Урокі Высоцкага

Міхась Булавацкі
01.09.2016

 

– Гэта ў матэматыцы логіка патрэбная.

А ў літаратуры трэба сэрца, пачуцці. Там логіка недарэчы.

– Ну як сказаць… На мой погляд, кепская літаратура,

калі яна без логікі, гэта значыць, без розуму.

– Вы, настаўнік матэматыкі, гатовы

правесці ўрок літаратуры з логікай?

– Чаму б не… Паспрабую.

Песні і вершы У.Высоцкага – гэта маленькія кінафільмы з драматычнымі гісторыямі, з сутыкненнямі чалавечых лёсаў, з нечаканымі паваротамі сюжэтаў і нефпрадказальнымі фіналамі. У гэтых творах – жыццё як яно ёсць, якое здзіўляе, уражвае, палохае і… павучае. Так, Высоцкі сваім вострым адчуваннем нібыта будзённых з’яваў дапамагае асэнсаваць жыццё, глыбей усвядоміць калізіі стасункаў паміж людзьмі. У яго творах – школа жыцця. Хаця ад апошняга выказвання сам Уладзімір паморшчыўся б, бо гучыць неяк высакапарна. Тым не менш, паспрабуем прайсці некалькі яго ўрокаў.

Урок 1. “Я зноў яго вазьму”

Мне шматкроць даводзілася чуць размовы пра гэты твор У.Высоцкага, здаралася і самому ўдзельнічаць. Я спрабую сабраць усе такія размовы ў адну. Магчыма, які настаўнік скарыстае яе на адпаведным ўроку літаратуры, прысвечаным У.Высоцкаму. Бо, як выяўляецца, не кожны здольны ўбачыць тое, што схавана за радкамі паэта. І гаворка тут не толькі пра маладых людзей. Але спачатку паслухаем яго “Дарожную гісторыю”.

Я ціха жыў, не дзьмуў у вус,
Свабодны ад дурных спакус,
З людзьмі ў ладах – не пагарджаў і не ілгаў,
Хрыбет не гнуў – прамым хадзіў,
Убок ніколі не блудзіў,
І галаве сваёй рукамі памагаў…
Ды быў данос, а там турма –
Кругом пяцьсот і нас няма…
Быў кабінет з таблічкай “Время уважай!”
Не прычакаеш там спагад,
Там штэмпель ставяць наўздагад,
Нібы ў капэрце пасылаюць за Мажай.
Тады – залік, пасля – дамоў,
За спінай – сем ліхіх гадоў –
Вісяць яны на мне – ні кінуць, ні прадаць.
Ды лёс на тога лёс скіраваў,
Хто ўсіх увішна вербаваў,
І за Урал машыны стаў пераганяць.

Дарога, а ў дарозе – МАЗ,
Які па макаўку заграз.
Гусцее змрок, напарнік доўгі час маўчыць.
Хаця б крычаў, – кіплю я злом.
Завея бесіцца за шклом,
А ён зубамі “Танец з шаблямі” брынчыць.
Маршрут даўно нам давялі –
І МАЗ даставіць мы маглі.
Што наша справа – сеў, паехаў – дзень ці ноч!
Ну трэба ж так – пад Новы год –
Туды пяцьсот, назад пяцьсот.
Сігналіш марна – тут жывога не чутно!
“Глушы матор, – азваўся ён, –
Тут МАЗу нашаму гамон!”
Маўляў, глядзі, тут больш няма чаго чакаць.
Кругом пяцьсот па даўгаце,
Да ночы цалкам замяце,
Так зараўняе, што не трэба і хаваць!..
Я гавару яму: “Не плач!”
А ён глядзіць, нібы крумкач
З шалёным тварам, і ў руцэ трымае прут.
А што яму – ён тут як звер,
І хто каго перажыве,
Той і дакажа, хто быў правы, як прыпруць!
Ён быў за брата мне радней,
Ён у мяне з далоні еў.
А тут, як гляне ў вочы – быццам шкрабане.
А што яму! Пасля, псямаць,
Хто там захоча разабраць,
Што ён забыў, хто я яму і хто ён мне!
І ён пайшоў кудысьці ўбок.
Я адпусціў, а сам прылёг.
Мне сніўся сон пра наш “вясёлы” наварот:
Нібыта зноў кругом пяцьсот,
Шукаю выхад я з варот,
Яго няма, а толькі маецца ўваход.

 

… Канец такі: прыйшоў цягач,
І там быў трос, і быў урач,
Патрапіў МАЗ, куды прызначана яму.
І ён прыйшоў – дрыжыць увесь…
І там – ізноў далёкі рэйс –
Я зла не помню, я з сабой яго вазьму!..

 

– Як вы разумееце апошні радок “Я зла не помню, я з сабой яго вазьму”?
– Ну гэта ж хрысціянская норма: палюбі ворага свайго…
– Сумнеўна неяк. Па-першае, герой твора нідзе не пазначаны як прыхільны да Бога. Па-другое, якая шчырая хрысціянская вера прымусіць чалавека перажыць такое паўторна. Дый увогуле гаворка пра Савецкі Саюз, у якім рэлігія, гэты “опіум для народа”, была ў загоне.
– Але ж і ў Савецкім Саюзе шмат хто верыў у Бога. І ў цэрквы хадзілі, і дзяцей хрысцілі, нават камуністы ўголас казалі пра “опіум”, а таемна дзяцей хрысцілі.
– Так. Але тут вось яшчэ: чалавек, які перажыў жорсткую несправядлівасць, у выніку чаго патрапіў на сем год у турму, наўрад ці прыслухаецца да парады “палюбі ворага”. Прычыну яго “зла не помню” трэба шукаць у іншым.
– У чым жа?
– Варта перачытаць папярэднія радкі: “… прыйшоў цягач, і там быў трос, і быў урач…” Як гэта: цягачы з урачамі ў завеі так і ходзяць па заснежаным полі, шукаючы, каго б уратаваць?
– Ну а што? МАЗ не дайшоў, куды прызначана, – вось і паслалі цягач шукаць яго.
– Гэта можна было б прыняць як правамоцную гіпотэзу, калі б МАЗу да мэты заставалася кіламетраў дваццаць-трыццаць. Але ж там “кругом пяцьсот”. Цягач, адпраўлены ў завею за пяцьсот кіламетраў, – гэта ўжо нейкая дзіўная фантазія.
– А вы думаеце, што гэта напарнік знайшоў і прывёў цягач?
– Менавіта так і думаю. Іншыя варыянты мы разгледзелі, і яны або вельмі сумнеўныя, або фантастычныя.
– Тады чаму “ён прыйшоў”? Чаму ён не прыехаў з цягачом?
– Тут можна паразважаць. У кабіне цягача мог змясціцца толькі адзін чалавек, апроч вадзіцеля. Там ехаў урач. А напарнік, магчыма, ехаў на падножцы цягача ці неяк інакш, але не ў кабіне, з чаго і “дрыжыць увесь”. Пад’язджаючы, ён саскочыў з падножкі і падышоў да МАЗа. Вадзіцель жа не бачыў, як ён там – ішоў ці ехаў.
– А навошта яму, напарніку, гэта, калі ён ужо і МАЗу гамон спрарочыў, і вадзіцеля быў гатовы забіць?
– Забіваць яму ніякага сэнсу не было. Хутчэй сам вадзіцель у злых вачах напарніка ўбачыў нешта небяспечнае і прут у руцэ ўспрыняў як пагрозу. Пабыўшы ў турме ці ў лагеры, так і прызвычаішся ўспрымаць паводзіны тых, хто вакол цябе, бо свядомасць знявечаная турэмным жыццём. Але ў напарніка такія намеры наўрад ці былі. Варта ўсё ж паспрабаваць зразумець, аб чым яны спрачаліся.
– Ну як! Напарнік хацеў уратавацца і яму пляваць было на МАЗ.
– Дык жа нармальная з’ява. Любы чалавек хоча жыць і не хацеў бы замерзнуць у застылым МАЗе.
– А хіба ў полі, дзе “кругом пяцьсот”, не замерзнеш?
– Калі сядзець на месцы, тады дакладна замерзнеш. А калі пойдзеш нечага ці некага шукаць, то, магчыма, і знойдзеш. Нездарма ж кажуць: хто шукае, той знаходзіць.
– Чаму ж так не думаў вадзіцель?
– Вось гэта цікавае пытанне. Магчыма, ён таксама разумеў, што, пайшоўшы ў поле, можа ўратавацца. Але ў яго адказнасці была машына, якую ён павінен быў даставіць у пэўнае месца. Страціўшы машыну, не выканаўшы задання, ён трапіў бы пад суд. І паколькі ўжо адбыў тэрмін, то пакаранне, як рэцыдывісту, было б жорсткае. Вось сітуацыя: варыянт загінуць разам з машынай яму здаваўся менш страшным, чым трапіць у лагер паўторна.
– Але ж ён ратаваў сваё жыццё – суд, магчыма, улічыў бы такую абставіну.
– Магчыма, улічыў бы, але хутчэй не. У той краіне жыццё чалавека мала цанілася. Ты павінен загінуць, але тэхніку зберагчы. У Высоцкага гэта выразна паказана. Да таго ж, варта перачытаць пачатак: “я ціха жыў… з людзьмі ў ладах, не пагарджаў і не ілгаў…” Аднаго паклёпніцкага даноса хапіла, каб чалавека кінуць на сем год за краты. “Там штэмпель ставяць наўздагад”. Вось такі кошт жыцця.
– Павінен загінуць – гэта калі вайна. Па законах ваеннага часу тут нейкая жорсткая логіка ёсць.
– А Савецкі Саюз і існаваў па законах ваеннага часу. Там заўсёды былі бітвы – бітва за ўраджай, бітва за выкананне плана, бітва за цаліну, бітва за Беламор-канал. Перамогі ў тых бітвах часта дасягаліся коштам чалавечых лёсаў і жыццяў. І людзі да гэтага ўжо пачыналі прызвычайвацца. Вадзіцель МАЗа быў з тых, каго прывучылі да такога парадку.
– Ну і сказаў бы: я не пайду, а ты, як хочаш. Чаго спрачацца?
– Як вынікае з тэкста, ён там быў старшым і таму адказваў не толькі за машыну, але і за напарніка. Калі б напарнік замёрз, яго б зноў жа абвінавацілі і судзілі. Таму і не адпускаў. З-за чаго і выбухнула гарачая спрэчка з шалёнымі вачыма і з прутом у руках. “Я адпусціў”, бо вымушаны быў. Напарнік не пагаджаўся сядзець у машыне і чакаць немаведама чаго. І вось жа, не кінуў сябра ў бядзе, знайшоў і цягач, і ўрача, вярнуўся сам з рызыкай быць абмарожаным. І МАЗ патрапіў, куды прызначана было. З такім не прападзеш! Вось таму і “зла не помню”. Якое там зло! “Я з сабой яго вазьму”. Каго ж і браць, калі не такога.

У гэтым кароткім творы і летапіс жыцця былой краіны, і лёсы яе насельнікаў, і чалавечыя стасункі ў жорсткіх умовах, калі самае патаемнае ў душах пакутліва прабіваецца вонкі, і нечаканая высакароднасць “маленькага”, звычайнага чалавека.
Нават на вайне героямі часцей станавіліся тыя, ад каго ніякага гераізма не чакалася, што вельмі выразна паказана ў творчасці Васіля Быкава, а не “стандартна” высокія, дужыя, плячыстыя, смелыя. І гераізм гэты не выяўляўся адразу, а прадзіраўся праз смецце, якога хапала ў душы кожнага, праз пакуты, сумненні. І сам чалавек часцей і не разумеў, што ён зрабіў нешта гераічнае. У Быкава і Высоцкага – не пра герояў, у іх – пра чалавека звычайнага…

Тэкст і пераклад Міхася Булавацкага – bulavacki@gmail.com