Кіраўнік школьнага медыягуртка,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
А. Я. Панкратава
У рамках адукацыйнай паездкі ў Чэшскую Рэспубліку па пытаннях медыяграматнасці і медыяадукацыі беларускія настаўнікі пазнаёміліся з вопытам работы ў дадзеным кірунку не толькі шэрагу чэшскіх школ (Панэнскі Тынец, Пэчкі, Прага). Скласці ўяўленне пра сутнасць і формы медыяадукацыі ў Чэхіі дапамаглі таксама практычныя заняткі ў цэнтры сучаснага мастацтва DOX, знаёмства з сістэмай дадатковай адукацыі чэшскай школы, экскурсія ў рэдакцыю газеты “Эканоміа”, сустрэча з выбітным чэшскім журналістам Ондржэем Соўкупам.
Своесаблівым вынікам знаёмства з вопытам чэшскіх калег стала творчая сустрэча нашых настаўнікаў з прафесарам факультэта сацыяльных навук Інстытута камунікацыі і журналістыкі Карлава ўніверсітэта Янам Ііракам, які агучыў канцэпцыю медыяадукацыі і медыявыхавання ў Чэхіі і праблемы яе рэалізацыі.
Па словах прафесара, мэта медыяадукацыі – развіццё крытычнага мыслення пры рабоце з медыяінфармацыяй і дэзынфармацыяй. Перафразуючы вядомую цытату Яна Каменскага “Дзеці павінны чытаць газеты”, актуальную для ХVII стагоддзя, сённяшні медыяадукатар мусіць сцвярджаць “Дзеці павінны крытычна ставіцца да таго, што пішуць газеты”: Сэнс медыяадукацыі ў тым, каб навучыць не давяраць, а правяраць і аналізаваць інфармацыю, размешчаную ў СМІ.
Таксама адной з самых актуальных задач медыяадукацыі прафесар назваў дыстанцыянаванне вучняў ад сацыяльных сетак, праз якія галоўным чынам ажыццяўляецца своесаблівая медыя-вайна за тое, “чыя інтэрпрэтацыя свету пераможа”.
Нягледзячы на тое, што Міністэрствам адукацыі Чэхіі медыяадукацыя запатрабавана, а медыякампетэнцыі прапісаны ў дзяржаўнай вучэбнай праграме, асобным абавязковым вучэбным прадметам медыяадукацыя не вывучаецца, а інтэгруецца ў змест школьнай праграмы наступнымі сродкамі:
- Праз дадатковыя гадзіны па меркаванні школы. Для рэалізацыі такога падыходу ў медыяадукацыі існуе шэраг спецыяльных дыдактычных дапаможнікаў, па якіх мусяць працаваць настаўнік і вучні. Тэмы такіх дапаможнікаў сфармуляваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства адукацыі Чэшскай Рэспублікі:
- Масавыя камунікацыі
- Журналістыка
- Інфармацыя і пункт гледжання
- Культурніцкая і грамадская роля медыя
- Медыя як забаўляльны рэсурс
- Рэклама як механізм маніпулявання
- Медыярэсурсы і палітыка
- Унутраны механізм медыя
- Прававыя нормы медыя
- Новыя медыя
Але нават такі змест дапаможніка прафесар Ян Іірак лічыць на сённяшні дзень у пэўнай ступені састарэлым, мяркуючы яго ўдасканаліць: зменшыць ролю СМІ, а больш увагі надзяліць ролі сацсетак у медыяадукацыі і медыявыхаванні моладзі.
- Праз агульны школьны медыяпраект.
- Праз “скразныя тэмы” агульнаадукацыйных прадметаў, у якія “закампанаваны” медыякурс (мова, грамадазнаўства, гісторыя).
Такі падыход тлумачыцца, як сцвярджае прафесар, недахопам кваліфікаваных настаўнікаў. У вышэйшых педагагічных навучальных установах таксама не прадугледжаны факультэты медыяадукацыі, што нараджае праблему аматарскага падыходу пры выкладанні гэтай дысцыпліны.
Падсумоўваючы праблемы рэалізацыі медыяадукацыі ў Чэшскай Рэспубліцы, Ян Іірак класіфікаваў іх наступным чынам:
- арганізацыя (адсутнасць абавязковага вучэбнага прадмета);
- рэалізацыя (адсутнасць настаўнікаў-прафесіяналаў у дадзенай галіне);
- тэхнічны бок (праблема валодання настаўнікамі ІКТ).
Пераходзячы да тэмы ІКТ, прафесар адзначыў, што, раздзяляючы інфармацыйныя тэхналогіі і медыяадукацыю, варта мець на ўвазе, што ў сваю чаргу медыяадукацыя мае на ўвазе і інфармацыйныя тэхналогіі. У сувязі з гэтым погляды на веды і ўменні ў галіне медыяадукацыі прадугледжваюць два падыходы:
- веды пра гісторыю, сутнасць медыя і г.д;
- стварэнне ўласных медыяматэрыялаў.
І адзін, і другі падыход маюць сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў, аднак сутнасць іх адна і тая ж – растлумачыць вучням, якія рызыкі нясуць медыятэксты, развіць у вучняў здольнасць назіраць за сабой, каб зразумець, што ў гэтым медыятэксце іх пераконвае, што прымушае давяраць, якім чынам гэта дасягнута і каму гэта патрэбна.
Фота удзельнкаў адукацыйнага візіту.