Факультэт сацыяльных навук, Карлаў універсітэт, Прага Ян Йірак, прафеар Інстытута камунікацыі і журналістыкі,
У сакавіку 2017 г. я быў удзельнікам вучэбнай паездкі беларускіх настаўнікаў у Чэхію ў рамках праграмы “Медыяграматнасць і медыяадукацыя ў Беларусі” пры падтрымцы Асацыяцыі па міжнародных пытаннях Чэшскай Рэспублікі. Сваімі ўражаннямі аб сустрэчах з чэшскімі медыяадукатарамі падзяліліся ўжо Алена Чарнова (тут), Галіна Руціч (тут), Алена Панкратава (тут), я хацеў бы трошкі дапоўніць артыкул Алены Панкратавай, якая цікава і змястоўна пісала аб сустрэчы з Янам Йіракам Медыяадукацыя і медыявыхаванне ў Чэхіі (нататкі з адукацыйнай паездкі), бо ўражанні ад сустрэчы з гэтым медыяадукатарам лічу вельмі карыснымі. Прапаную вашай увазе лекцыю-гутарку Яна Йірака з удзельнікамі вучэбнай паездкі. Павел Лічэўскі, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, г. Пінск |
Прафесар Ян Йірак, адзін з аўтараў канцэпцыі медыяадукацыі ў Чэшскай Рэспубліцы, сустрэўся з беларускімі настаўнікамі ў офісе АМО. Гутарку ён пачаў з размовы аб сваім досведзе ў медыяадукацыі:
-Я шмат напісаў аб медыяадукацыі, стараўся вывучыць вопыт іншых краін, але неабходна прызнаць, што мае веды паступова старэюць, таму што ўсё развіваецца вельмі хутка. І гэта адна з ключавых праблем медыяадукацыі.
Пра медыяадукацыю ў чэшскім кантэксце:
- Мы тут, у Сярэдняй Еўропе, вельмі любім, калі можна сказаць, што ў чым-небудзь з'яўляемся першапраходцамі, магчыма, гэта ад таго, што мы мала ў чым з'яўляемся першымі. Але Вось на мяжы Маравіі і Славакіі нарадзіўся вялікі філосаф, педагог эпохі Адраджэння Ян Амос Коменскі. Дык вось, Коменскі ў сваіх працах першай чвэрці 17 стагоддзя пісаў, што дзеці павінны чытаць газеты — і гэта мы прызнаём за першы зялёны свет у медыяадукацыі ў нас. Але, на жаль, гэта не значыць, што ў нас з першай паловы 17 стагоддзя развіваецца медыяадукацыя. Першыя спробы ўвядзення медыяадукацыі адносяцца да другой паловы 20-х гадоў 20-га стагоддзя. Потым доўгі час у гэтай сферы нічога не адбывалася, і зноў гэта стала актуальным толькі ў пачатку 21 стагоддзя. Міністэрства адукацыі вырашыла ў рамках рэформы адукацыі ўвесці медыявыхаванне як адзін з накірункаў для вывучэння ў базавай і сярэдняй школе. Вы як настаўнікі, спадзяюся, пагодзіцеся са мной: вучыць неабходна многаму, а гадзін на гэта мала - і гэта, у тым ліку, стала праблемай і ў медыяадукацыі — ніхто не хацеў адмаўляцца ад сваіх гадзін на карысць новага прадмета. І тады было прынята рашэнне, што некаторыя вобласці ў адукацыі будуць мець характар скразных тэм. І гэта значыць, што быў апісаны змест такой скразной тэмы, а школа сама можа вырашыць, у якія прадметы яна можа закампанаваць медыяадукацыйныя тэмы. І такому рашэнню адпавядае і сённяшняе вывучэнне медыяадукацыі: апісаны змест медыяадукацыі і што павінен ведаць і ўмець вучань. І мы бачым у Чэшскай Рэспубліцы прыклады таго, як у розных школах па-рознаму гэта робяць. І часцей за ўсё школы ўводзяць тэмы па медыяадукацыі ў такія прадметы, як чэшская мова, грамадазнаўства, гісторыя. Ёсць яшчэ адзін метад — гэта праектнае навучанне, але ён рэдка сустракаецца. У выпадку з медыяадукацыяй гэта адбываецца так: выдзяляецца тыдзень у школе, на працягу якога вучні інтэнсіўна працуюць на медыяпраекце рыхтуюць рэпартажы, выдаюць газеты… Ну і трэці спосаб, калі дырэктар вырашае ўвесці медыяадукацыю ў расклад заняткаў як асобны прадмет, і, на мой погляд, гэта адзін з самых прымальных варыянтаў.
Праблемы рэалізацыі, з якімі сутыкаецца школа
Арганізацыя медыяадукацыі ў школе — гэта першая вялікая праблема. Звязана гэта з другой праблемай — недахопам кваліфікаваных настаўнікаў. Калі медыяадукацыя растворана ў іншых прадметах, гэта значыць, што ёй займаюцца настаўнікі-прадметнікі. Пры ўсім старанні настаўнікаў, у галіне выкладання медыяадукацыі пераважае аматарскі падыход. ні на адным факультэце чэшскіх ВНУ немагчыма атрымаць спецыяльнасць медыяпедагога.
І як вынік: у нас першая праблема ў медыяадукацыі — арганізацыя, другая — рэалізацыя, а трэцяя — тэхнічная.
Трэцяя, тэхнічная, праблема звязана з тым, што медыяадукацыя ўводзілася ў той час, калі быў вялікі бум інфармацыйных тэхналогій, і Міністэрства раздзяліла гэтыя дзве галіны - медыяадукацыю і камп'ютарную адукацыю. Гэта было прыкладна 17-18 гадоў назад, але за гэты час адбылося моцнае злучэнне медыя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. І на сённяшні дзень разумець медыя — гэта значыць разумець і тэхнічны бок іх рэалізацыі. І медыяадукацыя ўспрымаецца у нас як спосаб выхавання крытычнага мыслення, крытычнага асэнсавання сацыяльных сетак і тэхналогій, якія нас акружаюць. Наша першаснае ўяўленне аб тым, што медыяадукацыя — гэта крытычны падыход у час чытання газет і прагляду тэлевізійных праграм, на сённяшні дзень распалася, таму што дзеці не чытаюць газет і не глядзяць тэлевізар. Не чытаюць газет нават настаўнікі. Гэта, напэўна, такі базавы малюнак таго, што адбываецца ў медыяадукацыі зараз. Нягледзячы на ўсё гэта, рэальна, фактычна мы знаходзімся ў той сітуацыі, што медыяадукацыя існуе на базавых прынцыпах у школах, гімназіях. Складанейшая сітуацыя ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, каледжах, таму што там медыяадукацыя не з'яўляецца абавязковай. Прычына даволі смешная: з аднаго боку школы і гімназіі, а здругога боку каледжы і сярэднія спецыяльныя ўстановы адносяцца да розных адукацыйных цэнтраў.
Можна крытыкаваць адсутнасць прафесійных настаўнікаў, але неабходна пахваліць сферу выдання навучальных дапаможнікаў. На дадзены момант ёсць цэлы шэраг падручнікаў, парталаў, DVD-дыскаў, мэта якіх падтрымліваць настаўнікаў у іх дзейнасці па медыяадукацыі.
Спадар Ян Йірак пазнаёміў з вучэбным камплектам па медыяадукацыі (які складаецца з падручніка, рабочага сшытка для вучняў і кнігі для настаўніка) для вучняў 11-14 гадоў.
Што закладзена ў змест медыяадукацыі?
Хачу звярнуць увагу яшчэ на адну праблему — гэта суадносіны ведаў і ўменняў у медыяадукацыі. Я сам прыхільнік таго падыходу, што ўсё такі павінен быць у медыяадукацыі той складнік, які распавядае пра гісторыю СМІ, фінансаванне, пра сістэму працы медыясферы. Але многія мае калегі маюць зусім другі падыход: у вобласці медыя быць стваральнікам, гэта значыць ствараць медыяматэрыялы. І гэта адзін з унутраных канфліктаў, які ёсць у нас у нас у гэтай вобласці. Вучні, канешне, любяць другі падыход: ствараюць сайты, гуляюць, здымаюць рэкламу… Я не зусім з гэтым згодзен, я лічу, што элемент ведаў павінен быць, што чалавек павінен нешта пазнаць крытычна. Неабходна камбінаваць факты і творчасць.
- Ці не маглі б Вы пералічыць тэмы медыяадукацыі, якія разглядаюцца ў вучэбным камплекце?
- Першы раздзел — уводзіны: што такое ўвогуле камунікацыя, прынцыпы камунікацыі, эвалюцыя камунікацыі ад узнікнення мовы да сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Другі раздзел — сродкі масавай інфармацыі: друк, радыё, тэлебачанне.
Трэці раздзел, я лічу, што часта яго забываюць, - журналістыка. І тут ужо пачынаюцца крытычныя адносіны, таму што там ёсць асобная частка, прысвечаная таму, каб дзеці разумелі, з якімі крыніцамі інфармацыі працуюць журналісты. Напрыклад, у рабочым сшытку ёсць заданне: дадзена навіна, а вучань павінен зразумець, якая ў яе крыніца.
Наступны раздзел вучыць адрозніваць інфармацыю і пункт погляду на яе, і гэта зноў з дапамогай практыкаванняў, каб вучні разумелі, дзе падаецца фактычная інфармацыя, а дзе яе інтэрпрэтацыя. Напрыклад, там ёсць такое практыкаванне, каб дзеці маглі распазнаць, хто з'яўляецца суб'ектам інфармацыі: адна і тая ж навіна можа з'явіцца ў двух медыя, і ў адным будзе апісана дэманстрацыя ў абарону экалогіі, а ў другім — гэта пададзена як парушэнне грамадскага парадку, і мы пачынаем разумець, якога пункту погляду прытрымліваецца кожнае медыя.
Ёсць раздзел, які прысвечаны культурнай і грамадскай ролі медыя, якія мэты маюць медыя: забаўляльныя, інфармацыйныя г.д.
Потым асобны раздзел пра адносіны медыя і забаў. У той час гэта здавалася важным, бо тэлебачанне, відэа- і гуказапісы былі асноўнымі забаўляльнымі крыніцамі моладзі.
Раздзел аб адносінах медыя і рэкламы. Галоўны акцэнт на тым, каб вучні разумелі, што рэклама хоча прыцягнуць іх увагу, чым яна маніпуліруе. І гэты раздзел заканчваецца главой аб тым, як медыя могуць быць выкарыстаны на сваю карысць палітыкамі, бізнэсменамі, рознымі арганізацыямі, рухамі.
Наступны раздзел, па ім вялася вялікая дыскусія, - хто ўплывае на рэдакцыйную палітыку медыя.
І апошні раздзел пра прававыя нормы сферы медыя.
Гэты камплект выйшаў у 2009 годзе. Гэта адпавядае таму, як гэта апісана ў праграме Міністэрства адукацыі, што павінна змяшчаць у сабе медыяадукацыя. Але праблема ў тым, што гэтую канцэпцыю мы распрацоўвалі ў 1999 — 2001 гадах, тады яшчэ слова фэйсбук не існавала. А час ідзе, і я лічу, што гэтая канцэпцыя ўстарэла, гэта ўжо архаічны падыход. Я б зменшыў аб'ём, які прысвячаецца класічным СМІ, г. зн. друкаваным выданням, радыё і тэлебачанню, і больш увагі ўдзяліў бы ролі сацыяльных сетак і інтэрнэта ва ўсіх абласцях як палітыкі, так і забаўляльнасці. Большасць сучасных вучняў не ведаюць, што такое радыё, газеты не чытаюць нават настаўнікі, тэлебачанне пакуль моцнае медыя, але яно вельмі моцна знаходзіцца пад уплывам інтэрнэта. Усё-такі навіны сучасныя вучні знаходзяць у сацыяльных сетках. Ужо існуе многа довадаў, чаму медыяадукацыю трэба скіраваць у бок новых медыя.
Мець старонку ў сацыяльных сетках — гэта яшчэ не медыяадукацыя
- А як, напрыклад, можна адпрацаваць з вучнямі тэму «праца ў сацыяльных сетках»?
- Я сустрэўся з такім выпадкам у адной са школ. У школе існавала школьная газета, у якой публікаваліся навіны школьнага жыцця. І адзін з вучняў вырашыў напісаць аб тым, што на спартыўнай бегавой дарожцы дрэннае пакрыццё і па ёй дрэнна бегаць. А дырэктар папрасіла, каб ён не пісаў аб гэтым. Вучні настойвалі на тым, што артыкул павінен выйсці. Дырэктар папрасіла настаўніка гэтых вучняў зрабіць так, каб артыкул не быў надрукаваны. Я нават не ведаю, чым гэта ўсё закончылася, але настаўнік растлумачыў вучням, што такая сітуацыя абсалютна нармальная для ўсіх журналістаў, якія працуюць у рэдакцыях. І я лічу, што вось гэты крок настаўніка і ёсць медыяадукацыя. Таму вы як настаўнікі можаце паставіць сабе мэту з дапамогай гэтай дзейнасці растлумачыць вучням , якія рызыкі могуць несці дзецям сацыяльныя сеткі, і вы можаце з імі абмеркаваць тое, што падыходзіць для публікацыі, што не падыходзіць, якая публікацыя можа пакрыўдзіць каго-небудзь ці наадварот, чаму. І вось гэты момант рэфлексіі і ёсць медыяадукацыя. Само па сабе мець старонку ў сацыяльных сетках — гэта яшчэ не медыяадукацыя.
Медыяадукацыя ў школьных прадметах
- Як спалучыць медыяадукацыю з выкладаннем літаратуры?
- Я думаю, што адной з цікавых форм — паглядзець, якія ёсць сродкі выразнасці ў асобна ўзятых медыя. Асабліва калі ўдасца знайсці па творы радыёпастаноўку, тэатральную пастаноўку, экранізацыю і можна даследаваць сродкі выразнасці ў гэтых медыя, параўноўваючы іх з тэкстам літаратурным і паміж сабой, звярнуць увагу на спосаб і прыёмы гэтых сродкаў для ўплыву на чытача, слухача. Вельмі цікава гэта працуе ў выпадку параўнання літаратурнага тэксту з коміксам, у Чэхіі ёсць многа коміксаў па літаратурных творах, можна, напрыклад, прасачыць як узаемазвязаны слова і малюнак, якія асацыяцыі выклікаюць. У сусветнай літаратуры ёсць многа твораў, у якіх расказваецца аб ролі медыя. Літаратура яшчэ цудоўная і тым, што гэта вобласць для ілюстрацыі таго, што кожны чалавек успрымае тэкст па-свойму.
-А як могуць вучыць медыяадукацыі настаўнікі дакладных навук?
- Пры вывучэнні дакладных прадметаў трохі не хапае менавіта крытычнага асэнсавання.
- У інтэрнеце шмат тэкстаў, якія, з пункту гледжання фізікі, матэматыкі, утрымліваюць недакладную інфармацыю, а часам і фальшывую і неабходна ж вучыць вучня .
- Так, настаўнік фізікі або хіміі павінен вучыць дыстанцыравацца ад інтэрнет-крыніцы. І гэта сапраўды медыяадукацыя, калі вучань крытычна адносіцца да інтэрнет-крыніцы. Гэта лягчэй рабіць у дакладных навуках, чым, напрыклад, у грамадазнаўстве, дзе часам пытанне праўды не з'яўляецца пытаннем факта.
І яшчэ ёсць адзін вельмі важны аспект у медыяадукацыі — гэта роля інтарэсаў. Нават калі інфармацыя праўдзівая, то чаму яе апублікавалі, каму гэта патрэбна. Хто канкрэтна заплаціў, у большасці выпадкаў мы не даведаемся, але важна задумацца, хто за гэта мог бы заплаціць, каму гэта выгадна.
Я доўга займаюся адукацыяй журналістаў, я параўноўваў сістэму адукацыі журналістаў у розных краінах. І ў адной італьянскай навучальнай установе для журналістаў адным з базавых прадметаў з'яўляецца прадмет «Уводзіны ў крыміналістыку». І яны гэта аргументуюць тым, што праца журналіста па сваёй сутнасці падобная да працы крыміналіста. Яму неабходна выясніць, хто ўчыніў дзею, патрэбна аналізаваць і сваю дзейнасць, умець бачыць дзе сам запутаўся. Гэта адна з асноў медыяадукацыі: здольнасць назіраць за сабой і разумець, што мяне ў гэтым тэксце пераканала, што было пераканаўчым.
- Нам ніхто не дасць спецыяльныя гадзіны для выкладання медыяадукацыі. На Ваш погляд, інтэграваць медыяадукацыю ў розныя прадметы гэта нядрэнна?
- Гэта нядрэнна, але гэта і не самы надзейны шлях да добрых вынікаў. Многа розных фактараў, якія уплываюць на якасць: прэферэнцыі самога настаўніка, які выкладае гэты прадмет, накіраванасць прадмета, камбінацыя спецыфікі гэтых розных прадметаў, іх узаемасувязь. На жаль, бывае і так, што выпрацоўваюцца і негатыўныя адносіны саміх настаўнікаў да медыяадукацыі, якія ўспрымаюць выкладанне медыяадукацыі як дадатковую нагрузку. А ёсць энтузіясты, якія займаюцца медыяадукацыяй, пачынаюць рабіць праекты, здымаць фільмы з вучнямі г.д. Але галоўнай мэтай менавіта медыяадукацыі з'яўляецца не ўмець гэта рабіць, а думаць, што я раблю, і не многія даводзяць гэты працэс да канца.
- Значыць усё-такі трэба ствараць армію энтузіястаў
- І яе абучаць,- дадае спадар Ян Йірак.
Сэнс медыяадукацыі - у крытычным асэнсаванні.
Я лічу, што сэнс медыяадукацыі менавіта ў крытычным асэнсаванні: не верыць нечаму, а правяраць, г. зн. не выбіраць, у што я буду верыць, а асэнсоўваць інфармацыю медыярэсурсаў, правяраць.
- Вы з'яўляецеся аўтарам падручнікаў па медыяадукацыі?
- Ёсць падручнік, які мы напісалі з калегам, але, я лічу, што ён устарэў. Сацыяльныя сеткі і іх развіццё настолькі змянілі карціну, што неабходна пачынаць спачатку. Вы толькі задумайцеся, наколькі за апошнія дзесяць гадоў змяніліся палітычныя кампаніі толькі дзякуючы твітэру, фэйсбуку. Як змяніўся спосаб правядзення вольнага часу ў дзяцей, як змяніліся адносіны паміж дзецьмі і бацькамі. І ніхто не ведае, як гэта будзе выглядаць нават цераз тры гады. І ў такой сітуацыі цяжка напісаць падручнік, бо пакуль дапішаш да кропкі — ужо ўсё змянілася.
Прафесар Ян Йірак з беларускімі педагогамі, 2017 г.