Стварэнне “новай нормы” ў адукацыі: што сабой уяўляе мадэль навучання XXI стагоддзя?

 

Свет хутка мяняецца і развіваецца. З’яўляюцца новыя выклікі, якія паказваюць, што без адукацыі мы не можам з імі справіцца. Адукацыя ў наш час мяняецца практычна ва ўсіх краінах, і размова ідзе ўжо не пра разавыя акцыі, а пра перманентную рэформу. Хуткія змены ў свеце вымагаюць такой жа хуткай змены адукацыі. Але сёння многія эксперты ў галіне адукацыі канстатуюць, што “ў ХХІ стагоддзі большасць вучняў дагэтуль навучаюць настаўнікі, якія выкарыстоўваюць педагагічныя практыкі, якія выкарыстоўваліся школьнымі арганізацыямі ў ХІХ стагоддзі”.
 
На графіку «Гонка паміж тэхналогіямі і адукацыяй» паказана, што сацыяльныя катаклізмы і выкліканы імі «сацыяльны боль», адбываюцца ў тым выпадку, калі развіццё тэхналогій апераджае развіццё адукацыі. Для скарачэння перыяду «сацыяльнага болю» і павелічэння перыяду «дабрабыту» сістэма адукацыі павінна трансфармавацца. На дадзены момант на першы план у гэтай трансфармацыі выходзяць этычныя пытанні выкарыстання ведаў і навыкаў, якімі мы валодаем.
Школа самы важны чыннік у працэсе змен грамадства, таму што менавіта ў школе фармуецца карціна свету, ідэнтычнасць, закладаюцца каштоўнасці, маральныя нормы, фармуецца эстэтычны густ. Гэта тыя складнікі, якія пасля фармуюць атмасферу ў грамадстве. На дадзены момант менавіта ключавыя кампетэнцыі, якія ўключаюць у сябе веды, уменні і каштоўнаснае стаўленне, выяўляюцца крытэрыямі якасці адукацыі, атрыманай дзецьмі ў школе.

Еўрапейскія краіны пры змене сваіх школьных праграм кіруюцца рамачнымі дакументамі, якія апісваюць тэндэнцыі развіцця адукацыі і даюць рэкамендацыі для настаўнікаў, метадыстаў, палітыкаў у адукацыі. Дадзеныя дакументы сталі вынікамі прафесійных шматгадовых даследаванняў сферы адукацыі. Прапануем пазнаёміцца з трыма з іх.


Першы з гэтых дакументаў — даклад міжнароднай камісіі ЮНЕСКА па будучыні адукацыі «Пераасэнсоўваем нашу будучыню разам. Новы сацыяльны кантракт на адукацыю». Міжнародная камісія па будучыні адукацыі была заснавана ЮНЕСКА ў 2019 годзе для пераасэнсавання таго, як веды і навучанне могуць фарміраваць будучыню чалавецтва і планеты. Ініцыятыва прадугледжвае шырокі ўдзел грамадства і экспертаў і накіравана на актывізацыю глабальных дэбатаў адносна пераасэнсавання адукацыйных патрэбаў у свеце, які робіцца ўсё больш складаным, неакрэсленым і крохкім. Даклад «Пераасэнсоўваем нашу будучыню разам. Новы сацыяльны кантракт на адукацыю» апублікаваны Арганізацыяй па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ААН у 2021 годзе.

У гэтым дакуменце сцвярджаецца, што адукацыя перажывае глабальны крызіс навучання. Калі раней галоўнай праблемай быў доступ да навучання, то цяпер 95% дзяцей маюць доступ да адукацыі, але пры гэтым каля 60% вучняў у краінах з даходамі ніжэй за сярэдні і каля 90 % вучняў у краінах з нізкімі даходамі не сканчаюць сярэднюю школу. Прычынамі гэтага называюцца неадпаведнасць зместу навучання патрабаванням жыцця, адсутнасць культурнай і сацыяльнай значнасці адукацыі, нізкая падрыхтоўка настаўнікаў.

Робіцца выснова, што патрэбны новы сацыяльны кантракт на адукацыю, які разглядае адукацыю як грамадскую справу, сумеснае грамадскае абавязацельства, адно з важнейшых праў кожнага чалавека і адзін з найважнейшых абавязкаў як грамадзян, так і дзяржавы.

Задачай адукацыі называецца падрыхтоўка асобы да сумеснай працы з іншымі людзьмі, развіццё суб’ектнасці, адказнасці, эмпатыі, крытычнага і крэатыўнага мыслення разам з поўным спектрам сацыяльных і эмацыйных навыкаў. Для дасягнення дадзенай задачы, лічаць эксперты ЮНЕСКА, патрэбнае ў першую чаргу абнаўленне навучальных праграм і зместу адукацыі.

Асноўныя прынцыпы абнаўленні адукацыі:

  • Педагогіка павінна быць арганізавана вакол прынцыпаў кааперацыі, супрацоўніцтва і салідарнасці.
  • Навучальныя праграмы павінны рабіць упор на экалагічнае, міжкультурнае і міждысцыплінарнае навучанне.
  • Выкладанне павінна рабіцца больш прафесійнай, супольнай працай, дзе шануецца праца настаўнікаў як ключавых фігур у трансфармацыі адукацыі і грамадства.
  • Школы павінны быць месцамі, якія аб’ядноўваюць розныя групы людзей і прапануюць ім выклікі і магчымасці, не даступныя ў іншых месцах.
  • Людзі павінны выкарыстоўваць і пашыраць адукацыйныя магчымасці на працягу ўсяго жыцця і ў розных культурных і грамадскіх прасторах.

Другі дакумент «Будучыня адукацыі і навыкаў: Адукацыя 2030» (Future of Education and Skills: Education 2030) выдадзены Арганізацыяй Эканамічнага Супрацоўніцтва і Развіцця (АЭСР). Гэта арганізацыя не адукацыйная, аднак вядомая ўсім настаўнікам тым, што арганізуе PISA, найбольш аўтарытэтнае міжнароднае даследаванне ўзроўню сярэдняй адукацыі. Праект накіраваны на сярэднюю адукацыю, як агульную, так і прафесійную, і часткова пабудаваны на аснове метадалогіі праекта PISA, а таксама выкарыстоўвае напрацоўкі TIMMS.

Дадзены праект АЭСР, скіраваны на ўстойлівае развіццё і сусветны дабрабыт, уключае ў сябе два асноўныя напрамкі – распрацоўка канцэптуальнай рамкі навучання, якая адпавядае мэтам і задачам развіцця да 2030 года і міжнародны аналіз навучальных праграм. Ён таксама дае магчымасць актуалізаваць і сфарміраваць агульнае разуменне кампетэнцый, складнікамі якіх з’яўляюцца веды, навыкі, і таксама стаўленне і каштоўнасці.
Першы этап праекту праходзіў з 2015 па 2019 год і выявіў, якія кампетэнцыі (веды, навыкі, стаўленні і каштоўнасці) патрэбны сённяшнім навучэнцам, каб быць паспяховымі ў будучыні і фармаваць гэтую будучыню для лепшага жыцця як свайго асабістага, так і грамадскага. З 2019 года працуе другая частка праекту, якая адказвае на пытанне, як распрацаваць здольнае выхаваць такія кампетэнцыі навучальнае асяроддзе.

У рамках праекта АЭСР “Будучыня адукацыі і навыкаў 2030” быў распрацаваны “Компас навучання АЭСР да 2030 года” – канцэпцыя навучання, якая вызначае амбіцыйнае бачанне адукацыі ў 2030 годзе.

Канцэпцыя суб’ектнасці вучня з’яўляецца цэнтральнай для “Компаса навучання да 2030 года”. Суб’ектнасць вучня вызначаецца як вера ў тое, што вучні жадаюць і могуць станоўча ўплываць на ўласнае жыццё і навакольны свет і яны здольныя ставіць мэту, адказна разважаць і дзейнічаць, каб ажыццявіць змены. Суб’ектнасць вучня звязана з развіццём ідэнтычнасці і пачуццём прыналежнасці. Вучні навучаюцца, растуць і рэалізуюць сваю суб’ектнасць у сацыяльных кантэкстах, і таму са-суб’ектнасць таксама мае вялікае значэнне. У адукацыйных сістэмах, якія заахвочваюць суб’ектнасць вучня, навучанне прадугледжвае такі падыход да яго, як “сумеснае будаўніцтва”. Са-суб’ектнасць узнікае, калі настаўнікі і вучні становяцца саўдзельнікамі працэсу выкладання і навучання. У канцэпцыі са-суб’ектнасці прызнаецца сумесная праца вучняў, настаўнікаў, бацькоў і супольнасцей, нацэленая на дапамогу вучням, каб дабіцца прагрэсу ў дасягненні іх мэтаў.

Для ілюстрацыі ўзроўню ўдзелу дзяцей у дзейнасці і прыняцці рашэнняў яшчэ на пачатку 1990-х сацыёлагам Роджэрам Хартам была распрацавана так званая “лесвіца ўдзелу”. На кожнай яе ступені вучні працуюць з дарослымі (за выключэннем толькі ступені “маўчанне”, ці “0”, калі ні моладзь, ні дарослыя не вераць, што моладзь можа ўнесці свой уклад, і моладзь захоўвае маўчанне ў той час, калі дарослыя ініцыююць усе дзеянні і прымаюць усе рашэнні). На наступных ступенях лесвіцы – “маніпуляцыя”, “дэкарацыя” і “такенізм” (фармальны ўдзел) – вучні лічаць, што яны могуць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў, аднак яны не атрымліваюць магчымасці для гэтага. Чым вышэй ступень удзелу – са-суб’ектнасці, тым лепшы дабрабыт як вучняў, так і дарослых.

"Лесвіца ўдзелу" і сонечная мадэль са-суб'ектнасці. "Будучыня адукацыі і навыкаў 2030", С.39-40

Крыху менш чым праз 30 гадоў, у 2018 годзе, фокусная вучнёўская група АЭСР – вучні з 10 краін, якія выказалі жаданне дапамагаць у кіраванні развіццём “Компаса навучання да 2030 года” і былі абраныя для гэтага сваімі краінамі, – стварылі “сонечную мадэль са-суб’ектнасці” на аснове лесвічнай схемы. Вучні замянілі візуалізацыю з лесвіцы на сонца, бо яны вырашылі, што кругавы вобраз лепш прадстаўляе са-суб’ектнасць, чым лінейны.

“Сумеснае будаўніцтва” ў школе фармуе аснову трансфармацыйных кампетэнцый навучэнцаў: стварэнне новых каштоўнасцей, прыняцце адказнасці і вырашэнне канфліктаў і дылем, зняцце напружанасцяў. Пералічаныя кампетэнцыі з’яўляюцца трансфармацыйнымі таму, што яны дазваляюць вучням развівацца і навучыцца рабіць свой унёсак у зменлівы навакольны свет.

Паводле даследавання АЭСР падыходы да распрацоўкі навучальных праграм і працэсу навучання змяняюцца ад “статычнай, лінейнай мадэлі навучання і працэсу” да “нелінейнай, дынамічнай мадэлі”, якая прызнае, што сваімі ведамі, навыкамі і стаўленнямі кожны вучань адрозніваецца ад іншых, калі ён (яна) упершыню прыходзіць у школу. Такім чынам, ацэнка вучняў таксама перайшла ад тыповага тэсціравання да ацэнак розных тыпаў для розных мэтаў. У адпаведнасці з гэтымі зменамі акцэнт і мэта маніторынгу эфектыўнасці сістэмы адукацыі зрушыліся з традыцыйнай ацэнкі падсправаздачнасці і выканання патрабаванняў да ацэнкі пастаяннага ўдасканалення сістэмы праз зваротную сувязь на ўсіх яе ўзроўнях.

Трэці дакумент, «Ключавыя кампетэнцыі для ўсіх: Распрацоўка праграмы і рэалізацыя ў еўрапейскай сістэме школьнай адукацыі» быў апублікаваны Еўрапейскай камісіяй у 2022 годзе. Ён узяў сабе за мэту збор і распаўсюд інфармацыі аб эфектыўных праграмах рэфармавання і развіцця кампетэнцый у школьнай адукацыі.

Паводле гэтага дакументу, рэфармаванне адукацыі ёсць не што іншае, як пераход да кампетэнтнаснага падыходу, які заснаваны на памкненнях зацікаўленых бакоў і грунтуецца на доказах эфектыўных практык. З мэтай лепшага даследавання досведу рэфармавання адукацыі ў розных краінах быў разгледжаны шэраг пытанняў, якія можна аб’яднаць у пяць груп

1. Якія падыходы выкарыстоўваюцца для развіцця кампетэнцый у кантэкстах розных краін, і якое ёсць для гэтага абгрунтаванне?
2. Які ўплыў аказваюць мадэлі кіравання адукацыяй краіны на яе рэфармаванне?
3. Як паўплывалі падыходы да распрацоўкі праграм і інструментарыя на пераход да кампетэнтнасна-арыентаванай адукацыі ў школах і класах?
4. Як падыходы да рэалізацыі паўплывалі на эфектыўнасць рэфармавання ў цэлым?
5. Як паўплываў COVID-19 на пераход да кампетэнтнасна-арыентаванай адукацыі?

У дакуменце адзначаецца,што кампетэнцыі як вынікі навучання павінны не стаяць на месцы, а адпавядаць патрэбам часу. У табліцы паказана, як абнавіліся за апошнія гады восем ключавых кампетэнцый, неабходных для самарэалізацыі грамадзян, здаровага і ўстойлівага ладу жыцця, працаўладкавання, актыўнай грамадзянскай пазіцыі і сацыяльнай інтэграцыі.


Напрыклад, кампетэнцыя «Пісьменнасць» (2018 год) – гэта «здольнасць ідэнтыфікаваць, разумець, выказваць, ствараць і інтэрпрэтаваць канцэпцыі, пачуцці, факты і меркаванні як у вуснай, так і ў пісьмовай формах, з выкарыстаннем візуальных, гукавых/аўдыё і лічбавых сродкаў у розных дысцыплінах і кантэкстах». Гэты панятак значна шырэй, чым кампетэнцыя «Валоданне роднай мовай» (2006 год) – “здольнасць выказваць і інтэрпрэтаваць паняцці, думкі, пачуцці, факты і меркаванні як у вуснай, так і ў пісьмовай форме (аўдзіраванне, маўленне, чытанне і пісьмо), а таксама ўзаемадзейнічаць лінгвістычна адпаведным і творчым чынам у поўным дыяпазоне сацыяльных і культурных кантэкстаў: для адукацыі і навучання, працы, побытавых зносін і адпачынку”.
У адпаведных дакументах можна паглядзець, як змяніўся пералік ведаў, навыкаў і стаўленняў у кожнай з ключавых кампетэнцый. Усе ключавыя кампетэнцыі лічацца аднолькава важнымі, а такія базавыя навыкі, як крытычнае мысленне, уменне вырашаць праблемы, праца ў камандзе, камунікатыўнасць, творчы падыход, уменне весці перамовы, аналітычныя і міжкультурныя навыкі з’яўляюцца неад’емнай часткай кожнай з ключавых кампетэнцый.

У ходзе вывучэння асаблівасцей рэфармавання адукацыйных сістэм у 27 краінах ЕС было выяўлена 79 розных варыянтаў змен, большасць з іх накіраваны на абнаўленне навучальных праграм (51), ролю настаўнікаў (40) і ацэньванне (39). Варта адзначыць, што прадстаўленыя ніжэй катэгорыі не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі, могуць спалучацца ў розных варыянтах.

Падчас даследавання было таксама адзначана, што школьныя праграмы практычна паўсюль вельмі перагружаныя. Вучэбныя праграмы, якімі карыстаюцца ў школах, традыцыйна распрацоўваюцца вакол пэўных дысцыплін і (або) вучэбных галін. Дадаванне новых прадметаў або вучэбных галін можа прывесці да яшчэ большай перагружанасці праграм, у той час як убудаванне ключавых кампетэнцыі і базавых навыкаў у існуючыя дысцыпліны будзе ў любым выпадку досыць складанай задачай, улічваючы канцэптуальную складанасць некаторых з гэтых кампетэнцый. Да таго ж пэўныя дадзеныя сведчаць аб тым, што ізаляванае вывучэнне прадметаў, якія залежаць ад кантэксту, можа быць неэфектыўным. Напрыклад, вынікі PISA (АЭСР, 2014) выяўляюць, што не існуе ўзаемасувязі паміж вывучэннем фінансавай пісьменнасці як асобнага прадмета ў школе і адзнакамі па тэстах PISA ў галіне фінансавай пісьменнасці. Таму, нягледзячы на канцэптуальную складанасць інтэграцыі новых ведаў у існыя праграмы, мэтазгодным лічыцца менавіта гэты шлях.
Даследаванне сведчыць, што розныя краіны па-рознаму спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, і, зразумела, што іх вопыт, як станоўчы, так і адмоўны, павінен быць улічаны і выкарыстаны пры рэфармаванні адукацыі.

У звязку з кароткім выкладаннем рамачных дакументаў цікавым падаецца паглядзець на некаторыя вынікі даследавання PISA 2022.
Восьмы раўнд Праграмы АЭСР па міжнароднай ацэнцы навучэнцаў (PISA) 2022, першапачаткова запланаваны на 2021 год і адкладзены з-за пандэміі COVID-19, стаў першым маштабным даследаваннем з дадзенымі аб тым, як пандэмія паўплывала на паспяховасць і самаадчуванне навучэнцаў.
PISA 2022 правярала кампетэнцыі амаль 700 000 15-гадовых навучэнцаў з 81 краіны-члена АЭСР і краін-партнёраў па матэматыцы, чытанню і прыродазнаўству (Беларусь у даследаванні 2022 года не ўдзельнічала). Гэта даследаванне мела ў прыярытэце матэматыку і было першым, у якім сабраны даныя аб паспяховасці, дабрабыце і роўнасці навучэнцаў да і пасля пандэміі COVID-19.

У цэлым даследаванне PISA 2022 зафіксавала беспрэцэдэнтнае падзенне паспяховасці ў краінах АЭСР. У параўнанні з 2018 годам сярэдняя паспяховасць знізілася на 10 балаў па чытанні і амаль на 15 балаў па матэматыцы. Аднак выклікі, кінутыя сістэмам адукацыі пандэміяй, выявілі і станоўчыя бакі некаторых з гэтых сістэм. Вучні, чые настаўнікі ў час пандэміі і закрыцця школ маглі дапамагаць ім, напрыклад, праз інтэрнэт, атрымалі больш высокія балы і былі больш упэўненыя ў самастойным навучанні. Большасць з гэтых вучняў былі паспяховыя ў выкарыстанні лічбавых навучальных платформ і пошуку навучальных рэсурсаў.

Цікавым выяўляецца і вось такі факт уплыву тэхналогій на паспяховасць вынікаў адукацыі: у сярэднім па краінах АЭСР навучэнцы, якія праводзілі да адной гадзіны ў дзень, карыстаючыся лічбавымі прыладамі, набралі на 49 балаў больш па матэматыцы, чым навучэнцы, якія праводзілі з прыладамі ад пяці да сямі гадзін у дзень. Такім чынам, PISA паказвае, што ўмеранае выкарыстанне лічбавых прылад у школе звязана з больш высокай прадукцыйнасцю.
Гаворыцца ў даследаванні і пра непасрэдную сувязь якасці адукацыі і дабрабыту вучняў, важнасць своечасовай мэтанакіраванай дапамогі слабым вучням, важнай ролі ўзаемадзеяння бацькоў і школы.
“З моманту свайго запуску ў 2000 годзе PISA зарэкамендавала сябе як эфектыўны каталізатар рэформ, накіраваных на павышэнне якасці і ўплыву сістэм адукацыі ва ўсім свеце. Адукацыя і навыкі маюць асноватворнае значэнне для таго, каб маладыя людзі мелі найлепшыя магчымасці для развіцця, адаптацыі да свету, які хутка змяняецца, для ўкладу, удзелу, для прасоўвання наперад і для таго, каб карыстацца магчымасцямі, якія адкрываюцца перад імі ў нашых эканоміках і грамадствах”, – заявіў генеральны сакратар АЭСР Маціяс Корман, прадстаўляючы выніковы даклад у Парыжы.
Рамачныя дакументы, разгледжаныя тут, адлюстроўваюць актуальныя патрэбы і задаюць тэндэнцыі ў еўрапейскай адукацыі. Падсумоўваючы вышэйсказанае, можна зрабіць наступныя

высновы:

  • ключавыя кампетэнцыі – гэта крытэрыі якасці адукацыі;
  • прапануюцца эфектыўныя спосабы развіцця кампетэнцый праз абнаўленне навучальных праграм і зместу адукацыі, інавацыйныя падыходы да навучання, метады ацэньвання і падтрымку педагогаў;
  • кожная краіна адаптуе рэкамендацыі рамачных дакументаў пад свае патрэбы.


Літаратура:
1. Рэкамендацыя Рады Еўропы ад 22 мая 2018 г. аб ключавых кампетэнцыях для бесперапыннага навучання https://nastaunik.eu/node/18680

2. ЮНЕСКА: пераасэнсоўваем нашу будучыню разам. Новы сацыяльны кантракт на адукацыю https://nastaunik.eu/node/18657

3. "Будучыня адукацыі і навыкаў 2030. Компас навучання АЭСР да 2030 года. Серыя канцэптуальных запісак" https://nastaunik.eu/sites/default/files/page/files/oecd_2030_bel_0.pdf

4. Вынікі PISA 2022: зніжэнне паспяховасці можна толькі часткова звязаць з пандэміяй COVID-19: https://nastaunik.eu/news/18777

5Ключавыя кампетэнцыі для ўсіх: Распрацоўка праграм і рэалізацыя ў еўрапейскай школьнай адукацыі. Выніковая справаздача" https://nastaunik.eu/node/18788

 

Спампаваць агляд рамачных дакументаў і тэндэнцый у адукацыі можна тут