Чытаю на вакзале: “Камеры заховывання”. Як пачуў чалавек, так і напісаў. І нічога, усе разумеюць. Раней я нярвова рэагаваў на такія рэчы: маўляў, здзек з мовы. Ішоў да начальства, тлумачыў, як трэба пісаць, патрабаваў паправіць. А зараз паразумнеў і супакоіўся.
Мова вяртаецца ў жыццё, як чалавек пасля доўгай хваробы. Ён ходзіць, як бы вучыцца нанова, яго хістае, ён за ўсё чапляецца, дзе-нідзе падае. Хістае і нашу мову. Але для пачатку няхай ходзіць хаця б так. Некалі выправіцца, пачне хадзіць упэўнена, бегаць, падскокваць і нават лятаць. А зараз не трэба бурчаць на хісткія крокі.
Шыльда паліклінікі: “Установа аховы здаров’я”. Пачытаем, усміхнемся і парадуемся. Усё ж так лепей, чым “Учреждение охранения здоровья”. Дай Бог здаров’я супрацоўнікам гэтай паліклінікі і тым, хто туды ходзіць. Бо яны – першапраходцы.
Крама “Сузорье”, кавярня “Чаборок”, сталоўка “Хвилинка”… Не пратэстуйце, не абурайцеся: няхай наша мова пралазіць-праціскаецца асобнымі словамі ў расійскую. Так паступова, праз пэўны час тая мова стане сапраўды нашай. Бо гэтыя словы, словы продкаў, чуе наша душа. Няхай іх чуюць усе. І карыстаюцца – нам не шкада. Мы не збяднеем, наадварот – узбагацімся новымі мованосьбітамі.
Няхай нашы словы засяляюць прастору расійскамоўных людзей. Там ужо прыжыліся словы “смак”, “трус”, “вока” (“око”), “сцежка” (“стезя”), “хата”, “хвароба” (“хворь”), “парэчкі”, “чары”, “чараваць” (“очарование”) ды шмат іншых. Адкрыўшы расійскі “Словарь иностранных слов”, вы такіх слоў там не знойдзеце. Нашы словы для расійцаў не замежныя, яны для іх свае. Нашы словы там ужо ствараюць немалую дыяспару. Але дыяспару не замкнёную, адкрытую для кантактаў, мітусліва зменлівую, развіццёва актыўную.
Так было з Расіяй, калі яна пачала заваёўваць мусульманскія народы. Чакалася, што мусульманства паступова ў чэраве Расіі перамелецца ў праваслаўе. Чаканні не спраўдзіліся: зараз мусульмане ўжо колькасна пераўзышлі праваслаўных. І праблема выжывання перакінулася на іншы бок.
Ці не так будзе і з мовай? У 30-я гады расійскія камуністы вызначылі, што па-беларуску правільна пісаць “комітэт”, “товарыш”, “рэволюцыя”. Святыя для іх словы. Не прыняла наша мова такога войкання, перайначыла словы на свой лад. Пішам, як чуецца: камітэт, таварыш, рэвалюцыя. А нашы “сузорье”, “чаборок” і “хвилинка” па-гаспадарску расселіся на расійскамоўных шыльдах. І ніхто ім таго не загадваў. Бо – так чуецца!..