Днямі мне выпадкова трапіў на вочы цікавы французскі дакумент 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэта памятка бацькам першакласнікаў, якая распаўсюджвалася міністэрстам адукацыі Францыі па школах краіны.
-
Гэта дома дзіця павінна вывучыць чароўныя словы:
добры дзень,
добры вечар,
калі ласка,
а ці можна?
прабачце,
вялікі дзякуй…
-
Гэта таксама дома дзіця павінна навучыцца:
быць сумленным,
не хлусіць,
паводзіць сябе карэктна,
быць пунктуальным,
не казаць брудныя і грубыя словы,
быць чулым,
паважаць сяброў, людзей сталага веку, настаўнікаў.
-
Гэта ізноў жа дома дзіця павінна навучыцца:
быць чыстым,
не казаць з поўным ротам,
не кідаць смецце на падлогу
-
Гэта дома дзіця павінна навучыцца:
быць арганізаваным,
берагчы свае рэчы і не чапаць чужыя,
-
А тут, у школе мы яго навучым:
Матэматыцы, фізіцы, геаграфіі, гісторыі, мовам, фізкультуры, і толькі замацуем тое выхаванне, якое дзіця атрымала дома.
Што тут можна дадаць? Падпішуся пад кожным словам і не буду губляць час на параўнальны аналіз гэтай памяткі з тымі, якія пад рукой у кожнага нашага настаўніка.
Але ва ўмовах Беларусі я б дадаў сюды яшчэ адзін пункт, які не ёсць актуальным для Францыі – а дзе павінна выхоўвацца любоў і адданасць да Радзімы? Дзе і як маленькі беларус павінен усведаміць, што ён беларус? У рускамоўнай сям’і, ці ў рускамоўнай школе? Пытанне, загнанае ў тупік за апошнія 20 гадоў ад гэтага не знікла і некалі выбухне. Калі беларуская дзяржава нарэшце ўсведаміць, што толькі беларуская нацыя, а не рускамоўнае насельніцтва, у якое яна паспела ператварыць беларускі народ, можа быць апорай сапраўднай незалежнасці і суверэнітэту, то міністэрству адукацыі і беларускай школе тут будзе адведзена не апошняя роля. Бо сам факт навучання на беларускай мове зробіць з дзіцяці “свядомага” беларуса, то бок чалавека, які ўсведамляе сябе беларусам, і якому краіна гэтая дарагая.
Аляксандр Сядзяка
настаўнік фізікі