Абмяркоўваем ключавыя кампетэнцыі: культурная

Культурная кампетэнцыя – неад’емнае патрабаванне да сучаснага чалавека незалежна ад таго, жыве ён у лакальным ці глабальным свеце, эфектыўна функцыянуе ў кантэксце ўласнай культуры ці ў іншакультурных асяродках, ажыццяўляе міжкультурную камунікацыю ці пераважна замкнёны на адной сацыяльнай групе.

Культурная кампетэнцыя з'яўляецца адной з васьмі ключавых кампетэнцый і адносіцца да здольнасці творча праяўляць ідэі, сэнсы, пачуцці у розных мастацкіх формах (музыцы, літаратуры, выяўленчым мастацтве і г.д), а таксама дасведчанасці ў культурнай сферы і актыўным удзеле ў культурным жыцці.

Важна памятаць пра ключавыя кампетэнцыі:

  • Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца веды, навыкі, стаўленне/каштоўнасці.
  • Развіццё каштоўнасцей – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што каштоўнасці складаюць ядро ​​ідэнтычнасці чалавека, праяўляюцца ў выбары і дзейнасці асобы.
  • Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, кантраляваць эмоцыі і праяўляць стрэсаўстойлівасць з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.
  • Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям'ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.
  • Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі і ўзаемапранікальнымі, і асноўныя складнікі адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.

Культурная кампетэнцыя азначае ўсведамленне нашых уласных культурных перакананняў і каштоўнасцей і здольнасць чалавека эфектыўна ўзаемадзейнічаць, працаваць і развіваць значныя адносіны з людзьмі рознага культурнага паходжання. Нацыянальная ідэнтычнасць, культурная самабытнасць і культурная дыпламатыя, культуратворчая дзейнасць і міжкультурны дыялог, любая міжнародная дзейнасць, гуманітарнае пазнанне ўвогуле засноўваюцца на культурнай кампетэнцыі.

Прапануем азнаёміцца з апісаннем культурнай кампетэнцыі з Рамкі ключавых кампетэнцый беларускага вучня

Культурная кампетэнцыя

здольнасць творча праяўляць ідэі, сэнсы, пачуцці у розных мастацкіх формах: музыцы, літаратуры, выяўленчым мастацтве і г.д; дасведчанасць у культурнай сферы і актыўны ўдзел у культурным жыцці.

Базавыя веды, навыкі і стаўленне, якія маюць дачыненне да кампетэнцыі
Веды

  • веды пра мясцовую, нацыянальную, рэгіянальную, еўрапейскую і сусветную культуру і яе праяўленні, у тым ліку мову, спадчыну, традыцыі, творы мастацтва і культурныя прадукты;
  • разуменне розных спосабаў узаемадзеяння творчых ідэй са стваральнікам, удзельнікам і гледачом у межах пісьмовых, друкаваных і лічбавых тэкстаў, а таксама ў такіх мастацкіх формах, як тэатр, кіно, танец, відэагульні, жывапіс і дызайн, музыка, традыцыйнае мастацтва, архітэктура і мастацтва ў змешаных формах;
  • разуменне, як развіваецца ўласная і нацыянальная ідэнтычнасць і захоўваецца культурная спадчына ў межах сусветнай культурнай разнастайнасці і ўяўленне аб тым, як мастацтва і формы культуры могуць быць сродкамі пазнання свету.

Навыкі

  • ацэньваць і атрымліваць задавальненне ад твораў мастацтва, суадносіць свае ўласныя творчыя і выразныя пункты гледжання з меркаваннямі іншых;
  • самавыяўленне з дапамогай розных мастацкіх форм у адпаведнасці з уласнымі інтарэсамі і здольнасцямі;.
  • развіццё творчых навыкаў, якія могуць быць перанесены ў розныя прафесійныя кантэксты.

Каштоўнасці /стаўленне

  • стаўленне да ўласнай ідэнтычнасці як асновы для адкрытасці і павагі да разнастайнасці культурнага самавыяўлення і полікультурнасці сучаснаснага свету;
  • зацікаўленасць сферай культуры і творчасці і жаданне набываць культурны вопыт;
  • этычны і адказны падыход да інтэлектуальнай уласнасці і культурнай спадчыны.

Структура культурнай кампетэнцыі (сферы кампетэнцыі):

 

Прапануем паслядоўна і паэтапна падымаючыся па ступенях адукацыі, паглядзець на веды, навыкі і каштоўнаснае стаўленне навучэнцаў у культурнай сферы як на вынікі выпускніка пачатковай, базавай, сярэдняй школы.

Табліца з апісаннем ведаў, навыкаў і каштоўнасцей навучэнцаў па ступенях адукацыі тут: https://drive.google.com/file/d/1mbgjcaF3HjPevL_i-n0q01gIDY3g98yg/view?usp=sharing

Ці згодны вы з тым, што ў сітуацыі не-функцыянавання (або няпоўнага функцыянавання) чалавека ў кантэксце ўласнай культуры яна патрабуе дадатковых высілкаў і намаганняў па засваенні яе сімвалаў, герояў, рытуалаў і каштоўнасцей, а таксама нацыянальнай мовы.

Запрашаем да абмеркавання.