Зборнік матэрыялаў Міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі
“MEDIAадукацыя:міжнародны досвед, практыка, перспектывы” (праводзілася ў кастрычніку мінулага года на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; выдавец Уладзімір Сіўчыкаў) — навукова-папулярнае выданне, адрасаванае выкладчыкам, педагогам, метадыстам, аспірантам і ўсім зацікаўленым.
Сярод удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, якія сталі аўтарамі зборніка, педагогі, прафесары і метадысты з Беларусі, Расіі, Украіны. У зборнік увайшлі больш за 70 артыкулаў, прысвечаных развіццю медыядасведчаснасці ў вучняў і дарослых.
Тэма медыяадукацыі вельмі актуальная, бо медыядасведчанасць з’яўляецца адной з ключавых кампетэнцый XXI стагоддзя. Выдаўцы (а ў склад рэдакцыйнай групы ўвайшлі Мікалай Запрудскі, Ала Лазіцкая, Тамара Мацкевіч, Алена Палейка, Алена Радзевіч) з гэтай нагоды трапна заўважаюць: “Актуальнасць медыядасведчанасці мы бачым, калі ўяўляем адваротнае: грамадзяне краіны некрытычна ўспрымаюць інфармацыю шматлікіх айчынных і замежных СМІ, сацыяльных сетак. Якія наступствы гэтага чакаюць іх асабіста? Гэтыя людзі будуць прымаць рашэнні, якія могуць прынесці ім пэўную шкоду: магчыма, у магазіне яны набудуць недабраякасны, але прыгожа разрэкламаваны тавар, будуць далучацца да дэструктыўных рухаў, будуць распаўсюджваць сярод сяброў і знаёмых неправераную інфармацыю і г.д.”
У сувязі з гэтым адной з галоўных задач педагога становіцца навучанне дзяцей выяўляць фэйкі, правільна весці свае старонкі ў сацыяльных сетках. Усе мы чулі жахлівыя навіны пра ўздзеянне на падлеткаў гульні “Сіні кіт” або пра інтэрнэт-булінг. Радуе, што ў нашай педагагічнай грамадкасці колькасць медыядасведчаных настаўнікаў расце. Прынамсі, у прадстаўленым зборніку можна азнаёміцца з гатовым вопытам і многае ўзяць на ўзбраенне.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Алена Казлова лічыць, што першасная задача настаўніка — навучыць працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, правяраць звесткі, крытычна ставіцца да іх: умець параўнаць інфармацыю пра пісьменніка, пададзеную ў беларускамоўнай i рускамоўнай “Вікіпедыі”, знайсці факты несупадзення, па іншых крыніцах праверыць інфармацыю, пастаўленую пад сумненне. “Сёння многія сучасныя падлеткі значную частку свайго жыцця праводзяць у сацыяльных сетках i лічаць сябе дасведчанымі ў стварэнні ўласных медыяпрадуктаў (уласных старонак, суполак, пастоў i каментарыяў). Таму яны з радасцю i задавальненнем адгукаюцца на дамашняе заданне стварыць старонку пэўнага гістарычнага дзеяча ці пісьменніка ў сацыяльнай сетцы. Не бачачы ў заданні яўных складанасцей, на наступным уроку ўвазе настаўніка i сваіх аднакласнікаў вучні прадстаўляюць электронныя ці папяровыя старонкі ў сацсетках “УКантакце” ці “Інстаграм”.
Важна падчас прэзентацыі напрацовак уважліва праслухаць падрыхтаваную вучнямі інфармацыю i накіраваць іх на крытычнае ўспрыманне гэтай інфармацыі: “Ці магло б гэта быць на самай справе?”. Такую прыступку да медыядасведчаснасці прапануе Алена Уладзіміраўна.
“Часта інфармацыя, якую на- вучэнцы атрымліваюць па-за школай, змяшчае навуковыя памылкі і недакладнасці. Добрым прыёмам фарміравання медыядасведчанасці з’яўляецца навучанне пошуку памылак у паведамленнях, прапанаваных сродкамі масавай інфармацыі. Гэта могуць быць артыкулы ў газетах, тэлевізійныя перадачы, рэкламныя ролікі. Дзеці вучацца крытычна ўспрымаць інфармацыю, аналізуючы прапанаваныя настаўнікам матэрыялы на ўроках ці ў якасці дамашніх заданняў”, — піша метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Алена Сеген. Вось некаторыя прыклады:
- у рэкламе сланечнікавага алею заяўляюць пра тое, што гэта прадукт “з вітамінам Е і не ўтрымлівае халестэрыну”. Але халестэрын — гэта рэчыва, якое ў раслінах не ўтрымліваецца наогул, а вітамін Е змяшчаецца ў любым раслінным алеі;
- зубная паста ў тэлевізійнай рэкламе “Colgate максімум” прадстаўлена са фторам і вадкім кальцыем. Аднак фтор — агрэсіўны газ-“забойца”, які разбурае зубы і выклікае хімічныя апёкі. Відавочна, маюцца на ўвазе злучэнні фтору. Кальцый — гэта метал з тэмпературай плаўлення 851°С, а значыць, пры нармальных умовах ён не можа быць вадкім;
- “каляровая пена для валасоў Wella color не наносіць ніякай шкоды валасам, бо не ўтрымлівае ні аміяку, ні іншых рэчываў, якія акісляюцца”. Аднак аміяк, дакладней, гідрак сід амонію, які ўваходзіць у склад шматлікіх сродкаў, што прымяняюцца для афарбоўвання валасоў, не з’яўляецца акісляльнікам;
- “дэзадарант для жанчын “Сакрэт” узаемадзейнічае з жаночым узроўнем pH і надзейна ліквідуе пах поту”, але pH — гэта не рэчыва, а паказчык канцэнтрацыі вадародных іонаў у растворы і ўступаць у хімічнае ўзаемадзеянне не можа;
- “Кока-кола” змяшчае нуль калорый”. Аднак нуль калорый можа ўтрымлівацца толькі ў дыстыляванай вадзе, усе астатнія напіткі не пазбаўлены калорый і маюць некаторую, хоць і малую, энергетычную каштоўнасць.
Настаўніца гісторыі з сярэдняй школы № 12 Барысава Настасся Гвоздзь лічыць, што навучанне гісторыі павінна мець большую практыка-арыентаваную i прыкладную накіраванасць, грунтавацца на прынцыпе сувязі навучання з жыццём. “Вырашэнне гэтага пытання магчыма праз выкарыстанне матэрыялаў сямейных архіваў у працэсе навучання.
Фатаграфіі — самыя распаўсюджаныя экспанаты сямейных архіваў, для сучаснага чалавека яны не толькі крыніцы гістарычнай інфармацыі, але i сродкі стварэння культурнай прасторы. Развіццё інфармацыйнага грамадства ў значнай ступені павысіла медыяадукацыйны патэнцыял фатаграфіі. Па гэтай прычыне заданні, звязаныя з аналізам фатаграфій, з’яўляюцца асабліва значнымі пры навучанні гісторыі, паколькі развіваюць крытычнае мысленне вучняў i абумоўліваюць фарміраванне вучэбна-пазнавальных i медыя-інфармацыйных кампетэнцый.
На мой погляд, работу з фатаграфіямі на ўроках гісторыі неабходна пачынаць менавіта з аналізу сямейнага фотаархіва. У гэтым выпадку вучні самастойна могуць вызначыць, хто сфатаграфаваны, калі i дзе была зроблена фатаграфія. Такая работа можа быць працягнута ў форме праектнай дзейнасці па выяўленні сямейна-роднасных сувязей i будзе ўключаць наступныя этапы: пошук, апрацоўка i сістэматызацыя фатаграфій. Аналізуючы простыя выявы на фотаздымках, вучні паступова пераходзяць да аналізу здымкаў, якія адлюстроўваюць больш складаныя працэсы жыцця асобы i грамадства”, — лічыць Настасся Віктараўна.
Падобных парад і прызнанняў у зборніку “MEDIAадукацыя: міжнародны досвед, практыка, перспектывы” безліч. Як і карысных ілюстрацый, якія дапамогуць стаць медыяэкспертам, здольным да аналізу.
Вольга ДУБОЎСКАЯ. Настаўніцкая газета.
Спампаваць зборнік матэрыялаў можна тут.