Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, – дикарь. Он вредоносен по самой своей сути потому, что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа.
Константин Паустовский
Знаёмы дацэнт-філосаф неяк накінуўся на мяне: “Мне сказали, что «ум» и «разум» на белорусский переводятся одинаково – «розум». Но ведь это же так обедняет язык философии! В одном этом переводе теряется столько нюансов и оттенков! Неужели белорусский язык настолько беден?”. – “А мне сказалі, – усміхнуўся я, – што «любоў» і «каханне» перакладаюцца на рускую мову аднолькава – «любовь». Але ж гэта так збядняе мову! «Любить женщину» і «любить макароны» – няўжо гэта адно і тое ж? Колькі губляецца нюансаў і адценняў! Няўжо руская мова настолькі бедная? А «грамадства» і «таварыства» – зноў аднолькава перакладаюцца: «общество»! А «густ» і «смак» – «вкус». Якое падабенства бачыць руская мова паміж «музыкальным густам» і «смакам сялёдкі»?” Збянтэжаны маім націскам апанент адышоў...
А мне падумалася: у кожнай мове можна пры вялікім жаданні знайсці тыя ці іншыя недахопы ў параўнанні з іншымі мовамі; але ёсць шмат людзей у Беларусі, якія ахвотна і актыўна шукаюць іх менавіта ў беларускай мове. Такое вялікае жаданне ўзвысіць сваю мову, прынізіўшы чужую (чужую?), уласцівае людзям неглыбокага розуму. Але некаторым з іх проста не хапае адукацыі, не хапае ведаў, інфармаванасці. 3 іншага боку, на расейцаў і ўвогуле на расейскамоўны люд накладвае адбітак сфармаваная вякамі імперская самасвядамасць насельнікаў Расеі («вялікае прызначэнне Расеі», «Масква – трэці Рым…» і да т.п.).
Прызнаючы вялікую ролю расейскай мовы ў гісторыі сусветнай культуры, я б хацеў паразважаць аб яе сённяшнім стане.
Мне скажуць: а якая табе справа да не сваёй мовы? Вось у тым жа й справа, што мову, не родную мне, я вымушаны лічыць сваёй, бо вялікая частка жыцця з гэтай мовай пражыта. І зараз гэтая мова – адна з дзяржаўных моваў маёй краіны.
Э, Ё
Кірылічны алфавіт, які скарыстоўваецца часткай славянскіх народаў, на працягу стагоддзяў натуральна шліфаваўся і ўдасканальваўся. Некаторыя літары адпадалі, знікалі, некаторыя новыя ўводзіліся, замацоўваліся, некаторыя пераносіліся з роднасных моваў.
Літара ё ўпершыню была скарыстана М.Карамзіным у 1796 годзе. Замацаваўшыся ў рускай мове, яна натуральна перайшла ў роднасную беларускую, бо Беларусь, дзякуючы вайсковаму таленту Суворава, стала ўжо часткай Расеі. “Наўзамен” у расейскую мову перайшла літара э, якая скарыстоўвалася ў беларускай графіцы з XV ст.
У беларускай мове адносіны да гэтых літар паважлівыя: е і э не блытаюцца, у кожнай сваё прызначэнне, і кропачкі над ё заўсёды пішуцца, каб правільна чытаць, адрозніваючы лес ад лёсу і прыёмны дзень ад прыемнага дня. Зусім па-іншаму ставяцца да гэтых літар расейскамоўныя людзі.
Услухайцеся ў расейскія словы десять і декан. У першым – д мяккае, у другім – д цвёрдае. Каб адлюстраваць гэтую розніцу ў цвёрдасці пры пісанні, варта было б выкарыстаць розныя літары – е (десять) і э (дэкан). Але да літары, запазычанай у “малодшага брата”, адносіны грэблівыя. Яе імкнуцца скарыстоўваць як мага радзей. Рэгби досыць хутка пераўтварылася ў регби. Эвклид ужо Евклид. Зараз ідзе атака на слова каратэ, усё часцей у прэсе сустракаецца: карате. І брэйн-ринг паступова і настойліва ператвараецца ў брейн-ринг. А чытач сам павінен здагадвацца, дзе за літарай е хаваецца цвёрдае э. Прамашка выйшла на слове сэр, але ж “няма правілаў без выключэнняў”.
Ну ды хай сабе так з “чужой” літарай! Але ж вось свая, карамзінаўская ё. Да яе стаўленне не лепшае: кропачкі дазволена не ставіць, пакідаючы рэбус угадвання ненапісаных кропачак чытачу. У большасці выпадкаў угадаць няцяжка. Але ў словах запазычаных, асабліва ў імёнах і прозвішчах людзей, гэта стварае істотныя праблемы і прыводзіць да шматлікіх скажэнняў.
Так, ангельскага матэматыка Church (па-расейску Чёрч) ненапісаннем кропачак ператварылі ў Черча (і на беларускую перакладаюць часта з расейскай: Чэрч замест правільнага: Чорч). Вядомых расейскіх мастакоў латышскага паходжання Рорыхаў (Рёрих) пераўтварылі ў Рэрыхаў (Рерих). Магчыма, чулі пра вугорскага паэта Шандара Петэфі (Петефи)? Але не было такога паэта! Быў Пецёфі (Петёфи). Аднойчы слухаў выступленне нейкага расейскага прафесара, які падмацаваў сваю думку цытатай з “любімага паэта Шандара Пётэфі”. Ведае прафесар, што павінна быць тут недзе літара ё, але ж навошта ўгадваць – загляні ў энцыклапедыю.
Такія праблемы не толькі з чужымі прозвішчамі. Са сваімі не лепш: матэматык Чабышоў (Чебышёв) ужо стаў Чэбышавым (Чебышев – тут непастаўленыя кропачкі ўжо і націск перанеслі на першы склад). Аналагічных прыкладаў чытач сам знойдзе вялікае мноства, бо існуе, як налічылі даследчыкі, больш за 1100 прозвішчаў расейскіх грамадзян і больш за дзесяць тысяч геаграфічных назваў з выкарыстаннем літары ё.
Раз-пораз успамінаецца радок з М.Лермантава: “А годы уходят, все лучшие годы”. Што напісаў сам Лермантаў: все ці всё? Для мяне гэта не адно і тое ж. І для яго, мяркую, таксама. А для вас?
Што за праблема – паставіць кропачкі? Націснуць іншую клавішу кампутара ці, раней, друкавальнай машынкі! І тады б зніклі бессэнсоўныя спрэчкі – як правільна казаць: свекла ці свёкла? Варёный ці вареный? Маневры ці манёвры? Пакуль не будзем ставіць кропачкі ў патрэбным месцы, гэтыя спрэчкі будуць бясконцымі.
Нядаўна палез у слоўнік, каб перакласці слова “скабрезный” на беларускую мову, і выявіў, што правільна: скабрёзный! Ніколі б не падумаў. Адусюль чую і сам паўтараю: скабрезный. І колькі яшчэ такіх знявечаных слоў знойдзецца?
Выразны прыклад характэрнай адметнасці расейскага чалавека: стварыць сабе праблему, каб потым гераічна змагацца з ёю. Ну калі расейцы без гэтага жыць не могуць, то й Бог з імі, але ж навошта гэтыя праблемы нам?
Таму хацелася б параіць беларускім рэдакцыям, выдавецтвам, якія друкуюць расейскамоўныя тэксты, кропачкі над ё ўсё ж ставіць. Дапаможам братняму народу паважаць сваю мову!
Трэба адзначыць, што ў Расеі маюцца навукоўцы і грамадскія дзеячы, якія актыўна змагаюцца за кропачкі над ё. Мабыць, самы ўпарты з іх – галоўны ёфікатар (старшыня Саюза ёфікатарў) Расеі Віктар Чумакоў, рэдактар часопіса “Народное образование”. Ён нават кнігу выдаў “Два века русской бувы Ё. История и словарь”. Намаганнямі расейскіх ёфікатараў пастаўлены помнікі літары ё ў Маскве і на радзіме М.Карамзіна ў Сімбірску (зараз Ульянаўск). Лячэнне расейскай мовы ад гэтай хваробы дае эфект, праўда, пакуль маленькі. Будзем чакаць…
Ура!
Карысная навука – этымалогія (навука аб паходжанні слоў). Яна дапамагае выкарыстоўваць словы па іх дакладным прызначэнні. Калі забыць гісторыю слова, то атрымаем тое, пра што будзе гаворка ніжэй (мяркую, нешта падобнае можа адбывацца і з народамі).
А ў Расеі да нядаўніх часоў этымалогія была не ў пашане: першы этымалагічны слоўнік расейскай мовы створаны толькі ў ХХ стагоддзі і створаны ён немцам Фасмерам, які мэтаскіравана шукаў сувязі расейскай мовы з еўрапейскімі мовамі і прыкметна менш даследаваў азіяцкі кірунак гэтай праблемы.
Вядома ж, што сучасная расейская мова сфармавалася пад моцным уплывам татара-маголаў, што “даглядалі” Расею ў ХІІІ-ХIV стагоддзях. (Я адмыслова пішу “маголаў”, а не “манголаў”, бо згодны з Г.Насоўскім і А.Фаменкам, што Расею паланілі не манголы, якім скакаць на конях да Еўропы трэ было не менш за паўгода, а паволжскія народы, аб’яднаныя тэрмінам “татара-маголы”. Расейская гісторыя перанасычаная міфамі, а казкі ў расейцаў – вельмі папулярная літаратура.)
Татара-магольская конніца ішла ў атаку з дзікімі застрашальнымі крыкамі “Урра-агуу!”, што азначала “смерць!”. Па адной з версій, якая мне падаецца найбольш слушнай, ад гэтага “урагу” ў расейскую мову ўвайшлі словы враг і ура (магчыма, і ураган). Што тычыцца слоў ураган (нясе смерць) і враг (той, хто зычыць табе смерці), то з іх сэнсамі ўсё ў парадку, яны цалкам адпавядаюць слову “смерць”. Але ж вось “ура”?!
Калі салдат бяжыць у атаку і крычыць “Урра!”, то гэты крык таксама адпавядае сэнсу: салдат бяжыць забіваць. Але ж успомнім нядаўнюю савецкую (дый сучасную беларускую) рэчаіснасць: ваенныя парады, дэманстрацыі працоўных...
Генерал аб’язджае войскі на парадзе: “Здравствуйте, товарищи гвардейцы! Поздравляю вас с годовщиной октябрьской революции!” У адказ раскацістае “Урррра!” (“смерць!”). I генерал задаволены. Праз сотню метраў яму крычаць новае “Урррра!”... Кайф!
А на трыбунах пад нагамі ў Леніна ў кожным абласным цэнтры мясцовы сакратар ці старшыня вітае натоўп: “Да здравствует советская молодёжь!”. – “Урра!” – зычыць яму савецкая моладзь і ідзе далей. “Да здравствует наш героический народ, воодушевляемый и направляемый коммунистической партией!” – “Урра!..”. Каму зычаць дэманстранты смерці? Ды нікому, яны проста не ведаюць, што крычаць аб смерці. І крычаць ад душы. Даруй ім, Божа, бо не ведаюць, што крычаць! Але ж ёсць меркаванне, што слова валодае і матэрыяльнай сілай…
Маць!..
У майго брата, калі ён служыў у войску, быў блізкі сябрук, грузін Вано. Неяк яны сядзелі разам, чысцілі вінтоўкі, размаўлялі. І брат у адказ на нейкую рэпліку Вано бяззлобна і звыкла выгукнуў: “... тваю маць!..”. Далей адбылося нечаканае: разгневаны Вано схапіў штык і кінуўся на сябра. Нейкім цудам тому ўдалося пазбегнуць ранення.
Астыўшы, Вано патлумачыў, што ў Грузіі няма больш цяжкай абразы, чым кепскае слова пра маці. Такая абраза змываецца толькі крывёю.
Так у Грузіі. Зусім інакш у Расеі. Там ад слова “маць” утварылася назва адмысловай расейскай лаянкі (мат, мацюкі, мацюкацца), якая ўжо прызнана элементам расейскай культуры, яна вывучаецца, друкуюцца навуковыя артыкулы, прысвечаныя мату, выдаюцца тоўстыя слоўнікі. Галоўная мэта гэтай “навукі” – даказаць, што расейская лаянка не запазычана ў татара-маголаў, а існавала яшчэ раней. Маўляў, знойдзены нейкія старажытныя берасцяныя граматы з такімі словамі і г.д.
Не буду казаць пра ўсё слоўнікавае багацце расейскага мата, спынюся толькі на адным, але галоўным словаўтварэнні “… тваю маць!” Магу пагадзіцца з тым, што першае з гэтых трох слоў, якое тут пазначана шматкроп’ем, ужывалася ў Маскоўскім княстве яшчэ да з’яўлення татара-маголаў. Магчыма, што заваёўнікі і пачалі яго выкарыстоўваць таму, што яно было зразумелым на заваяваных землях. Але тады яно не выкарыстоўвалася ў спалучэнні з словам “маць”. Цалкам гэтае словаўтварэнне менавіта ад татара-маголаў. І ў іх гэта не было лаянкай. Гэта была нейкая слоўная формула, з якой заваёўнікі звярталіся да заваяваных – маўляў, ты мяне павінен слухацца як свайго бацьку.
У ваяўнічых усходніх народаў быў натуральны культ мужчыны, культ бацькі. Там паважаўся і ўзвышаўся той, хто мог ваяваць. Жанчыны не ваявалі, таму яны былі толькі прыслугай мужчыны – гаспадара і ваяра, жанчыны павінны былі ва ўсім падпарадкоўвацца мужчыне, што б ён ні загадаў. Дзеці маглі не паслухацца маці, але не падпарадкавацца бацьку – гэта было нечувана. Свае звычкі, традыцыі татара-маголы пераносілі на заваяваныя землі.
“Я … тваю маць!” – казаў татарын маскалю. І гэта азначала: я табе як бацька, ты павінен мне падпарадкоўвацца і выконваць мае загады. Магчыма, у гэтую фразу заваёўнікі ўкладвалі і нейкую грэблівасць.
Дарэчы, такая грэблівасць маскалямі была заслужаная. Калі верыць вядомаму расейскаму гісторыку Льву Гумілёву (сыну Ганны Ахматавай), татара-маголы пайшлі ваяваць Маскву пасля таго, як былі забітыя і абезгалоўленыя іх паслы, што прыбылі ў Маскву з дарамі і просьбай прапускаць праз маскоўскія землі татарскія караваны для гандлю з Еўропай.
Урэшце Маскоўскае ды суседнія княствы змаглі вызваліцца ад доўгай і ненавіснай татара-магольскай кабалы. Ды амаль два стагоддзі такога жыцця не маглі прайсці бясследна. Некаторыя звычкі, традыцыі, словы і словаўтварэнні заваёўнікаў засталіся жыць на маскоўскай зямлі. Не могучы ад гэтага пазбавіцца, маскоўскія людзі пачалі выкарыстоўваць гэта ў прыніжальнай форме. Так фраза “… тваю маць!” з пэўнай і сэнсаваскіраванай слоўнай формулы пераўтварылася ў брудную лаянку. У лаянку, якую расейскія людзі з цягам часу зрабілі сваім гонарам.
Неяк чытаў успаміны былога лётчыка эскадрыльі “Нармандыя-Нёман”. Французскія лётчыкі, – пісаў мемуарыст, – зусім не ведалі рускай мовы, але ж як яны па-руску мацюкаліся! Адчуваецца, з якім гонарам чалавек пра гэта піша. Яго проста распірае ад гонару з таго, што яго лаянка так хутка і добра прыжылася ў вуснах француза. І няўцям чалавеку, што для француза гэта бяссэнсавы набор гукаў і нічога болей. Уяўляю сабе твар гэтага француза, калі б яму патлумачылі, што гэтай нібыта лаянкай ён кажа фрыцам, на якіх скідвае бомбы: я ваш бацька і вы павінны мяне слухацца.
Як бы там ні было, няма больш ніводнага народа, у мове якога слова “маці” ўваходзіла б у самую брудную лаянку, у пракляцці. Толькі расейскі мужык нароўні са здольнасцю добра выпіць ганарыцца здольнасцю шматпавярхова абмацюкаць бліжняга і дальняга.
Сёння мовай Пушкіна, Тургенева ў Расеі валодае невялікае кола інтэлектуалаў, эліта інтэлігенцыі. У астатніх – ад міністра да пастуха – казённы “бэйсік”, дзе мат адыгрывае вядучую “связующую” ролю. Гэтую мову пад назвай “руская” засвойваюць і беларусы. Паслухайце “русский язык” на нашых вуліцах, будаўнічых пляцоўках, на стадыёнах ці каля школы (сярод дзятвы – асабліва!). Вось што застаецца ад мовы сапраўды вялікай і магутнай, калі яна трапляе на язык плебса, на язык раба і халопа. Сёння сярод гэтага плебсу шмат якія расейскія пісьменнікі і артысты. Ну што тут скажаш: мат – элемент расейскай культуры…