Якія ключавыя кампетэнцыі патрэбны беларускаму вучню?

Узмацненне ўвагі да кампетэнцый абумоўлена абнаўленнем  ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу школьнай адукацыі, якое  за апошняе дзесяцігоддзе правялі многія краіны свету. Ключавыя кампетэнцыі усталёўваюць набор сістэмных характарыстык для праектавання адукацыйных стандартаў і навучальных праграм, вучэбнай і метадычнай літаратуры, а таксама адпаведных вымяральнікаў узроўняў падрыхтаванасці навучэнцаў. Вынікам адукацыі з’яўляюцца паслядоўна сфармаваныя/набытыя кампетэнцыі, якія сведчаць аб духоўнай, інтэлектуальнай і фізічнай сталасці асобы.

Аналіз дзейных міжнародных і нацыянальных рамак ключавых кампетэнцый дазваляе прасачыць, якая рамка кампетэнцый была ўзята за аснову ў кожнай краіне, як праяўляецца і чым абумоўлена яе нацыянальная спецыфіка, як суадносяцца і як сфармуляваны ключавыя і прадметныя кампетэнцыі. Кожная краіна распрацоўвае ўласную нацыянальную мадэль кампетэнцый, якая апісвае мэты і вынікі адукацыі. Змест кампетэнтнаснай мадэлі вызначаецца нацыянальнымі прыярытэтамі краіны, сацыяльным, культурным і эканамічным кантэкстам і адукацыйнымі традыцыямі. Як абнаўляюцца рамкі ключавых кампетэнцый у розных краінах, што агульнае і адрознае можна вылучыць – у гэтай публікацыі: https://nastaunik.eu/node/18876 

У нашай краіне таксама была  распрацаваная нацыянальная рамка ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі: праект канцэпцыі быў апублікаваны для грамадскага абмеркавання на нацыянальным адукацыйным партале і   вызначае стратэгічныя напрамкі, механізмы і ўмовы  фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі, асаблівасці гэтага працэсу на розных узроўнях адукацыі.

Універсальныя кампетэнцыі ў канцэпцыі вызначаюцца як ключавыя кампетэнцыі, “звязаныя з агульнымі ведамі, уменнямі, каштоўнасна-сэнсавымі ўстаноўкамі і асобаснымі характарыстыкамі, якія дазваляюць чалавеку творча рэалізаваць сябе, сацыяльна ўзаемадзейнічаць і адаптавацца да зменлівых умоў, эфектыўна рашаць задачы незалежна ад вобласці і спецыфікі” (цалкам агляд праекта айчыннай “Канцэпцыі фармавання ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі” можна прачытаць тут: https://nastaunik.eu/node/18827). Звяртаем увагу, што ў канцэпцыі адзначаецца "прыведзены пералік універсальных кампетэнцый з апісаннем іх змястоўных аспектаў і асноўных асаблівасцяў не з'яўляецца закрытым і прадугледжвае магчымасць дапаўнення, пашырэння і ўдакладнення ў залежнасці ад існуючай сацыякультурнай сітуацыі і рашэння канкрэтных задач”.

Сёння мы прадстаўляем яшчэ адну рамку ключавых кампетэнцый беларускага вучня, якая была распрацавана айчыннымі адукатарамі па выніках грамадскага абмеркавання апублікаванага праекта канцэпцыі ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі і вывучэння міжнароднага і замежнага досведу рэфармавання зместу школьнай адукацыі ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу. 

Па меркаванні распрацоўшчыкаў прапанаванай рамкі яна дапаможа вырашыць наступныя задачы, актуальныя для айчыннай сістэмы школьнай адукацыі:

• нацэленасць навукова-метадычнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе, на фармаванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў;

•  дасягненне навучэнцамі адукацыйных вынікаў, якія носяць практыка-арыентаваны характар і прад'яўляюцца ў дзейнаснай форме;

• абнаўленне патрабаванняў да прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў, якія ўключаюць персанальную і прафесійную гатоўнасць і падрыхтаванасць да фармавання ключавых  кампетэнцый у навучэнцаў;

• развіццё сістэмы ацэнкі адукацыйных вынікаў, арыентаванае на дыягностыку сфармаванасці ключавых кампетэнцый навучэнцаў;

• стварэнне інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвае фармаванне ключавых кампетэнцый у навучэнцаў..

Публікуем для азнаямлення і абмеркавання дасланыя візуальныя матэрыялы з каментарыямі. 

Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня

Пры размежаванні ключавых кампетэнцый  улічваліся даследаванні стану адукацыі, тэндэнцыі развіцця школы, перадавыя ідэі педагагічнай навукі, рэкамендацыі міжнародных арганізацый, магчымасці забеспячэння развіцця  кампетэнцый у навучальных праграмах і іншае. Схема 1 дазваляе праілюстраваць пералік ключавых кампетэнцый для іх кампаноўкі ў нацыянальную рамку. 

Спіс васьмі ключавых кампетэнцый беларускага вучня: 

  • Кампетэнцыя Пісьменнасць
  • Шматмоўная кампетэнцыя
  • Лічбавая кампетэнцыя
  • Прыродазнаўчая, матэматычная, тэхнічная і экалагічная кампетэнцыя
  • Персанальная, сацыяльна-эмацыйная і здаровага ладу жыцця кампетэнцыя
  • Грамадзянская кампетэнцыя
  • Прадпрымальніцкая кампетэнцыя
  • Культурная кампетэнцыя

 

 

Схема 1. Пералік ключавых кампетэнцый беларускага вучня

 

  1. Вылучаецца восем ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі грамадзян. 
  2. Ключавыя кампетэнцыі развіваюцца на працягу ўсяго жыцця ў фармальных і нефармальных, традыцыйных і нетрадыцыйных формах навучання ў розных асяроддзях, уключаючы сям'ю, школу, працоўнае месца, суполкі і інш.
  3. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, і асноўныя складнікі  адной кампетэнцыі будуць садзейнічаць развіццю другой.

Схема 2 паказвае, як праз  азначэнні кампетэнцый  раскрываюцца  іх істотныя аспекты.

Схема 2. Ключавыя кампетэнцыі беларускага вучня

 

Заўважна, што у рамцы:

  1. У асобную ключавую кампетэнцыю вылучана сацыяльна-эмацыйная сфера навучэнцаў з фокусам на здароўе і здаровы лад жыцця.
  2. Кампетэнцыя ў сферы навукі, тэхнікі і тэхналогій мае выразны экалагічны акцэнт.
  3. Прадпрымальніцкая кампетэнцыя найперш прапісана з пазіцый ініцыятыўнасці і наватарства.

Табліца 2. Ключавыя кампетэнцыі беларускага вучня (веды, навыкі, каштоўнасці/стаўленні) дае ўяўленне пра структуру ключавых кампетэнцый:

Пісьменнасць

Шматмоўная

Лічбавая

Навуковая, технічная, экалагічная

Персанальная, сацыяльна- эмацыйная і здароўя

Прадпрымальніцкая

Грамадзянская

Культурная

веды пра ..

мову (лексіку, граматыку),і інфармацыю і камунікацыю

розныя мовы

лічбавы кантэнт, ІКТ- тэхналогіі і медыя

логіку, матэматыку, прыроду, тэхніку, тэхналогіі

эмоцыі, зносіны, здароўе, навучанне

інавацыі, эканоміку фінансы, бізнес

правы чалавека, дэмакратыю, грамадства, СМК, дзяржаву

культуру, творчасть, мастацтва

каштоўнасці/стаўленні

схільнасць да крытычнага і канструктыўнага дыялогу і ацэнкі

павага да культурнай разнастайнасці і міжкультурнай

камунікацыі

рэфлексіўнае і адкрытае стаўленне да развіцця лічбавых тэхналогій

павага да навуковай ісціны, рэфлексіўнае стаўленне да НТР і клопат пра экалогію

пазітыўнае

стаўленне да ўласнага сацыяльнага і фізічнага дабрабыту і да навучання на працягу ўсяго жыцця

пачуццё ініцыятывы і адданасці справе ў доўгатэрміновай перспектыве, смеласцьі і настойлівасць у дасягненні мэт

павага да правоў чалавека як асновы

дэмакратыі і фундаменту дзяржавы

павага  да разнастайнасці праяўленняў культуры і творчасці

скразныя навыкі

крытычнае мысленне

шукаць, збіраць і апрацоўваць інфармацыю з розных крыніц; адрозніваць дакладную інфармацыю ад недакладнай (праўду ад выдумкі); распазнаваць стэрэатыпы і выяўляць маніпуляцыі і фэйкі; ставіць пад сумнеў, ацэньваць і абгрунтоўваць ідэі, аргументы і рашэнні; вызначаць праблемы, і вобласці, якія патрабуюць зменаў

камунікацыя

выкладаць свае думкі вусна і пісьмова; прэзентаваць сябе ўжывую і ў віртуальнай прасторы; дасягаць кансэнсусу або кампрамісу; падтрымліваць канструктыўны дыялог у тым ліку з прадстаўнікамі розных культур; канструктыўна вырашаць канфліктныя сітуацыі.

крэатыўнасць

генерававаць і развіваць ідэі з ацэнкай іх навізны і арыгінальнасці; ацэньваць і вызначаць свае моцныя і слабыя бакі, рызыкі і прымаць іх, калі яны апраўданыя; вырашаць праблемы нестандартным спосабам, ініцыятывай, актыўнасцю, незалежнасцю і наватарствам

эмацыйная рэгуляцыя

распазнаваць і кантраляваць эмоцыі; аналізаваць  пачуцці, патрэбы і намеры іншых і праяўляць эмпатыю; праяўляць стрэсаўстойлівасць; пераадольваць засмучэнне ў сітуацыях няўдач, трывожнасць/ раздражняльнасць; супакойваць сябе і іншых

кааперацыя

выпрацоўваць і прытрымлівацца правілаў сумеснай дзейнасці і правілаў этыкі; ўстанаўліваць  эфектыўную зваротную сувязь і падтрымліваць пазітыўныя адносіны ў групе; канструктыўна і цвёрда выступаць супраць стэрэатыпаў і забабонаў; браць персанальную адказнасць за вынікі сумеснай дзейнасці

навучанне

праяўляць  настойлівасць і канцэнтраваць увагу; арганізоўваць сваё навучальнае асяроддз;  выкарыстоўваць тайм-мэнэджмент (мэтавызначэння, планавання, кантролю); ацэньваць сваю працу і звяртацца за парадай, інфармацыяй і падтрымкай, калі гэта неабходна

Коратка падсумуем:

  • Складнікамі ключавых кампетэнцый з’яўляюцца  веды, навыкі, стаўленні/каштоўнасці.
  • Развіццё каштоўнасцяў – адна з найважнейшых мэт адукацыі, таму што каштоўнасці складаюць ядро ​​ідэнтычнасці чалавека, праяўляюцца ў выбары і дзейнасці асобы.
  • Такія базавыя (ці скразныя) навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, кантраляваць эмоцыі і праяўляць стрэсаўстойлівасць з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.

​Спампаваць брашуру "Рамка ключавых кампетэнцый беларускага вучня"

https://drive.google.com/file/d/12cO5EPA5X7o6yph6CvmHPcmKhMbjKs8m/view?usp=sharing

Працяг будзе