Думкі з нагоды нарады па беларускамоўным навучанні ў Магілёве

Міхась Булавацкі
19.06.2016

Начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама А.Кунцэвічу,

Намесніку старшыні Магілёўскага гарвыканкама А.Галушка,

Намесніку начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Т.Кандрацьевай,

Дырэктару сярэдняй школы № 1 г.Магілёва А.Мачэкінай,

Дырэктару сярэдняй школы № 34 г.Магілёва І.Якіменку

Думкі з нагоды нарады 26.05.2016 – для азнаямлення (адказ не абавязковы)

26 мая ў школе № 1 адбылася нарада, прысвечаная беларускамоўнай адукацыі ў беларускім горадзе Магілёве. Калі Алег Дзьячкоў запрасіў мяне на гэтую нараду, то я падумаў, што яна будзе ў працяг нарады, якая адбылася ў гэтай школе ў верасні мінулага года і была прысвечана праблеме адзінага ў горадзе беларускага класа з адзінай вучаніцай. Нагадаю, што ў лісце, адрасаваным намесніку старшыні аблвыканкама В.Малашку, быў выказаны папрок дырэктару школы А.Мачэкінай пра яе няздольнасць і неруплівасць папоўніць гэты клас іншымі вучнямі, каб зрабіць яго паўнавартасным класам. Прапаноўвалася далучыць да гэтай праблемы грамадскасць, напрыклад, сілы Таварыства беларускай мовы. Як паведамлялася ў СМІ: “Вынікі сустрэчы падсумаваў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго, у наступным годзе высілкі варта засяродзіць на тым, каб папоўніць вучнямі беларускамоўны клас, які ўжо існуе. «Я разумею, што гэта складана, але паспрабаваць трэба», – выказаўся ён. «Другое пытанне, – працягнуў намеснік старшыні гарвыканкама. – Варта прыкласці намаганні, каб у наступным годзе набраць вучняў у першы беларускамоўны клас. Для яго базавай школай павінна стаць першая. У ёй назапашаны адпаведны досвед». Удзельнікі дыскусіі дамовіліся сустрэцца яшчэ раз у студзені.”

Але другой сустрэчы не было ні ў студзені, ні ў лютым, ні пазней. А.Кунцэвіча павысілі па службе, перавялі ў аблвыканкам начальнікам упраўлення ідэалогіі і тым самым ён адасобіўся ад пазначанай праблемы (“я справамі адукацыі ўжо не займаюся”), а іншым удзельнікам нарады з кіраўнічых структур горада (і ў прыватнасці, школы), беларускае, мабыць, не “баліць” і займацца вырашэннем праблемы яны не мелі намераў. Новая намесніца начальніка гарвыканкама, прызначаная на месца А.Кунцэвіча, мяркую, нават не ведала пра існаванне такой праблемы. Так у нас часта бывае, што правая рука не ведае, што робіць левая.

Таму майская нарада, як выявілася, ніяк не была звязана з нарадай вераснёўскай, а была прысвечана найперш агульным пытанням. Удзельнікі даведаліся, што ў дзіцячых садках штотыдзень праводзіцца дзень роднай мовы, паглядзелі відэаролікі з розных школ аб тым, як папулярызуецца родная мова. Усё гэта як бы павінна было пераканаць прысутных, што з беларускай мовай у магілёўскіх школах поўны “окей”. Гэтым бадзёрым рапартам усё ж слаба верылася, бо галоўнае ў тым, што дваццаць год таму 7% магілёўскіх школьнікаў вучыліся ў беларускамоўных класах, а зараз на ўвесь Магілёў адзін такі клас з адной дзяўчынкай. І шэсць год ні адміністрацыя школы, ні кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі не прадпрымаюць намаганняў, каб папоўніць гэты клас іншымі вучнямі. Бо не зацікаўлены.

Сёння магілёўскай адукацыяй кіруюць людзі, якія даўно забылі мову, тую мову, якую на апошнім перапісе больш за палову грамадзян нашай краіны назвалі роднай. Ім, гэтым кіраўнікам, паўтаруся, беларускае не баліць. Мабыць, орган, які павінен тут балець, ужо атрафіраваўся. Калі знікне “гэтая мова”, то яны ўздыхнуць з палёгкай, бо знікне праблема (прынцып Джугашвілі: ёсць чалавек – ёсць праблема, няма чалавека – няма праблемы; тут тое ж пра мову). Але калі знікне мова, то знікне і народ.

І ўсё ж ёсць у Магілёве бацькі, якія ганарацца сваёй прыналежнасцю да беларускага народа і хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў беларускіх класах. На сёння маюцца дзве заявы ад бацькоў будучых першакласнікаў. Што рабіць у такім выпадку? – пытанне другой часткі нарады. Яно нібыта мае пазітыўны працяг: дырэктар 34-й школы гатовы адкрыць беларускі клас у сваёй школе. Але пытанне ў тым, ХТО і ЯК будзе з гэтым класам працаваць? Для таго, каб прывабіць іншых дзяцей (дакладней, іх бацькоў) у гэты клас, трэба паставіць адукацыйную працу ў класе на самым высокім узроўні. Тое, з чым не змаглі справіцца ў 1-й школе. Настаўніца, якая працавала з дзяўчынкай у 1-4 класах, Н.Аржанава, адпавядала такім патрабаванням – і мовай валодала, і досвед вялікі мела, і разумела аспекты працы з такім незвычайным класам. У 5-м і 6-м класах адпаведных настаўнікаў не знайшлі. Ці знойдуць іх у 34-й школе?

Пра што гаворка? Справа ў тым, што досведу працы з маленькімі класамі (нават з супермаленькімі! – у адзін-два вучні) у школах горада няма. Паспрабуем зразумець, чым павінна адрознівацца праца ў такіх класах. Міністэрствам адукацыі распрацаваны навучальныя праграмы, якія акрэсліваюць тэматыку, аб’ём і тэрміны навучання ў кожнай навучальнай дысцыпліне. Гэтыя праграмы арыентаваныя на так званы сярэднястатыстычны клас з 20-25 вучняў звычайных здольнасцяў. А калі ў класе сабраліся вучні здольнасцяў ніжэй звычайных? Ці, наадварот, вышэй звычайных? У такіх класах жорсткае выкананне праграмы будзе памылкай (не буду тут падрабязна тлумачыць чаму, бо такое патлумачваюць, прынамсі, павінны патлумачваць будучым настаўнікам у педагагічных ВНУ). І нават калі вучні звычайных здольнасцяў, але іх не 25, а значна меней. Паспрабуйце ўявіць, што кожнага з гэтых 25 навучаюць асобна – няцяжка зразумець, што праграма асобным вучнем будзе засвоена нашмат хутчэй. Асабліва калі вучань здольны. І што тады рабіць?..

Для параўнання сітуацыя ў спорце: хлопец прыйшоў да трэнера па скачках у вышыню. Трэнер яму ставіць планку на вышыні 1 метр. “Я магу два метры ўзяць,” – гаворыць хлопец. “Не-не, – пярэчыць трэнер, – у нас маецца праграма. Трэба ўсё паслядоўна.” Назаўтра ставіць яму метр-пяць, на наступнай трэніроўцы – метр-восем. І гэтак далей, набаўляючы па 2-3 см. Калі чарга дойдзе да 1,70-1,80 м, хлопец не зможа ўзяць гэтую вышыню, бо ў яго разаўецца апатыя цягліц (мышцаў). Ён не напружваў свае цягліцы на мяжы магчымасцяў, і тым самым растрэніраваў іх.

Тое ж адбываецца і з мозгам. Калі здольнаму, разумнаму вучню даваць заданні, якія ён “шчоўкае” лёгка, без напружвання, у яго паступова разаўецца апатыя мозга. І ён страціць значную частку сваіх разумовых здольнасцяў. Вось гэта і адбылося з Ялінкай. Малавопытныя настаўнікі матэматыкі (магчыма, і іншых дысцыплін, але я буду гаварыць пра матэматыку, як блізкую мне дысцыпліну, якая да таго ж фармуе, парадкуе розум пры адсутнасці логікі, якую не засвоіў гімназіст Валодзя Ульянаў і якую з гэтай нагоды з праграмы савецкай школы выкінулі) не думалі пра развіццё розуму дзяўчынкі, яны тупа выконвалі праграму.

На пачатку 5-га класа бацька Ялінкі папрасіў мяне папрацаваць з дзяўчынкай, каб падрыхтаваць яе да алімпіяды па матэматыцы. Я пераканаўся, што разумовыя здольнасці дзяўчынкі вышэй за сярэднія. З якім апетытам яна бралася за рашэнне складанай задачы! І як свяціліся яе вочы, калі рашэнне знаходзілася! Працаваць з ёй было суцэльным задавальненнем. І вось сустрэча з ёй праз паўтара года. “Колькі будзе, калі пяць падзяліць на адну пятую?” – “Адзін.” – “А калі пяць падзяліць на пяць?” – “Адзін.” Я раблю паўзу, бо разумны чалавек павінен схамянуцца: там адзін і там адзін – нешта не так. Але Ялінка нічога ненармальнага не заўважае, спакойна глядзіць на мяне. Я спрабую падштурхнуць: “Там адзін і там адзін?” – “Так,” – адказвае Ялінка. І толькі ўбачыўшы здзіўленне ў маіх вачах, схамянулася: “Ой, там жа трэба перавярнуць дроб, – задумалася, – будзе дзесяць. – Праз паўзу: – Ой не, дваццаць пяць.”

Гэта толькі адзін з некалькіх прыкладаў, па якіх я зразумеў, што ў развіцці розуму дзяўчынкі дапушчаны істотныя хібы, у яе ўжо маюцца прыкметы апатыі мозгу. А справа ж у тым, што развіццё клетак кары галаўнога мозгу чалавека заканчваецца прыблізна ў 12-гадовым узросце. 11-12 год – самы спрыяльны перыяд для развіцця розуму, тое, што ўпушчана ў гэтым узросце, ужо не можа быць выпраўлена пазней. Папрок гэты я адрасую не толькі школе, але і бацькам дзяўчынкі, бо маці – настаўніца і павінна была б ведаць пра такія аспекты фізіялагічнага развіцця дзіцяці.

Мяркую, што настаўнікі Ялінкі не цікавіліся самымі сучаснымі эфектыўнымі метадамі навучання, не ведалі досведу вядомага савецкага настаўніка В.Шаталава, не знаёміліся з працамі савецкіх псіхолагаў (у прыватнасці Л.Занкова, сярод важнейшых прынцыпаў навучання якога – прынцып хуткага руху наперад). І дырэктар школы не змагла дапамагчы ім у гэтым, бо сама ўжо адасобілася ад навучальнага працэсу і зараз ёй не да таго, што´ там казалі нейкія псіхолагі, хай сабе й сусветна вядомыя.

І як будзе з гэтым у школе № 34? Тое, што дырэктар школы некалі быў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, яшчэ не гарантуе, што ён патрэбнымі навуковымі ведамі валодае, бо сёння справа дырэктара школы – найперш гаспадарчая, а не адукацыйная. Нездарма ж, дырэктарка 1-й школы цалкам адмовілася ад вядзення ўрокаў, “бо шмат праблем па гаспадарцы”. І ў сёмым класе, дзе вучыцца Ялінка Салаўёва, зноў застанецца адна вучаніца, якую будуць вучыць “па праграме”. Пра гэта на майскай нарадзе пагаварыць не захацелі. Бо – каму гэта трэба! Сумна.

Не ведаю, на што тут можа паўплываць новая намесніца старшыні гарвыканкама А.Галушка, якая будзе рэгуляваць пытанні ідэалогіі, адукацыі і якая не валодае тытульнай мовай нашага народа. Цікавае пытанне: чаму на такія ключавыя кіраўнічыя пасады прызначаюцца людзі без валодання мовай? Але, мабыць, у яе маюцца іншыя кіраўнічыя вартасці. Паглядзім…

Думаецца, усё ж ёй варта засвоіць мову нашага народа (А.Кунцэвіч выглядаў у гэтым аспекце вельмі прывабна), бо без гэтага яна на такой пасадзе будзе выглядаць дзіўнавата, неадпаведна. Для яе я паўтару свой ліст, які зачытаў на памянёнай вераснёўскай нарадзе.

Міхась Булавацкі, настаўнік вышэйшай катэгорыі, журналіст, пісьменнік bulavacki@gmail.com

8 чэрвеня 2016 г.

Прамова М.Булавацкага на нарадзе ў СШ-1 9 верасня 2015 года

“Пачну з некалькіх хвілін самарэкламы, якая, на жаль, неабходная. 1987 год. Час актыўнай перабудовы. З’яўляецца новая інфармацыя, адкрываюцца новыя магчымасці… І вось настаўнікі горада Мінска запатрабавалі ад свайго ўпраўлення адукацыі, каб ім дапамаглі засвоіць наватарскія тэхналогіі навучання матэматыцы. Адукацыйнае кіраўніцтва пайшло насустрач настаўнікам і звярнулася… не да прафесароў і дацэнтаў, якіх і ў сталіцы, і ў іншых гарадах шмат, не да дактароў і кандыдатаў педагагічных навук, а да сціплага выкладчыка Магілёўскага пед'інстытута, звярнулася з просьбай ажыццяўляць навуковае кіраўніцтва эксперыментальнай працай мінскіх настаўнікаў. Пяць год я кіраваў гэтай працай, ездзячы ў Мінск па некалькі разоў штомесяц. Пачыналася праца яшчэ ў Савецкім Саюзе, заканчвалася ўжо ў незалежнай Беларусі. У чэрвені 1992 года была праведзена заключная канферэнцыя, якая для мяне прайшла як песня. Шкадую, што не ўзяў з сабой магнітафон, каб запісаць тое, што гучала з вуснаў настаўнікаў. Мне на памяць засталася Ганаровая грамата з падзякай ад упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама.

У тым жа 1987 годзе ў Магілёве быў праведзены трохдзённы семінар для настаўнікаў вобласці, пра які з захапленнем крычалі ў газетных публікацыях і ў справаздачах кіраўнікі ўпраўлення адукацыі і гаркама партыі (не буду казаць, якой): маўляў, вось якія ў нас выкладчыкі і якія настаўнікі – на семінар было запрошана 40 настаўнікаў, а прыехалі 120, большай часткай за свае грошы, без камандзіровак. Акрамя магілёўскіх настаўнікаў на той семінар прыехалі, як бы цяпер сказалі, настаўнікі замежжа: з Латвіі, з Масквы і з Казані. Перад вамі чалавек, які праводзіў той семінар, што выклікаў такую вялікую цікавасць.

Чаму да маіх лекцый, да маіх семінараў была такая зацікаўленасць настаўнікаў? Таму што ў той час, як мае калегі па кафедры сядзелі ў бібліятэках і выпісвалі цытаты з Леніна, Маркса і класікаў педагогікі для сваіх дысертацый, я ездзіў па вялікіх прасторах СССР у пошуках лепшых настаўнікаў, каб разабрацца, якім чынам яны дасягаюць высокіх вынікаў сваёй працы. І я знаходзіў тых настаўнікаў: Энгельсон, Хазанкін, Макараў, Шаталаў… Апошні асабліва. І я нёс сваім студэнтам не засушаную ў кнігах інфармацыю, а жывую справу, свежанькую, цёпленькую. Зараз сярод лепшых настаўнікаў горада і вобласці шмат маіх былых студэнтаў. Я дзяліўся сваімі вышукамі на старонках газет і часопісаў. Потым пайшлі запрашэнні на лекцыі і семінары: Смаленск, Казань, Калінінград, Курган, Казахстан, Крым, Беларусь…

Я мог бы доўга пералічваць іншыя фрагменты сваёй настаўніцкай біяграфіі, але абмяжуюся гэтымі, бо і з іх відаць, што перад вамі настаўнік, які нешта разумее ў выкладанні матэматыкі. У 1998 годзе я пакінуў універсітэт і звярнуўся ў Ленінскі і Кастрычніцкі аддзелы адукацыі нашага горада з заявамі аб працаўладкаванні. Гэтыя заявы потым некалькі разоў паўтараў. На свае заявы атрымліваў адно і тое ж: “няма вакансій”, “няма вакансій”, “няма вакансій”. І вось так ужо 17 гадоў для мяне няма вакансій. Зараз я пенсіянер і мне тая вакансія ўжо не патрэбна. Не патрэбна, маючы на ўвазе заробак. Зарабляць я навучыўся, стварыўшы сам сабе вакансію. Я – індывідуальны прадпрымальнік у галіне матэматычнай адукацыі. Навучаю матэматыцы тых, каго не давучыла школа. Яны прыходзяць ка мне за ведамі і плоцяць за гэта немалыя па сённяшніх мерках грошы. Вучняў у мяне шмат, нягледзячы на такую плату і на тое, што заняткі вяду на беларускай мове. Прыходзяць і з ліцэяў, і з гімназій, і з школ, у тым ліку з школы № 1. У поспехах вашых, Алена Генадзеўна (зварот да дырэктара школы № 1), выпускнікоў пры паступленні ў ВНУ ёсць заслуга не толькі вашых настаўнікаў.

Неяк здарылася так, што прышлі да мяне мацяркі дзвюх дзяўчынак гэтай школы, але, пачуўшы памер платы, замяліся: такія траты былі ім непасільныя. Тады я прыйшоў да дырэктара школы Л.Белісавай з прапановай праводзіць свае бясплатныя заняткі для невялікіх груп навучэнцаў выпускных класаў школы. Дырэктара мая прапанова зацікавіла, але, сказала яна, патрэбен дазвол гарадскога ўпраўлення адукацыі. Я звярнуўся пісьмова за гэтым дазволам да тагачаснага кіраўніка ўпраўлення Дуплеўскага. У нас была даволі працяглая перапіска, вынікам якой стала тое, што ён дазволу не даў. Не ведаю, дзе цяпер той той Дуплеўскі, выйшаў ён ужо з турмы ці яшчэ сядзіць (яго знялі з пасады за фінансавыя махінацыі), але перапіска з ім “упрыгожыць” кнігу па гісторыі магілёўскай адукацыі, якая рыхтуецца.

Паколькі зараз і кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі, і кіраўніцтва школы новыя, то я паўтараю ім сваю прапанову весці бясплатныя заняткі для выпускных класаў з мэтай падрыхтоўкі да ЦТ. Заняткі будуць на беларускай мове, удзел у іх чыста добраахвотны. Ад школы патрабуецца толькі выдзеліць мне невялікае памяшканне ў прадвячэрні час. І нічога болей.

Апошнія пяць год я з цікавасцю назіраю за адзіным у горадзе беларускім класам з адной навучэнкай Ялінкай Салаўёвай. Паважаю яе бацькоў за настойлівасць у дасягненні гэтай мэты. Але з году ў год нарастае неўразуменне: чаму ў гэтым класе навучэнка толькі адна?

Вымушаны тут адхіліцца ў гістарычны экскурс. Дваццаць год таму каля сямі працэнтаў магілёўскіх школьнікаў вучыліся ў беларускамоўных класах. Пасля сумнавядомага рэферэндума, вынікам якога руская мова была прыроўнена ў дзяржаўных правах з беларускай (я падкрэсліваю: прыроўнена), колькасць такіх класаў пачала імкліва скарачацца. Беларускія класы сталі ў масавым парадку пераводзіць на рускую мову і ў канцы стагоддзя беларускіх класаў у Магілёве не стала. Але людзі, якія хацелі, каб іх дзяцей вучылі на роднай мове, засталіся. І яны раз-пораз турбавалі і гарадскія, і абласныя адукацыйныя структуры сваімі просьбамі-прапановамі-патрабаваннямі. На жаль, такіх людзей было няшмат, на больш-менш прыстойны клас дзяцей не набіралася. А бацькі не былі дастаткова актыўнымі, каб патрабаваць выканання сваіх правоў болей энергічна. Усё ж пад націскам Таварыства беларускай мовы ўлады пайшлі на саступкі. У 2002 годзе было абвешчана аб адкрыцці сёмага (!) матэматычнага (!) класа з беларускай мовай навучання на базе нацыянальнай гімназіі. Абвестка з’явілася ў сродках інфармацыі досыць позна, толькі ў чэрвені, але ўсё ж яе заўважылі. На вучобу ў такім класе пайшлі заявы. Іх было няшмат, але яны былі. Сустрэча прадстаўнікоў ТБМ з галавой абласной адміністрацыі Б.Батурам закончыўся станоўча: згода на адкрыццё такога класа была атрымана. Але сённяшні дырэктар шахматнага клуба, які на той час кіраваў абласным упраўленнем адукацыі, зрабіў усё, каб такі клас не быў адчынены, маўляў, няма сродкаў. Потым палавіна з тых, хто падаў заявы ў беларускі клас, займаліся са мной індывідуальна.

І вось зараз клас маецца. Заззяла адна маленькая кропелька беларускасці. Чаму ж толькі адна? У красавіку гэтага года я зайшоў да спадарыні Новікавай (начальніца ўпраўлення адукацыі горада) з прапановай сабраць нараду, прысвечаную праблеме беларускага класа. Ірына Леанідаўна абяцала запрасіць мяне для больш дэтальнай размовы ў маі. У маі я запрашэння не дачакаўся і зайшоў пагутарыць з дырэктарам школы. Наша прыязная размова скончылася нічым.

Вось сяджу і думаю: ну чаму, не могучы за пяць год напоўніць клас вучнямі, адукацыйныя кіраўнікі не бачаць тут праблемы і не хочуць гэтага абмяркоўваць? Чаму для таго, каб сабраць такую нараду, трэба падключаць самых высокапастаўленых асоб вобласці і нават рэспублікі? Чуткі пра гэты клас ужо дайшлі да вушэй Прэзідэнта і выклікалі яго здзіўленне. Ірына Леанідаўна адказала мне на мой пісьмовы запыт, што, маўляў, прымаюцца меры, вывучаюцца запыты, складаюцца планы… Мне відавочна, што гэтыя меры, запыты і планы ні да чаго іншага не прывядуць. Калі б такім мерамі дваццаць год таму пераводзілі беларускамоўныя класы на рускамоўныя, то беларускія класы дагэтуль у Магілёве існавалі б. Бо меры гэтыя відавочна нядзейсныя. І нічога ў вас, Ірына Леанідаўна (замест гэтага ківок у бок Т.Кандрацьевай, намесніцы начальніка ўпраўлення адукацыі, якая прысутнічала на нарадзе), не атрымаецца, пакуль Вы не пусціце на гэтае поле (поле беларускамоўнай адукацыі) людзей, кроўна зацікаўленых у тым, каб беларусы не зніклі з зямнога шара, не вымерлі, як маманты.

Перад Вамі – адзін з такіх. Прапануючы Вам свае паслугі, я не шукаю вакансіі, я не шукаю заробку (ён у мяне ёсць). Я гатовы працаваць з адным гэтым класам без аплаты (Вам, Алена Генадзеўна, дарэчы, яшчэ й прэмію выдзеляць за эканомію сродкаў). І я адказна сцвярджаю, што ў гэтым выпадку клас напоўніцца вучнямі. Калі Вы хочаце, каб такое было. Калі не хочаце, то пакінеце ўсё, як ёсць – з вашымі мерамі і планамі.

На заканчэнне ў дадатак цікавая інфармацыя. У школе № 168 г.Мінска матэматыку выкладае Уладзімір Мартысюк. Школа рускамоўная, але Мартысюк матэматыку выкладае па-беларуску. Спробы адміністрацыі націснуць на яго прывялі да таго, што Мартысюк паабяцаў звольніцца і перайсці ў іншую школу. Але тут загудзелі бацькі. Каб не ствараць канфлікту, адміністрацыя пайшла на кампраміс і пакінула настаўніка ў спакоі. У класы, дзе працуе Мартысюк, бацькі імкнуцца аддаваць сваіх дзяцей, бо ведаюць, што матэматыцы яны будуць навучаныя найлепшым чынам. Аналагічная сітуацыя з гімназіяй горада Глыбокае на Віцебшчыне, дзе працуе беларускамоўны настаўнік матэматыкі Іван Храпавіцкі, цікавейшыя артыкулы якога я часта чытаю ў педагагічным часопісе і на яго даволі папулярным сайце. Мяркую, што такія выпадкі не толькі з матэматыкай, але там я не сачу. Проста матэматыка для мяне прафесійна цікавая. А што ў Магілёве? Для мяне зноў “няма вакансій”? Дзякую за ўвагу, якой я цягам сямнаццаці год усё ж дамогся.”