзення вучняў у іншамоўную камунікатыўную сітуацыю, адпрацоўкі актыўнай лексікі, развіцця навыкаў вуснай мовы нам можна выкарыстоўваць любы фрагмент тэлеперадачы, ролік з інтэрнэту, вытрымку з артыкула, цэлы артыкул ці цытату вядомага чалавека. Можна дыскутаваць, абменьвацца думкамі па розных праблемах у класе, у сацыяльных сетках або пісаць на электронную скрыню. У кожным класе, нават пачынаючы з трэцяга і чацвёртага і заканчваючы адзінаццатым, можна з поспехам выкарыстоўваць формы навучання, якія будуць накіраваны на павышэнне медыйнай граматнасці вучняў, жадання чытаць, даведвацца аб новым, крытычна ставіцца да інфармацыі, быць аўтарамі медыяпаведамленняў.

На ўроках у пачатковых класах настаўнік развівае асноўныя медыйныя ўменні вучняў: карыстацца слоўнікамі, як электроннымі, так і друкаванымі; рэсурсамі школьнай бібліятэкі, самастойна выбіраючы літаратуру і ўсе неабходныя крыніцы для вырашэння канкрэтнай задачы. Вучні пачатковай школы разумеюць, што для станоўчага выніку пошуку патрэбнай інфармацыі неабходна граматна сфармуляваць запыт. Яны могуць з недаверам аднесціся да розных паведамленняў. Калі такое здараецца, ведаюць, што інфармацыю неабходна праверыць. Разумеюць, што для рознай аўдыторыі можа быць розны характар паведамлення: для сяброў, настаўнікаў, бацькоў.

Асноўны від дзейнасці, які стымулюе развіццё адукацыйных і выхаваўчых кампетэнцый у “пачаткоўцаў”, — гэта гульня. Чым цікавейшая гульня і чым больш падабаюцца дзецям іх ролі ў ёй, тым больш эфектыўным будзе дасягненне мэты. Дзеці, не асэнсоўваючы таго, што яны гуляюць, вучацца. Давайце прапануем ім стварыць уласны мультыплікацыйны фільм. У гэтым нам дапаможа сайт http://goanimate.com/, на якім даецца месяц свабоднага карыстання пасля рэгістрацыі. Відэа, якое ствараецца, захоўваецца там, як на ютубе, і яго заўсёды можна паглядзець анлайн. Спасылку на яго можна ўстаўляць на любы сайт і ў сацыяльныя сеткі.

Акрамя гэтага, можна прапанаваць вучням параўнаць казку, якую чыталі, і мультыплікацыйны фільм, зняты па гэтым творы. Якое будзе адрозненне, на што не звяртаецца ўвага ў мультфільме, ці ўсе станоўчыя і адмоўныя рысы герояў супадаюць, калі не, то чаму? Вельмі важна будзе прааналізаваць хуткасць падачы інфармацыі, а таксама апісанне герояў і мясцовасці. Вынікам работы можа быць вылучэнне станоўчых і адмоўных бакоў мультыплікацыйнага фільма. Безумоўна, на замежнай мове цяжка знайсці мультфільм, які будзе адпавядаць моўнаму праграмнаму матэрыялу 3 ці 4 класа. Аднак нават тэматычныя кароткія ролікі без мовы могуць несці велізарны выхаваўчы патэнцыял.

У сярэднім школьным узросце вельмі важна развіваць такія медыйныя ўменні, як асэнсаваны пошук інфармацыйнай крыніцы з улікам запытаў, разуменне наступстваў ад карыстання неправеранай інфармацыяй, уменне ажыццяўляць пошук у традыцыйных і электронных крыніцах, такіх як вэб-сайты, блогі, парталы і друкаваныя матэрыялы, уменне дакладна фармуляваць запыт. Абавязкова трэба звярнуць увагу на ўменне граматна карыстацца інфармацыяй: дзеці вучацца правільна афармляць прэзентацыю, пазбягаць перагружанасці тэкстам і малюнкамі, а таксама граматна будаваць сваё выступленне.

З 5 класа актыўна ўводзім камунікацыю ў сацыяльных сетках ці праз асабістую перапіску. Нават калі няма такой тэмы па праграме, як “Знаёмства”, не лішнім будзе яшчэ раз “пазнаёміцца” з вучнямі. Мы даём інфармацыю аб сабе і задаём асабістыя пытанні, яны адказваюць на нашы. Некаторыя дзеці саромеюцца пісаць на замежнай мове па прычыне страху дапусціць памылку. Калі мы карэктна выпраўляем памылку ў асабістай перапісцы, то больш ніхто аб ёй не даведаецца. Па розных тэмах, якія прапануюцца з 5 па 11 класы, можна выклікаць вучняў на дыскусію і прапанаваць абмеркаванне ў інтэрнэце. Гэта можа быць і абавязковае дамашняе заданне, і простая прапанова падтрымаць дыскусію.

Якая карысць ад такой формы работы? Дзякуючы сацыяльным медыя, наступае разуменне, што кожны можа выказаць сваю думку і падзяліцца ёй з іншымі для таго, каб дасягнуць пастаўленай перад сабой мэты. Мы можам параўноўваць, ацэньваць, што добра, а што дрэнна, і ў выніку прымаць уласнае рашэнне. Мы можам каментаваць, абмяркоўваць і сумесна ствараць новую ідэю. Медыяадукацыя адкрывае новыя магчымасці і для настаўнікаў, і для вучняў у плане асэнсавання сучаснай рэальнасці і нашай ролі ў ёй.

Вучні 5—6 класаў, як правіла, шмат чым цікавяцца, дапытліва пазнаюць навакольны свет і лёгка ідуць на кантакт. Гэтым мы з задавальненнем можам скарыстацца. Часта настаўнікі, якія былі класнымі кіраўнікамі ў 11 класе, на наступны год пачынаюць працаваць з пяцікласнікамі. Сувязі са сваімі “мінулымі” першыя год-два пасля заканчэння школы яшчэ моцныя, таму давайце запросім студэнтаў-першакурснікаў на ўрок да малых. Яны раскажуць, дзе вучацца, што змянілася ў іх жыцці, ці любяць яны па-ранейшаму сваю школу. А потым прапануем вучням 5 класа напісаць ліст любому са студэнтаў, які іх зацікавіў (вядома ж, на замежнай мове). Расказаць што-небудзь аб сабе і задаць некалькі асабістых пытанняў. Хутчэй за ўсё студэнты адгукнуцца на такую прапанову. Па-першае, не захочуць адмовіць у просьбе свайму настаўніку, па-другое, ім таксама будзе карысна папрактыкавацца ў пісьмовай замежнай мове. Галоўная ўмова — ліст павінен быць напісаны ад рукі, ніякай электроннай перапіскі! Звычайны ліст накладае некаторыя абавязкі на аўтара і адрасата. Яго не так лёгка праігнараваць і аднесціся да напісання абыякава. Трэба сачыць і за арфаграфіяй (камп’ютар памылкі не выправіць), і за разборлівым і старанным почыркам. Такім чынам, у нас атрымліваецца сінтэз прафарыентацыйнай работы і медыяадукацыі.

Цікавай для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту з’яўляецца работа з коміксамі (іх можна знайсці тут: http://www.washingtonpost.com/entertainment/comics/?hpid=z16). Пажадана падбіраць на ўрок коміксы, якія складаюцца не больш як з дзесяці малюнкаў і са зразумелым сюжэтам. Спачатку мы не чытаем подпісы, а спрабуем спрагназаваць змест сітуацыі. Затым чытаем дыялогі і коратка, ужываючы не больш за чатыры сказы, пераказваем змест. Такая форма работы вучыць выдзяляць галоўнае, пераказваць дыялогі пры дапамозе ўскоснай мовы і граматна фармуляваць вуснае выказванне на аснове прачытанага тэксту.

У кожным класе праграмай прапануюцца такія тэмы, па якіх даволі лёгка знайсці цікавы артыкул у любой замежнай газеце. Аднойчы мне сустрэўся вельмі цікавы матэрыял пра конкурс, які праводзіўся ў Англіі сярод звычайных сем’яў. Мэтай задання было акунуць вучняў у атмасферу жыцця ХІХ стагоддзя. Ніякіх тэлевізараў, пыласосаў, камп’ютараў.

Мы праходзілі з шасцікласнікамі тэму “Хатняе абсталяванне”, і я прапанавала абмеркаваць гэты тэкст. Добра папрацавалі над лексікай, адказалі на пытанні. Затым я прапанавала вучням паспрабаваць пераканаць мяне ў тым, што вельмі добра, калі дома няма звыклых для нас прадметаў, якія робяць наша жыццё больш лёгкім і камфортным. Дзеці так актыўна ўключыліся ў гульню, столькі нечаканых аргументаў знайшлі, каб мяне пераканаць, што я вымушана была “прызнаць сваё паражэнне”. Дзеці адчулі сябе пераможцамі, а я радавалася, што яны не баяцца выказваць свае думкі на англійскай мове.

У параўнанні з пачатковай і сярэдняй школай вучні старшых класаў разумеюць, што інфармацыю можна выбіраць з улікам дадатковых крытэрыяў: актуальнасць, эфектыўнасць і ўзровень складанасці ў карыстанні. Яны вучацца авалодваць рознымі стратэгіямі пошуку, улічваючы мадэлі інфармацыйных паводзін. Разумеюць, што здольнасць крытычна ацэньваць інфармацыю мае рашаючы ўплыў у працэсе выканання задання, а таксама ўсведамляюць наступствы іншага падыходу. Вельмі важна на прыкладах паказаць вучням, што пры аналізе палітычных сітуацый пазіцыя аўтара можа мець уплыў на аўдыторыю, такім чынам, уменне крытычна аналізаваць інфармацыю — адно з самых галоўных медыйных уменняў выпускнікоў сучаснай школы.

Асноўны матэрыял, з якім настаўніку прасцей за ўсё працаваць на дасягненне вышэйпералічаных мэт, — гэта друкаваныя і электронныя версіі замежных газет. У старшых класах мы тлумачым: прачытаўшы толькі загаловак, цяжка спрагназаваць, пра што будзе артыкул. Гэтым таксама можна садзейнічаць дасягненню адукацыйнай мэты. Ёсць такія загалоўкі, па якіх, на першы погляд, амаль што немагчыма прадказаць змест. Але тым яны і цікавыя: http://kephriralm.hubpages.com/hub/funniest-headlines.

У старшых класах вучні асвойваюць шэраг кампетэнцый, якія складаюць крытычнае мысленне. Падзеі, што адбываюцца ў свеце, вельмі часта асвятляюцца з розных бакоў, нават з процілеглых. Дзе знайсці зерне праўды? Каму верыць? Настаўнік можа прапанаваць параўнаць два артыкулы па адной праблематыцы, знайсці ў кожным з іх аргументы, на якія аўтары акцэнтуюць увагу. Зрабіць выснову, чые аргументы гучаць больш пераканаўча і чаму. Задача настаўніка ў такім выпадку будзе заключацца ў тым, каб паказаць вучням, што існуюць розныя пункты гледжання на адну і тую ж праблему. І, каб арыентавацца, трэба ўмець адшукаць праўду, зрабіць правільныя высновы. Бывае, што задача газеты складаецца менавіта ў тым, каб навязаць чытачам выгадныя для аўтара вывады і перакананні. Таму трэба найперш навучыцца ацэньваць надзейнасць і крыніцы інфармацыі, адшукаць звесткі пра рэпутацыю аўтара.

Вельмі важна патлумачыць вучням, што існуюць факты і меркаванні, і навучыць іх адрозніваць першае ад другога. Хутчэй за ўсё настаўнік будзе працаваць у такім выпадку з электроннымі выданнямі англамоўных газет. Самыя папулярныя сярод іх наступныя: The Guardian, The Herald, Daily Express, The Independent, The Observer, The Times, The Sun.

Немагчыма не адзначыць яшчэ адно, даволі цікавае выданне Positive news (http://positivenews.org.uk/). Гэта даволі маладая брытанская газета, якая з’явілася ў 1993 годзе, друкуе толькі пазітыўныя навіны. Яе дэвіз — “Натхняць і мяняцца да лепшага”. Таму тут друкуюцца невялікія артыкулы па рознай тэматыцы: мастацтва, культура, падарожжа, ежа, грамадства, навакольнае асяроддзе, навука, здароўе (па тэматыцы поўнае супадзенне з праграмай старшых класаў па замежнай мове).

У заключэнне хочацца сказаць, што існуе незлічоная колькасць магчымасцей зацікавіць вучняў замежнай мовай, навучыць іх крытычна ставіцца да інфармацыі і матываваць на пошук новай. Давайце самі будзем цікаўнымі і творчымі, а наша энергія абавязкова перадасца дзецям!