Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь
220010, г.Мінск, вул. Савецкая, 9
Неяк трапілі мне на вочы рэкамендацыі міністэрства адукацыі. Пачытаў і падзівіўся іх дробязнасці.
Вось ужо міністэрства (!!) пачынае вучыць настаўнікаў, як правільна сшыткі падпісваць. А чаму ж тады іх вучылі ў ВНУ?
Не “царская” (не міністэрская) гэта справа!
Увогуле, шаноўныя міністэрскія службоўцы, будзьце абачлівымі ў прадукаванні розных рэкамендацый. Бо інспектары, якіх шмат у вашай структуры, успрымаюць рэкамендацыі (г.зн. парады, пажаданыя, але неабавязковыя для выканання) як указы, абавязковыя для выканання, і караюць настаўнікаў за парушэнне гэтых рэкамендацый.
Вось убачыў інспектар, што на вокладцы сшытка вучні пішуць “… ученика…”, і вымаўляе настаўніку, што трэба паправіць на “… учащегося…”, бо так патрабуе міністэрства.
Ці вось такі выразны эпізод. Аднойчы я падарыў знаёмаму настаўніку матэматыкі дзве кнігі Марціна Гарднера, вядомага ў свеце папулярызатара матэматыкі, і сказаў: “Паставіце гэтыя кнігі ў кабінеце матэматыкі, можа, нехта з вучняў зацікавіцца, зазірне.” – “Ну што вы! – сказаў настаўнік. – У кабінеце я іх ставіць не буду. Яны ж не ўваходзяць у спіс рэкамендаванай міністэрствам літаратуры.” Выявілася, што яго калегу з іншай школы інспектары пакаралі за тое, што знайшлі ў кабінеце кнігі па матэматыцы (sic!!), якіх не было ў адпаведным спісе міністэрства.
Вось так разумеюць вашы інспектары (вашы – значыць, інспектары гарадскіх, раённых, абласных аддзелаў, упраўленняў адукацыі): што “не рэкамендавана” міністэрствам, тое забаронена. Настаўнікі моўчкі ўспрымаюць гэтыя глупствы, бо “запярэчыш – сабе жыццё ўскладніш”.
Міністэрству ўвогуле варта адмовіцца ад падобных рэкамендацый. Напрыклад, замест спіса “рэкамендаванай” літаратуры можна выдаць невялікія спісы літаратуры, абавязковай для кожнага кабінета матэматыкі (хіміі, біялогіі, мовы…), пакінуўшы за настаўнікам права дапаўняць гэты спіс па сваім разуменні і паспрыяўшы таму, каб забяспечыць школы кнігамі з абавязковых спісаў.
Скажам, у маёй асабістай бібліятэчцы маюцца найцікавейшыя кнігі, якія могуць прывабіць навучэнцаў да матэматыкі і якія я мог бы падарыць разумнаму настаўніку для павышэння якасці яго працы. І дзе тады яму захоўваць гэтыя кнігі, як не ў кабінеце матэматыкі? А рэкамендацыі міністэрства, своеасабліва зразумелыя інспектарамі, перашкаджаюць гэта зрабіць.
Усе такія рэкамендацыі толькі ўскладняюць працу настаўніка, адбіраючы яго час на другасныя пытанні, час, які ён мог бы патраціць на больш грунтоўную падрыхтоўку ўрокаў, распрацоўку ўласных навучальных матэрыялаў ды інш. А яны замест гэтага вымушаны вучыць (потым перавучваць, бо з’явіцца новая міністэрская рэкамендацыя), дзе правільна ставіць дату дамашняй работы – на палях сшытка ці не на палях і пісаць там гарызантальна ці вертыкальна. Можа, няхай кожны настаўнік вырашае такія пытанні сам, як яму зручней?
Выданне падобных рэкамендацый хутчэй сведчыць аб тым, што ў міністэрстве шмат лішніх, не занятых карыснай працай, супрацоўнікаў і яны шукаюць сабе занятак, прадукуючы тое, што замінае настаўнікам паспяхова працаваць. Можа, тады варта скараціць лішніх – і адукацыйны конь, адпаведна Кандрату Крапіве, пабяжыць хутчэй?
З надзеяй на паразуменне, Міхась Булавацкі, настаўнік, журналіст
5 жніўня 2014 г.