Настаўнік і падручнік XXI стагоддзя

 
Галіна Сухава, настаўнік-метадыст, сааўтар падручніка "Белруская літаратура", 7 клас.
 
Адным з кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне мадэрнізацыі зместу адукацыі з’яўляецца абнаўленне вучэбнага зместу ў логіцы кампетэнтнаснага падыходу, што патрабуе напісання новых школьных падручнікаў. Адна з асноўных задач, якая стаіць перад аўтарамі падручніка - ён павінен быць арыентаваны на развіццё ўменняў вучняў прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя ўменні не толькі па гэтым вучэбным прадмеце, але і па іншых вучэбных прадметах, і ў рэальным жыцці. Гэта ў сваю чаргу актуалізуе пытанне метадычнай падрыхтоўкі настаўнікаў для рэалізацыі гэтага зместу, арганізацы адукацыйнага працэсу, які забяспечвае фарміраванне ключавых кампетэнцый вучняў.
 
Звернемся да падручніка па беларускай літаратуры, адным з сааўтараў якога я з’яўляюся.  Пастараюся акцэнтаваць увагу на тым, як са зменай  зместу мяняецца змест і характар дзейнасці настаўніка.
У цэнтры літаратурнай адукацыі заўсёды знаходзяцца настаўнік і вучань, якія выкарыстоўваюць у якасці сродку навучання падручнік.
 
 
Чым цікавы новы падручнік па беларускай літаратуры для 7 класа?
 
Па-першае, аўтарамі падручніка з’яўляюцца: вучоны – М.А. Лазарук метадыст – Т.У. Логінава. і настаўнік практык – Г.А. Сухава Па-другое, ён напісаны на ідэях кампетэнтнаснага падыходу, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў. Рэалізацыя такога падыходу прадугледжана падручнікам ва ўзмацненні метадычнага апарата, у з’яўленні прынцыпова новай лінейкі заданняў і пытанняў для вучняў пры вывучэнні тэкстаў мастацкіх твораў. Галоўнае, да чаго мы імкнуліся, – стварыць умовы для развіцця пазнавальных інтарэсаў сямікласнікаў, выхавання мастацка-эстэтычнага густу і фарміравання цэласнага светапогляду пры навучанні беларускай літаратуры.
 
Што зачапіла, што стала штуршком для ўдзелу ў напісанні новага падручніка? 
 
Калі Міністэрства адукацыі аб’явіла конкурс на стварэнне новага падручніка, на інтэрнэт-рэсурсах, на старонках СМІ сталі з’яўляцца ініцыятывы: “Давайце напішам новыя падручнікі, свае!” Ідэя добрая, але са слоў асобных рэвалюцыянераў у галіне літаратурнай адукацыі адчувалася рэальная пагроза ўсе інавацыі звесці да замены адных твораў мастацкай літаратуры другімі. За аснову ў старых падручніках былі пакладзены этапы літаратурнай адукацыі школьнікаў, а сучасныя прапановы былі звязаны з тэматычным прынцыпам размеркавання матэрыялу. Адчувалася, што напісанне падручніка можа стаць справай прэстыжу для метадычна непадрыхтаваных людзей, таму я не адмовілася ад прапановы метадыста НІА Таццяны Уладзіміраўны Логінавай далучыцца да стварэння якасна новага метадычнага апарата падручніка. На той момант, актыўна працуючы ў рэспубліканскім клубе “Крыштальны журавель”, я ўжо разумела, што мае ўласныя метадычныя рашэнні пры аналізе праграмных мастацкіх твораў знаходзяць станоўчы водгук у настаўніцкай і вучнёўскай аўдыторыі, адпавядаюць выкліку часу.
 
Як вы разумееце, інавацыйнасць нашага падручніка заключана ў прынцыпова  новай  лінейцы прыёмаў метадычнага апарата падручніка. З вашага дазволу спынюся на тых, якія заслугоўваюць рэальнай павагі і ўвагі.
 
Да сур'ёзных здабыткаў новага падручніка можна аднесці артыкулы, якія знаёмяць сямікласнікаў з асноўнымі паняццямі тэорыі літаратуры. Яны зразумелыя, карысныя і не сумныя дзецям. Мы імкнуліся далучыць вучняў, якія ў папярэдніх класах знаёміліся з разнастайнасцю жанраў і тэматыкі літаратурных твораў, да асноўных вартасцяў літаратуры, навучыць ацэньваць змест мастацкіх твораў, разумець спецыфіку літаратуры, фарміраваць эстэтычны густ. У тэарэтычных артыкулах падручніка прадстаўлены такія роздумы аб літаратуры, якія часта выходзяць за рамкі літаратуры і звяртаюцць чытача да пытанняў жыцця, чалавечых зносін. І тут вельмі важная роля настаўніка: ён павінен працягнуць гутарку з дзецьмі, дапамагчы вучням убачыць сувязь мастацтва з рэчаіснасцю і знайсці адказы на хвалюючыя іх пытанні жыцця.
Напрыклад, мы прапануем вучням рэалізаваць праект “Пяць ідэй для школы, каб выявіць і развіць таленты” пасля вывучэння раздзела “Чарадзейная сіла мастацтва”. Адсюль вынікае, што настаўніку не абысціся без актыўных метадаў навучання, панэльнай дыскусіі, выкарыстання розных тэхнік задавання пытанняў, прыёмаў эфектыўнай зваротнай сувязі.
Яшчэ адным сур'ёзным здабыткам падручніка з'яўляецца шматгалоссе: пастаяннае запрашэнне чытачоў да абмеркавання праблемных пытанняў, да дыскусіі (Дыскусія як метад навучання паказала па выніках даследавання Джона Хэці 2016 г. памер эфекту 0,82 и прызнана адным з найэфектыўнейшых фактараў для павфышэння вынікаў акадэмічнай паспяховасці вунчняў  - Nastaunik.info) . Унікальнай у гэтым сэнсе з'яўляецца рубрыка «Абмяркоўваем разам». Каб эфектыўна выкарыстаць на ўроку такі метадычны інструмент падручніка, настаўніку неабходна валодаць спосабам арганізацыі парнай і групавой работы, навучыць дзяцей так званым “мяккім уменням” супрацоўніцтва, рабоце ў парах пастаяннага і зменнага складу, вучыць дзяцей не толькі адказваць на пытанні, але і задаваць іх. Напрыклад, “Уявіце, што ў вас з’явілася магчымасць задаць пытанні героям паэмы. Што б вы ў іх спыталі?”, “Паразважайце, чаму пры апісанні карціны больш падыходзіць празаічная мова. У якіх жыццёвых абставінах можна карыстацца паэтычным словам?”
 
У метадычнай частцы падручніка ёсць і традыцыйныя, і даволі цікавыя прыёмы. Мы стараліся адысці ад такой формы засваення зместу прачытанага, як пераказ, паколькі аддавалі перавагу заданням не рэпрадуктыўнага, а прадуктыўнага ўзроўню. Стараліся пазбягаць пытанняў, у якіх закладзены аўтарскі варыянт адказу, калі трактоўка можа быць зусім неадназначнай. 
 
Напрыклад: “Як аўтар ставіцца да такой з’явы, як жанчына на вайне?” (Еўдакія Лось “Дзяўчаты мінулай вайны”). “Як талент можа дапамагчы ў час вучобы ў школе і пры выбары будучай прафесіі?”, “Складзіце дыялог паміж паннай Рузяй і пані Мар’яй, зыходзячы з характару гераінь. Настаўніцы могуць абмяркоўваць пытанне “Што варта ведаць маім вучням?”
Наогул найбольш удалыя фрагменты падручніка звязаныя з тым, што тычыцца «пражывання» тэксту. Шмат заданняў накіравана на тое, каб вучань дакладней уявіў сабе, адчуў, што адбываецца ў творы. Часта выкарыстоўваюцца рэпрадукцыі, прапануецца параўнаць раскрыццё тэмы сродкамі слова, жывапісу і музыкі. Ёсць нямала творчых заданняў на напісанне ўласных тэкстаў. Напрыклад, заданне да апавядання М. Лупсякова “Мэры Кэт”:
 
Янка Маркаўцоў прапануе Антону Бубнову крыўдзіць новую вучаніцу (цягаць за касу), а каб Эма не пайшла шукаць справядлівасці да дырэктара – напалохаць дзяўчынку. Аднак калі аграном, бацька Эмы, раптам пакрыўдзіць іх бацькоў, то хлопец выступіць на сходзе ў іх абарону. У чым супярэчнасць разумення хлопцам справядлівасці. Дайце сваё азначэнне справядлівасці”.
Паводле нарыса У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” складзіце спіс (меню) страў для сям’і, якія традыцыйна ўжываліся ў час сенакосу (летам) і ў зімовую пару. Выберыце пераможцу, які, на ваш погляд, максімальна ўлічыў патрэбы сям’і.
 
Метадычная частка падручніка разнастайная.
 
У канцы раздзелаў “Прыкладныя тэмы для даследчых праектаў”, “Дадатковая інфармацыя”, «Пытанні і заданні». Напрыклад, праект “Эфектыўны маркетынг”. У праекце вучням прапануецца выступіць у ролі супрацоўніка выдавецтва. Заінтрыгаваць чытачоў — паказчык паспяховага завяршэння праектнай дзейнасці.
 Гэта жаданне вучняў прачытаць апавяданне Уладзіміра Шыціка “Лісцік серабрыстай таполі (твор у мінулым годзе не вывучаўся)”, набыць раздрукованы варыянт апавядання. 
 
Праект “Чалавек чытае”. Падчас выканання праекта вучням прапануецца паназіраць за людзьмі, якія захопленыя літаратурай: чытаюць часопісы і кнігі, спасцігаюць таямніцу слова ў смартфонах і на планшэтах, у кавярнях і вагонах метро, а затым сфатаграфаваць, папярэдне спытаўшы іх дазволу. Да кожнага фатаздымку падабраць арыгінальную назву і наладзіць фотавыставу, якая абудзіць цікавасць да чытання і здолее пераканаць, што шчаслівы той чалавек, які шмат чытае. 
Такая праектная дзейнасць фарміруе не толькі сацыяльныя і камунікатыўныя кампетэнцыі вучняў, але і мяняе іх характар: яны становяцца надпрадметнымі.
 
Метадычным здабыткам падручніка з’яўляецца  такі прыём, як падкрэсліванне і каментаванне найбольш важных радкоў. Мы прапаноўваем выкарыстоўваць цікавую схему працы над тэкстам: спачатку вучню прапануецца ўспомніць свае асабістыя перажыванні, паразважаць на пэўную тэму, а потым ужо аналізаваць падабраныя тэксты, параўноўваючы свае і аўтарскія перажыванні. Прычым на адну і тую ж тэму прапануецца адразу некалькі розных твораў, і вучань як бы аказваецца ў шэрагу вялікіх пісьменнікаў: «у іх так, у цябе – інакш». Размова з чытачом паважлівая, ёсць глыбокія філасофскія пытанні.
 
Напрыклад: “Як бы вы назвалі незвычайную ўспрымальнасць хлопчыка, яго тонкае адчуванне хараства навакольнага свету, яго фарбаў і гукаў? Прыгадайце надзеленых такімі ж здольнасцямі, як у Сымонкі, літаратурных герояў з іншых  твораў рускай і беларускай літаратуры”. “Паспрабуйце перадаць асаблівую прыгажосць, якую раскрыў нам паэт празаічнай мовай. Складзіце пейзажную замалёўку на тэму верша. Выкарыстайце такія ж сродкі мастацкай выразнасці, што і ў вершы”.
 
Літаратурны матэрыял у падручніку для 7 класа падаецца асобнымі цыкламі-блокамі, якія аб’ядноўваюць творы, падобныя па сваіх ідэйна-тэматычных і мастацкіх якасцях, выяўляюць пэўныя спецыфічныя асаблівасці літаратуры.
 
Калі раней настаўнік добра валодаў зместам падручніка, то яго задача зводзілася  да паведамлення звестак. Для эфектыўнага выкарыстання новага падручніка літаратуры настаўніку мала быць добрым і цікавым апавядальнікам, трэба валодаць інфармацыйнымі ўменнямі, каб самому арыентавацца ў навігацыйным апараце падручніка і дапамагчы ў гэтым вучням. Падручнік цесна “супрацоўнічае” з Нацыянальным адукацыйным парталам. Мы, выкарыстоўваючы спецыяльныя ўмоўныя абазначэнні, падказваем настаўнікам і вучням электронныя навучальныя рэсурсы, якія змяшчаюць партрэты і кароткія звесткі пра аўтараў мастацкіх твораў, кароткі аналіз мастацкага твора, спасылкі на заданні і коды для праверкі ведаў пры дапамозе сматрфона ці планшэта. Пры напісанні падручніка мы добра разумелі, што ўзровень метадычнай падрыхтоўкі настаўнікаў можа быць розным, таму структура метадычнага апарата падручніка не трымаецца толькі на электронных рэсурсах. Лагічна дапаўняюць інтэрнэт-рэсурсы традыцыйныя заданні, разнастайная нагляднасць. Гэтыя рэсурсы выконваюць навігацыйную ролю ў арганізацыі самастойнай працы вучняў і пашыраюць выбар  дыдыктычных матэрыялаў для  настаўнікаў на ўрок . 
 
Такім чынам, па гэтым падручніку літаратуры можна вучыццца не толькі з карысцю, але і з задавальненнем. Не апошняя роля пры гэтым адводзіцца і прафесійным уменням настаўніка, які мусіць прадумваць праект урока не як паслядоўны ланцужок “пытанне – адказ”, а лагічную ўзаемасувязь і пераемнасць этапаў тэхналагічнага ўрока ад этапа мэтавызначэння да кантрольна-ацэначнага, рэфлексіўнага.
 
У падручніку знайшлі месца і  нестандартным заданням, напрыклад, праект “Ці можна слова фарбай перадаць?”.
 
Складзіце слоўнік “Фарбы прыроды Беларусі”. Для абазначэння колераў прыдумайце назвы, блізкія да нашых рэалій (бурачковы, саламяны, верасовы і інш.). Ваша работа стане надзейным памочнікам не толькі паэтам-пачаткоўцам, але і беларускім дызайнерам – распрацоўшчыкам брэндавага адзення. 
Канечне, без валодання метадамі і прыёмамі крытычнага мыслення настаўніку будзе даволі складана дапамагчы вучням справіцца з заданнямі такога плану. 
 
Падручнік – інструмент для навучання.
 
Ніхто не спрачаецца з тым, што прафесія настаўніка — адна з самых складаных. Але яна ж і адна з самых цікавых і творчых, хіба не? Любы падручнік не будзе перашкаджаць творчаму настаўніку нават тады, калі будзе выконваць толькі функцыю зборніка мастацкіх твораў. Самы наватарскі падручнік будзе “зламаным” інструментам у арсенале настаўніка, які слаба падрыхтаваны для яго выкарыстання.
 
Мы шчыра спадзяёмся, што прапанаванае намі ў метадычным апараце падручніка, настаўнікі будуць не толькі  прымяняць на практыцы, але і знойдуць спосабы і магчымасці палепшыць і развіць нашы метадычныя ініцыятывы.